RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Сымбаль Веры



Як разьвіваецца грэка-каталіцкая Царква ў Беларусі, візыт Папы Яна Паўла ІІ-га на Украіну.

Удзельнікі: грэка-каталіцкі сьвятар зь Менску айцец Андрэй Абламейка і епіскап Пераяслаў-Хмяльніцкі Мітрафан.

Аўтар і вядучы Кастусь Бандарук.  (эфір 11.11.2000).

30 кастрычніка выйшаў спэцыяльны вупуск “Нашай Нівы”. У ім зьвяртае ўвагу абшырны артыкул зь некалькімі інтэрвію пад загалоўкам “Унія 1990-2000”. З другога боку вядома, што грэка-каталіцкая, альбо вуніяцкая царква ў Беларусі існуе ўжо больш за 400 гадоў. Што ўласна адзначаюць зараз беларускія грэкакаталікі? З гэтым пытаньнем я зьвяртаюся да грэка-каталіцкага сьвятара зь Менску а.Андрэя Абламейкі.

(а.Андрэй: ) “Грэка-каталіцкая Царква існуе не 400 гадоў на Беларусі. Мы выводзім свае карані ад Хрыста і Апосталаў. Дзесяцігодзьдзе – гэта дата афіцыйнага выхаду нашай Царквы з падпольля, калі мы пачалі афіцыйна дзейнічаць, пачалі стварацца парафіяльныя суполкі ў розных гарадох Беларусі. Мы пачалі падаваць дакумэнты на рэгістрацыю, і парафіі былі зарэгістраваныя. Пачалася нармальная душпастырская дзейнасьць ў гэтых парафіях. Таму мы лічым, што дзесяцігодзьдзе: гэта той выхад нашай Царквы з падпольля, ейнае адраджэньне на Беларусі”.

(Бандарук: ) “Як разумею, адраджэньне пачалося тады, калі настаў больш спрыяльны дзеля гэтага час. Вопыт паказвае, што падобны працэс ініцыююць нейкія энтузіясты – людзі, найбольш адданыя справе. На практыцы нешта мусіла і ў выпадку Вашай Царквы паслужыць тым штуршком, імпульсам. Як гэта было 10-ць гадоў таму?”

(а.Андрэй: ) “На практыцы цягам усяго савецкага пэрыяду грэка-каталіцкая Царква была забароненая, аднак былі людзі, якія пачувалі сябе грэка-каталікамі. Былі й на Беларусі сьвятары, якія на самой справе лічылі сябе грэка-таталікамі. Праўда, спарадычна нашыя сьвятары даязджалі з замежжа: напрыклад, у Слонім у пасьляваенны пэрыяд прыязджалі базыльяне. Але канкрэтны імпульс сапраўды быў.

Можна сказаць, што ўсё пачалося з групы менскай моладзі, якая вырашыла выдаваць часопіс “Унія”, каб сказаць праўду пра гісторыю нашай Царквы. Маладыя людзі аб’ядналіся ў аднайменную суполку, якая стала калектыўным сябрам Таварыства Беларускай Мовы, каб была магчымасьць афіцыйна дзейнічаць.

6-га жніўня 90-га году, у Дзень Прэабражэньня Гасподняга адбылася прэзэнтацыя першага нумару “Уніі”. Выхад часопісу адбіўся шырокім рэхам сярод людзей, нам пачалі пісаць лісты, людзі пачалі да нас прыходзіць, гаварылі, што не маглі дачакацца, калі нешта такое зьявіцца. Да нас пачалі зьвяртацца людзі зь іншых гарадоў Беларусі, і фактычна, зьяўленьне часопісу “Унія” – гэта і быў той імпульс да адраджэньня нашай Царквы”.

(Бандарук: ) “Айцец Андрэй. Усё пачыналася спантанна, будавалася на энтузіязме моладзі. Але ж вы не спыніліся на ТБМ і часопісе. Зьявілася думка аднаўляць парафіяльныя структуры, а гэта ўжо ня сьвецкая ўстанова. Тут неабходнае блаславенства з боку афіцыйных, кананічных структураў. Куды Вы зьвярнуліся, з чаго пачалі?”

(а.Андрэй: ) “Калі пачаўся такі рух, справакаваны вось выданьнем часопісу “Унія”, тады, натуральна, мы зьвярнуліся ў Ватыкан, каб была магчымасьць зарэгістраваць нашыя суполкі як парафіі, і каб мы былі прынятыя ў кананічную лучнасьць з касьцельным Цэнтрам.

У 90-м годзе, калі падавалі дакумэнты на рэгістрацыю, тады яшчэ савецкае заканадаўства абавязвала нас мець пацьверджаньне зь нейкага цэнтру. Тады, ў 90-м годзе такім найбліжэйшым для нас у Савецкім Саюзе цэнтрам быў Львоў. Група моладзі паехала ў Львоў і была прынятая Мітрапалітам Стырнюком. Ён быў надзвычай усьцешаны, узрадаваны і шчасьлівы тым, што мы проста ёсьць. Для яго гэта была вельмі прыемная неспадзеўка, і ён даў нам неабходнае пацьверджаньне таго, што мы ў Менску – сапраўды грэка-каталіцкая суполка. Пазьней з нашай сталічнай суполкі вырасла парафія сьвятога Язэпа, пробашчам якой я зьяўляюся”.

(Бандарук: ) “Пачаткі былі нялёгкія. Праўда, Вы кажаце, што прыхільнікі адраджэньня грэка-таталіцкай Царквы былі і раней, але ўсё роўна 10 гадоў таму прыходзілася пачынаць з нуля… Які плён той 10-цігадовай працы? Які сёньня стан грэкататаліцкай Царквы ў Беларусі?”

(а.Андрэй: ) “Зараз мы маем 15 такіх моцных парафіяў, некалькі місійных цэнтраў. Маем мужчынскі кляштар сьвятых Барыса і Глеба ў Полацку, а таксама жаночы, маем больш за дзесятак сэмінарыстаў, якія на жаль яшчэ ня маюць магчымасьці вучыцца ў Беларусі, але вучацца ў розных краінах. Маем пакліканьні да манаскага жыцьця. Кожны год нехта новы паступае ў кляштар ці выказвае жаданьне йсьці вучыцца на сьвятара.

Вядзецца нармальная пастырская дзейнасьць – напрыклад, вядзецца сямейнае душпастырства, за якое адказваю я. У нас кожнае лета адбываюцца вялікія сумесныя рэкалекцыі для сем’яў. Праводзім такія сэсіі і ўзімку. Цягам году сем’і сустракаюцца таксама па хатах.

Актыўна дзейнічае ў нас таксама душпастырства моладзі. Наша моладзь удзельнічае ў міжнародных сустрэчах і канфэрэнцыях. Сёлета вялікая група нашай моладзі ўдзельнічала ў Міжнародных Днях Моладзі ў Рыме…”

(Бандарук: ) “З таго, што кажаце, відавочна, што грэка-каталіцкая Царква ў Беларусі пасьпяхова разьвіваецца…”

(а.Андрэй: ) “Фактычна разьвіваецца й жыве сваім жыцьцём. Гэта вельмі важна, і я заўсёды намагаюся гэта падкрэсьліць у часе ўсіх міжканфэсійных сустрэчаў ці спатканьняў з уладамі. Проста беларуская грэка-каталіцкая Царква ёсьць. Што праўда, яна маленькая. Пятнаццаць парафіяў – гэта няшмат у параўнаньні з Праваслаўнай Царквою ў Беларусі ці з рыма-каталікамі, альбо нават з пратэстантамі. Гэта трэба прызнаць, але з другога боку мы ёсьць, мы жывем, мы вернікі, мы беларусы. І мы займаем сваё мейсца і хочам надалей служыць Богу і беларускаму народу”.

