RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Сымбаль Веры



Пра дараваньні альбо індульгэнцыі

Удзельнікі: прафэсар тэалёгіі з Каталіцкага Унівэрыстэту ў Любліне францішканін Цэлэстын Напюркоўскі, кіраўнік Украінскай Правасалаўнай Царквы Кіеўскага Патрыярхату Партыярх Філарэт і прапаведнік Царквы Эвангельскіх Хрысьціянаў з Менску Зьміцер Мамойка.  (эфір 27.05.2000).

Аўтар і вядучы Кастусь Бандарук.

Хрысьціяне ўсіх канфэсіяў надзвычай урачыста адзначаюць “юбілейны год” 2000-годзьдзя хрысьціянства. Усе разумеюць, што жывуць ў незвычайны час, што ім дадзеная выключная магчымасьць пераступіць парог тысячагодзьдзя. Згодна старазапаветнай традыцыі, юбілейны год зьяўляецца дасканалай нагодай для ўзаемнага прабачэньня правінаў, дараваньня грахоў і пакараньняў. Што тычыцца рыма-каталіцкай Царквы, дык ў бульлі “Incarnationis mysterium”, ў якой абвяшчаўся “вялікі юбілей”, Папа Ян Павал ІІ падахвочвае вернікаў скарыстаць магчымасьць атрыманьня спецыяльнага “юбілейнага отпусуту”. Паводле каталіцкага вучэньня, отпуст, або індульгэнцыя, гэта частковае альбо поўнае дараваньне верніку пакараньня, якое яго чакае ў цяперашнім, зямным жыцьці. Каб пазьбегнуць пакараньня, вернік павінен выканаць шэраг неабходных умоваў: акрамя споведзі і прычасьця трэба наведаць базыліку сьвятога Пятра ў Рыме або ў Ерузаліме, можна ахвяраваць грошы на нейкую добрую справу, пасьціць і выканаць шэраг іншых добрых учынкаў. Рымакаталіцкая Царква лічыць, што Папа распараджаецца скарбніцай заслугаў Хрыста і сьвятых і лішак гэтых заслугаў можа перадаваць любому верніку – нават таму, хто ўжо памёр. Але ж у Бібліі выразна напісана, што “кожны сам нясе адказнасьць за свае учынкі”. Ня можа ні сын адказваць за бацьку, ні бацька за сына. З індульгэнцыямі і нейкай “скарбніцай” ананімных заслугаў не пагаджаюцца і праваслаўныя, і пратэстанты. Для многіх індульгэнцыі выклікаюць дрэнныя гістарычныя асацыяцыі, калі іх проста прадавалі за грошы… Вось таму з пытаньнем, як ён разумее отпусты я зьвярнуўся да выдатнага каталіцкага тэоляга а. Цэлестына Напюркоўскага:

(Напюркоўскі: ) “Як я разумею отпусты? Па-першае, Ісус Хрыстос даў Апосталам ўладу “зьвязваць і разьвязваць” ( Маць.18,18). Ён не пакінуў канкрэтных указаньняў адносна рытуалу дараваньняў, і таму ў розныя эпохі розныя Цэрквы прытрымоўваліся сваёй практыкі.

Па-другое, у каталіцкай Царкве ў паняцьці граху адрозьніваецца віна, па лаціне “culpa” і падвойнае пакараньне – “pena”: вечнае – за цяжкія, гэтак званыя “сьмяротныя” грахі і за часовыя, за якія можна панесьці кару ў зямным жыцьці альбо ў чысьцьцы. Мы верым, што дзякуючы Божай ласцы можна некаторыя грахі адмаліць.

Па-трэцяе, пакаяньне ў першых хрысьціянаў было надзвычай строгае. За некаторыя грахі, асабліва за забойства, яно працягвалася шэраг гадоў, і такіх грэшнікаў выключалі з абшчыны вернікаў. Працягласьць пакаяньня была нават дакладна акрэсьленая гадамі і месяцамі. У часы сярэднявечча і пазьней цяжкія пакараньні былі зьмекчаныя і замененыя лягчэйшымі практыкамі: рэкамендаваліся паломніцтвы, пабудова храмаў, малітва або міласьціны. З тэалягічнага пункту погляду такая практыка месьціцца ў рамках паўнамоцтваў, якія апосталы атрымалі ад Хрыста.

