RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

1989–1999 гг.
Урокі Найноўшае Гісторыі



Аналіз эфэктыўнасьці масавых акцыяў. Дзяды - 1988.

(эфір 2 лістапада 1999)

Аўтар і вядучы – Сяргей Навумчык.

Аналіз эфэктыўнасьці масавых акцыяў беларускай апазыцыі на працягу апошніх дзесяці гадоў найноўшай беларускай гісторыі мэтазгодна пачаць з 30 кастрычніка 1988 году. Тыя “Дзяды” былі ня першай масавай акцыяй прыхільнікаў дэмакратыі – летам 88-га ўжо адбываліся жалобныя мітынгі і шэсьці ў Курапатах. Але ля Ўсходніх могілкаў дэмакратам ўпершыню давялося прайсьці выпрабаваньне жорсткасьцю і цынізмам уладаў.

Нагадаю, што на некалькі дзён раней, 19 кастрычніка, у будынку Чырвонага касьцёлу ў Менску быў ўтвораны Аргкамітэт БНФ, які узначаліў Зянон Пазьняк. Ён жа ўзначаліў у “Мартыралёг Беларусі” – арганізацыю, мэтаю якой было вяртаньне памяці пра загінулых у часе бальшавіцкіх рэпрэсіяў. Гаворыць Зянон Пазьняк.

(Пазьняк: ) “Атмасфэра была такая, што ўсё было на ўздыме. І перш за ўсё неабходна было адчуць сілу ад саміх сябе. Гэта вельмі важна. Гэта як некалі рабіў ксёндз Папялушка, які зьбіраў людзей у касьцёле і чытаў пропаведзі – аб чалавечай салідарнасьці, аб дабры, пра Бога, пра каштоўнасьці нацыі, аб свабодзе. І людзі, якія зьбіраліся ў касьцёле, адчувалі, што яны – не адны. Яны адчувалі сілу духоўную.

Вось для новай арганізацыі, для БНФ, вельмі важна было, пасьля таго, як адбыўся такі пасьпяховы сход, дзе быў утвораны Аргкамітэт Народнага Фронту, – вельмі важна было адчуць плячо адзін аднаго, падтрымку ў нейкай масавай акцыі. Гэта была асноўная задача. І вельмі добра да гэтага падыходзілі якраз Дзяды. Бо яны былі зьвязаныя з Курапатамі, якія былі адкрытыя ў тым годзе, і гэта было вельмі актуальна, гэта яшчэ ўсіх узрушвала. І гэтая ідэя, ідэя “Мартылалёгу”, ідэя Народнага Фронту – у паяднаньні, яна сягала ўвогуле ў духоўную гісторыю нацыі. Яна прымушала задумацца пра многае. Тады гэта было вельмі актуальна, бо з людзкіх душаў, з людзкіх галоваў было вытраўлена ўвогуле такое думаньнею Трэба было, каб гэтыя людзі, якія не паддаліся прапагандзе, якія адраджаліся – сабраліся. І вось ушанаваць Дзяды, ісьці на могілкі, з кветкамі, там пабачыцца, там правесьці мітынг – гэта была асноўная мэта. Не было нейкай жорсткай праграмы. А менавіта вось такая была мэта”.

Збор на “Дзяды” быў прызначаны ля Усходніх Могілак у Менску. Было заяўлена, што ўдзельнікі ўскладуць кветкі да магілаў Уладзімера Караткевіча і Пятра Машэрава. Аднак камуністычным уладам ня трэба было ўшанаваньне нават памяці іхняга коляшняга першага сакратара. Ім патрэбны быў – спакой. Працягвае Зянон Пазьняк

