RFE/RL |
Сувязь паміж веравызнаньнем народу і багацьцем краіны.Удзельнікі: пастар Эвангельска-Аўгсбургскай царквы ў Польшчы Марцін Гінц, каталіцкі ксёндз Анатоль Парахневіч і праваслаўны вернік, філёзаф Алесь Анціпенка. Аўтар і вядучы Кастусь Бандарук. (эфір 20.11.1999). Тэмай “рэлігія і эканоміка” зацікавіла мяне знойдзеная ў Інтэрнэце дыскусія на тэму “Аб сувязях рэлігіі, эканомікі, грамадзкага ладу і мастацтва”. Удзельнікі гэтага абмяркаваньня паставілі перад сабою пытаньне: “ Чаму Злучаныя Штаты больш разьвітая дзяржава за Мексыку, Бразылію або Аргентыну, хаця зыходныя ўмовы разьвіцьця былі прыблізна аднолькавыя?” У выніку, яны прыйшлі да высновы, што акрамя ўсяго іншага, выдатную ролю тут адыграла рэлігія, факт, што адныя краіны тыпова каталіцкія, а іншыя праваслаўныя або пратэстанцкія. Я таксама пачаў застанаўляцца над гэтым і прыйшоў да высновы, што нейкая доля праўды ў гэтым мусіць быць. Праўда, іншы быў гістарычны шлях заходне-рымскай і ўсходне-візантыйскай цывілізацыі, але чаму, напрыклад, славянская Чэхія больш разьвітая за славянскую, суседнюю Польшчу? У кожнай краіне свой клімат, прыродныя багацьці, свая гісторыя, але ж і характар немца, англічаніна або скандынава вельмі адрозьніваецца ад характару італьянца, гішпанца або жыхароў Лацінскай Амэрыкі. Адметны таксама мэнталітэт беларуса, расейца, сэрба або румына, а рэлігія мае свой уплыў на характар чалавека. Удзельнікі згаданай дыскусіі сьцьвердзілі, што “пратэстантызм зьмяншае
абавязкі чалавека перад Царквою, не марнуе вялізных сродкаў на ейны пышны,
зьнешні воблік. Ён таксама дае верніку магчымасьць і свабоду працаваць
на сябе ды рупіцца пра сябе”.
Багач, буржуй дрэнна асацыююцца з паняцьцем каталік або праваслаўны, аднак цалкам нармальна з пратэстантам. Чаму так адбываецца? Ці сапраўды можна гаварыць пра тое, што пратэстантызм спрыяе эканамічнаму разьвіцьцю, як гэта цьвердзіў вядомы нямецкі сацыёляг Макс Вэбэр? З гэтым пытаньнем найперш я зьвяртаюся да пастара Эвангельска-Аўгсбургскай Царквы з Польшчы Марціна Гінца. (Гінц: ) “Макс Вэбэр паставіў тэзіс, што пратэстанцкая этыка паўплывала на разьвіцьцё капіталізму ў заходняй Эўропе. Эвангельская тэалёгія з самога пачатку падкрэсьлівала значэньне працы ў жыцьці чалавека і не лічыла яе пракляцьцем, але, хутчэй за ўсё, блаславенствам, Божым падарункам. Няма лепшай або горшай працы. Яна можа быць толькі лепш або горш выконваная. Лютэр лічыў, што манаскае жыцьцё, якое ня служыць іншаму чалавеку павінна быць скасаванае. Аднолькава важная праца шаўца, рыцара і сьвятара, так што сьвятарства ў пратэстанцкай традыцыі не займае прывілеяванага становішча. Разам з Рэфармацыяй распачалося бурнае разьвіцьцё прыватнах, сямейных майстэрняў і прадпрыемстваў. Варта тут падкрэсьліць ролю Яна Кальвіна, які, сам будучы аскетам, падкрэсьліваў, што Бог асуджае раскошнае, багатае жыцьцё. У выніку ягонага вучэньня тыя сямейныя прадпрыемствы не праядалі