RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Сымбаль Веры



Дзед Мароз ці Сьвяты Мікалай?

Удзельнікi: Ірына Дубянецкая (Лёван, Бэльгія), Тадэўш Навагродзкі (Менск), Віктар Шалкевіч (з Беластоку).

Аўтар і вядучы: Сяргей Абламейка.  (эфір 23.12.2000).

Ля мікрафону Сяргей Абламейка.
Заўтра Куцьця, пасьлязаўтра Каляды. У Беларусі зараз гэта невялікае сьвята. Усе чакаюць Новага году, дый Каляды, як пішуць у беларускіх газэтах і кажуць з беларускай тэлевізіі – ня наскія, каталіцкія, а так званыя “нашыя“, праваслаўныя будуць аж пасьля Новага году, 7 студзеня. Мала хто ведае, што і праваслаўныя вернікі большасьці эўрапейскіх краінаў, напрыклад Баўгарыі, Румыніі ці Чэхіі, сьвяткуюць Раство Хрыстовае 25 сьнежня разам з каталікамі і пратэстантамі.

За савецкім часам беларусаў прывучылі сьвяткаваць замест Калядаў Новы год. Калядныя падарункі ў Беларусі называюцца навагоднімі, менавіта Новы год называюць сямейным сьвятам, найбольш яго чакаюць і любяць. Адбылося практычна поўнае атэістычнае замяшчэньне старажытнага і найбольш улюбёнага ў Эўропе сямейнага хрысьціянскага сьвята. Беларусь і тут па-за большасьцю Эўропы.

Але ня толькі Новы год у якасьці эрзацу Калядаў навязалі беларусам з усходу. Самі падарункі дзецям на Новы год у нас дораць ужо ўсім прывычныя Дзед Мароз і Сьнягурка, і ніхто ўжо не ўспамінае, што так было не заўсёды. Вось пра гэта і пойдзе гаворка ў сёньняшняй перадачы. А дакладней – гаворка пойдзе пра Сьвятога Мікалая або Міколу, як яго любілі раней называць у Беларусі.

Менавіта Сьвяты Мікалай, або Санта Клаўс, або Сінтэр Клос і гэтак далей, прыносіць не навагоднія, але калядныя падарункі дзецям большасьці хрысьціянскіх краінаў сьвету. У мінулым стагодзьдзі і ў Беларусі які-небудзь шляхцюк моцна рагатаў бы, каб яму сказалі, што падарункі дзецям прыносіць нейкі Дзед Мароз ды яшчэ на Новы год. Але так ёсьць зараз.

Мы тут у Чэхіі назіраем штогадовую перадкалядную ліхаманку і ведаем, што сярод падарункаў дзецям будзе і абавязковая чакалядная фігурка Мікуляша – таго ж самага Сьвятога Мікалая, праўда надзетага ў шаты лацінскага, а не ўсходняга біскупа, якім у сапраўднасьці і быў епіскам 4 стагодзьдзя ў Мірах Лікейскіх у Бізантыі Сьвяты Мікалай. Ну але чэхі – лацінскія католікі, таму і малюць свайго ўлюбёнца ў лацінскіх шатах.

Першая ўдзельніца сёньняшняй перадачы, беларускі тэоляг з Бэльгіі Ірына Дубянецкая напачатку раскажа пра культ Сьвятога Міколы ў хрысьціянскіх краінах.

(Дубянецкая: ) “Сьвяты Мікола – постаць хутчэй легендарная, чым гістарычная. Гэта адзін з найбольш шанаваных ды любімых сьвятых як ва Ўсходняй царкве, так і ў Заходняй. Пра яго вядома, што ён быў у 4 стагодзьдзі біскупам Міры, што ў Лікіі (цяпер тэрыторыя Турцыі). Паводле традыцыі, ён браў удзел у першым Сусьветным Саборы ў Нікеі ў 325 г. Аднак ані ў водным сьпісе біскупаў-удзельнікаў Нікейскага Сабору ягонае імя не фігуруе. Наогул ніякіх гістарычных зьвесткаў пра ягонае існаваньне няма. Першыя жыцьцяпісы зьявіліся колькі стагодзьдзяў пасьля ягонае меркаванае сьмерці.

Традыцыя кажа, што Мікола нарадзіўся ў горадзе Патара, у маладыя гады зрабіў паломніцтва ў Палестыну ды Егіпет, і пасьля вяртаньня ў Лікію стаў Мірскім біскупам. Падчас перасьледу хрысьціянаў быў увязьнёны. Калі ж Рымскім імпэратарам стаў Канстантын Вялікі, Мікола быў вызвалены ды запрошаны Канстантынам да ўдзелу ў Нікейскім Саборы.

Ужо ў 6 ст. ягоная грабніца была добра вядомая ў Міры. У тым жа часе імпэратар Юстыніян пабудаваў у Канстантынопалі царкву ў гонар сьв. Міколы, а ягонае імя зьявілася ў Літургіі Яна Залатавуснага.

У 1087 г. італьянскія маракі (або купцы) скралі цела шанаванага сьвятога ды прывезьлі яго ў Бары, што ў Італіі. 9 траўня дагэтуль шануецца Царквою як дзень перанясеньня мошчаў сьв. Міколы.

Ад таго часу ягоная папулярнасьць няўхільна расла, а Бары сталіся адным з найбуйнейшых пілігрымскіх цэнтраў.

Легенды вакол Міколы множыліся зь вялікай хуткасьцю. Найбольш старажытная зь іх была занатаваная ў Грэцыі ў 6 ст. Гэта гісторыя трох жаўнераў, несправядліва абвінавачаных ды засуджаных на сьмерць, але ўратаваных пасьля цудоўнага зьяўленьня Міколы ў сьне Канстантыну. Іншыя легенды распавядяюць пра шматлікія цуды, якія тварыў Мікола пры жыцьці й пасьля сьмерці. Сам ён, нібыта, быў багатым спадчыньнікам і шмат сродкаў ахвяраваў на дапамогу бедным. Вядомая гісторыя бедных дзяўчынак, якім Мікола даў пасаг, каб уратаваць іх ад трагічнага лёсу.

Шанаваньне Міколы распаўсюджанае ва ўсім хрысьціянскім сьвеце. Ён уважаецца за апякуна дзяцей, падарожнікаў, маракоў, гандляроў, вязьняў і нават пекараў. Зьяўляецца патронам Грэцыі, Расеі, Неапалітанскага княства, Сіцыліі, а таксама Льежскае дыяцэзіі ў Бэльгіі. Патрон гораду Кампэну ў Нідэрляндах, Корфу ў Грэцыі, Фрайбургу ў Швайцарыі, Масквы ў Расеі ды інш.

Ягоныя цуды былі ўлюбёнай тэмаю сярэднявечных мастакоў. У Заходняй Эўропе была нават традыцыя так званага хлопчыка-біскупа, паводле якой у дзень сьв. Міколы – 6 сьнежня – якісь хлопчык абіраўся біскупам і меў паўнамоцтвы да Калядаў.

Ператварэньне сьв. Міколы ў Санта-Клаўса, каляднага дзеда з падарункамі, адбылося перш у рэфармацкай Нямеччыне, потым ў іншых краінах, што былі пад уплывам Рэфармацыі, і, урэшце, у каталіцкай Францыі.

Само імя Санта Клаўс, што прыжылося ў англамоўных краінах (найперш у ЗША), паходзіць ад скажонага нідэрляндзкага Sinter Klaes. Гэтае імя галяндзкія гандляры завезьлі ў Новы Амстэрдам (цяпер горад Ню-Ёрк), надаўшы вобразу сьвятога рысы добрага чараўніка з фальклёру.

Цяпер амэрыканцы ўяўляюць, што радзіма Санты ў Лапландыі або на Паўночным Полюсе. У Эўропе, аднак, не забываюцца на паўднёвае паходжаньне сьвятога. У Бэльгіі, напрыклад, усе дзеці ведаюць, што Сінтэр Клос прыплывае да іх на параходзе з Гішпаніі ды падарожнічае ад хаты да хаты на кані. У паўночна-заходняй Эўропе прынята рабіць дзецям падарункі ў дзень сьв. Міколы, 6 сьнежня.

Аднак гэтая традыцыя не ўнівэрсальная. У Францыі Мікола абдорвае ўсіх на Каляды або на Новы Год. У іншых лацінскіх краінах, як у Эўропе, так і ў Паўднёвай Амэрыцы, падарункі дзецям прыносіць на Каляды Дзіцятка Ісус або Тры Каралі (ці Магі) 6-га студзеня”.

Як вынікае са словаў Ірыны Дубянецкай, Сьвятога Міколу можна без перабольшаньня назваць улюбёным сьвятым у шмат якіх краінах Эўропы і Новага сьвету. Гэтак сама было і ў Беларусі. І сёньня яшчэ у кожнай царкве сьвечкі за здароўе ставяць менавіта да ягонага абраза. Некалі абраз Міколы быў ў кожнай сялянскай хаце.

Але любілі яго некалі і беларускія дзеці. Я запрасіў да удзелу ў перадачы беларускага этнографа Тадэўша Навагродзкага, які расказвае пра росшукі этнографаў Беларусі што да асобы, якая дорыць дзецям падарункі на Каляды. Дык ведалі беларусы яшчэ ў недалёкім мінулым пра Дзеда Мароза, ці як і астанія эўрапейцы чакалі на Каляды Сьвятога Міколу з падарункамі? На гэтае пытаньне адказвае Тадэўш Навагродзкі.

(Навагродзкі: ) “Для беларускай традыцыі на Каляды і Новы год характэрны такі пэрсанаж, як Сьвяты Мікалай. Асабліва яго чакалі дзеці ў заходняй частцы тэрыторыі Беларусі. Дзеці верылі, што ў калядную ноч Сьвяты Мікалай прыносіць падарункі і пасьля сна, прачнуўшыся, яны сапраўды знаходзілі ў сваіх валенках, чаравіках, шкарпэтках падарункі. Вось якраз іх і прыносіў Сьвяты Мікалай. Гэтыя дадзеныя намі былі зафіксаваныя на тэрыторыі заходняй часткі Беларусі – Гарадзенскі, Шчучынскі, Пружанскі, Ваўкавыскі ды іншыя раёны.

Ва ўсходняй Беларусі прыход сьвятога Мікалая на навагоднія сьвяты не фіксуецца этнаграфічнымі, літаратурнымі крыніцамі і ўспамінамі інфарматараў. Ёсьць дадзеныя, што на тэрыторыі Гарадзенскай губэрніі ў другой палове жонка гарадзенскага генэрал-губэрнатара, калі ладзіла навагоднюю елку, то падарункі дзецям раздавала сама, а такія пэрсанажы, як Дзед Мароз і Сьнягурачка нідзе ў этнаграфічных матэрыялах, пісьмовых і літаратурных крыніцах ня згадваюцца.

Як новыя маскі-пэрсанажы Дзед Мароз і Сьнягурачка зьявіліся толькі ў савецкія часы і, напэўна, пад уплывам рускай культуры, і то спачатку сярод заможных слаёў насельніцтва, а ў побыце вясковага насельніцтва яны зьявіліся яшчэ пазьней, зусім нядаўна. А вось да гэтага ў заходняй частцы Беларусі менавіта Сьвяты Мікалай прыносіў падарункі дзецям, і дзеці заўсёды з нецярплівасьцю чакалі падарункаў ад Мікалая.

Таму на аснове дадзеных этнаграфічных экспэдыцыяў і ўспамінаў інфарматараў можна меркаваць, што у Заходняй Беларусі ў калядныя вечары прыходзіў Сьвяты Мікалай і менавіта ён прыносіў падарункі дзецям і дарослым. А Дзед Мароз і Сьнягурачка зьявіліся пазьней, у савецкія часы”.

Ну вось спадар Навагродзкі і адказаў на пытаньне, якое нас сёньня цікавіла. Дзед Мароз і Сьнягурка прыйшлі ў Беларусь за савецкім часам і з усходу. Заходняя Беларусь уся чакала падарункаў ад Міколы, а ва Ўсходняй хоць і не было такой традыцыі, але і пра Дзеда Мароза і Сьнягурку ніколі нічога ня ведалі.

Ці ўдасца калі-небудзь адрадзіць традыцыю ды распаўсюдзіць яе на ўсю краіну? Выглядае, што з увагі на сёньняшнюю папулярнасьць Дзеда Мароза, зрабіць гэта будзе нескладана: трэба проста пачаць інакш яго называць і надзець яго ў троху іншы строй – строй усходняга біскупа з жазлом. Справа выглядае зусім небезнадзейна, і таму якраз, што яна ўжо пачалася. Уся сьвядомая публіка ведае песьню Віктара Шалкевіча “Балада пра Сьвятога Мікалая“. І вось у нашай праграме сам Віктар адказвае на пытаньне, чаму ён напісаў песьню пра Міколу, а не пра Дзеда Мароза.

(Шалкевіч: ) “Справа ў тым, што ў мяне было вельмі цікавае дзяцінства. Некалі я казаў, што нашае дзяцінства скралі, калі пабываў у Нямеччыне. Але ўсё ж і нашае было цікавае. Прыходзіў бацька з лесу, ставіў пад каляды ёлку, мы яе абвешвалі ўсялякімі цацкамі, цукеркамі, яблыкамі. Бацька з маці сьмяяліся, казалі, маўляў, павесь панчоху на галіну ці пастаў якога боціка пад ёлачку, бо Ён прыйдзе сёньня ўначы, штосьці табе прынясе. А я ня мог доўга зразумець, хто такі быў Ён. А Ён – гэта быў Сьвяты Мікалай. Вось у нас у сям’і была такая вельмі файная, нармальная традыцыя.

І вось прайшло некалькі дзясяткаў год, і я, помнячы, што ніякі ня Дзед Мароз, а Ён, Сьвяты Мікалай, прыходзіць (паводле расповяду бацькоў, ён быў вельмі цікавым дзядзькам – біскупам Мірлікейскім). І вось я сваёй дачцэ таксама расказваў, што трэба на ёлку павесіць панчошку або паставіць боцік, бо павінен прыйсьці сьвяты Мікалай. І так цікава атрымоўвалася. Ляжым мы з жонкай уранку 25-га, чуем, як паціху адчыняюцца дзьверы спальні маёй дачкі, тупаюць босыя ножкі, адчыняюцца дзьверы ў вялікі пакой і адтуль крык… Значыць ёсьць падарункі, значыць Сьвяты Мікалай прыходзіў.

Яна доўгі час спрабавала яго ўбачыць, яна нават яго бачыла, бачыла як ён прыходзіў і потым расказвала. Зараз яна ў мяне досыць дарослая дзяўчына, у ёй змагаюцца два супярэчлівыя пачуцьці. З аднаго боку, яна кажа: “Бацька, гэта ж падман”, а з другога па вачах бачу, што яна верыць у тое, што сапраўды ёсьць Сьвяты Мікалай.

Сьвяты Мікалай – гэта вельмі старажытная беларуская традыцыя, і ні ў якім разе мы не павінныя ад яе адмаўляцца. Ён заўсёды быў, ёсьць і будзе. Бачыш, ён ператрываў ўсё – і 39-ты год, і 44-ты, і камунізм. Ужо няма тых камуністычных лідэраў, а Сьвяты Мікалай ёсьць і заўсёды прыяжджае на сваіх раніфэрах зь нейкай там Фінляндыі на Беларусь. Я яго ні разу ня бачыў, але я веру, што Сьвяты Мікалай ёсьць”.

Як мы чулі, для Віктара Шалкевіча гэта пытаньне дзяцінства, выхаваньня, традыцыі. Для яго, які нарадзіўся ў Поразаве на захадзе краіны, тут няма ніякіх сумненьняў. Яму могуць запярэчыць, што гэта каталіцкая традыцыя. Але вось этнографы кажуць, што і праваслаўныя ў Заходняй і Цэнтральнай Беларусі чакалі падарункаў на Каляды ад Сьвятога Міколы. Побач са мной у пакоі праскай штаб-кватэры Радыё сядзіць айцец Кастусь Бандарук, які нарадзіўся ў вельмі праваслаўнай вёсцы непадалёк Горадні. Дык ён кажа, што ў іх вёсцы толькі Сьвяты Мікола падкладаў у боты ды панчохі пад ялінкамі падарункі дзецям на Каляды. Тое самае і ў праваслаўных Румыніі ці Баўгарыі.

І таму я скончу сёньня перадачу песьняй Віктара Шалкевіча “Балада пра Сьвятога Мікалая“ ды выкажу надзею, што некалі гэтая песенька стане ўлюбёнай каляднай калыханкай беларускіх дзетак, а ў нашыя дамы замест Дзеда Мароза некалі менавіта на Каляды, а не на Новы год, пастукаецца Сьвяты Мікола.

(Гучыць песьня В. Шалкевіча “Балада пра Сьвятога Мікалая”)

“Кароткі сьнежаньскі дзянёк
Падоўжаў на барані скок
Віхура сьвішча па-над апусьцелым садам
Але аднойчы ўначы
Сьвятлом назьдзіўным заблішчыць,
Зазьзяе зорка – пачынаюцца Каляды

Стары дасьведчаны анёл,
Айца нябеснага пасол
Штогод ў наш дом з навінай добрай прылятае.
А ты цікавая ўсяго
Ізноў з пытаньнем да яго
Пра таямнічага Сьвятога Мікалая.

Рэфрэн:
                Сьпі, малое, дзіцятка, хутчэй засынай,
                Хай табе сьняцца толькі цудоўныя сны.
                Сьпі, малое, дзіцятка, хутчэй засынай
                Едзе, едзе ўжо твой Сьвяты Мікалай.

Віват зіма, віват мароз,
Бывай стары, абрыдлы пост,
Ў шырокі сьвет ідзі шукай сабе ахвяраў.
Анёл сядае пры стале
У рукі Біблію бярэ
І адзяе на нос старыя акуляры.

Мы спраўна трапіўшы ў дом
Старанна “Глёрыю” пяём,
А потым келіхі ўгору падымаем.
Табе ня сьпіцца ўсё часьцей,
Ты падыходзіш да дзьвярэй
Пытаеш пра свайго Сьвятога Мікалая.

Рэфрэн.

Сівабароды, добры дзед
Ён не забыўся пра цябе,
Як і пра ўсіх малых, лупатых і цікаўных.
Яму абрыдлая язда
І нам бацькам яго шкада
А што зрабіць, яшчэ хвілінку пачакаем.

Анёл у нябёсы паляцеў,
Анёл спаць моцна захацеў,
Пара табе за добрым прыкладам таксама.
Пад ёлку боцік палажы
І ў ложак хуценька бяжы,
Ён недзе блізка – чуеш, пад’яжджаюць сані…”

Рэфрэн.

Сяргей Абламейка, Прага
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org