RFE/RL |
|
Сымбаль Веры
Вялікоднае пасланьне першагіерарха Беларускай Аўтакефальнай
Праваслаўнай Царквы Мітрапаліта Мікалая
Дарагія браты і сёстры! Хрыстос уваскрос! Усім сэрцам з прамяністым выявам радасьці мы сьвяткуем у гэтым годзе Хрыстовае Уваскрасеньне, найбольшае гістарычнае здарэньне на сьвеце. З усіх вялікіх сьвятаў царкоўнага году сьветлае Уваскрасеньне Хрыстовае - найбольш урачыстае і радаснае. Царква сьпявае: "Уладар і Госпад, Сьвята над Сьвятамі, і Урачыстасьць над Урачыстасьцямі". Таму і называе наш народ гэты сьвяты дзень - Вялікаднем, усьведамляючы існасьць і веліч гэтага вялікага дня. І гучыць у нашых сьвятынях велікодняе вітаньне "Хрыстос уваскрос!", у якім выказваецца вялікая радасьць і выяўляецца нашая вера ў Хрыстовае і нашае Уваскрасеньне. Госпад наш Ісус Хрыстос запэўніў нас у гэтым. Як нам пра гэта кажа апостал "Ня дзівуйцеся з гэтага, бо настане гадзіна, у якой усе, хто ў магілах, пачуюць голас Ягоны, і пойдуць тыя, хто чынілі дабро на уваскрасеньне жыцьця, а тыя, якія чынілі ліха, на уваскрасеньне суду". Само Уваскрасеньне - гістарычная рэчаіснасьць, але Цуд ня можа быць вытлумачаны. Як гістарычнае здарэньне, Хрыстовае Ўваскрасеньне ёсьць па-за ўсяго царкоўнага вучэньня праз увесь час. Таму ў гэты дзень нашыя ўзьнёслыя малітвы ствараюць адзіны магутны гімн у пашану Уваскрасеньня Хрыста. Калі мы бачым гэты Вялікі Цуд, усялякае плахоцьце пакідае нашыя душы, і яны напаўняюцца чысьцінёю Веры. У сваім Велікодным казаньні сьвяты Ян Залатавусты кажа "Сьмерць, дзе тваё чала? Пекла, дзе твая перамога? Хрыстос уваскрос - і ты пераможаная. Хрустос уваскрос - і нячысьцікі ўпалі. Хрыстос уваскрос - і анёлы цешацца. Хрыстос уваскрос - і памерлых няма ў магіле". Для ўсіх хрысьціянаў Уваскрэслы Хрыстос - прыклад веры і парука жыцьця вечнага, лагодны настаўнік ды магутны абаронца ў цяжкі час. Таму і ўзносяць праз стагоддзі беларускія вернікі свае малітвы , праслаўляючы Увскрослага Бога. Ужо праз шмат гадоў ліхія людзі нас спрабуюць зьнішчыць, і нашую сьвятую Праваслаўную Аўтакефальную Царкву. Паміж іншымі, колькі нашых людзей ужо загінула пакутніцкай сьмерцю, абараняючы сваю родную царкву і ўмацоўваючы нас прыкладам свайго жыцьця. Нашыя вынішчальнікі думаюць, што, адабраўшы жыцьцё абаронцаў, яны прыдбаюць сабе перамогу. Для нас жа, людзей моцнае веры ў Бога, сапраўдная сьмерць - гэта адхіленьне ад Госпада, бо так навучаў нас сам Ратаўнік. І ня бойцеся тых, што забіваюць цела, а душы ня могуць забіць. Але бойцеся больш таго, хто можа і душу і цела забіць. Нават падчас панаваньня атэістычнае ўлады наш народ захаваў сваю Веру і Царкву. Іі хоць мы расьцярушаныя па ўсім сьвеце, але застаемся адным народам, што мае свае спадзяваньні, як сказана ў Дабравесьці "Бачучы грамады народу, Ён зжаліўся над імі, што былі змоглыя і расьцярушаныя, быццам авечкі без пастуха". І дзівяцца з нас ворагі нашыя, не разумеючы, што ня мы, але Божая ўлада дзеіць, якая зышла на нас. Цяжка ім праз маладзества і грахі іхныя разумець Уваскрасеньне Хрыстовае. Сьвяты апостал Павал кажа: "Бо калі мёртвыя не ўваскрасаюць, дык і Хрыстос не ўваскрэс. А калі Хрыстос не ўваскрэс - дык і вера нашая бескарысная, і вы яшчэ ў грахох сваіх". Дык адкінем, дарагія мае, маладзества свае і ўсе разам прыслухаймася да голасу нашае царквы, якая ў гэты сьветлы дзень заклікае небя і зямлю да сьвятой радасьці. Няхай неба годна весяліцца, няхай радуецца зямля, няхай увесь сьвет бачны і нябачны сьвяткуе, бо Хрыстос Уваскрэс! І вечная радасьць! Радасьць нагэтулькі вялікая, што мы сьпяваем. Асьвяцімся, людзі, і адзін аднаго абдымім. Скажам, браты, і тым, хто ненавідзіць нас, выбачым усім Уваскрасеньнем, і так засьпяваем: "Хрыстос Уваскрос зь мёртвых, сьмерцю сьмерць патаптаў, і тым, хто ў магілах, жыцьцё падарыў". Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос! Мітрапаліт Мікалай, першагіерарх Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, Таронта |
© 1995-1998 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |