RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Сымбаль Веры



Зацьверджаньне Ватыканам літургічных перакладаў айца Аляксандра Надсана

Удзельнікі: Апостальскі Візытатар для беларусаў замежжа айцец Аляксандар Надсан і гісторык царквы, магістар тэалёгіі Юрась Лаўрык.  (эфір 18.03.2000).

Аўтар і вядучы Сяргей Абламейка.

Ля мікрафону ў Празе Сяргей Абламейка!

Некалькі тыдняў таму адбылася падзея, якую, напэўна, ў Беларусі зь яе сучаснымі праблемамі маглі і не заўважыць. А між тым, гэта этапная падзея ў беларускім культурным і рэлігійным жыцьці, а таксама і ў беларускай філялёгіі. Айцец Аляксандар Надсан, Апостальскі Візытатар для беларусаў, атрымаў ад Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў Ватыкану канчатковае зацьверджаньне сваіх перакладаў літургічных ды іншых царкоўных тэкстаў. Падаў ён іх туды у 91-м годзе, першае, на пяць год, зацьверджаньне атрымаў у 94-м, і вось цяпер – канчатковае.

Наяўнасьць нацыянальных перакладаў Бібліі і літургічных тэкстаў лічыцца прыкметай сталасьці ды разьвітасьць нацыянальнае культуры.
Ангельская, скажам, ці нямецкая традыцыі налічваюць многія дзясяткі перакладаў Эвангельля і Старога Запавету.

Беларуская сытуацыя іншая, і прычыны гэтага вядомыя. У 16 стагодзьдзі мы мелі тэксты Скарыны і Цяпінскага, а пасьля быў час доўгага заняпаду. Сёньня ў Беларусі распаўсюджанае меркаваньне, што Уніяцкая царква выкарыстоўвала ў набажэнствах беларускую мову, але гэта не адпавядае сапраўднасьці. Уніяцкія сьвятары аж да самай забароны Уніі сапраўды шырока выкарыстоўвалі беларускую мову, але толькі ў казаньня ды душпастырстве. Літургія ж заставалася царкоўна-славянскаю.

Зразумела, што рабіліся спробы ўвесьці нашую мову ў дадатковыя набажэнствы, перакладаліся тэксты малітваў, шырока бытавалі беларускія рэлігійныя песьні і гімны. Але толькі ў ХХ стагодзьдзі пачаліся рабіцца спробы перакладаў ўласна уніяцкай і праваслаўнай Літургіі ды лацінскай Імшы, а таксама тэкстаў іншых Службаў на беларускую мову. Перш пачалі выходзіць малітоўнікі, як, напрыклад, “Бог з намі” Баляслава Пачопкі ў 1915 годзе. А пачатак перакладу тэкстаў набажэнстваў сягае ў дзясятыя-дваццатыя гады – напрыклад, беларускі ксёндз Ідэльфонс Бобіч у 1922 годзе пераклаў і служыў у сваім касьцёле нядзельныя літаніі.

Пасьля пачаліся спробы перакладаў Сьвятога Пісьма. У 30-я гады зьявіліся каталіцкі пераклад ксяндза Гадлеўскага, пратэстанцкі пераклад Луцкевіча. Пасьля вайны тэксты Бібліі і набажэнстваў перакладалі ўжо і праваслаўныя, і грэка-католікі і лацінскія католікі.

Вядомы, напрыклад, пераклад ксяндза Чарняўскага зь Вішнева. У 80-я гады выйшлі пераклады мітрапаліта беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай царквы Мікалая Мацукевіча – гэта Напрастольнае Эвангельле і тэксты Літургіяў. У Менску арганізаваліся праваслаўная і каталіцкая камісіі ў справе перакладаў Сьвятога Пісьма, выйшла некалькі выданьня каталіцкай імшы па-беларуску.

І вось грэка-каталіцкая галіна ў гэты час прадстаўленая менавіта перакладамі айца Аляксандра Надсана. Ён стварыў амаль поўны звод тэкстаў усходніх набажэнстваў па-беларуску і, да таго ж, напісаў цэлы шэраг малебнаў і малітваў сам. Усходнія тэксты ўтрымліваюць даволі вялікія фрагмэнты Старога і Новага запаветаў, і таму айцец Аляксандар, фактычна, пераклаў і значную частку Бібліі.

І вось зараз ягоныя пераклады зацьверджаныя канчаткова. Я пазваніў у Лёндан, павіншаваў айца Аляксандра і папрасіў адказаць на некалькі пытаньняў.

(Абламейка: ) “Найперш я хацеў бы Вас спытаць, ойча, калі і чаму вы пачалі перакладаць?”

(Надсан: ) “Думка аб перакладзе на беларускую мову літургічных тэкстаў зарадзілася ў мяне, калі я быў студэнтам Грэцкай калегіі. Ведаеце, прыехаўшы туды, я сустрэўся са студэнтамі-католікамі нашага абраду, бізантыйскага, грэцкага, з розных краінаў. Там былі італа-албанцы, сапраўдныя албанцы, грэкі, арабы, і, нават, было некалькі румынаў, бо тады якраз Румынскую калегію зачынілі – было мала кандыдатаў, яны канчалі сваю навуку ў нашай калегіі.

І вось што мне адразу кінулася ў вочы. Гэтыя народы мелі ўжо ў тым часе – а гэта былі 50-я гады – пераклады літургічных тэкстаў на сваю мову. Проста мне сталася крыўдна, чаму мы ня маем? Чаму мы ўжываем царкоўна-славянскую мову? Пры ўсёй пашане да царкоўна-славянскай мовы, яна ж ня ўсім людзям была зразумелая ў тым часе. Нават і для мяне самога, як для чалавека, які з вышэйшай асьветай быў і так далей.

І тады ўжо зарадзілася думка, каб зрабіць пераклад Літургіі і літургічных тэкстаў на беларускую мову. Гэта былі 50-я гады”.

(Абламейка: ) “І колькі Вы зрабілі? Які на сёньняшні дзень звод Вашых перакладаў? Яго можна зьвесьці ў адзін Службоўнік, ці ў нешта большае?”

(Надсан: ) “У больш, чым Службоўнік. Службоўнік мае тэксты нязьменныя – Сьвятых Літургіяў і іншых службаў: Літургія Яна Залатавуснага, Літургія Базыля Вялікага, Літургія Раней Асьвячаных Дароў, а таксама Ютрань, Вячэрня, Кананічныя Гадзіны, якія кожны дзень гаворацца ў пэўным часе. Пэўна, гэта ў нас усё ёсьць, але ёсьць таксама і зьменныя часткі, якія кожны дзень устаўляюцца ў залежнасьці ад дня году ці ад пэрыяду: ёсьць нядзельны цыкль, гадавы цыкль.

Нядзельны цыкль у мяне поўны ёсьць – усіх васьмі тонаў на кожны дзень тыдня; і гадавы, прынамсі, на большыя сьвяты – ня толькі сьвяты Гасподнія, але і вялікіх сьвятых. Ёсьць яшчэ Вялікодныя і Вялікапосныя службы.

Па-за цыклем багаслужэньняў ёсьць яшчэ прыватныя багаслужэньні альбо спэцыяльныя: Сьвятыя Тайны, як Хрост, Шлюб, Мірапамазаньне, спэцыяльная Сьвятая Тайна для хворага – Алеепамазаньне; ёсьць таксама служба Пахаваньня Памерлых. Пасьля ёсьць Малебны на розныя нагоды, розныя асьвячэньні, якія бываюць звычайна ў кнізе, якая завецца Трэбнік, як Асьвячэньне новага дому ці нешта падобнае. Дык вось гэтыя ўсе асноўныя рэчы ўжо ёсьць у перакладзе на беларускую мову.

Такім чынам, калі трэба, мы маем усё што патрэбна для нармальнага літургічнага жыцьця ў парафіі”.

(Абламейка: ) “Фактычна, можна сказаць, што сёньня, дзякуючы Вашым намаганьням, Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква мае поўны звод вось гэтых тэкстаў…”

(Надсан: ) “Ну, поўнага няма, бо там можна без канца перакладаць, але тое, што патрэбна, каб парафія жыла нармальным літургічным жыцьцём – усё ёсьць”.

(Абламейка: ) “Ва ўсіх гэтых тэкстах сустракаюцца ўрыўкі з Эвангельля, якія Вы таксама перакладалі. Ці няма ў Вас думкі, што Вы фактычна зраблі поўны пераклад Эвангельля, і ці не зрабіць яго Вам?”

(Надсан: ) “Вельмі шмат ня толькі Эвангельля, а таксама Старога Запавету. Яго было б варта зрабіць ці выдаць добрае Эвангельле, прынамсі, для літургічнага ўжытку, значыцца, падзеленае на часткі, якія чытаюцца кожны дзень. Я пра гэта думаю, але ведаеце, з кожным годам мне робіцца ўсё цяжэй, мне ўжо ў гэтым годзе будзе 74 гады. Хай ужо іншыя, малодшыя пра гэта думаюць. Я буду рабіць, што магу, але наколькі мне гэта ўдасца, ня ведаю”.

(Абламейка: ) “Зь якіх моваў вы перакладаеце?”

(Надсан: ) “Стараюся перакладаць з арыгінальных моваў. У нас арыгінальная мова большасьці нашых Багаслужбаў – грэцкая. І таму я бяру за аснову тэкст грэцкі, хоць, безумоўна, параўноўваю з тэкстам царкоўна-славянскім, а таксама зь іншымі перакладамі. Напрыклад, шмат перакладаў на сучасныя заходнія мовы – на ангельскую і на француузкую. Такое параўнаньне часамі памагае лепш зразумець тэкст.

Ёсьць некаторыя службы, напісаныя ўжо на славянскай мове на аказіі, якія славяне сьвяткуюць, а грэкі – не. Скажам, Служба Сьвятым Кірылу і Мятоду. Ёсьць спэцыфічна нашыя, як Служба Сьвятому Язафату. Яны ўжо былі напісаныя толькі на славянскай мове, і я іх перакладаю, безумоўна, са славянскай мовы.

Іншая справа – трэба крышку нешта і самому ўкладаць, нешта рабіць, як, напрыклад, Малебен за Беларускі народ. Апошнім часам я працаваў над службай у гонар Сьвятой Эўфрасіньні Полацкай. Бо тая Служба, якую даюць у расейскіх Мінэях, – яна нам не адпавядае”.

(Абламейка: ) “Як аўтар перакладаў, як перакладчык, як бы Вы акрэсьлілі мову сваіх перакладаў – ці яна вузкаканфэсійная, ці, можа, на Вашую думку, яна падыходзіць для іншых канфэсіяў, для лацінскіх католікаў і праваслаўных?”

(Надсан: ) “Ведаеце, я стараўся карыстацца звычайнай добрай беларускай мовай. Ці гэта мне ўдалося, няхай іншыя пра гэта судзяць. Але я не хацеў рабіць яе ніякай вузкаканфэсійнай. Цяпер я хацеў бы падзякваць многім маім знаёмым і прыяцелям, якія памаглі, часамі, выправіць маю мову, бо сам чалавек ніколі ня бачыць усіх памылак. Я не лічу сябе аўтарытэтам у беларускай літаратурнай мове, але хацеў ужываць звычайную беларускую мову. Я думаю, што яна, як і ўсе іншыя мовы, вельмі добра надаецца, каб славіць Бога і, таксама, дзеля выражэньня нават глыбокіх багаслоўскіх паняцьцяў”.

Гаварыў айцец Аляксандара Надсан.

Як бачым, дзякуючы працы айца Аляксандра, сёньня любая ўсходне-каталіцкая парафія мае поўны гадавы цыкль набажэнстваў па-беларуску.

Як на маю думку, дык сапраўды мова перакладаў айца Надсана – сучасная беларуская літаратурная мова з паадзінкавымі царкоўнаславянізмамі, што выклікана спэцыфікай усходне-каталіцкага абраду. Мне таксама здаецца, што ў яго перакладах якраз адчуваецца памежная сынтэтычнасьць беларусаў і беларушчыны.

Я прапанаваў таксама беларускаму царкоўнаму гісторыку, магістру тэалёгіі Юрасю Лаўрыку паспрабаваць даць ацэнку перакладам айца Аляксандра Надсана.

(Абламейка: ) “Юрась, Вы зьяўляецеся царкоўным гісторыкам. Як бы Вы ацанілі тое, што зрабіў айцец Аляксандар Надсан сваімі перакладамі? Гэта ёсьць шараговая падзея ці ўсё ж – нейкі ўклад у беларускую культуру?”

(Лаўрык: ) “Безумоўна, гэта ўклад у беларускую культуру і вельмі вялікі. Бо айцец Аляксандар, фактычна, пачаў рабіць свае пераклады значна раней, чым хто іншы. Для мяне вельмі важна тое, што ён пачаў гэта рабіць да Другога Ватыканскага Сабору, дзе было прызнанае права для памесных цэркваў на адпраўленьне набажэнстваў у мове сваіх народаў. Безумоўна, гэта вельмі вялікая рэч.

Важна таксама, што ён ня толькі перакладаў тэксты, ён ствараў і новыя, як, напрыклад, Малебен за Беларускі народ, які вельмі прыдатны. У свой час, калі я вучыўся ў Любліне, мы, ня маючы беларускамоўнага сьвятара, на 25 сакавіка адпраўлялі гэты Малебен – у нас служыў тады айцец дыякан Андрэй Абламейка”.

(Абламейка: ) “Як Вы лічыце, ці прыдатныя пераклады айца Аляксандра для іншых беларускіх цэркваў – праваслаўных і лацінскіх католікаў? Ці могуць яны выкарыстоўваць тэксты айца Аляксандра, ці хаця б тэрміналёгію запазычыць?”

(Лаўрык: ) “Тут вельмі цяжка адказаць адназначна. Мне здаецца, што праваслаўныя, калі б мелі добрую волю да гэтага, маглі б карыстацца з перакладаў айца Аляксандра. Што датычыць лацінікаў, дык у іх самі літургічныя тэксты іншыя, але й яны маглі б карыстацца з тэрміналёгіі, якую айцец Аляксандар ужывае. Але я ня ведаю, наколькі гэта рэальна ў нашых умовах, паколькі нашя традыцыя ў лацінскай царкве мае апірышча ў лаціне”.

(Абламейка: ) “З гэтым зацьверджаньнем Ватыканам тэкстаў беларускіх перакладаў айца Надсана, ці можна гаварыць, што завершаны нейкі этап у беларускай перакладной справе, і калі ён закончаны сапраўды, дык што наперадзе, які этап?”

(Лаўрык: ) “Можам сказаць, што пэўны этап ужо пройдзены. Гэта вялікая справа – тое, што Ватыкан, урэшце, зацьвердзіў гэтыя тэксты, зацьвердзіў на вечнае карыстаньне, бо перад тым было толькі часовае карыстаньне. Наперадзе яшчэ шмат працы. Па-першае, яшчэ ня ўсе тэксты перакладзеныя; па-другое, усё яшчэ стаіць справа стварэньня беларускай багаслоўскай тэрміналёгіі. Айцец Аляксандар пераважна ствараў тэрміналёгію, якая прыдатная для тэкстаў літургічных, але ў нас зусім ня выпрацаваная тэрміналёгія для тэкстаў навукова-тэалягічных. Так што наперадзе, безумоўна, яшчэ вялікая праца”.

Гаварыў гісторык Юрась Лаўрык.

Я б таксама пагадзіўся зь яго ацэнкай што да зробленага айцом Аляксандрам Надсанам. Некалі мне давялося на свае вочы ўбачыць цэлую вялікую паліцу кніжачак ўсіх ягоных перакладаў, якія ён выдаваў сваім коштам у Лёндане. Кніжак гэтых там былі многія дзясяткі.

Мае рацыю Юрась Лаўрык і ў тым, што наступны этап працы – стварэньне беларускай тэалягічнай тэрміналёгіі, і таксама ў тым, што ўсходне-каталіцкія тэксты ў прынцыпе прыдатныя і для Праваслаўнай царквы. Якраз нядаўна ў Ангельшчыне тамтэйшыя Каталіцкая і Англіканская цэрквы ўтварылі сумесную камісію ў справе стварэньня адзінага перакладу Сьвятога Пісьма.

Мова набажэнстваў можа ў розных канфэсіяў троху адрозьнівацца, а вось тэкст Бібліі мог бы быць адзіным і для беларусаў. Але відавочна, што гэта задача будучага.

Тым часам, трэба яшчэ раз павіншаваць айца Аляксандара Надсана з завяршэньнем пэўнага этапу ягонай цяжкай працы, а ўсіх беларусаў – зь яшчэ адным дасягненьнем іх культуры і мовы.

Сяргей Абламейка
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org