прыбытак, як гэта рабілі шляхта і магнаты, але пачалі зьбіраць капітал і ўкладаць яго ў справу. Паступова пачалі фармавацца ўсё буйнейшыя прадпрыемствы, перадаваныя сваім нашчадкам у спадчыну. Гэтае пратэстанцкае замілаваньне да эфэктыўнай працы прывяло да таго, што ў рэгіёнах, дзе яны складалі большасьць насельніцтва, зьявілася прамысловасьць, гэтыя рэгіёны сталі багацейшымі і больш эканамічна разьвітымі”. (Бандарук: ) “Як не гаварыць, ойча, але пратэстанцкая этыка працы асноўваецца на тым жа Эвангельлі, якое ведаюць і каталікі, і праваслаўныя. Адкуль жа тады гэтая адметнасьць пратэстантаў?” (Гінц: ) “У параўнаньні з праваслаўнай і каталіцкай традыцыямі пратэстанты абралі больш практычную форму набожнасьці. Найлепшым доказам гэтага было скасаваньне манастыроў. Праваслаўе падкрэсьлівае духоўны аспэкт рэлігійнасьці, містычнае, манаскае жыцьцё і ўдзел у багаслужбах. У пратэстанцкай традыцыі багаслужбы былі зьведзеныя амаль выключна да нядзелі. Лютэр скасаваў таксама шмат сьвятаў, якіх колькасьць у той час дасягала 150-ці ў год. Гэткім чынам павялічылася колькасьць працоўных дзён, скончылася бясконцае сьвяткаваньне. Менавіта праца сталася тым, дзе чалавек рэалізоўвае сваю місію, даручаную яму Богам ў гэтым жыцьці”. Да сказанага а. Марцінам Гінцам дадам, што ў сваім творы “Этыка пратэстантызму і дух капіталізму”, апублікаваным ў 1905-м годзе, Макс Вэбэр прааналізаваў узаемадзеяньне эканамічных умоваў, сацыяльных фактараў і рэлігійных перкананьняў. Сьпярша ён правёў падрабязны аналіз статыстычных дадзеных пра разьмеркаваньне пратэстантаў і каталікоў сярод розных сацыяльных пластоў у Нямеччыне, Аўстрыі і Галяндыі і сьцьвердзіў, што пратэстанты дамінуюць сярод уладальнікаў капіталу, прадпрыймальнікаў і больш кваліфікаваных пластоў рабочых. Сярод каталікоў больш людзей з гуманітарнай асьветай, затое сярод пратэстантаў – з тэхнічнай. Вэбэр тлумачыць гэта своеасаблівым складам псыхікі, сфармаваным у выніку выхаваньня. Пратэстанты таксама дамінуюць сярод найбольш заможнай часткі грамадзтва. Аўтар абшырна цытуе Бэнджаміна Франкліна, які зьяўляецца прапагандыстам “філязофіі скупасьці”. На яго думку, ідэальны чалавек “крэдытаздольны, прыстойны, які сваім абавязкам і самамэтай лічыць памнажэньне свайго капіталу”. Паводле Вэбэра, некаторыя рысы капіталізму бачныя ўжо ў старажытным Кітаі, Індыі, Вавілёне, аднак ім не хапала духу сучаснага капіталізму. Там заўсёды была прага нажывы, падзел на клясы, але не было накіраванасьці на рацыянальную арганізаванасьць працы. Вось таму паводле спосабу арганізацыі прадпрыемства ён дзеліць капіталізм на “традыцыйны” і “сучасны". У традыцыйным чалавек працуе каб есьці, прафэсыя для яго – цяжар, ён аддае перавагу простай вытворчасьці, лічыць, што не абмануўшы – не прадасьць, і што асноўны від дзейнасьці – гандаль. У сучасным стаўленьні чалавек жыве каб працаваць. Прафэсыю ён лічыць асноўнай формай існаваньня. Аддае перавагу пашыранай вытворчасьці, сумленнасьць лічыць найлепшай гарантыяй посьпеху і асноўным відам дзейнасьці – вытворчасьць. Чалавеку, сфармаванаму паводле пратэстанцкай этыкі, “чужая паказная раскоша і марнатраўства, захапленьне ўладай, яму ўласьцівы аскетычны спосаб жыцьця, стрыманасьць і сьціпласьць. Гэта тое, на чым настойваў згаданы а. Марцінам Ян Кальвін. Акрамя таго, багацьце дае яму іррацыянальнае адчуваньне добра выкананага абавязку”. (Бандарук: ) “Вэбэр праводзіць марфалягічны аналіз біблейскага слова “пакліканьне” у намецкай ды ангельскай мовах, паколькі ў пратэстанцкіх краінах яно набыло крыху іншы зьмест. Згодна пратэстанцкаму разуменьню гэтага паняцьця, “ выкананьне абавязку ў рамках сьвецкай прафэсыі зьяўляецца найвышэйшай, маральнай задачай чалавека”. У лепшым, сучасным варыянце капіталізму, назіраецца разьвітае пачуцьцё адказнасьці і такі склад думак, у якім праца стаецца самамэтай. Такое стаўленьне да працы не характэрнае чалавеку, і яго можна толькі выпрацаваць шляхам працяглага выхаваньня. Гэта – цэнтральная догма пратэстанцкай этыкі. Пратэстантызм прапануе выкананьне сьвецкіх абавязкаў кожным паасобным чалавекам на тым месцы, якое ён займае ў грамадзтве. Гэтым самым абавязак ператвараецца ў пакліканьне. Інакш кажучы, знак таго, што ты збаўлены, атрымаеш шляхам удасканаленьня ў сваёй прафэсыі. Ты павінен прымірыцца са сваім месцам у сьвеце. Належнае выкананьне сваіх заданьняў і адначасовае пазьбяганьне ўцехаў павінна забясьпечыць рост багацьця. Гэткім чынам фармуецца сапраўдны прадпрыймальнік: працавіты, ініцыятыўны, сьціплы ў сваіх патрэбах, які любіць грошы дзеля самых грошаў. Мабыць таму, існуе такі стэрэатып, што дзякуючы такому стаўленьню да працы і сёньня пратэстанцкія краіны, як правіла, заможныя і добраўпарадкаваныя, каталіцкія, у сярэднім, адстаюць ад іх, і цалкам відавочная запозьненасьць у разьвіцьці праваслаўных краін…Ці Вы згодныя з гэтым, а. Анатоль? (Прахневіч: ) “Я б, прынамсі, не гаварыў, што ўсе пратэстанцкія краіны ў эканамічным сэнсе больш разьвітыя за каталіцкія і праваслаўныя. Многае залежыць тут ад мэнталітэту народу ў дадзенай дзяржаве. Сярод пратэстантаў пашыранае перакананьне, што чалавек, жывучы на гэтай зямлі, павінен сабе запрацаваць на неба. У каталікоў таксама ёсьць такое перакананьне, але ў сэнсе іншых, добрых ўчынкаў. У пратэстантаў, калі чалавек добра, гэта значыць шчасьліва і заможна, жыве тут на зямлі, дык гэтак ён будзе жыць і там, ў раі. Паглядзіце на эканмічна разьвітыя краіны, такія як Галяндыя. На сёньня выглядае, што там людзям не патрэбныя ніякія цэрквы. Праўда, што яны жывуць добра, але найгоршае, што гэта іх цалкам задавальняе, і нічога больш іх не цікавіць”. (Бандарук: ) “Гэта вельмі радыкальнае сьцьверджаньне, а. Анатоль, але напэўна храмы ў Галяндыі не перапоўненыя. У кожным разе, калі нехта празьмерна прывязаны да зямных каштоўнасьцяў, дык гэта пярэчыць духу Эвангельля. Хопіць