Па-чацьвертае: каталікі, гаворачы пра індульгэнцыі, карыстаюцца тэрміналёгіяй, якая насьцярожвае або выклікае супраціў з боку іншых канфэсіяў. Напрыклад, гавораць пра царкоўную скарбніцу, зь якой Царква чэрпае, даючы дараваньні. Трэба гэта правільна разумець. Скарбніцай Царквы зьяўляецца Хрыстос, па-за Якім няма збаўленьня, Ягоныя неацэнныя заслугі, пакуты, сьмерць і уваскрэсеньне. Калі гаворыцца таксама пра заслугі Багародзіцы або сьвятых, дык толькі таму, што, уключаныя ў Хрыста, яны з Хрыстом і ў Хрысьце, у іх квітнее божая ласка.

Гэтыя скарбы Хрыстос пакінуў сваёй Царкве, каб Царква жыла імі, прапаведвала іх і абдорвала імі грэшнікаў. Нават Марцін Лютэр выступаў не супраць самых індульгэнцыяў, але супраць зьвязаных зь імі злоўжываньняў, супраць перахілаў, напрыклад, дамініканца Яна Тэцэля, а не супраць тэалёгіі выдатных прафэсараў.

Царква застаецца вялікім скарбнікам, ахоўвае свой асноўны скарб, распараджаецца ім і разьмяркоўвае невычэрпныя каштоўнасьці сярод грэшнікаў, асуджаных на сьмерць і працяглыя пакараньні. Можа і сапраўды, не заўсёды робіць гэта найлепш, але распараджаецца імі і разьмяркоўвае, як умее. І, дзякуючы гэтаму, Ісус надалей зьяўляецца Ісусам, Збавіцелям”.

(Вядучы: ) “Айцец Прафэсар, сярод сучасных умоваў атрыманьня індульгэнцыяў, здаецца, няма ніводнай, якую можна было б асудзіць. Акрамя згаданах паломніцтваў і наведваньня славутых храмаў, Царква заклікае таксама да таго, каб, напрыклад, паўстрымоўвацца ад дрэнных звычак, алькаголю або табаку. Царква зьвяртае увагу вернікаў, напрыклад, на лёс імігрантаў, заклікае да салідарнасьці і дзейнай любові. Гэта асабліва бачна, калі чытаю пра умовы атрыманьня “ юбілейнай індульгэнцыі”.

(Напюркоўскі: ) “ Захапляе наагул вялікая колькасьць прыгожых элемэнтаў у сьвяткаваньні юбілею хрысьціянства. Шмат мільёнаў каталікоў, і ня толькі каталікоў, прайшлі праз сымбалічную браму ў ватыканскай базыліцы. Праходзячы празь яе, вернікі усьведамляюць сабе, што Хрыстос зьяўляецца “брамай збаўленьня”, што па-за Ім няма жыцьця. Адзначу яшчэ, што юбілейнае дараваньне можна атрымаць ня толькі наведваючы канкрэтныя сьвятыні, але таксама наведваючы хворых, зьняволеных, самотных і старых. Гэта ж цудоўная ідэя. Колькі ж у ёй Эвангельля і хрысьціянскага духу”.

(Вядучы: ) “З другога боку, Вы, а. Прафэсар, самі прызналі, што неаднойчы Царква дрэнна карысталася даручанай ёй скарбніцай, што здараліся злоўжываньні і перахілы. Публікуючы свае славутыя 95 тэзісаў, пачынальнік Рэфармацыі Марцін Лютэр сапраўды выступіў супраць злоўжываньняў, супраць гандлю індульгэнцыямі.

Адначасова, выступаючы супраць отпустаў, Лютэр меў ужо апрацаваныя асноўныя элемэнты новай дактрыны. Згодна ёй, збаўленьне дасягаецца самою верай. Грэшнік атрымоўвае збаўленьне, дзякуючы любові, ласцы і заслугам Хрыста, бяз удзелу ўласных учынкаў – колькі б ён не намагаўся. Лютэр прызнаваў значэньне і неабходнасьць добрых учынкаў, але, паводле яго, індульгэнцыі самі ў сабе былі дрэнныя, бо перабольшвалі значэньне учынкаў і пакаянных жэстаў чалавека.

Хаця зараз ўсё часьцей пазьбягаецца лацінскага слова “ індульгэнцыя” і часьцей ужываецца “ отпуст”, гэта не зьмяняе факту, што каталіцкая Царква не адмовілася ад іх. Дык што думаюць наконт гэтага сучасныя пратэстанты…Паслухаем меркаваньне брата Зьміцера Мамойкі”.

(Мамойка: ) “Я, як клясычны пратэстант, буду адказваць са Сьвяшчэннага Пісаньня, бо адзін з тэзысаў, які абвесьціў Марцін Лютар – “sola fide” альбо “sola scripture” – першаглавенства, аўтарытэт слова Божага. Сапраўды, калі вывучаецца Сьвяшчэннае Пісаньне, то сама гэтая ідэя індульгэнцыяў вельмі зьдзіўляе. Але я ня буду катэгарычным. Ідэя гэтая добрая: ахвяраваньне грошай, паломніцтвы, дабрадзействы. Але пратэстанты ня згодныя, што з боку некаторых цэркваў само выкананьне гэтых справаў становіцца як бы ў дабрадзейнасьць.

Слова Божае і Біблія гавораць, што можна рабіць добрыя ўчынкі, але калі няма пераўтварэньня ўнутры чалавека, то і няма сапраўднай веры. Як сказана ў Пісаньні: “Пастаўлю законы мае ў думкі іхныя, і напішу на іхных сэрцах свой закон, і буду іхным Богам.” Такі асноўны націск мы робім у нашых казанях, і сама Біблія пра гэта гаворыць.

Дык калі Царква заклікае да таго, каб рабіць добрыя справы, мець веру ў Бога і “нарадзіцца звыш”, як піша Біблія, дык з гэтым мы згаджаемся. Але калі гэта робіцца дзеля таго, каб атрымаць Божую ласку, дараваньне грахоў, дык гэта ўжо пярэчыць…

Я ўзгадваю адно мейсца з “Дзеяў апосталаў”, як Сымон з Самарыйскага гораду прыйшоў да апосталаў, пабачыў, што яны робяць вялікія цуды – даў ім грошы і кажа: “Дайце мне таксама гэтую ўладу”. Дык вось апостал Пётр цікава адказаў яму: “Срэбра тваё хай будзе табе на загубу, бо ты намысьліў дар Божы здабыць за грошы”.

Царква мае ўладу зьвязваць і дараваць, але ўся ўлада Царквы абмежаваная: яна ня можа быць вышэй за тое, якія правы і паўнамоцтвы дае нам Пісаньне. Калі я маю ўладу дараваць чалавеку грахі – дык я станаўлюся замест Бога. Царква можа канстатаваць факт, калі чалавек зграшыў альбо зрабіў добрыя справы. Царква сьведчыць альбо канстатуе тое, што адбылося ў сэрцы. Але мы ня можам канстатацыяй таго, што чалавек учыніў, зрабіць яго праведным перад Богам. Бо сэрца ягонае павінна ператварыцца. У гэтым і сутнасьць Эвангельля: калі ў цябе ёсьць вера, тады чалавек, як акт падзякі Богу, маючы збаўленьне, прыняты Богам – ён тады робіць добрыя справы. А калі наадварот – чалавек імкнецца сваімі добрымі справамі знайсьці ласку ці літасьць Бога – дык гэта няправільна. І трэба, я думаю, і адной, і другой Царкве абвяшчаць гэтае няправільнае разуменьне.”

(Вядучы: ) “Гэта меркаваньне брата Зьміцера Мамойкі, прапаведніка Царквы Эвангельскіх Хрысьціянаў. Дарэчы, пратэстанты адкідаюць ня толькі індульгэнцыі, але наогул не прызнаюць пакаяньня, як сакрамэнту. Яны лічаць, што свае грахі можна выказаць толькі унутрана, перад Богам. З часоў Рэфармацыі яны адкідаюць ўсякія вонкавыя выявы набожнасьці: ня бачаць сэнсу ў паломніцтвах і пастах, не прызнаюць спэцыяльных аскэтычных самаабмяжаваньняў. Адначасова, як бы насуперак таму, што самі заяўляюць, у сэнсе хрысьціянскай маралі пратэстанты стаяць нашмат вышэй за іншых хрысьціянаў.

Што тычыцца Праваслаўнай Царквы, дык у ёй не практыкуецца ні “юбілейнай”, ні іншых індульгэнцыяў, але затое заўжды пакрэсьліваецца неабходнасьць пакаяньня і добрых учынкаў…Вось што сказаў нашай службе Патрыярх Філарэт, першагіерарх Украінскай Праваслаўнай Царквы Кіеўскага Патрыярхату:

(Філарэт: ) “Пэўна, што дараваньне грахоў практыкуецца і ў Праваслаўнай Царкве, але ня ў выглядзе індульгэнцыяў. У нашай Царкве таксама існуе сакрамэнт пакаяньня, які адбываецца заўжды на працягу ўсяго году, асабліва ў часе Вялікага Посту перад Вялікаднем, а таксама ў іншыя пасты, у кожную нядзелю і нават кожны дзень, калі чалавек адчувае патрэбу пакаяньня.

Але ў 2000-ы год Царква зьвяртае асаблівую увагу на саму падзеяю Раства Хрыстовага, нагадвае вернікам сэнс Уцялесьненьня Сына Божага, тлумачыць, Хто Ён, ці звычайны чалавек, ці менавіта Сын Божы, Які прыйшоў дзеля таго, каб вызваліць чалавека ад граху і сьмерці. І якраз на працягу ўсяго юбілейнага году ў Праваслаўнай Царкве адбываюцца ўрачыстыя мерапрыемствы, багаслужбы, гучаць адмысловыя казані, духавенства заклікае вернікаў да пакаяньня, паколькі яны вельмі часта не выконваюць тое, да чаго яны пакліканыя.

Якраз гэты юбілейны год павінен паслужыць нашаму вяртаньню да духоўных каштоўнасьцяў, бо ў сваім жыцьці мы больш думаем пра матэрыяльнае, а не пра духоўнае. І вось пакаяньне, тыя індульгэнцыі, гэта тое, што мы павінны скарыстаць ў гэты юбілейны год. Таму мы вітаем і каталіцкую царкву за ейную ініцыятыву юбілейных індульгэнцыяў, і наша Царква таксама заклікае сваіх вернікаў да пакаяньня, каб яны ў сваім жыцьці кіраваліся вераю і надзеяю на вечнае жыцьцё”.

Гаварыў Кіеўскі Патрыярх Філарэт. Такім чынам, мы коратка прадставілі погляд усіх трох асноўных, хрысьціянскіх канфэсіяў.
Трэба прызнаць, што зараз разнагалосьсі ў пытаньні “отпустаў” ужо не выклікаюць такіх эмоцыяў, як ў часы Лютара. У гадавіну Рэфармацыі каталікі і пратэстанты падпісалі “ Дэклярацыю аб прымірэньні”, а тэалягічныя розьніцы паміж каталіцкай і праваслаўнай Цэрквамі наогул меншыя. Затое, ўсе тры асноўныя плыні хрысьціянства лічаць, што на парозе трэцяга тысячагодзьдзя, варта больш думаць пра тое, што усіх аб’ядноўвае, а ня тое, што дзеліць.

На гэтым завершым сёньняшнюю гутарку. Я шчыра дзякую маім пачэсным суразмоўцам за удзел у праграме, а вам, шаноўныя слухачы, за увагу”.

Кастусь Бандарук, Прага
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org