(Бандарук: ) “Айцец Андрэй. Не сакрэт, што Праваслаўная Царква наогул ставіцца да грэка-каталікоў насьцярожана, калі не варожа. Яна лічыць сам факт існаваньня вуніі перашкодай у дыялёгу з Ватыканам. Як Вы самі адзначылі, у савецкія часы грэка-каталіцкая Царква была забароненая, а Праваслаўе сяк-так талеравалася. Цяперашнія ўлады ў Беларусі таксама яўна аддаюць перавагу Правасалаўнай Царкве. Як бы Вы акрэсьлілі адносіны зь іншымі канфэсіямі і дзяржаўнымі ўладамі?”

(а.Андрэй: ) “Я хацеў бы сказаць, што няма такога яўна варожага стаўленьня да нас з боку афіцыйнай праваслаўнай Царквы і з боку дзяржаўных уладаў. Мы ўдзельнічаем ва ўсіх міжканфэсійных, экумэнічных спатканьнях, канфэрэнцыях, круглых сталах… Супрацоўнічаем нармальна і ў розных душпастырскіх праэктах з праваслаўнымі і з пратэстантамі, з баптыстамі альбо з лютэранамі. Іншая справа, канешне, што няма вялікай падтрымкі, але й мы не чакаем ніякай падтрымкі ад нікога, акрамя як ад Госпада.

Можна адзначыць, што апошнім часам узьніклі нейкія незразумелыя праблемы ці непаразуменьні з рэгістрацыяй нашах новых парафіяў у розных гарадох. Некаторых парафіяў невядома на якой падставе ня хочуць рэгістраваць, але ў прынцыпе, мы спадзяемся на лепшае, чакаем, што ўсё ж такі пераможа здаровы сэнс”.

(Бандарук: ) “Ойча, на заканчэньне яшчэ адно даволі спрэчнае пытаньне. Мне шэраг разоў давялося чуць, што грэка-каталіцкая царква заслужаная для беларускай культуры, для фармаваньня нацыі. У гэтым сэнсе яна й зараз мае ўсе падставы прэтэндаваць на ранг нацыянальнай Царквы Беларусі… Што Вы скажаце на гэты конт?”

(а.Андрэй: ) “Я проста хачу сказаць, што ў нас багаслужбы вядуцца толькі на беларускай мове. Моладзь, старэйшыя людзі, усе нашыя сьвятары размаўляюць па-беларуску… Гэтым абмяжуюся. Хто мае вушы, хай слухае”.

(Бандарук: ) “Дзеяньні заўсёды лепш гавораць за словы. Беларускі характар грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі – гэта той неаспрэчны факт і адна з адметнасьцяў Вашай Царквы. Я шчыра дзякую за ўдзел у праграме і жадаю посьпехаў ў Вашай пастырскай службе ў наступным дзесяцігодзьдзі”.

(а.Андрэй: ) “Дзякуй”.

(Бандарук: ) “Нагадаем, айцец Андрэй Абламейка – магістр тэалёгіі, выпускнік Каталіцкага Ўнівэрсытэту ў Любліне, пробашч парафіі сьвятога Язэпа ў Менску, адміністратар парафіяў сьв.Язафата ў Лідзе, Хрыста-Чалавекалюбца ў Маладэчне, прэфэкт грэка-каталіцкіх сэмінарыстаў, адказны ў пытаньнях моладзі. Застанемся яшчэ ўскосна пры вуніяцкай тэме з нагоды важнай інфармацыі, якая зьявілася ў мінулы аўторак.

Усьлед за Ватыканам таксама ўкраінскія ўлады паведамілі, што ў чэрвені наступнага году Папа Ян Павал ІІ наведае Ўкраіну. Уся сэнсацыя палягае ў тым, што рэальна мае зьдзейсьніцца дагэтуль нерэальнае. Дагэтуль Папа наведаў чатыры былыя савецкія рэспублікі: тры балтыйскія дзяржавы і Грузію, але ў Расею і на Украіну, можна сьмела гэтак сказаць, Папу не пускалі. Ужо ў 98-м годзе прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма запрашаў Папу на Ўкраіну, аднак палітычная і рэлігійная сытуацыя ў краіне не спрыяла такому візыту.