прыгадаць прытчу пра багача і Лазара, дзе багачу было сказана : “Ты ў жыцьці сваім меў добра, а Лазар блага, цяпер жа ён тут пацяшаецца, а ты церпіш вялікія мукі”. Адносна нажывы Царква заўсёды лічыла, што яна пярэчыць Эвангельскай маралі. У прытчы пра “неразумнага багача” гаворыцца, што ён заміж духоўнага зрабіў стаўку на матэрыяльнае, зьбіраў сваё дабро, празьмерна ўскладаючы на яго ўсе спадзяваньні. Аднак яму было заяўлена, што памыляецца, паколькі ў любы момант можа памерці і ўсё пакінуць. “Паглядзіце на птушак, – гаварыў Хрыстос, – якія ня сеюць, ня жнуць і не зьбіраюць у сьвірны, але Айцец Нябесны не дае ім загінуць”. “Лягчэй багатаму прайсьці праз іголчынае вуха, чымсьці багатаму ўвайсьці ў Царства Нябеснае”. У Эвангельлі багацьце зьяўляецца перашкодай, тым, што не дазваляе засяродзіць сваю ўвагу на душы і на ўнутраным удасканаленьні. На гэтым ставяць націск і праслаўная, і каталіцкая Цэрквы і гэтак, дарэчы, думалі і першыя рэфарматары. Вера была для іх асноўным матывам іхных дзеяньняў, а збаўленьне душы – асноўнай мэтай жыцьця. Хіба ж зь веры, а. Анатоль, выплывае і хрысьціянская этыка?” (Парахневіч: ) “Вера, запаветы, агульнахрысьціянская мараль маюць свой несумненны ўплыў на чалавека. Паглядзіце вось на сытуацыю ў нас, у Беларусі. Яшчэ нядаўна нашы дзеткі нічога ня ведалі пра рэлігію і Бога. Зараз сытуацыя паступова зьмяняецца. Яны пачынаюць вывучаць Закон Божы, даведваюцца пра Бога, і тыя дзеці, якія далучаюцца да рэлігіі, вельмі адрозьніваюцца ад усіх астатніх дзяцей у школе. У іх зьяўляецца нейкае сумленьне, стараннасьць і акуратнасьць. Прычына простая. Ім гаворыцца пра хрысьціянскія і агульначалавечыя прынцыпы маралі, ды і хрысьціянства – ня што іншае, як навука аб дабры, аб любові чалавека да чалавека і чалавека да Бога” (Бандарук: ) “Напэўна так. Гэта не пратэстанцкія, але агульна-хрысьціянскія каштоўнасьці. Трэба проста ня толькі пра іх ведаць, але захацець паводле іх жыць. Нагадаю, а. Анатоль Парахневіч зьяўляецца настаяцелям рыма-каталіцкай парафіі ў Ракаве. З падобным пытаньнем, ці сапраўды пратэстанцкая этыка паспрыяла эканамічнаму разьвіцьцю некаторых краін, я зьвяртаюся да праваслаўнага верніка, філёзафа Алеся Анціпенкі. (Анціпенка: ) “Я думаю, няварта казаць, што этыка пратэстантызму велмі адрозьніваецца ад каталіцкіх або праваслаўных пачаткаў, але, безумоўна, Вэбэр правільна зацеміў адну праблему. Гэта праблема пэўных этычна-маральных акцэнтаў. Калі мы гаворым пра тое, што пратэстантызм спрыяў разьвіцьцю капіталізму у 19 – пачатку 20-га стагодзьдзяў, дык тут Вэбэр мае рацыю. Сапраўды, пратэстантызм акцэнтуе індывідульны пачатак чалавека і калі мы паглядзім на гістарычнае разьвіцьцё капіталізму, дык так званая тэорыя “Лепэфэр”, гэта і ёсьць тэорыя, якая ў свой падмурак бярэ гэты індывідуалістычны пачатак чалавека. Ідэі Вэбэра сымпатычныя яшчэ і ў тым, калі ён кажа пра акуратнасьць у працы, што пратэстантызм