RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

1989–1999 гг.
Урокі Найноўшае Гісторыі



50 год НДР – віртуальны ці рэальны юбілей?

(эфір 10 кастрычніка 1999)

У кастрычніку сёлета споўнілася б 50 год Нямецкай Дэмакратычнай Рэспубліцы. Але свой юбілей нямецкая таталітарная дзяржава адзначыць не пасьпела. 9 год таму 3 кастрычніка 1991 году, праіснаваўшы 41 год, НДР далучылася да Фэдэратыўнай Нямеччыны й зьнікла з палітычнай карты Эўропы.

Сказаць, што 50-гадовы юбілей НДР прайшоў у Нямеччыне незаўважаны, нельга. 3 кастрычніка ў самым цэнтры Бэрліну на Аляксандар-пляц некалькі сотняў былых усходненямецкіх камуністаў ды іх прыхільнікаў дэманстравалі пад чырвонымі сьцягамі й лёзунгамі, якія заклікалі да адбудовы НДР. Сьвяткаваньні гэтыя адбыліся зь ініцыятывы афіцыйна зарэгістраванай арганізацыі “Камітэт за свабодную НДР”.

Але гэтае сьціплае сьвяткаваньне было падобнае хутчэй на сьвята дзівакоў, якія забыліся, у які час яны жывуць. Яно зусім не прыпамінала гучнае сьвяткаваньне 10-гадовай даўніны, калі перад трыбунамі, на якіх стаяла ўсё НДРаўскае кіраўніцтва разам з ганаровым госьцем Міхалам Гарбачовым, у сьвяточных калёнах прайшлі амаль поўмільёны чалавек, вітаючы нібыта сваіх лідэраў і славячы “няўміручую” НДР.

Грукат танкаў і пагрозьлівы выгляд найноўшае вайсковае тэхнікі прыдаваў нямецкім камуністам упэўненасьці ў сваіх сілах, упэўненасьці, што камунізм на нямецкай зямлі ня скончыцца ніколі.

Але гэта была ўжо толькі лебядзіная песьня нямецкага камунізму. У нямецкай камуністычнай дзяржавы заставаўся ўсяго толькі адзін год жыцьця, яшчэ менш часу гісторыя адмерыла іншай адыёзнай зьяве “халоднай вайны” – бэрлінскаму муру. Яму заставаліся лічаныя тыдні.

Пад час сьвяткаваньня 40-й гадавіны НДР, у той час, калі Эрых Гонэкер разам са сваей сьвітаю рабіў выгляд, што нічога надзвычайнага не адбываецца, у Бэрліне, Ляйпцыгу, Карл-Маркс-штаце, Дрэздэне, Растоку ды іншых гарадох адбыліся контардэманстрацыі пад лёзунгамі адзінства Нямеччыны й выкіданьня камуністаў з палітычнай арэны.

Больш таго частка дэманстрантаў у Бэрліне вышла на вуліцы ня дзеля таго, каб сьвяткаваць 40-ю гадавіну НДР, а каб вітаць Гарбачова і ягоную новую лібэральную палітыку.

Калі блізу трыбуны праходзілі калёны Нямецкага сацыялістычнага зьвязу моладзі, над імі раптам загучаў падхоплены тысячамі маладых галасоў лёзунг: “Горбі, Горбі… Перестройка, перестройка…”

І вось тады Гарбачоў адразу пасля ўрачыстасьцяў, як сьцьвярджаюць сьведкі, даў Гонэкеру адну вельмі важную параду: “Жыцьцё жорстка пакарае тых, хто спазьняецца”. Але Гонэкер ня меў ужо нават часу прыслухацца да яе. Ход гісторыі быў надзвычай хуткім. Праз 10 дзён ён быў пазбаўлены ўлады й пераўтварыўся ў пасыўнага назіральніка за ходам падзеяў.

Сёньня НДР – гэта ўжо гісторыя, хаця й зусім сьвежая, якая выразна прысутнічае ня толькі ў гістарычнай памяці нямецкага народу, але і ў нацыянальнай сьвядомасьці сёньняшняга пакаленьня немцаў.

Эрых Гонэкер пасьля суду над ім у Бэрліне быў адпушчаны ў Чылі й там памёр у 1974 годзе. Судзілі ў новай аб’яднанай Нямеччыне й былога шматгадовага шэфа сакрэтнае паліцыі НДР Маркуса Вольфа, групу былых памежнікаў, якія асабіста стралялі ва ўцекачоў, спартовых трэнэраў, якія давалі непаўнагадовым спартоўкам шкодныя для здароўя лекі, але ці разьлічыліся немцы са сваім мінулым да канца?

Якое ж мейсца ў нямецкай нацыянальнай сьвядомасьці сёньня займае НДР, і які ўплыў на сёньняшні духовы стан нямецкага народу мае яго больш за 40-гадовы падзел на дзьве варожыя дзяржавы? З такімі пытаньнямі я зьвярнуўся да вядомага беларускага філёзафа, прафэсара Міколы Крукоўскага. Вось, што ён мне адказаў па тэлефоне зь Менску:

(Крукоўскі: ) “Вось гэтыя два гістарычныя лады, два спосабы сацыяльнага жыцьця – яны сапраўды адрозьніваюцца. І таму, калі немцы Ўсходняй Нямеччыны жылі ва ўмовах, дзе прысутнічалі элемэнты (іх можна назваць такім “заезжым” словам) духоўнага жыцьця (хаця там было гэта і скажона, і мела даволі жорсткі характар), дык грамадзкі лад у Заходняй Нямеччыне быў у большай ступені пабудаваны на індывідуальных прынцыпах, дзе кожны чалавек мусіў быў разлічваць сам на сябе. І таму на маю думку гэтым як раз і тлумачыцца тое, што да сёньняшняга дня шмат хто ў былой НДР галасуе за мінулае. Ім здаецца, а можа так ёсьць і ў сапраўднасьці, што новы лад жыцьця для іх нязвычны.

Калі ўзяць немцаў НДР (тут толькі не падумайце, што я хачу хваліць сацыялізм), дык яны жылі значна лепей за нас у тым прэславутым “царстве разьвітога сацыялізму”. Тут, я думаю, адыграла ролю гістарычная традыцыя.

Сёньня мы балюча расчараваліся ў сацыялізьме й кінуліся ў іншую крайнасць, мы сталі лічыць, што толькі індывідуалізм, толькі пагоня за асабістай нажываю зьяўляецца стымулам да жыцьця. А ў немцаў гэты вось узровень матэрыяльнага жыцьця, на які мы цяпер так сквапліва паглядаем з зайздрасьцю, быў створаны на базе зусім ня гэтых прынцыпаў: індувідуалізма ды асабістай выгоды…

Макс Вэбэр напісаў некалі кніжку “Пратэстанцкая этыка й дух капіталізму”. Там гаворыцца, што сёньняшні высокі ўзровень жыцьця на Захадзе быў створаны даўно – тады, калі панавала пратэстанцкая этыка, калі чалавек працаваў, кіруючыся нейкімі высокімі нормамі, абавязкамі, якія ўзыходзілі аж да Бога.

Ён разглядаў сваю працу як нейкае боскае закліканьне. І таму ў НДР гэтая традыцыя адыграла сваю ролю.

У Савецкім жа Саюзе ўсё было выкаранена, уся рэлігія, уся этыка. Усё было падпарадкавана толькі голым матэрыяльным інтарэсам. Сыстэма ўвогуле нядрэнная, чалавек чалавеку мусіць дапамагаць, але яна атрымала форму “архіпелагу ГУЛАГу”.

У НДР жа рэшткі, ну скажам, маралі адыгралі сваю ролю. У Заходняй жа Нямеччыне (я не хачу сказаць, што там панавала амаральнасць!) апора была перш за усё на індывідуалізм”.

За 9 гадоў існаваньня аб’яднанай Нямеччыны фэдэральныя датацыі цэнтральнага нямецкага ўраду новым усходнім землям склалі астранамічную суму – больш за 800 млрд. (падкрэсліваю: мільярдаў, а не мільёнаў!) марак.

Вонкавае аблічча ўсходненямецкіх гарадоў карэнным чынам зьмянілася на лепшае. Тут пабудаваныя цэлыя новыя галіны сучаснае прамысловасьці, сотні кілямэтраў новых аўтастрадаў, значныя сродкі ўкладзеныя ў ахову навакольнага асяродзьдзя.

Але пакуль не ўдалося галоўнае – падвышэньне дабрабыту ўсходніх земляў да ўзроўню заходніх, і скарачэньне высокага беспрацоўя, якое ў некаторых рэгіёнах перавышае 20%.

У выніку частка ўсходненямецкага насельніцтва выказвае сваё незадавальненьне – падтрымлівае як крайне правых нацыяналістычных, так і посткамуністычныя партыі.

Так, напрыклад, на працягу ўсіх гадоў існаваньня аб’яднанай Нямеччыны колькасьць галасоў, якую атрымліваюць на мяйсцовых выбарах посткамуністы з партыі дэмакратычнага сацыялізму, ва ўсіх 6 новых землях безупынна расьце. Значна ўзрасла і колькасць галасоў, якія яна атрымала на апошніх фэдэральных выбарах. А ва ўсходняй частцы Бэрліну ПДС – самая моцная палітычная партыя.

На колькі ж небясьпечная падобная палярызацыя палітычных поглядаў былых НДРаўцаў? З такім пытаньнем я звярнуўся да вядомай палітычнай дзяячкі Ўсходняй Нямеччыны, аднаго з лідэраў Партыі Зялёных і сяброўцы Эўрапейскага парлямэнту Элізабэт Штродтэр. Вось, што яна мне адказала:

(Шродтэр: ) “Посткамуністы маюць такія посьпехі таму, што іншыя палітычныя партыі зрабілі шмат памылак. Пераход ад плянавай камуністычнай гаспадаркі да рынкавай, як цяпер высьвятляецца, патрабуе значна больш часу. І яно немагчымае без грунтоўнага вырашэньня сацыяльных пытаньняў. І ў гэтым прычына таго, што вельмі папулісцкія і нерэалістычныя лёзунгі посткамуністаў знаходзяць такую падтрымку”.

Адзін з самых вядомых сучасных нямецкіх пісьменьнікаў, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры Гюнтэр Грас не аднойчы выказваў пэсымізм у справе аб’яднаньня Нямеччыны, ён са спачуваньнем ставіўся да НДР і да некаторых яе ідэялаў калектывізму. Я спытаў Элізабэт Шродтэр, як яна можа пракамэнтаваць падобныя погляды:

(Шродтэр: ) “Я таксама прытрымліваюся падобнай пазыцыі. Я і раней выступала за так званы трэці шлях, таму што розьніца ў эканамічным разьвіцьці была нагэтулькі значная, што ўсе нашыя надзеі на супольную бацькаўшчыну разьбіліся аб эканамічныя рэальнасьці. І вось у сувязі з эканамічнымі праблемамі мы маем дрэнную сытуацыю”.

І на заканчэньне нашай размовы з Элізабэт Шродтэр я паспрабаваў паставіць ёй адно простае, але адначасна даволі складанае пытаньне: ці йснуе асобная ўсходненямецкая сьвядомасьць? Вось што яна адказала:

(Шродтэр: ) “Я магу на гэтае пытаньне адказаць толькі коратка – так. І сытуацыя ня зьменіцца на працягу жыцьця сёньняшняга пакаленьня немцаў. Магчыма, у наступным пакаленьні нешта зьменіцца. Магчыма, мае дзеці, якія ня ведаюць, што такое падзеленая Нямеччына, пазбавяцца гэтага пачуцьця. Маё пакаленьне як бы мела два жыцьця: адно жыцьцё, калі Бэрлінскі Мур існаваў, а другое – пасьля таго, як ён быў разбураны. І досьвед гэтага нашага першага жыцьця па ранейшаму прысутны ў нашым сёньняшнім жыцьці”.

Гававрыла Элізабэт Шродтэр, сяброўка Эўрапейскага парлямэнту, былая жыхарка НДР і дысыдэнтка.

50-годзьдзе НДР – сумная дата, сумная не таму, што ў Бэрліне знайшлося некалькі сот пэнсыянэраў-камуністаў, якія яе сур’ёзна сьвяткавалі, а таму, што 40-гадовае панаваньне таталітарызму на амаль трэцяй частцы сёньняшняй Нямеччыны пакінула такі глыбокі сьлед у сьвядомасьці ўсходніх немцаў.

Сацыялістычны лад жыцьця ў “савецкім выданьні” вельмі выгодны для шэрых, безініцыятыўных людзей, якія прызвычаіліся, што амаль усё за іх робіць партыя, робяць тыя, каму гэта даручана.

І настальгія па камунізму ў Беларусі, ды й на ўсёй постсавецкай прасторы, якая ў зьвязку з дрэннай эканамічнай сытуацыяй пашыраецца з кожным днём, мае тыя самыя карэньні, што і ў Нямеччыне. Вось толькі настальгія гэтая мае крыху іншыя формы, менш цывілізаваныя за багатую Нямеччыну.

Камунізм – гэта ідэялёгія ўчорашняга дня. Словы гэтыя гучаць амаль як аксіёма. Але гэтага ня хочуць або ня могуць зразумець тыя, хто служэньню гэтай ідэалёгіі прысьвяціў сваё жыцьцё. І магчыма таму нельга не згадзіцца з Элізабэт Шродтэр: магчыма толькі тады, калі адыйдзе сёньняшняе пакаленьне, камунізм канчаткова сыйдзе з палітычнай арэны сьвету.

Мікола Іваноў, Прага
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org