(Пазьняк: ) “Я прыйшоў адным зь першых. Пабачылі даволі трывожнае відовішча. Было вельмі шмат пераапранутых людзей (гэта было відавочна, што яны пераапранутыя). Яны стаялі на ўсіх дарожках, на ўсіх кутах, на ўсіх выхадах, амаль каля кожнага дрэва. І акрамя таго, было шмат міліцыі, міліцэйскіх аўтамабіляў. Паступова пад’ехалі аўтамабілі, якіх менчукі ніколі ня бачылі – водныя гарматы, іх было каля дванаццаці. Шмат было закратаваных машын, дзе ўпершыню мы ўбачылі людзей з плястыкавымі шчытамі і ў шаломах. Шмат было ўнутраных войскаў. Гэта выклікала вельмі такое трывожнае ўражаньне, таму што было незразумела, навошта такая канцэнтрацыя?

Як потым высьветлілася, іх было шмат тысячаў. Дык вось, людзі ішлі пешшу (таму што мэтро было перакрыта), ішлі сем’ямі, ішлі даволі інтэлегентныя людзі. Гэта былі студэнты, пісьменьнікі, акторы, дзеячы мастацтваў, шмат моладзі было. Вельмі такі мірны выгляд, сапраўды – выгляд на Дзяды. І шмат ішло з кветкамі. І вось калі падыходзілі ўжо да вуліцы Каліноўскага, дык многіх людзей пачалі проста хапаць.”

Прыгадвае пісьменьнік Уладзімер Арлоў, які быў абраны Намесьнікам Старшыні “Мартыралёгу Беларусі”.

(Арлоў: ) “Ля ўваходу на могілкі, дзе стаялі некалькі тысячаў людзей з кветкамі, са сьвечкамі, адбылося першае сутыкненьне з міліцыянтамі, пачалася штурханіна, пайшлі ў ход гумовыя дубінкі. І ў той час мой сябар, пісьменьнік Алесь Асташонак, проста ў гэтай бойцы, у той час як адзін з міліцыянтаў у мяне спрабаваў вырваць сумку, – прыкрыў маю жонку Валянціну літаральна сваёй спіной ад вельмі прафэсыйнага ўдару, які прыйшоўся яму ў хрыбетнік і на два тыдні адправіў яго, ўрэшце, на бюлетэнь”.

(Пазьняк: ) “Хапалі ў першую чаргу ўдзельнікаў аргкамітэту Народнага Фронту. Хапалі тых людзей, якія вядомыя ў грамадзтве, якія маглі б неяк пакіраваць. І вось гэта выклікала такое непаразуменьне, што адбываецца, і выклікала трывогу. Я, напрыклад, зразумеў, што падрыхтаваная нейкая грандыёзная правакацыя. Як яна будзе адбывацца – мне было невядома, але я адчуваў, што яна рыхтуецца, і нешта трэба рабіць. І тут, канечне, трэба было прыняць нейкае неардынарнае рашэньне, таму што я адчуваў, што зараз альбо пачнуць мясіць, альбо нешта іншае прыдумаюць.

Не было мэгафону, і прыйшлося хутка вызваліць пляцоўку, і гаварыць голасам. Што асноўнае я сказаў? Я сказаў, што рыхтуецца вялікая правакацыя, што ні ў якім разе нельга паддавацца на гэтую правакацыю. Што – не адказваць ударам на ўдар, не кідаць каменьняў, і так далей. І я запрасіў усіх людзей ісьці на Курапаты ўсьлед за мной. Частка войскаў кінулася ехаць на Курапаты, каб нас апярэдзіць, але, прайшоўшы кіляметры два, мы сыйшлі ў поле. Нас было тысячы тры-чатыры. І вось тут нікога не было. І ў полі, пад Курапатамі, мы селі на зямлю, сталі на калені, і тут адбыўся мітынг. І тут, упершыню, упершыню ў пасьляваеннай падсавецкай гісторыі, быў падняты бел-чырвона-белы сьцяг, нават, два сьцягі, якія прынесьлі з сабой. Гэта, я лічу, гістарычны акт”.

Каб сёньня зразумець сапраўднае значаньне той падзеі – правядзем тагачасныя словы вядомага дзеяча, які сёньня не ставіць пад сумнеў ні “Пагоню”, ні нацыянальны сьцяг. З інтэрвью першага сакратара Саюза пісьменьнікаў БССР Ніла Гілевіча карэспандэнту БЕЛТА, газэта “Советская Белоруссия”, 4 лістапада 1988 года.

“Частка моладзі учапілася за гэтак званую “нацыянальную сымболіку. Але задамося пытаньнем: што дасьць перабудове “Пагоня”?.. Наўрад ці хто будзе пярэчыць супраць выкарыстаньня герба Вялікага Княства Літоўскага ў мастацкіх творах на тэмы гісторыі. Але ж найактыўнейшае разьвіцьцё беларускай эканомікі, навукі, сапраўдны росквіт культуры, якія прыйшліся на дваццатыя гады, калі яшчэ не адчуваліся дэфармацыі сацыялістычнага курсу, – ішлі пад гербам БССР, пад сьцягам БССР! Так што ж пярэчыць ажыцьцяўляць ідэі перабудовы пад гэтым гербам, пад гэтым сьцягам? Нічога. Іншы падыход – альбо наіўнасьць, альбо нешта яшчэ горшае, што адкрыта шкодзіць справе перабудовы”.

Так успрымалі ў 1988 годзе нацыянальную сымболіку тыя, хто сёньня лічыцца выбітным дзеячом нацыянальнага Адраджэньня .

А вось як пра той мітынг у полі пад Курапатамі прыгадвае пісьменьнік Уладзімер Арлоў.

(Арлоў: ) “Пасьпеў выступіць на мітынгу я з уступным словам, дзе ішла гаворка пра тое, што ў гэты сьвяты дзень нас сабрала агульная памяць пра нашых продкаў. Ну і пасьпеў выступіць Зянон Станіслававіч з паведамленьнем аб стварэньні Аргкамітэту Беларускага Народнага Фронту. Затым маладая паэтка Таня Зіненка прачытала свой верш. Пасьля чаго хлопец, адзін з прысутных, па-мойму, гэта быў такі зусім малады чалавек, студэнт, ён расшпіліў свой плашч, і высьветлілася, што ён быў абкручаны бел-чырвона-белым сьцягам. Вось калі ён узьняў гэты сьцяг (калі я не памыляюся, гэта было, па-сутнасьці, першае ўзьняцьцё нашага нацыянальнага сьцягу), калі гэты сьцяг быў узьняты, – тут і прагучалі каманды “Рассеить толпу!”. І адбылося тое, што потым называлася “спыненьнем мітынгу”.

Далей падзем разьвіваліся імкліва.

(Пазьняк: ) “Вярнуліся назад войскі, акружылі нас усіх на гэтым полі, і была дадзеная каманда “Таптаць!”. Але ў першых шэрагах былі курсанты, яны не рашыліся, таму што людзі сядзелі, трэба было б таптаць ботамі. Тады зьмянілі людзей, паставілі афіцэраў, і афіцэры кінуліся. Але мы дамовіліся, было паведамлена, што як толькі на нас кінуцца – каб усе ўсталі і шчапіліся рукамі. І вось была каманда “Расчленяй!”. Усе тут жа ўскочылі, узялі адзін аднаго пад рукі, пад локці, і натоўп у тры тысячы чалавек стаў – адным кулаком. Адным кошыкам. І рашчляніць не ўдалося.

Хапалі крайніх, зьбівалі, але – разагнаць як авечак, рашчляніць, зьбіць і пакідаць у машыны – нічога не атрымалася. Ішлі шчыльна, як рымская кагорта. І я памятаю, калі выйшлі на дарогу, некаторыя маладыя хлопцы хапалі камяні, бо праязжалі машыны са “спэцназам”, другія хлопцы падбягалі да іх і казалі: “Выкіньце! Вы чулі каманду?”. Вось гэта мяне ўразіла, што зусім незнаёмыя людзі выпадкова сабраліся, але аб’яднаныя адной ідэяй і адной небясьпекай, адчувалі вялікую калектыўную адказнасьць. І другое – вельмі дакладна выконвалі каманды. Не было ніякай анархіі, ніякай неразьбярыхі. Адно слова – “Устаць!”, “Узяцца за рукі!”, “Улева!”, “Управа!”, “Ня рушыць!” – усё выконвалі. Я быў уражаны. І я тады зразумеў, што значыць – людзі, аб’яднаныя адной ідэяй. Што значыць нацыя, якая будзе аб’яднаная гэткім чынам".

Праз хуткі час у часопісе “Крыніца” зьявіцца верш Уладзімера Някляева:

Усё, што коціцца – дакоціцца да нас.
І дакацілася.
Ля могілак якраз,
Дзе сны пра вечнасьць сняць,
Ці сьпяць бяз сноў
З усімі Караткевіч, Куляшоў –
Маўклівы мітынг.
З кожным, хто прыйшоў
Зьявіліся і ўсталі побач продкі.
Маўклівыя, стаялі цені родных.
Маўклівыя, стаялі цені блізкіх
Пад крыжам зьлеглых, зоркай, абяліскам,
Па ўсіх хатынях спаленых, забітых
Пад Грунвальдам, на Калыме прышытых,
Бясьледна зьніклых,
Хапам пахапаных,
Нікім, нідзе, ніяк не пахаваных,
Ці ў Курапатах скінутых у роў…
Ад плоці плоць,
І ад крывінкі кроў.
Мы ведалі, пра што маўчалі зь імі –
Жывыя зь мёртвымі, і мёртвыя – з жывымі.
І ўпершыню, маўкліва сьцяўшы рот,
З натоўпу глянуў люд. Амаль – народ”.

Кіраўніцтва ЦК КПБ і Менскага гаркаму адмаўлялі факт ужываньня супраць маніфэстантаў сілы ды сьлезацечнага газу – над першым сакратаром ЦК Яфрэмам Сакаловым было начальства ў асобе Гарбачова, перад якім БССР павінна была выглядаць талерантнай і спакойнай рэспублікай.

Інфармацыйную блякаду прарвалі артыкул Васіля Быкава ў часопісе “Огонёк” і ягонае ж інтэрвью ў “Московских новостях”, якія тады на розных мовах разыходзіліся па ўсім сьвеце.

З артыкулу Васіля Быкава ў часопісе «Огонёк», лістапад 1988 году.
«У апошнія дні ў Беларусі зрабілася ўсё больш адчувальным імкненьне грамадзкасьці да стварэньня Народнага Фронта, супраць ідэі якога з такой зацятасьцю выступае беларуская бюракратыя. У гэтай сувязі некаторым можа паказацца дзіўным (калі не надуманым) ейнае пачуцьцё страху перад такой прадстаўнічай арганізацыяй за перабудову, якім мяркуе быць Народны Фронт. Калі сыходзіць з бясспрэчнасьці сьцьвярджэньня, што і ў народа, і ў ягоных кіраўнікоў існуе адзіная мэта – справядлівае ўладкаваньне жыцьця на пачатках народаўладзьдзя і бюракратыі, дык варта спытацца: навошта баяцца? Аднак, верагодна, некаторыя маюць усе падставы для трывогі за ўласны лёс – асабліва зь ліку тых, хто зьявіўся арганізатарам і натхняльнікам падзеяў 30 кастрычніка. Зусім магчыма, што паводле волі народа, выказвальнікам якой зьяўляецца Народны Фронт Беларусі, ім давядзецца разьвітацца з цёплымі месцамі. У сьвятле гэтага факту, мне падаецца, і палягаюць шмат якія адказы на надзённыя пытаньні нашага часу.”

Беларусь апынулася у цэнтры сусьветнай ўвагі. Але ў тыя дні ніхто ня ведаў пра тое, што магло адбыцца пад час Дзядоў, калі б ня вытрымка дэмакратычных лідараў.

(Пазьняк: ) “Праз год прыйшоў адзін афіцэр міліцыі і перадаў дакумэнты. Гэтыя дакумэнты ў мяне ёсьць. Быў плян дзеяньняў спэцназу, унутраных войскаў, раённых адзьдзяленьняў, і сутнасьць складалася ў тым, што людзей павінны былі сапхнуць у пусты сад (а ён тут, насупраць вуліцы Каліноўскага, гэктараў сто), акружыць – і пасекчы. Моцна зьбіць. Справа ішла аб ахвярах. Пасьля гэтага ўсё было б звалена на нацыянал-фашыстаў, як называлі ўсіх дысыдэнтаў тады. Беларускае Адраджэньне было б растоптана на корню. Гэта быў мэтад дзеяньняў у той час камуністычных уладаў. Яны так дзейнічалі ў Новачаркаску, калі растралялі рабочых, так яны дзейнічалі ў 1986 годзе ў Алма-Аце. Потым, у 1989 годзе, такую правакацыю ўчынілі ў Тбілісі. І вось аналягічную правакацыю ў 1988 годзе 30 кастрычніка камуністы хацелі зрабіць у Менску, і гэта ім не ўдалося”.

(Арлоў: ) “Такое разгортваньне падзеяў, пра якое зараз гаварыў Зянон Пазьняк, было цалкам верагодным. Але, па-першае, колькасьць людзей, якія выйшлі на гэты мітынг-рэквіем, зблытала карты ўладам. Я думаю, што яны чакалі, ну, можа быць, некалькі сотняў, можа быць, тысячу, дзьве тысячы. Але з такой вялікай колькасьцю людзей было цяжка і небясьпечна распачынаць такія дзеяньні. І, з другога боку, безумоўна, нашая вытрымка, і дзеяньні Пазьняка, адэкватныя сытуацыі, таксама перашкодзілі вось гэтым злачынным планам, у існаваньні якіх сапраўды сумнявацца не выпадае. Бо пазьнейшыя падзеі ў Тбілісі сапраўды паказалі, на што былі гатовыя ўлады”.

І вось як сёньня ацэньвае Уладзімер Арлоў Дзяды-88.

(Арлоў: ) “Калі казаць пра ацэнку падзеяў 30 кастрычніка 88 году ўжо з адлегласьці ў 10 зь лішнім гадоў, дык мне прыгадваецца, што некаторыя мае калегі-літаратары пасьля гэтых падзеяў пісалі, што, маўляў, 30 кастрычніка на Дзяды ішло насельніцтва – а вяртаўся народ. Гэта, безумоўна, ня больш чым прыгожыя словы. Насельніцтву ў Беларусі і цяпер яшчэ вельмі далёка да таго, каб звацца народам.

Асабіста я 30 кастрычніка проста паверыў, што ў нас ёсьць сіла для змаганьня за Беларусь і за яе Незалежнасьць. І ў гэта паверылі тысячы – тады яшчэ тысячы – людзей, якія альбо былі трыццатага разам з намі, альбо даведаліся пра гэтыя падзеі. І я перакананы, што дата 30 кастрычніка 1988 года застанецца ў нашай гісторыі. І безумоўна, гэтая дата будзе прысутнічаць у падручніках нацыянальнай гісторыі і ў ХХІ, і ў наступных стагодзьзях”.

Дзяды 1988 году застануцца ў беларускай гісторыі як першая маральная – ды, відаць, і палітычная – перамога цяперашняга пакаленьня адраджэнцаў. А яшчэ, яны даюць падставу паразважаць пра адказнасьць палітыкаў перад тымі, каго яны павялі за сабой.

(Пазьняк: ) “Безумоўна, масавя акцыя – гэта даволі гнуткі сродак барацьбы. Яго трэба выкарыстоўваць у канкрэтных абставінах і для канкрэтных мэтаў. Нельга бяз мэты і без ацэнкі сытуацыі выкарыстоўваць, бо можна памыліцца.

Акцыя 30 кастрычніка патрэбная была для ўнутранай духоўнай кансалідацыі новага руху, які нараджаўся. У іншых сытуацыях акцыя можа спатрэбіцца ўвогуле для ліквідацыі ўлады. У іншых сытуацыях акцыя можа спатрэбіцца для дэманстрацыі сілы. Альбо – проста для выказваньня пратэсту, каб зьмяніць погляд на сытуацыю. Вельмі гнуткія падыходы.

Але ў любой сытуацыі акцыю неабходна рыхтаваць, павінен быць плян, і павінна быць мэта, дзеля чаго яна робіцца. Людзі, якія йдуць на акцыю, павінныя ведаць гэтую мэту, павінны ведаць гэтую задачу. Павінны ведаць, дзеля чаго яны выйшлі і чаго яны хочуць дасягнуць, і што будзе пасьля. Гэта – абавязкова. Калі такой мэты няма, то акцыі могуць выкарыстоўваць проста папулісты, могуць выкарыстоўваць правакатары, і яны могуць спрацоўваць супраць тых палітычных сілаў, якія гэтую акцыю арганізоўваюць. Таму, гэта таксама свайго роду палітычнае мастацтва”.

Часам кажуць, што нават тысячы людзей на плошчах – гэта мізэр у параўнаньні з тымі, хто ня выйшаў, хто – застаўся па хатах.

(Арлоў: ) “Я заўсёды, калі думаю пра падзеі нашай гісторыі, пра нацыянальны беларускі рух, – узгадваю мадэль руху цывілізацыі, якую прапанаваў выдатны гісторык і філёзаф сучаснасьці Арнольд Тойнбі. Паводле Тойнбі, рух гісторыі адбываецца ў выніку дыялёгу Бога, якога ён называў Лёгасам, і нацыяў, якім Бог пасылае раз-пораз выклік, на які трэба нацыі даць адказ. Гэты выклік можа застацца без адказу адзін раз, другі, трэці, але надыходзіць той момант, калі нацыя, не адказаўшы на гэты выклік, асуджае сябе на гістарычны скон.

Тут Тойнбі заўсёды падкрэсьліваў, што гэты адказ можа даць (і звычайна дае) не бальшыня народу, а творчая, пасыянарная меньшасьць. Так было ў 1863 годзе ў нашай гісторыі, калі, па-сутнасьці, жменька ўзброеных людзей кінула выклік велізарнай шматмільённай імпэрыі. Імпэрыі абсалютысцкай, фэадальнай, імпэрыі азіяцкай, імпэрыі, выключанай з эўрапейскага кантэксту цывілізацыйнага. І вось тады, у 1863 годзе, Беларусь коштам жыцьцяў сваіх лепшых сыноў засьведчыла, што мы – эўрапейскі народ, засьведчыла сваю адданасьць прынцыпам дэмакратыі, парлямэнтарызму, свабоды. І калі мы пераносімся ў стагодзьдзе дваццатае, і спрабуем аналізаваць падзеі беларускай найноўшай гісторыі, мы таксама бачым, што ў вырашальнай ступені адказ на вось гэтыя выклікі, якія нам пасылае Бог, гісторыя (можна тут фармуляваць як заўгодна), – адказ на гэтыя выклікі дае творчая меньшасьць”.

У 88-ым годзе меньшасьць – у полі пад Курапатамі ня толькі выратавала гонар нацыі, але і здолела акрэсьліць новы накірунак гісторыі. Пра іншыя масавыя акцыі і шэсьці беларускай апазыцыі – у нашых наступных перадачах.

Сяргей Навумчык, Прага
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org