культывуе ашчаднасьць у грошах. Карацей кажучы: дысцыпліна, акуратнасьць і ашчаднасьць да грошай, заробленых цяжкай працай”. (Бандарук: ) “Вы, спадар Анціпенка – праваслаўны. Вам неабыякавы лёс сваіх братоў ў веры, асабліва ў Беларусі. Аднак, чым патлумачыць той факт, што як не глядзець, а літаральна ўсе праваслаўныя краіны эканамічна адсталыя? Няўжо праваслаўныя ня ўмеюць або ня хочуць працаваць?” (Анціпенка: ) “Сапраўды, калі паглядзець на праваслаўе, асабліва ў яго расейскім варыянце, яго ідэі “саборнасьці”, то можна прыйсьці да высновы, што праваслаўе культывуе дух калектывізму. Гэта зусім іншы падыход да шмат чаго, у тым ліку і да працы. І, мабыць, невыпадкова ў шэрагу краінаў, дзе праваслаўе дамінуе, на сёньня мы ня бачым ня толькі капіталізму, але і пэўных дэмакратычных структураў і каштоўнасьцяў. Я думаю, што гэтыя рэчы цесна паміж сабою зьвязаныя, хаця няма і наўпростай сувязі. Дух праваслаўя сапраўды нейкім чынам уплывае на мэнталітэт людзей, на іхнае стаўленьне да працы, на тое, як людзі бачаць сваю сацыяльную рэчаіснасьць, як яны ацэньваюць каштоўнасьць свайго жыцьця. Бо ж адна сытуацыя, калі жыцьцё чалавека разглядаецца, як нешта вельмі каштоўнае, і другая, калі гаворыцца “Бог даў – Бог узяў”. Тое самае тычыцца і вынікаў працы, якімі можна даражыць, або заробленыя грошы патраціць на нешта несур’ёзнае. Я думаю, што пратэстантызм – сапраўды найбольш сацыяльнае веравызнаньне, затое ў праваслаўі закладзеная ідэя, што гэты сьвет нічога ня варты, а калі так, дык нявартае і багацьце. Тады чалавечыя грошы, ініцыятыва накіраваная на тое, каб нешта ў гэтым жыцьці зьмяніць, таксама губляюць вартасьць. Безумоўна, непаважнае стаўленьне да сацыяльных праблемаў можа ператварыцца ў абыякавасьць да ўсяго, што чалавека атачае. Тады няварта да нічога імкнуцца, тады няважна якая ўлада, няважна, ці парушаюцца правы чалавека, ці не. Тады няважна, ці ты імкнесься да таго, каб неяк абладзіць сваё жыцьцё, каб жыць у нармальным доме, мець аўтамабіль і штосьці яшчэ”. (Бандарук: ) “Вы, спадар Алесь, не называеце нейкую канктрэтную краіну,
але паміж словамі прасочваюцца беларускія рэаліі. Хто яшчэ як не беларус,
можа гэтак пакорліва мірыцца са сваім сярмяжным жыцьцём і, нават, не спрабуе
яго зьмяніць. “Абы не было вайны.
Калі гаварыць толькі пра хрысьціян, дык зараз у Беларусі дамінуюць праваслаўныя, але ёсьць таксама каталікі і пратэстанты. У час, калі сьвет ператварыўся ў глябальную вёску, мы маем магчымасьць адзін у аднаго вучыцца і ўзаемна абагачацца. Застацца пры сваёй веры, але зачэрпнуць у іншых тое, што ў іх найлепшае. Мне, прынамсі, здаецца, што гэта магчымае. Сёньня, я шчыра дзякую за ўдзел у праграме а. Марціну Гінцу з Эвангельска-Аўгсбурскай Царквы, рыма-каталіцкаму сьвятару а. Анатолю Парахневічу і праваслаўнаму верніку, філёзафу Алесю Анціпенку, а ўсім слухачом – за ўвагу”. Кастусь Бандарук, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |