RFE/RL |
Пра пераклад Бібліі і некаторыя тэрміны.Удзельнікі: пісьменьнік і перакладчык Анатоль Клышка і тэоляг з Вялікай Брытаніі Караліна Мацкевіч. (эфір 20.05.2000). Аўтар і вядучы Сяргей Абламейка. Сёньня мы ізноў будзем гаварыць пра пераклад на беларускую мову Эвангельля паводле Марка, зроблены і выдадзены адмысловай камісіяй Беларускага эгзархату Рускай Праваслаўнай Царквы. Той, хто чуў папярэдні выпуск Сымбаля Веры, памятае, што ў ім кіраўнік калектыву перакладчыкаў, кандыдат багаслоўя айцец Сяргей Гардун расказаў пра працу над перакладам і пра прынцыпы, пакладзеныя яго камісіяй у аснову перакладу. Не апошняе месца сярод тых прынцыпаў займала і так званае адзінства ўсходне-славянскай традыцыі. З другога боку, адстойваючы некаторыя тэрміны свайго варыянту перакладу, айцец Сяргей Гардун і актыўна спасылаўся на клясыкаў беларускай літаратуры – Багдановіча, Коласа, Геніюш. І вось сёньня я запрасіў да ўдзелу ў перадачы двух кампэтэнтных асобаў, якія выкажуць свой пункт гледжаньня на пераклад, зроблены пад кіраўніцтвам айца Сяргея Гардуна. Першы з удзельнікаў сёньняшняе перадачы – беларускі пісьменьнік і перакладчык Анатоль Клышка. Ён таксама зьяўляецца аўтарам перакладу Новага Запавету на беларускую мову, які быў апублікаваны некалькі год таму ў часопісе Спадчына. (Клышка: ) “Я вітаю, вядома, выхад яшчэ аднаго беларускага перакладу Сьвятога Эвангельля паводле Марка, але як шкада, што ў гэтым чатырохмоўным выданьні – грэцка-стараславянска-руска-беларускім – грэцкі тэкст даецца паводле падобнага чатырохмоўнага санкт-пецярбурскага выданьня 1887 году. Толькі замест тамтэйшага лацінскага тэксту, цяпер зьмешчаны беларускі. Няўжо шаноўныя аўтары беларускага перакладу лічаць, што сусьветная біблеістыка за цэлае стагодзьдзе не пасунулася наперад, калі яны браліся перакладаць з такога грэцкага тэксту? А мне здаецца, вельмі важна было ўлічыць найноўшыя тэксталягічныя дасьледаваньні навукоўцаў-эвангелістаў. Гэтулькі адшукана за гэтае стагодзьдзе старажытных рукапісаў, хоць бы згадаем знаходкі ля Мёртвага мора, сёе-тое ўдакладнілася. І абмінуць гэта – ці варта. Я ведаю 27-га году штутгардзкае аўтарытэтнае выданьне грэцкага тэксту Эвангельля, але ж біблейская камісія Беларускай Праваслаўнай царквы, мне здаецца, павінна была б пакарыстацца найноўшымі выданьнямі грэцкага тэксту, бо розначытаньні ўсё ж маюцца, ды й не такія малыя, як гэта зазначана ў іх на апошніх старонках толькі што выдадзенай кнігі. Я проста з цікавасьцю чытаў новы беларускі пераклад, хоць, прызнаюся, і ня без пэўных засмучэньняў. Зноў напісаньне – “Іісус”, але ў нас няма такіх галосных злучэньняў. Калі векавая народная, фальклёрная традыцыя кажа “Ісус”, калі з маленства чулі ад сваіх бацькоў мільёны беларусаў гэтае слова – “Ісус”! Зноў жа – “Амінь”, насуперак усім акадэмічным слоўнікам, дзе даецца – “Амін”, якраз гэтым блізкага да грэцкага першаўзору. Гэтак жа насуперак акадэмічнай навуцы “знаменьня”, а яшчэ горшае па гучаньню “хуленьня”. Трэба ж было перакладчыкам часам зазіраць у слоўнікі. Добра, што аўтары перакладу ўжо адважыліся назваць “Сьвятое Дабравесьце”, але чаму пакінулі “благаслаўлёны”, хоць “дабраслаўлёны” можна знайсьці ў нашых старажытных перакладчыкаў яшчэ ў ХІІІ стагодзьдзі. У рускай мове гэта зразумела: “благаславены” – гэта ўплыў зноў стараславяншчыны, але ж наша беларуская мова і літаратурная мова ўжо стваралася на народнай аснове і гэтага ўплыву стараславяншчыны ня мела. Я таксама думаю, а чаму не захаваць пры перакладзе беларускае “укрыжаваць”, якое ідзе ў нашай мове, як і ў грэцкай, ад слова “крыж”, а бачым тут “распяць”, “распні”. Гаварыў Анатоль Клышка Увогуле, нашая размова з Анатолем Клышкам цягнулася ці ня поўгадзіны. Ён не пагаджаецца з формамі Іісус, Амінь, Благаслаівць, Расьпяцьце, і зьвяртае ўвагу на сапраўды непасьлядоўнасьць у перакладзе – кніга называецца Сьвятое Дабравесьце, але далей аўтары не пайшлі і пакінулі “благаславі”, “благадаць” і да таго падобныя формы. Апрача гэтага Анатоль Клышка не прымае формы назоўнага склону “Гасподзь”, бо, як ён кажа, няясна, алкуль тады бярэцца форма клічнага склону Госпадзе. Ён аддае перавагу форме “Госпад” і кажа, што і ксёндз Уладыслаў Чарняўскі, які таксама пераклаў усю Біблію, выступае за такую ж форму. Напрыканцы сваёй доўгай гутаркі спадар Клышка сказаў, што вось зараз – самы час, каб усе зацікаўленыя асобы з каталіцкага, праваслаўнага і пратэстанцкага боку сабраліся, дамовіліся і стварылі адзіны ўзгоднены пераклад. Бо далей – супярэчнасьці і разыходжаньні будуць толькі паглыбляцца. Са свайго боку мушу зацеміць, што гэта добрая ідэя, але досыць утапічная – надта складаныя сёньня ўмовы ў Беларусі, надта несамастойныя сёньня беларусы ў сваіх дзеяньнях. Калі выйшаў першы пераклад камісіі айца Гардуна – Эвангельле паводле Мацьвея – сталі зьяўляцца артыкулы шавіністычных бацюшкаў пад назвамі кшталту “Ещё одно прикосновение к ранам” і да таго падобнымі. Дык зважаючы на тое, што сёньня не 1991 год, увогуле трэба зьняць капялюш перад перакладчыкамі, трэба вітаць кожную спробу перакладу, але й не ўнікаць нармальнай прафэсійнай крытыкі. Другі ўдзельнік ці, дакладней, удзельніца сёньняшняй перадачы – беларускі тэоляг з Ангельшчыны Караліна Мацкевіч, якая ведае клясычныя мовы і спэцыялізуецца ў бібліістыцы. Яна таксама выказвае сваю ацэнку новага перакладу і выкладае свае думкі наконт пэрспэктываў стварэньня ўнівэрсальнага міжканфэсійнага варыянту Бібліі на беларускай мове. (Абламейка: ) “Караліна, я зьвяртаюся да Вас, як да беларускага тэоляга ў Англіі. У Менску выйшаў чарговы пераклад Эвангельля ў Праваслаўнай царкве. Гэта пераклад Эвангельля пааводле Марка. Вы, напэўна, яшчэ яго ня бачылі, да Англіі ён не дайшоў. Але Вы напэўна чыталі пераклад Эвангельля паводле Мацьвея, які выйшаў аж у 1991 годзе. Перад Вамі я гутарыў з айцом Сяргеем Гардуном, кіраўніком калектыву перакладчыкаў. Ён сказаў, што ўсе традыцыі першага тому, першага Эвангельля паводле Мацьвея, захаваныя. Больш за тое, яны, нават, у гэтым томе вырашылі адмовіцца ад слова “укрыжаваньне” і замянілі яго “расьпяцьцем”. Адпаведна ў Эвангельлі прысутнічаюць словы “ангел”, “благадаць”, “благаславіць”, “Іісус”. Што б Вы маглі сказаць на гэты конт?” (Мацкевіч: ) “Па-першае, выданьне чарговага перакладу адной з біблейных кнігаў можна толькі вітаць. Гэта вельмі, вельмі добра, што на Беларусі зьяўляецца так шмат розных перакладаў пасьля такога даўгога часу, калі ў нас не было практычна нічога ў сучаснай беларускай мове. Я ня бачыла, не трымала ў руках гэтага перакладу, але я, безумоўна, чытала першы пераклад гэтае камісіі, пераклад Эвангельля паводле Мацьвея, і, вітаючы новае выданьне, усё ж такі вельмі шкада, што абмежаваньне з моўнага пункту погляду накладае абмежаваньне для ўспрыняцьця гэтае кнігі. Кажучы пра Біблію… Зьява Бібліі будзе заўсёды несьці ў сабе два бакі – сакральны і літаратурны, таму што Біблія – гэта Слова Божае, выказанае і запісанае боганатхнёнымі аўтарамі. І падыходзіць да перакладу Бібліі трэба таксама захоўваючы гэтыя два аспэкты. Пераклад адбівае сакральнасьць Бібліі і мусіць адбіваць літаратурныя прынцыпы ейнае пабудовы. На Беларусі вось сытуацыя зь біблейнымі перакладамі вельмі адрозьніваецца ад сытуацыі на Захадзе. На Захадзе сучасныя пераклады зарыентаваныя на розныя патрэбы вернікаў. Напрыклад, ёсьць пераклады, якія захоўваюць традыцыйную сакральную лексіку. Ёсьць пераклады на жывую сучасную мову, штодзённую, так бы мовіць. Ёсьць пераклады, якія ўжываюць найбольш шырока магчымасьці мовы і перадаюць найбольш поўна багацьце сэнсавай глыбіні арыгіналу, – так званыя навуковыя пераклады. А на Беларусі нашыя пераклады адбіваюць не патрэбы вернікаў і ня розныя функцыі, яны адбіваюць канфэсійнасьць, яны адбіваюць падзел нашага народу на розныя канфэсіі. І што тут адбываецца? Канфэсійны выбар мовы, лексікі перакладу ўплывае на фармаваньне рэлігійнай сьвядомасьці і самаўсьведамленьне нашага народу. І рэчы, якія вось гэты літаратурны аспэкт Бібліі не прымае, рэчы, якія беларуская мова не прымае як такая, – “благаславіць”, “благадаць”, па-беларуску гэтыя словы выказваюць супрацьлеглае значэньне. “Блага” ня можа быць дабром па-беларуску. Канфэсійная прыналежнасць тут уносіць у біблейны тэкст гэты падзел людзкі, палітычны, гістарычны, падзеленасьць беларусаў. Гэта тая рэч, якая псуе ўспрыняцьце біблейнага тэксту , якая перашкаджае ўспрыняцьцю біблейнага тэксту”. (Абламейка: ) “Як бы Вы ацанілі тэарэтычную магчымасьць – у прынцыпе, у будучым, ці ўвогуле магчыма калі-небудзь будзе даць беларусам такі пераклад Сьвятога Пісьма, які мог бы задаволіць усе канфэсіі, ці ўсё ж беларусы праз свой трагічны падзел на шмат канфэсіяў так ніколі і ня будуць мець адзінага, унівэрсальнага, прымальнага для ўсіх і літаратурна прымальнага тэскту?” (Мацкевіч: ) “Я ўважаю, што пакуль мы ўспрымаем біблейны пераклад як рэч канфэсійную, датуль у нас будзе гэтая праблема. Калі рабіць грунтоўны, глыбокі пераклад на сучасную беларускую мову з мовы арыгіналу, ня можа ісьці гаворкі пра канфэсійную прыналежнасьць. Гэта павінна быць праца беларусаў-хрысьціянаў дзеля прасьвятленьня нашага народу, дзеля ўсьведамленьня нашым народам Божых праўдаў”. Гаварыла Караліна Мацкевіч. Сапраўды, як яна сказала, Біблія нясе ў сабе два аспэкты – сакральны і літаратурны, бо гэта – Слова Божае, запісанае літаратурна боганатхнёнымі аўтарамі. І пераклад мусіць адбіваць гэтыя два аспэкты і прынцыпы. На захадзе таксама існуе множнасьць перакладаў, але там часьцей існуюць варыянты, пакліканыя рознымі патрэбамі вернікаў, а ў Беларусі варыянтнасьць адбівае трагічны падзел народу на розныя канфэсіі. І найбольшая шкода такой сытуацыі ў нашых умовах палягае на тым, што канфэсійны выбар лексыкі перакладаў здольны ўплываць і ўплывае на самаўсьведамленьне народу. Сьвядомасьць беларусаў разрываецца канфэсійнай лексыкай. Таму і кажа Караліна Мацкевіч, і я за ёй, што краіне сёньня патрэбны незаангажаваны канфэсійна, навуковы, літаратурна дыхтоўны і сумленны пераклад Бібліі з арыгінальных моваў. Гэта сёньня – задача нумар адзін. Ну і некалькі заўвагаў наконт ужываньня царкоўнаславянізмаў з коранем “благо”. БлагослОвіть – гэта дакладны стараславянскі пераклад грэцкага “эўлёгіо”, што азначае “добра казаць”, хваліць некага. Тое самае і ў лацінскай мове “бэнэ дыко” – добра казаць. Але мова ідзе менавіта пра “благословіть” а не “благослАвіць” – слова і слава – розныя рэчы. Можна “словіць”, гэта значыць казаць, і можна славіць. Такім чынам, дакладны пераклад грэцкага “эўлёгіо” на беларускую мову – дабрасловіць, а гэта немілагучна і не стылёва. “Дабраславіць” жа азначае крыху іншае. Зусім непрымальная форма – “багаславіць” ці “багасловіць”, бо азначае славіць Бога альбо багаслоўе, а зусім ня “добра казаць”, як у грэцкім арыгінале. І вось тут мы падыходзім да самага важнага. Наш народ прыняў хрысьціянства ў яго ўсходняй форме, нават пераважная большасьць сёньняшніх католікаў некалі была ўніятамі, а значыць яшчэ раней – праваслаўнымі. Царкоўнаславянская традыцыі была вельмі глыбока ўкаранёная ў нашым народзе. Нарыклад, у 1976 годзе венскі прафэсар Вацлаў Марэш выдаў тэкст лацінскай імшы ў перакладзе на страбеларускую мову, зробленым у 15 стагодзьдзі. Там можна прачытаць такія рэчы, як “поп учыні крэст”, “слава тобе Госпадзе”, “Матка Божая”, “Багародзіца дзева”, “Ісус”, “Ва імя Гасподняе” і, канешне, нашае “Амін”. За шмат стагодзьдзяў беларускі народ асіміляваў шмат царкоўнаславянізмаў. Французы, напрыклад, з лацінскага “бэнэ дыко-бэнэ дычэрэ” зрабілі “бэнір”, а беларусы з царкоўна-славянскіх “Рождество” і “Благословить” даўно, яшчэ ў 18 стагодзьдзі, зрабілі свае формы “Раство” і “блаславіць”, “блаславёны” – гэта цалкам іншыя беларускія словы і разам з тым – гэта перапрацаваная народам старая царкоўнаславянская традыцыя. Дык дзеля чаго зараз выдумляюць ровар? Трэба проста любіць Беларусь і паважаць яе мінуўшчыну. Сяргей Абламейка, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |