RFE/RL |
Новы епіскап БАПЦ Аляксандар Салагуб - пляны і мэты на новай пасадзе.Удзельнік: Епіскап Барысаўскі і Гайленд-Паркскі БАПЦ Аляксандар Салагуб. (эфір 22.07.2000). Аўтар і вядучы Сяргей Абламейка. Ля мікрафону Сяргей Абламейка. Нашыя слухачы напэўна заўважылі, што ў апошнія месяцы ў перадачах Беларускай службы Радыё Свабода пачасьціліся згадкі пра патрэбу беларускай праваслаўнай аўтакефаліі. Вельмі часта нашыя карэспандэнты паведамляюць пра актыўную дзейнасьць Беларускай Народнай Праваслаўнай Царквы, ў перадачу Паштовая Скрынка 111 пішуць то былы сьвятар Беларускага эгзархату РПЦ, то група сэмінарыстаў з Жыровіцкай праваслаўнай сэмінарыі, якая называе сябе “Сябры Беларускай Аўтакефаліі”. І вось да ўсяго гэтага ўвесну яшчэ прыйшло паведамленьне з Канады пра хіратонію ў Таронце новага епіскапа Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай царквы Аляксандра Салагуба. Вось зь ім мы і будзем сёньня гутарыць у Сымбалі Веры. Аляксандар Салагуб нарадзіўся ў Баранавічах. Скончыў Маскоўскія духоўную сэмінарыю і Акадэмію, а таксама аспірантуру гэтай акадэміі. Кандыдат багаслоўя. Скончыў таксама Экуміэнічны інстытут Сусьветнай Рады цэркваў у Жэнэве. Працаваў у аддзеле зьнешніх царкоўных зносінаў Маскоўскага патрыярхату: быў сакратаром прадстаўніцтва Маскоўскага патрыярхату пры патрыярху Антыяхійскім у Дамаску і сакратаром епіскапа РПЦ Гурыя ў Парыжы. Сталыя слухачы нашага Радыё магчыма памятаюць рэпартажы Аляксандра Салагуба з Дамаску, якія ён дасылаў у перадачу Сымбаль Веры некалькі год таму. І вось летась ён пакінуў РПЦ і перайшоў у БАПЦ. Ягоны лёс у пэўнай ступені ўнікальны. У красавіку сёлета у працягу трох(!) тыдняў ён са сьвецкага чалавека стаў біскупам. Такіх выпадкаў, апрача гэтага, у ХХ стагодзьдзі ў сусьветным Праваслаўі было толькі два. За такі кароткі час са сьвецкіх людзей станавіліся біскупамі толькі першы патрыярх УАПЦ Міраслаў Скрыпнік і славуты канстантынопальскі багаслоў, мітрапаліт Пергамскі Ян Зізіўмас. Такое здараецца, калі ёсьць вялікая царкоўная і грамадзкая патрэба. Можна сказаць, што за ўсю гісторыю існаваньня БАПЦ гэта самы адукаваны яе ўладыка. Дык вось сёньня па тэлефоне зь Ню-Ёрку на нашыя пытаньні адказвае новы епіскап БАПЦ Аляксандар Салагуб. (Абламейка: ) “Епіскап Аляксандар, першае пытаньне да Вас аб кананічнасьці Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Не сакрэт, што пра гэта пішуць па-рознаму, ёсьць розныя спэкуляцыі. Што Вы можаце сказаць на гэты конт?” (Салагуб: ) “Пытаньне аб кананічнасьці БАПЦ сьвядома заблытанае, як кажуць, зацікаўленым бокам – Расейскай царквой. Трэба адрозьніваць вызнаньне аўтакефальнага статусу царквы, якое ў гісторыі заўсёды адбывалася пры садзеяньні нацыянальнага ўраду (а яго, як вядома, цяпер у Беларусі няма), і вызнаньне сьвятарства царквы. Епіскапат нашай царквы мае апостальскую пераемнасьць і таму вызнаецца сусьветным Праваслаўем. Нагадаю, што герархія БАПЦ пасьля таго, як яна страціла епіскапат, калі ўсе епіскапы нашай царквы, здрадзіўшы беларускаму народу, адыйшлі да Расейскай Зарубежнай Праваслаўнай царквы, была адноўленая ў Нямеччыне ў 1948 годзе з дапамогай братняй Украінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. УАПЦ адпусьціла нам архіепіскапа Сергія Ахоценку, былога епіскапа Мелітопальскага, кананічна пастаўленага з дабраславеньня мітрапаліта Варшаўскага Дыянізія Валядзінскага, галавы Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ў Польшчы. Уладыка Сергі разам з двума іншымі кананічна пастаўленымі епіскапамі УАПЦ Плятонам і Вячаславам хіратанісалі нашага ўладыку Васіля Тамашчыка. Архірэйскую хіратонію нашага цяперашняга першагерарха мітрапаліта Мікалая Мацукевіча ў 1968 годзе ў Аўстраліі выканалі нашыя ўладыкі БАПЦ Сергі і Васіль, украінскі епіскап Данат і епіскап Сэрбскай Свабоднай Праваслаўнай царквы Дзімітры Балах, які ў 1991 годзе быў вызнаны Бялградзкім патрыярхатам. Як бачым, удзел у нашых хіратоніях сэрбскіх епіскапаў ужо традыцыйны. У 1956 годзе украінскі архіепіскап Канстантынопальскага патрыярхату ў Злучаных Штатах Амэрыкі Багдан Шпілька падпісаў з уладыкам Васілём асьвячэньне пра ўсталяваньне малітоўнага адзінства паміж нашымі цэрквамі і на працягу больш чым 20 гадоў служыў Літургію разам з нашымі архірэямі. Праз гэта мы аднавілі сваю эўхарыстычную сувязь з маці-царквой – Канстантынопальскім патрыярхатам. У 1978 годзе ўладыка Мікалай быў запрошаны на нараду 17 праваслаўных епіскапаў Паўночнай Амэрыкі, якая адбылася ў Джонстаўне пад старшынствам эгзарха Канстантынопальскага патрыярхату архіепіскапа Якаваса. Сам мітрапаліт Філярэт, старшыня багаслоўскай камісіі Маскоўскага патрыярхату, у 1992 годзе дазволіў ўладыку Мікалаю служыць Літургію на сваім антымінсе ў сьвятыні Ўсіх Беларускіх Сьвятых у будынку беларускага эгзархату. Зараз да друку рыхтуецца зборнік матэрыялаў аб гісторыі і сучаснасьці БАПЦ. Там будуць здымкі той гістарычнай Літургіі на беларускай мове ў Менску, а таксама цёплыя Вялікодныя і Калядныя віншаваньні мітрапаліта Філярэта мітрапаліту Мікалаю з архіва кансысторыі БАПЦ. Гэты зборнік як дар місійнага аддзелу БАПЦ бясплатна атрымае кожны праваслаўны сьвятар ў Беларусі”. (Абламейка: ) “А якія Вашыя паўнамоцтвы і абавязкі? Вось Вы новы епіскап – які абсяг Вашай кампэтэнцыі і яе межы?” (Салагуб: ) “11 траўня ў Таронце зь мітрапалітам Мікалаем мы правялі епіскапскую нараду. Мы разгледзелі шырокае кола пытаньняў, актуальных праблемаў нашай Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы і прынялі пастановы па іх. На мяне былі ўскладзеныя абавязкі сталага намесьніка першагерарха БАПЦ, маё імя пасьля імя першагерарха ўзгадваецца ва ўсіх сьвятынях БАПЦ. Таксама я стаў старшынём адноўленага дзеля каардынацыі місіі сярод беларусаў на Бацькаўшчыне і па-за ейнымі межамі Місійнага аддзелу БАПЦ. Нагадаю таксама, што я быў хіратанісаны епіскапам Барысаўскім БАПЦ на катэдру Гайленд-Парк у Злучаных Штатах Амэрыкі на эміграцыі”. (Абламейка: ) “Ну і як працяг папярэдняга пытаньня – Вашыя пляны і мэты. Вы сказалі, што Вы – Барысаўскі епіскап, а як вядома сытуацыя ў Беларусі зараз няпростая. Зьявіліся групы людзей, якія называюць сябе Беларускай Народнай Праваслаўнай царквой і маюць сувязь з вядомым эмігрантам Рыжым-Рыскім. Апрача таго, у кананічнай Праваслаўнай царкве зьявіліся групы, якія дамагаюцца аўтакефаліі. Што Вы думаеце рабіць у гэтым сэнсе?” (Салагуб: ) “Насамперш я буду дамагацца ўнутранай царкоўнай кансалідацыі, пераадоленьня трагічнага падзелу 80-х гадоў ва ўлоньні БАПЦ, навядзеньня парадку і ўмацаваньня царкоўнай дысцыпліны. У гэтым сэнсе вельмі важным будзе паседжаньне Рады БАПЦ у лістападзе сёлета ў Гайленд-Парку. Рада БАПЦ падрыхтуе Сабор нашай царквы, які прыме лёсавывзначальныя рашэньні для беларускага Праваслаўя. Прыярытэтам сваёй дзейнасьці я лічу місію ў Беларусі. Ня будзем забывацца, што я епіскап Барысаўскі. Мы жывем у эпоху распаду збудаванай на гвалце і мане апошняй расейскай імпэрскай структуры – Маскоўскага патрыярхату. Мы ўважліва сочым за падзеямі ў братняй Украіне, дзе працэс пабудовы памеснай Украінскай Праваслаўнай царквы і вызнаньне яе аўтакефаліі Ўсяленскім патрыярхатам дзякуючы рашучай і прынцыповай пазыцыі цяперашняга кіраўніцтва Ўкраіны імкліва ідзе наперад і, магчыма, ўжо сёлета будзе даведзены да лягічнага канца. Нас цешыць, што і сярод беларускіх нацыянальных элітаў, у тым ліку і ў палітычнай, ёсьць кансэнсус аб жыцьцёвай неабходнасьці існаваньня БАПЦ на Бацькаўшчыне. Я ведаю гэта з маіх асабістых размоваў тут, у Злучаных Штатах, з лідэрамі беларускай апазыцыі. У прыватнасьці, ў Кліўлендзе разам зь мітрапалітам Мікалаем я меў зьмястоўную і працяглую гутарку са спадаром Вінцуком Вячоркам, старшынём БНФ. Што датычыць дзейнасьці Рыжага ў Беларусі, дык гэта магло б быць тэмай
гумарыстычнай перадачы, каб ня несла столькі бяды беларускаму народу. Самазванец
Рыжы прафануе і кампраметуе сьвятую ідэю беларускай аўтакефаліі і аб’ектыўна
дзейнічае на карысьць Масквы. Ня маючы ніякага дачыненьня да Праваслаўя,
выкарыстоўваючы прагу праваслаўных беларусаў пазбавіцца духовага палону
збанкрутаванага Беларускага эгзархату Маскоўскага патрыярхату, ён уводзіць
у зман па-багаслоўску неадукаваных людзей.
Усё гэта, а таксама і падзеі ў Жыровіцкай сэмінарыі сьведчаць, што пытаньне стварэньня царкоўных структураў БАПЦ у Беларусі насьпела. Я хацеў бы зьвярнуцца да ўсіх шчырых прыхільнікаў беларускай аўтакефаліі ў Беларусі ня толькі са словамі пацяшэньня, але і з канкрэтнымі прапановамі працаваць разам на карысьць беларускага Праваслаўя і Бацькаўшчыны. Нам патрэбныя ня толькі маладыя задзірыстыя сэмінарысты зь іх юнацкім максымалізмам, але і масьцітыя, вопытныя сьвятары. Усім зацікаўленым асобам я параіў бы шукаць кантактаў асабіста са мной ці з кансысторыяй БАПЦ праз беларускую эміграцыю”. (Абламейка: ) “І апошняе пытаньне, епіскап Аляксандар. Як Вы разумееце, я ня мог яго не задаць. Можа яно і не зусім карэктнае, але тым ня менш. Вы некалі працавалі ў аддзеле зьнешніх царкоўных зносінаў Маскоўскага патрыярхату. Расейскі друк, які шырока распаўсюджваецца ў Беларусі, сьцьвярджаў раней і зараз працягвае сьцьвярджаць, што ўсе супрацоўнікі гэтага аддзелу, ад старшыні аддзелу да апошняга швэйцару, былі супрацоўнікамі КГБ. Што Вы маглі б адказаць на такія закіды?” (Салагуб: ) “Мне зусім ня цяжка адказаць на Вашае пытаньне. Безумоўна, у савецкі час аддзел зьнешніх царкоўных зносінаў быў пад поўным кантролем КГБ, зручным дахам для апэратыўнай работы. Я гэтыя часы не засьпеў, бо прыйшоў у аддзел у 94-м годзе, калі ўжо не было КГБ, і сытуацыя ў адносінах паміж царковой і дзяржавай радыкальна зьмянілася. Адзін мой старэйшы калега па аддзеле апісаў гэтую зьмену так: “Раней яны нас мелі, а зараз яны нас хочуць”. Мне пашчасьціла, працуючы за мяжой на высокіх пасадах, якія да мяне займалі супрацоўнікі КГБ, мець магчымасьць ня толькі не даваць нейкіх справаздачаў расейскім спэцслужбам, але нават і дэманстраваць сваю непавагу да іх і грэблівасьць”. Гаварыў епіскап Аляксандар Салагуб. Як мы чулі, новы епіскап Барысаўскі і Гайленд-Паркскі Аляксандар Салагуб узначаліў адноўлены місійны аддзел БАПЦ і запрашае ўсіх прыхільнікаў беларускай аўтакефаліі шукаць кантактаў зь ім і касысторыяй БАПЦ праз беларускую эміграцыю. Цікава таксама, што зараз рыхтуецца да друку кніжка з абгрунтаваньнем кананічнага статусу БАПЦ, якая, як сказаў епіскап, будзе бясплатна перададзеная кожнаму праваслаўнаму сьвятару ў Беларусі. Зьвярнуўся епіскап Салагуб і да прыхільнікаў Беларускай Народнай Праваслаўнай царквы, якія маюць кантакты з Рыжым-Рыскім. Ён прапануе ім таксама разгледзець магчымасьць навязваньня кантактаў з БАПЦ. Увосень сёлета чакаецца Сабор БАПЦ, які, як сказаў епіскап, прыме нейкія лёсавызначальныя рашэньні. Мы будзем інфармаваць аб гэтым нашых слухачоў. Да ўяго сказанага яшчэ трэба дадаць, што ўдзел у хіратоніі епіскапа Салагуба 30 красавіка сёлета ў Таронце браў удзел сэрбскі епіскап Дамаскін Давідавіч. З гэтай нагоды 5 ліпеня бялградзкая газэта “Палітыка”, афіцыйны ворган Мілошавіча, нават выступіла з крытыкай хіратоніі Аляксандра Салагуба і ўдзелу ў ёй епіскапа Давідавіча і заклікала Сэрбскі патрыярхат і ўсе праваслаўныя цэрквы сьвету не прызнаваць гэтую хіратонію, якую газэта называе “некананічнай”. Выглядае, што калі пляны епіскапа Салагуба будуць хаця б часткова рэалізаваныя, ягоная дзейнасьць увойдзе у рэзкую супярэчнасьць з дзейнасьцю Беларускага Эгзархату РПЦ. Дзеля гэтага мы нагадваем, што для размовы аб беларускай аўтакефаліі дзьверы ўдзелу ў нашай праграме адкрытыя і для епіскапаў Беларускага эгзархату РПЦ. Сяргей Абламейка, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |