border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

1989–1990 гг.
Урокі найноўшай гісторыі


Нямеччына -- пазбаўленьне страху

(эфір 19 жніўня 1999)

Таталітарная камуністычная сыстэма ў НДР была бадай-што самая спраўная і жорсткая ва ўсім так званым сацыялістычным лягеры. Яе развал у 1989 годзе стаў бясспрэчным знакам, што час вялізнае савецкае імпэрыі палічаны. Пра сутнасьць таго, што адбылося 10 год таму назад ва Ўсходняй Нямеччыне ў сёньняшняй перадачы Міколы Іванова з сэрыі “1989 – 90 гг. – урокі найноўшай гісторыі”.

У жніўні 1989 г. тысячы грамадзянаў Усходняй Нямеччыны акупавалі амбасады ФРН у Варшаве, Празе й Будапэшце. Каля 200 зь іх схавалася ў прадстаўніцтве ФРН ва Ўсходнім Бэрліне. Тысячы ўсходніх немцаў качавалі перад кантрольна-прапускнымі пунктамі на вугорска-аўстрыйскай мяжы.

І пачаткова НДР-аўскія ўлады занялі да іх лёсу непрымірымую пазыцыю. Здавалася, усім ім давядзецца вяртацца дадому. Бо іншага выхаду ў іх не было. Прыгадаю, што яшчэ 6 лютага таго ж самага эпахальнага 1989 году на мяжы паміж Усходнім і Заходнім Бэрлінам быў забіты НДР-аўскімі памежнікамі 20-гадовы Крыс Гефрой. І было ясна, што з камуністычнымі ўладамі няма жартаў. Тым больш, што яшчэ ў траўні ўлады сфальшавалі вынікі мяйсцовых выбараў і падалі, што нібыта аж 98,9% выбаршчыкаў аддалі свае галасы за камуністычных кандыдатаў.

І вось у гэты момант усходненямецкіх камуністаў падвялі іхныя хаўруснікі па Варшаўскай дамове – вугорскія “сябры”, якія 10 верасьня ў аднабаковым парадку скасавалі дамову з НДР аб тым, што ўсходнія немцы могуць выяжджаць праз Вугоршчыну на тэрыторыю іншых дзяржаваў толькі пры наяўнасьці ў іхных пашпартох выяздной усходненямецкай візы.

На Захад рынула хваля ўцекачоў.

Вонкава крах камунізму ў НДР выглядаў як адзіны вялікі парыў людзей, аб’яднаных жаданьнем вызваленьня з путаў таталітарызму. Магчыма ў вялікіх гарадох так і было, але зусім інакш адбывалася гэта ў малых мяйсцовасьцях, дзе здавалася ўсе было падпарадкаванае службе бясьпекі “Штазі”, агэнты якой ведалі ўсё й пра ўсіх. Пра тое, як здарыўся пералом у настроях людзей малога гораду Арнштадт я і хачу тут расказаць.

20 верасьня на сьценах дамоў горада зьявіліся ананімныя ўлёткі, якія заклікалі жыхароў прыйсьці на цэнтральны пляц дзеля ўдзелу ва антыўрадавай дэманстрацыі. І неспадзявана на гэтую дэманстрацыю выйшла каля 200 асобаў. Пры гэтым Штазі беспасьпяхова шукала тых, хто зарганізаваў гэтую маніфэстацыю. Арнд Эффэнбергэр, арганізатар і закладальнік апазыцыйнае партыі “Новы форум” у Арнштаце ўспамінае:

(Эффэнбергэр: ) “Гэтая першая дэманстрацыя стала вызваленьнем. Прысутнасьць некалькіх сотняў чалавек разам дае чалавеку сілу, якая дазваляе пераадолець страх. Упершыню я адчуў, што я не самотны ў сваіх поглядах”.

Аўтарам і распаўсюднікам улётак, якія заклікалі да гэтай маніфэстацыі пратэсту быў Гюнтэр Сатлер. Вось, як ён узгадвае тыя падзеі:

(Сатлер: ) “Я шмат размаўляў пра сытуацыю ў нашай краіне са сваімі знаёмымі, Усе лаялі ўсё, але ніхто не адважваўся нешта зрабіць супроць сыстэмы. Калі я нешта прапанаваў, яны рэагавалі на гэта, як на фантастычныя вымыслы. Яны гаварылі: не пасьпееш адумацца, як трапіш у турму. Усё гэта мяне страшна нэрвавала. Я ўсё больш і больш пачынаў змагацца супраць падобных поглядаў”.

І вось Сатлер на свой страх і рызыку пачынае езьдзіць па гораду на ровары й расклейваць улёткі з заклікам зьбірацца на дэманстрацыю пратэсту 20 верасьня. Ён наклейваў іх у самым цэнтры гораду, але міліцыя іх увесь час зрывала. Пачаліся нейкія своеасаблівыя спаборніцтвы паміж міліцыяй і Сатлерам. Ён узгадвае:

(Сатлер: ) “Нарэшце наступіў такі момант, калі наклейваць улёткі было больш немагчыма. Амаль перад кожным домам стаяў міліцыянт. Я ніколі ня бачыў столькі міліцыі ў Арнштаце. Калі я раніцай а пятай гадзіне вярнуўся да дому, я, стомлены, прысеў і пачаў чакаць, калі нехта прыйдзе па мяне й зарыштуе.

Але міліцыя так і не прыйшла па яго. У яе былі зусім іншыя, больш важныя справы. У горадзе стала неспакойна. Людзі пачалі дзяліцца інфармацыяй аб тым, што 30 верасьня адбудзецца маніфэстацыя. І раптам бальшыня зь іх пачала паволі пераадольваць страх. Нехта ў горадзе пачаў капіяваць улёткі Сатлера й расклейваць іх.

І вось у прызначаны час і ў прызначаным мейсцы сабралося прыблізна 200 асобаў, якія вызваліліся ад страху. Паволі, але рашуча, яны накіраваліся на цэнтральны пляц гораду. З усіх бакоў іх фатаграфавалі й фільмавалі супрацоўнікі “Штазі”. У дварох дамоў стаялі ўзмоцненыя атрады міліцыі.

Мітынг абсалютна ня быў падрыхтаваны. Ніхто ня вызначаў прамоўцаў, але людзі, якія страцілі страх, самі пачалі прамаўляць. Гаварылі аб адсутнасьці свабоды слова, аб высокіх цэнах на прадукты харчаваньня, аб немагчымасьці наведаць сваякоў на Захадзе.

Арганізатар партыі “Новы форум” у Арнштаце Арнд Эффэнбергэр узгадвае:

(Эффэнбергэр: ) “На наступны дзень пасьля дэманстрацыі я наведаў сямёх сваіх знаёмых і запрапанаваў ім зарганізацыю ініцыятыўнае групы стварэньня апазыцыйнае легальнае партыі. Толькі настаўнік і пацыфіст Хорст Будрус адгукнуўся на маю прапанову. І вось удвох мы пачалі зьбіраць у горадзе подпісы пад пэтыцыяй з просьбаю зарэгістраваць “Новы форум”.

Але гэта быў яшчэ далёка не канец так званай “народнай” улады ў НДР. Нямецкія камуністы ня толькі хацелі ўтрымаць сваю ўладу, але й імкнуліся паўплываць на савецкае кіраўніцтва й на Міхала Гарбачова асабіста, каб той прыпыніў перабудову. Нагода для падобнага ўплыву здарылася падчас сьвяткаваньняў 40-й гадавіны стварэньня НДР у кастрычніку 1989 году. У Бэрліне з гэтай нагоды адбыўся вялікі парад і масавая дэманстрацыя, якія павінны былі прадэманстраваць непахіснае адзінства сацыялістычнае нямецкае нацыі вакол свайго кіраўніцтва.

Стоячы на трыбуне пад час урачыстасьцяў, Эрык Гонэкер быў, праўдападобна, упэўнены ў сваіх сілах. Спадзяваўся ён, што гэтая ўпэўненасьць дапаможа яму пераканаць Гарбачова ў памылковасьці савецкіх рэформаў. Здарылася, аднак, нечаканае. У Бэрліне й іншых гарадох Усходняе Нямеччыны адбыліся контардэманстрацыі няпрыяцеляў кіраўніцтва НДР. Аб тым, як праходзіла гэткая дэманстрацыя ў Арнштаце, расказвае Арнд Эффэнбергэр:

(Эффэнбергэр: ) “Мы рушылі ў бок цэнтральнага пляцу гораду пад плякатам з лёзунгам: “Гарбачоў, дамапажы!”. І тут зусім недалёка ад мэты нашага паходу нас з усіх бакоў атачылі ўзброеныя ў плястыкавыя шчыты й палкі міліцыянты. Яны наблізіліся да нас і раптам моцна пачалі біць палкамі ў шчыты. Гэта зрабіла ўражаньне, але мала хто пакінуў шэрагі дэманстрантаў. Непадалёку стаяла іншая група група міліцыянтаў з сабакамі, якія йрваліся на нас. Пачаліся сутычкі, дэманстрацыя была разагнаная, а найбольш актыўныя яе ўдзельнікі, у тым ліку і я, зарыштаваныя”.

Прыгадаю, што Міхал Гарбачоў у гэты момант стаяў на трыбуне ў Бэрліне. Разам з Эрыкам Гонэкерам яны прыймалі парад і ўрачыстую дэманстрацыю з нагоды 40-годзьдзя НДР. У дэманстрацыі удзельнічала каля 200 тысячаў асобаў. А ў контардэманстрацыях з патрабаваньнямі большых дэмакратычных свабодаў – толькі 7 тысячаў асобаў. Здавалася, сілы прыхільнікаў і няпрыяцелаў НДР абсалютна няроўныя, але гэта толькі здавалася. Дні “сацыялістычнае дзяржавы нямецкіх рабочых і сялянаў” былі палічаныя…

Мікола Іваноў, Прага
 

Паводле матэрыялаў кнігі “Arnstadt im Herbst 1989”, выдадзенай у Ляйпцыгу ў 1995 годзе.

© 1995-1998 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org