RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Сымбаль Веры



Стаўленьне царквы і вернікаў да вайны на тле чачэнскай кампаніі

Удзельнікі: намесьнік рэдактара грэка-каталіцкага часопісу “Царква” Ігар Бараноўскі і гісторык ды рэлігійны пісьменьнік Уладзімер Ілюшэнка.  (эфір 11.03.2000).

Аўтар і вядучы Кастусь Бандарук.

Тэма вайны і міралюбнасьці – асабліва да месца ў гэты час. Вось каталікі ўжо ўступілі ў Вялікі пост, а праваслаўныя пачынаюць яго. Напярэдадні посту Папа Ян Павал ІІ нагадаў яго асноўны сэнс, папрасіў прабачэньня за грахі Царквы, зьдзейсьненыя ў мінулым. У Праваслаўнай Царкве наагул кожны Вялікі пост пачынаецца з гэтак званай “Нядзелі дараваньня правінаў”. Перш чым пачаць пэрыяд свайго ўнутранага ўдасканаленьня, вернікаў заклікаюць перш прымірыцца з Богам, са сваім сумленьнем і зь іншымі людзьмі.

У Сьвятым Пісаньні вельмі часта падкрэсьліваецца, што мір – гэта нешта большае, чым толькі адсутнасьць вайны. Гэта стан гармоніі чалавека з Богам, са сьветам і самім сабою. У Старым Запавеце людзі віталі сябе воклічам “шалом” – мір. Бог зьяўляецца Богам “любові і міру” (Кар.13,11), – гаворыцца у Сьвятым Пісаньні. Прыходзячы на зямлю, Хрыстос найперш абвясьціў мір. “Захоўвайце мір паміж сабою”( Марк.9,50), “шукайце міру ды імкнецеся да яго” (1Пят.3,11), – вучыў Ісус. Пакідаючы гэты сьвет, Ён заявіў Сваім вучням “мір пакідаю вам, мір мой даю вам” (Ян.14,27).

Такім чынам, Царква пакліканая спрыяць міру і згодзе, але ці напэўна заўсёды робіць гэта. Я ўжо не кажу пра рэлігійныя войны ў мінулым, але пра стаўленьне да сучасных войнаў, напрыклад ў Чачні? Ваша думка Уладзімір Ільіч:

(Ілюшэнка: ) “Стаўленьне да гэтай вайны – своеасаблівы тэст або лякмусавая паперка, якая паказвае сапраўдны, духоўны стан чалавека, грамадзтва і Царквы. Царква пакліканая быць духоўным авангардам народу, яго сумленьнем. Але ці Царква выконвае гэту сваю місію? Бо ж Царква, акрамя ўсяго іншага, павінна хварэць за справу людзей, асуджаць несправядлівасьць, перамагаць зло дабром, зьмякчаць сэрцы, спрыяць утаймаваньню жорсткасьці, якая запаланяе нашае грамадзтва. Яна павінна супрацьстаяць мілітарызацыі краіны, якая ідзе усё хутчэйшымі тэмпамі.

Але што такое Царква? Прынята лічыць, што гэта герархія, царкоўнае кіраўніцтва, але, на самой справе, – гэта і духавенства і сьвецкія людзі.

Але калі мы гаворым пра пазыцыю Царквы у дачыненьні да чачэнскай вайны, нам прыходзіцца гаварыць пра царкоўнае кіраўніцтва, паколькі гэта яно выступае ад імя Царквы. Нядаўна Патрыярх Аляксі ІІ уручаючы царкоўныя ўзнагароды генэралам Квашніну і Манілаву выказаў пазыцыю Царквы наконт вайны у Чачні. Гэтая пазыцыя абсалютна ідэнтычная з пазыцыяй уладаў, якія вядуць гэтую вайну. Тут поўная сымфонія.

Патрыярх лічыць, што антытэрарыстычную апэрацыю трэба давесьці да пераможнага канца, што тэрарысты, якія ўзрывалі дамы ў расейскіх гарадох, мусяць адказаць за свае злачынствы. Але тое, што адбываецца ў Чачні, гэта не антытэрарыстычная апэрацыя, і ўсе пра гэта ведаюць. Ведае і Царква, толькі робіць выгляд, што ня ведае. Гэта вайна, у якой гінуць тысячы нявінных цывільных жыхароў. Гэта вайга бяз правілаў, са зьверствам па абодвух бакох.

Вось аб гэтым павінна хвалявацца Царква – аб спыненьні лютасьці, аб сотнях тысячаў уцекачоў. Патрыярх заявіў, што Царква у меру магчымасьці дапамагае расейскім жаўнерам вопраткай, бялізнай і так далей. Канешне, сорамна, што армейскае камандаваньне ня можа або ня хоча забясьпечыць жаўнераў усім неабходным. Але чаму Царква не заклікае і не арганізуе дапамогу сотням тысячаў чачэнскіх уцекачоў?

Наагул, гэтая вайна – школа азьвярэньня, школа зьдзічэньня. Бязагаворачна ўхваляючы дзеяньні дзяржавы у Чачні, царкоўнае кіраўніцтва падштурхоўвае нічым не абмяжаваны гвалт і самавольства, і, ў гэтым сэнсе, яно вядзе нас у дрэнным напрамку”.

(Бандарук: ) “Дарэчы, Уладзімер Ільіч, Эвангельле не асуджае саміх вайскоўцаў, і першым ахрышчаным паганцам быў жаўнер (Дзеі.10-11). З другога боку, у тым жа Эвангельлі гаворыцца: “Не супраціўляйцеся злу. Калі нехта вас ударыць у адну шчаку, падстаўце яму другую” ( Мац.5,39) або “вярні меч твой на сваё месца, бо хто мячом ваюе, ад мяча і загіне” ( Мац.26,52). У апісаньні жыцьця пакутніка Максымільяна гаворыцца, што пакліканы на службу у арміі, ён адмовіўся надзець мундур і прынесьці прысягу. “Мне нельга служыць у войску, бо я хрысьціянін,” – заявіў ён. На тое праконсул Дзіён адказаў яму: “У пышным атачэньні спадароў нашых Дзіёклецыяна, Максымільяна, Канстантына і Максіма ёсьць і хрысьціяне, якія звычайна служаць у войску”. “ Яны самі ведаюць, што выпадае ім рабіць. Аднак я хрысьціянін і мне не выпадае рабіць нічога дрэннага,” – заявіў Максымільян. Ён не асуджаў тых, хто служыць у войску, але сам не хацеў паступіць насуперак свайму сумленьню і выбраў пакутніцкую сьмерць.

Такім чынам, можа заміж ордэнаў для генэралў Царкве выпадала б нагадваць вайскоўцам словы Хрыста, які сказаў: “над нікім не зьдзекуйцеся, нікога не крыўдзіце і задавальняйцеся сваёю заплатай” ( Лук. 3, 14). Можа тады вайна была б прынамсі больш гуманнай. Спадар Ігар Бараноўскі:

(Бараноўскі: ) “На мой асабісты погляд, ніводзін нармальны чалавек ня можа жадаць зла нікому. Гэта ненармальнае з пункту погляду хрысьціяніна. Мы ўсе павінны жыць у згодзе. Якія б мы не былі, мы усе родныя, і мы павінны гэта усьведамляць. Мяне вельмі непакоіць, калі ў апошні час у перадачах па нашым беларускім Радыё чую перадачы Беларускага Экзархату Расейскай Праваслаўнай Царквы, якія на жаль вядуцца выключна на расейскай мове.

Мяне непакоіць той момант, што там менш вядзецца гаворка пра духоўнае, а ўсе перадачы ськіраваныя на нейкі пошук ворагаў. Пастаянна гаворка йдзе пра Югаславію, пра галаварэзаў албанцаў, пра чачэнцаў, якія зьнішчаюць людзей. Але ні слова не гаворыцца пра тое, што пакутуе цывільнае насельніцтва, якое абсалютна ня хоча вайны.

Калі вядуцца гэтак званыя “зачысткі”, і Царква гэта бласлаўляе, дык я гэтага не магу зразумець. Калі я бачу па тэлебачаньні як праваслаўнага сьвятара, які у свой час быў снайпэрам і зараз любіць павыхваляцца стралянінай, прадстаўляюць як героя, як нармальную зьяву ў Царкве, дык я гэтых людзей не разумею. Тым больш, што зараз у нас пачаўся Вялікі пост, і асабліва Папа заклікае усіх да прымірэньня, да залагоджваньня старых канфліктаў.

Вось якраз у час Вялікага посту ў Чачні пастаўленая задача дашчэнту зьнішчыць краіну. На мой погляд, можа якраз у час посту Царква павінна заклікаць да спыненьня ўсіх баявых дзеяньняў. Я ведаю, што там зьнішчана 80% шматпавярховых будынкаў і 50% прыватнага жыльля. Пра якую тут можна гаварыць антытэрарыстычную апэрацыю ў краіне, дзе проста ужо нельга жыць?”

(Бандарук: ) “Аднак, спадар Ігар, афіцыйна Царква не кажа, што яна перастала выказвацца за мір, але неяк лёгка паддаецца агульным настроям ў грамадзтве. Я не кажу, што можна лёгка пераканаць кіраўнікоў дзяржавы спыніць вайну, але, прынамсі, спрабаваць зьмякчыць мэтады яе вядзеньня. У 13-м стагодзьдзі гішпанскі дамініканец Раймунд з Пэннафорт (пам.1275 г.) сфармуляваў пяць умоваў “справядлівай” вайны:

1. Ніколі мэтай вайны ня можа быць забойства ворагаў. Ваяваць можна толькі дзеля абароны жыцьця або ўласнасьці.

2.У часе вайны трэба адмовіцца ад усялякай помсты, ненавісьці або хцівасьці.

3. Трэба імкнуцца да як мага хутчэйшага аднаўленьня міру.

4. Рашэньне аб прыступленьні да вайны павінен прыймаць толькі манарх.

5. Нельга ўцягваць у вайну жанчын, дзяцей і сьвятароў.

Гэтыя правілы ў значнай ступені паўплывалі на зьмякчэньне ваенных звычаяў у Эўропе. Напрыклад, рыцарскі кодэкс забараняў забіваць праціўніка, калі можна было яго ўзяць у палон. Недапушчальнае было дабіваньне параненых або зьдзек над палоннымі. Зараз, на экранах тэлевізараў мы бачым нешта цалкам адваротнае, і як жа Царква можа заплюшчваць вочы на гэта?

Дарэчы, Вялікі пост – найбольш адпаведны пэрыяд для таго, каб адкласьці зброю, адмовіцца ад гвалту. Амаль дакладана год таму сэрбскі Патрыярх Павле і ўвесь праваслаўны епіскапат асудзілі кровапраліцьцё ў Косаве, заклікалі да стрыманасьці і сэрбаў і албанцаў.

Я прыгадваю, што у 80-я гады Маскоўскі Патрыярхат быў вельмі актыўны у міратворчай дзейнасьці. Шмат разоў РПЦ арганізоўвала міжнародныя канфэрэнцыі, напрыклад пад лёзунгам “За выратаваньне сьвятога дару жыцьця” або “За прадухіленьне ядзернай вайны”. У той час працягвалася недарэчная, нікому не патрэбная вайна ў Афганістане. Ад савецкіж бомбаў і мінаў у Афганістане гінулі тысячы людзей, і вярталіся адтуль зьнявечаныя целам і душою жаўнеры, але я ні разу ня чуў, каб Маскоўскі патрыярх хоць раз заклікаў да спыненьня гэтай вайны. У мінулым годзе РПЦ узьняла лямант над крыўдай бамбаванага сэрбскага народу, аднак ніяк не пераймаецца пакутамі цывільных чачэнцаў. Што гэта такое? Што за непасьлядоўнасьць?”

(Бараноўскі: ) “Безумоўна, гэта нейкія двайныя стандарты, па якіх з аднаго боку бласлаўляюцца амонаўцы на вайну ў Чачні, а з другога – асуджаюцца тыя, хто спрабуе навесьці парадак такім жа ненармальным чынам у Югаславіі ці Косаве. Гэта ня можа лічыцца нармальным. Любая вайна азлабляе ўсіх уцягнутых у яе. Сьмерць цягне за сабою азлабленьне з аднаго і з другога боку, і гэты ланцуг вельмі цяжка парваць.

Кожная вайна – гэта зло, хаця я не магу асуджаць чалавека, які узяўся бараніць сваю сям’ю, сваю краіну ад людзей, якія прыйшлі туды наводзіць свае парадкі. Гэта права кожнага чалавека – бараніць сваё жыльлё, сваю сям’ю. Тым ня менш, нарамальным гэты стан не назавеш, калі людзі бяруць зброю ў рукі. Калі толькі можна скарыстаць нейкія мірныя сродкі, не даводзіць да гвалту, то пэўна, гэта – найлепшае выйсьце для абодвух бакоў”.

(Бандарук: ) “Дарэчы аб гэтым піша у сваё кніжцы “Неабыякавыя пытаньні” сучасны тэоляг а. Яцэк Салій. Уявім сабе сытуацыю, – піша ён, – што ў дзіцячы садок уварваўся шаленец, які пачаў забіваць дзяцей. І толькі сілай можна яго абясшкодзіць. Ці у такой сытуацыі нехта скажа, што ўжыцьцё сілы было б супраць хрысьціянскае маралі? Наадварот. Ганебна паступіў бы чалавек, які бязьдзейна прыглядаўся б трагедыі, таму што ён нібыта брыдзіцца гвалтам, або той, хто пачаў бы ўгаворваць разьюшанага шаленца, каб той адмовіўся ад свайго намеру.

Ці ў такім выпадку закон “не забівай” прыпыняецца? Не, – кажа прафэсар Салій. – Нават у такім выпадку сьпярша трэба намагацца абясшкодзіць, а не забіваць яго. Бо калі б здарылася, што ў выніку нашага ўмяшаньня той шаленец загінуў, мы моцна перажылі б гэта, адчувалі б вялікі дакор сумленьня. Зразумела, суд нас апраўдаў бы. Нават духаўнік тлумачыў бы нам, што мы паступілі правільна і высокародна, бо нельга пасыўна глядзець на забойства нявінных, але ўсё роўна нейкае пачуцьцё віны на душы засталося б.

На думку а. Салія, ў сытуацыі калі нехта мацнейшы б’е слабейшага, ёсьць тры варыянты дзеяньня. Можна сьпешна адыйсьці, тлумачачы свае паводзіны тым, што брыдзімя ўжыцьцём сілы. Можна таксама спрабаваць бараніць слабейшага і ўтаймаваць мацнейшага. Але можна таксама стаць паміж імі так, што калі мацнейшы не перастане біць слабейшага, дык будзе біць нас. Вось гэта, на думку а. Салія, тое, што павінна зрабіць Царква, калі ейны заклік да шчырай любові ня мае заставацца толькі пустой фразай. Ці не гэтак, Уладзімер Ільіч, выпадала б паступіць Царкве і ў гэтым выпадку?”

(Ілюшэнка: ) “У Расейскай Праваслаўнай Царкве заўсёды дзейнічала гэтак званае права “печалаваньня”, хадайніцтва перад дзяржаўнай уладай за тых, каму крыўда, хто пакутуе, але, на жаль, нашая Царква не карыстаецца гэтым правам. У Нагорнай Казані Хрыста гаворыцца: “Шчасьлівыя міласьцівыя, бо яны будуць памілаваныя, шчасьлівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі будуць названыя”.

Такім чынам, Царква адмяўляючыся ад міласэрнасьці і міратворчасьці, ўхіляецца ад Хрыстовага запавету. Я лічу, што заданьне Царквы – міратворчасьць для ўсіх. Яна павінна напаўняць сэрцы мірам і надзеяй, павінна рабіць нешта рэальнае заміж падтакваць уладам, якія вядуць кампаніі з палітычных меркаваньняў, мэта якіх ня тая, якая дэкляруецца, якая абвешчаная.

Нядрэнна было б Царкве задумацца яшчэ над адным. Калі ставіцца націск толькі на расейцаў, то нельга забывацца, што ў Расеі каля 20 мільёнаў мусульманаў. Праз пару пакаленьняў Расея можа стацца мусульманскай краінай і трэба рабіць так, каб не распальваць канфлікты паміж Праваслаўем і Ісламам, паміж расейцамі і нерасейцамі.

Я хачу сказаць дзеля справядлівасьці, што недзе праз паўтары тыдня пасьля прамовы перад узнагароджанымі генэраламі Патрыярх Алексі выступіў з другой афіцыйнай заявай. Ён сказаў, што чачэнская вайна, гэта бяда нашага народу, і што мы павінны імкнуцца да міру. Вось на гэтым і трэба стаяць, не дапускаючы, каб пазыцыя Царквы ўспрымалася як двухсэнсоўная”.

(Бандарук: ) “Як не гаварыць, але гэтая пазыцыя двухсэнсоўная. За кожнай багаслужбай гучаць словы эктаніі “За мір ўсяго сьвету”. Ня толькі для сваіх, не для таго, каго любім, але для усіх. Ня справа Царквы ацэньваць, якая вайна справядлівая, і хто – тэрарыст. Кожная вайна дрэнная, бо на ёй забіваюць. Найперш выпадала б прыгадаць прытчу пра міласэрнага самараніна, не абмінаць параненага разбойнікамі чалавека, як сьвятар і левіт, але дапамагчы яму, як добры самаранін.

На гэтым мы закончым сёньняшнюю гутарку. За удзел у ёй я дзякую Ўладзімеру Ілюшэнку ды Ігару Бараноўскаму, а Вам, шаноўныя слухачы, – за ўвагу”.

Кастусь Бандарук
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org