border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

1989–1990 гг.
Урокі найноўшай гісторыі


БАЛТЫЯ – Жывы ланцуг пратэсту Вільня–Рыга–Талін

(эфір 26 жніўня 1999)

23 жніўня ў 50-ю гадавіну падпісаньня пакту Молатава-Рыбентропа больш за 2 мільёны эстонцаў, латышоў і летувісаў узяліся разам за рукі й ўтварылі жывы ланцуг паміж Вільняю, Рыгаю і Талінам, каб выказаць свой пратэст супроць акту, у выніку якога яны страцілі незалежнасьць сваіх краінаў.

Жнівень–верасень 1989 году – час, калі лёс народаў ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе быў яшчэ далёка ня вырашаны. Камуністы яшчэ агрызаліся, то тут, то там паказваючы свае мускулы.

Усяго два месяцы мінула ад крывавага здушэньня пратэстаў кітайскіх студэнтаў, па-ранейшаму йснуе “жалезная заслона”, хаця й не такая шчыльная, як раней. Савецкія войскі па-ранейшаму знаходзяцца ў НДР, Польшчы, Чэхаславаччыне й Вугоршчыне. Не пераадолены яшчэ падзел сьвету на два моцныя ваенныя лягеры: NATO й Варшаўская Дамова.

Але ў паветры ўжо выразна адчуваецца подых свабоды. Гарбачоўская перабудова дазволіла, хаця й з адпаведнымі абмежаваньнямі, гаварыць праўду. А праўда – гэта, як высьветлілася, самая небясьпечная зброя для таталітарных рэжымаў.

Эстонія, Латвія і Летува ніколі да Савецкага Саюзу не далучаліся. Народы гэтых краінаў заўсёды разглядалі савецкую ўладу ў якасьці акупацыі. А пакт Молатава-Рыбентропа быў для прыбалтаў нічым іншым як ганебным падзелам Усходняй Эўропы паміж фашысцкай Нямеччынаю і камуністычным СССР.

Калі гэнэральны сакратар ЦК КПСС Міхал Гарбачоў улетку 1989 году наведаў Летуву й выступіў перад так званым партыйна-гаспадарчым актывам гэтай яшчэ савецкай рэспублікі, ягоны сябра па партыі першы сакратар кампартыі Летувы Бразаўскас проста ў вочы яму сказаў: Летува хоча незалежнасьці.

1989 год – гэта быў час, калі Савецкі Саюз яшчэ зусім ня ведаў, што такое сапраўды масавыя антыкамуністычныя дэманстрацыі. Прыгадаю, што ў вядомай усяму сьвету дэманстрацыі пратэсту савецкіх дысыдэнтаў супроць агрэсіі ў Чэхаславаччыну на Краснай плошчы летам 1968 году ўдзельнічала ўсяго 6 асобаў. Дзясяткі, часам сотні асобаў пачалі выходзіць на маніфэстацыі ды мітынгі пратэсту падчас гарбачоўскай перабудовы. А тут ад Вільні да Таліна ў маўклівым пратэсьце супроць савецкае акупацыі за рукі ўзяліся больш за 2 мільёны чалавек.

Пэтэр Зьвягуліс, цяперашні дырэктар Латвійскае службы нашага радыё, у жніўні 1989 году ня быў упэўнены, што такая масавая маніфэстацыя будзе пасьпяховая, што ўлады не адважацца выкарыстаць сілу. Вось як ён камэнтуе яе значаньне для незалежніцкага руху ў краінах Балтыі.

(Зьвягуліс: ) “Гэта была вельмі важная, эмацыйная і вялікая падзея ня толькі для латышоў, але й для эстонцаў і летувісаў. Яна сымбалізавала факт, што шмат чаго можна дасягнуць разам, што лягчэй змагацца за незалежнасьць разам, а не паасобку.

Упершыню прыбалтыйскія краіны выказалі салідарнасьць у змаганьні за незалежнасьць. Існавала небясьпека, што Савецкі Саюз можа выкарыстаць сілу супроць дэманстрантаў. Сярод дэманстрантаў былі кабеты, дзеці, старыя. І было ясна, што калі будзе выкарыстаная сіла, гэта будзе трагічна. Але, на шчасьце, Савецкі Саюз ня быў гатовы адкрыта паказаць Захаду сваё сапраўднае аблічча. І гэтая акалічнасьць выразна спрыяла таму, што народы Прыбалтыкі перамаглі й зноў сталі незалежнымі”.

Посьпех мірнае дэманстрацыі латышоў, летувісаў і эстонцаў прадэманстраваў слабасьць савецкае ўлады перад абліччам салідарных, адзіных дзеяньняў народаў. У жывым ланцугу пратэсту супроць пакту Молатава-Рыбентропа ў жніўні 1989 году ўдзел узялі й беларусы. Вось як па тэлефоне зь Вільні ўзгадвае гэты дзень Сяргей Шупа.

(Шупа: ) “Сёньня крыху нават балюча прыгадваць падзеі 10-гадовай даўніны, бо яны былі акутаныя рамантыкаю чаканьня, так бы мовіць, “сьветлае будучыні”. Штосьці з гэтай рамантыкі спраўдзілася, а штосьці – не. Адбылося нейкае працьверазеньне… Але тады 10 гадоў таму мы зь Беларусі глядзелі на падзеі, якія адбываліся побач за блізкай мяжою з асаблівым спадзяваньнем. Бо там усе працэсы адбываліся трошкі хутчэй.

У той памятны дзень 23 жніўня 1989 года мы зь сябрамі сабраліся, селі ў “Запарожац” і памкнулі ў бок Вільні, дзе канчаўся той велізарны жывы ланцуг, які працягнуўся праз тры балтыйскія краіны.

Дзень быў такі сьветлы. Сьвяціла яркае сонца, якое таксама як бы абяцала нешта сьветлае наперадзе. Людзі былі ўсе вельмі радасныя, усьміхаліся, хаця сама дата адзначалася даволі сумная. Тым ня менш, усе адчувалі нейкі энтузыязм, еднасьць.

І мы стаялі таксама ў гэтым ланцугу пад самай Гедымінавай гарою. Нашая дачка, якой тады было 3 гады, трымала ў руках бел-чырвона-белы сьцяжок. Былі бел-чырвона-белыя сьцягі й большыя. І былі розныя іншыя сьцягі тых народаў, якія пачалі вызваляцца з ланцугоў імпэрыі. Усё гэта стварала такі вельмі сьветлы, радасны настрой, зь якім мы тады 10 гадоў таму глядзелі ў будучыню”.

Жывы ланцуг пратэсту Вільня–Рыга–Талін быў расьцягнуты на 500 км. Увечары 23 жніўня, калі стала ясна, што маніфэстацыя скончылася поспехам, Народныя франты ўсіх трох прыбалтыйскіх рэспублікаў зьвярнуліся да міжнароднага грамадзтва з супольнай заяваю-заклікам падтрымаць рух за незалежнасьць іх краінаў.

І тады цэнтральны камітэт Камуністычнай партыі Савецкага Саюзу выступіў з жорсткім папярэджваньнем у бок прыбалтаў. У пасланьні ЦК камуністычным партыям і народам Прыбалтыкі гаварылася, што шлях да незалежнасьці – гэта шлях у нікуды. Камэнтуе дырэктар летувіскае службы нашага радыё Кейстуціс Гірніўс:

(Гірніўс: ) “Цэнтральны ўрад у Маскве нарэшце зразумеў, што рух за незалежнасьць пашыраецца ў такім тэмпе, што яго немагчыма затрымаць, што патрэбная вонкавая інтэрвэнцыя. І яны паспрабавалі выкарыстаць упершыню сілу”.

Але рух за незалежнасьць як сьнежны ком набіраў сілу. Да канцу савецкае акупацыі заставаліся месяцы, таксама як і да канцу йснаваньня вялізнае савецкае імпэрыі, якая сягала сваімі межамі ад самога цэнтру Эўропы аж да Японіі. Жывы ланцуг па тэрыторыі краінаў Балтыі стаўся мацнейшы за савецкія танкі.

Мікола Іваноў, Прага

© 1995-1998 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org