На добры лад, за гэтыя гады сытуацыя на Ўкраіне карэнным чынам не зьмянілася. Акрамя вуніятаў і рымскіх каталікоў, там ёсьць тры праваслаўныя царквы: Украінская Праваслаўная Царква Маскоўскага Патрыярхату, якая налічвае каля 10 тысячаў парафіяў; УПЦ Кіеўскага Патрыярхату – прыблізна зь дзьвумя тысячамі парафіяў на чале з Філярэтам Дэнісэнкам, якога Масква пазбавіла архірэйскага сану; і Ўкраінская Аўтакэфальная праваслаўная Царква, якая мае каля паўтары тысячаў парафіяў і свайго кіраўніка, Мітрапаліта Канстантына ў Чыкага. Усе гэтыя тры царквы спаборнічаюць за вернікаў і за храмы.

Найбольш востры канфлікт паміж праваслаўнымі і грэка-каталікамі. Справа ў тым, што ў 1946-м годзе сам Сталін адмысловым дэкрэтам ліквідаваў вуніяцкую царкву, а ўсе ейныя храмы перанялі праваслаўныя. Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Ўкраіны, новыя ўлады скасавалі сталінскі дэкрэт, але адначасова гэтым выклікалі ўсплёск варажнечы з прычыны храмаў ды іншай царкоўнай маёмасьці. Уніяты пачалі пераймаць тое, што некалі належыла ім, а праваслаўныя не хацелі вярнуць тое, што пачалі лічыць сваім.

Няма сумневу, што Ян Павал ІІ добра ведае, куды мае намер прыбыць, што на Ўкраіне адбываецца, і чаго там ад яго чакаюць. Вось што сказаў наконт плянаванага візыту Папы кіраўнік справаў УПЦ Маскоўскага Патрыярхату, епіскап Пераяслаў-Хмяльніцкі Мітрафан.

(епіскап Мітрафан: ) “Што можна сказаць наконт прыезду Яна Паўла ІІ на Ўкраіну? Гэтая паездка выпала на вельмі складаны і няпросты для Ўкраіны час, найперш у рэлігійным жыцьці. У выніку гэтай паездкі Папа, рымска-каталіцкі касьцёл і дзяржава Ватыкан атрымаюць маральныя і палітычныя дывідэнды.

Аднак, трэба ўлічыць і тое, што ў выніку гэтага візыту могуць паглыбіцца міжцаркоўныя канфлікты, якія існуюць ужо даўжэйшы час. Могуць пагоршыцца і міждзяржаўныя, расейска-украінскія адносіны. Папа, як галава сваёй Царквы можа наведаць сваіх вернікаў, але ж ён мае намер прыбыць сюды таксама як кіраўнік дзяржавы Ватыкан. Ён не павінен забываць пра тое, што калі будзе прыняты як кіраўнік дзяржавы, дык усё роўна застаюцца нявырашаныя праблемы з Украінскай Праваслаўнай Царквою. Адтуль і няма гарантыі, што Папа сустрэнецца з Мітрапалітам Володымірам. Акрамя таго, калі ён сустрэнецца з Філярэтам, дык сустрэча з Володымірам будзе немагчымай”.

(Бандарук: ) “Так мяркуе епіскап Пераяслаў-Хмяльніцкі Мітрафан, прадстаўнік УПЦ Маскоўскага Патрыярхату.

Адначасова прадстаўнік Кіеўскага Патрыярхату, гэта значыць Царквы Філярэта Дэнісэнкі заявіў, што Папа ў ніякім разе не павінен сустракацца толькі з прадстаўнікамі расейскай царквы. Калі б такое мела адбыцца, дык Кіеўскі Патрыярхат лічыць, што лепш, каб Папа цалкам не прыбываў на Ўкраіну.

Рэакцыя трэцяга боку адносна гэтага візыту – УАПЦ – пакуль невядомая. У кожным разе, тое, чаго можна спадзявацца наконт гэтага візыту, выказаў прадстаўнік Ватыкану Ёахім Наварро-Вальц. Ён заявіў, што праўдападобна візыт Папы на Ўкраінау будзе найцяжэйшы і найбольш складаны з усіх амаль ста замежных пілігрымстваў Яна Паўла ІІ-га”.

Кастусь Бандарук, Прага
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org