border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Сымбаль Веры


Ці магчымая нацыянальная Царква ў Беларусі?

Аўтар і вядучы а. Канстантын Бандарук

Сёньня, акрамя традыцыйнай казані, у сэрыі гутарак на актуальныя тэмы закранем пытаньне нацыянальнай Царквы. Ці не пярэчыць гэта паняцьцю адзінай Царквы Хрыстовай і ці тым болей можна гаварыць пра нацыянальную Царкву у выпадку Беларусі. Гутарку з Філёзафам Алесям Анціпенкам, прафэсарам славістам Іванам Чаротам і рэдактарам часопісу «Царква» Ігарам Бараноўскім вядзе а. Канстантын Бандарук.

Адразу адзначу, што тэма, якую я абраў для сёньняшняга разважаньня, таксама неадназначная - нацыянальная Царква. У якасьці уводу, як сьвятар, прыгадаю сутнасьць агульнахрысьціянскага погляду на Царкву. У «Сымбалі Веры» гаворыцца: «Веру... у адзіную, сьвятую, саборную (гэта значыць агульнасусьветную) і апостальскую Царкву». «Я збудую Царкву Маю і вароты пякельныя не перамогуцы яе» (Мацьв. 16, 18), - сказаў Хрыстос. Аб тым, што гутарка ідзе толькі пра адну Царкву, выразна сказана ў Эвангельлі: «І будзе адзін статак і адзін пастыр» ( Яан. 10,16). Царква - гэта сынтэз боскага і чалавечага. Дзякуючы Божай ласцы паміж вернікамі усталёўваецца сваяцтва, кроўная сувязь, згуртаваньне, абшчына, што па-грэцку называецца «Эклезія» і тлумачыцца менаваіта як «Царква». У гэтай сям'і цячэ тая самая кроў - ласка, якая надае ўсім вернікам «боскае паходжаньне». Усе чалавечыя адметнасьці занікаюць, уступаючы месца адзінаму, што мае значэньне для Бога - «роду дзяцей Божых». У гэтай сям'і Айцец - Бог. Ён дае жыцьцё Свайму Сыну Ісусу Хрысту, а празь Яго і ў Ім - сваім усыноўленым дзецям - людзям. Такім чынам, мы становімся сынамі Божымі, братамі Хрыстовымі, братамі адзін аднаго і спадкаемцамі Царства.

У Царкве, гэтай вялікай сям'і існуе цесная сувязь паміж усімі яе членамі. Гэта значыць - паміж памерлымі (пераможная Царква) і жывымі (ваяўнічая Царква). Каталіцкая Царква прызнае яшчэ трэцюю стадыю - пакутлівую Царкву - чысьцілішча або чысьцец. Сукупнасьць вучняў Хрыстовых называецца «целам» паводле аналёгіі з жывым арганізмам. Паколькі ў людзях таямніча бурліць Хрыстовае жыцьцё, адсюль і Царква - гэта містычнае цела Хрыстова, якога членамі зьяўляюцца ўсе хрысьціяне. «Бо ўсе члены, хоць іх і многа ёсьць адно цела, гэтак і Хрыстос. Усе адным Духам ахрышчаны у адно цела, Юдэі ці Грэкі, нявольнікі ці вольныя, і ўсе напоеныя адным Духам. Вы ж Цела Хрыстовае, а паасобку - члены» ( 1 Кар.12,12-14,27), - гаварыў Апостал Павал. Еднасьць усіх хрысьціян выказаная ў параўнаньні да лазы. «Я - лаза, а вы -галіны» (Яан. 15,5). Галінка засохне і не прынясе плёну, калі аддзеліцца ад лазы.

Выдатны праваслаўны тэоляг Жорж Флароўскі прыраўноўвае яшчэ Царкву да будаванай вежы, у якой вернікі зьяўляюцца «жывымі каменьнямі». Яны гэтак да сябе дапасаваныя, што ўся вежа выглядае, як быццам была з аднаго каменя. Паводле Флароўскага, «еднасьць Царквы выходзіць па-за ўсе барьеры і межы расаў, моваў або грамадзкіх слаёў».

Ці улічыўшы усё гэта, можна яшчэ гаварыць пра «нацыянальную Царкву»? З гэтым пытаньнем, я зьвяртаюся да маіх шаноўных суразмоўцаў. Меркаваньне Алеся Анціпенкі:

(Анціпенка:) «Па-першае, трэба сказаць, што нацыянальная Царква ёсьць у пэўным сэнсе рэчаіснасьцю. У дадзеным выпадку можна спаслацца на прыклад Расейскай Праваслаўнай Царквы. Нацыянальная Царква, на маё разуменьне, ёсьць нацыянальнай у тым сэнсе, у якім яна адгукаецца на нейкія культурныя патрэбы асобы, калі яна адгукаецца на нейкія вялікія праблемы супольнасьці, калі яна ў рэшце рэшт зьвяртаецца да чалавека як да бліжняга, а бліжні - гэта чалавек, які існуе у нейкім своеасаблівым кантэксьце зь ягонымі асабістымі і часта вельмі індывідуальнымі праблемамі. У рэшце рэшт, Царква зьвяртаецца да народу, да людзей як да нейкай супольнасьці. Існуе непарыўная сувязь паміж Царквою і нацыянальнай культурай, паміж народам і Царквою, прынамсі у такім гістарычным сэнсе. У Законе Божым, (кніжка першая, Парыж, 1956. г.) чытаем: народ - гэта вялікая сям'я. Калі ў сям'і ўсё зьвязана і ўсе адны адным дапамагаюць, так і ў цэлым народзе. Мы мусім любіць сваю мову, свае звычкі і ўсё тое добрае, што пакінулі нам нашы продкі. Так што я думаю, цяжка спрачацца з тэзай: ёсьць ці няма нацыянальнай Царквы».

Вы канстатуеце, што такая зьява як нацыянальная Царква - проста факт, ці гэта нам падабаецца, ці не. Але тое, што цэрквы набылі такую значную адметнасьць - гэта дрэнна ці добра?

(Анціпенка:) «Я лічу гэта добрым у тым сэнсе, у якім Царква ня робіцца сродкам ці нейкім мэханізмам экспансіі. Менавіта Расейская Царква, якая ёсьць нацыянальнай Царквою, на працягу прынамсі некалькіх апошніх стагодзьдзяў сталася інструмэнтам расейскай экспансіі і расейскай імпэрскасьці. І гэтая сытуацыя ёсьць трывалай да сёньня і на Беларусі».

Гэтак лічыць Алесь Анціпенка. Вяртаемся ізноў да тэмы, якой павінна быць Царква, каб можна было яе назваць нацыянальнай. Ігар Бараноўскі:

(Бараноўскі:) «Мне здаецца, каб нейкая рэлігійная супольнасьць магла прэтэндаваць на тое, каб называцца нацыянальнай Царквою, яна мусіць быць яшчэ сапраўднай Царквою, ня сэктай, ня проста рэлігійнай нейкай супольнасьцяй. Яна мусіць быць прызнаная ў сьвеце, быць законная, кананічная, мець апостальскую пераемнасьць. Каб Царква мела права называцца нацыянальнай, яна мусіць быць такой ня толькі паводле назвы, тэрыторыі дзеяньня, але і паводле свайго ўнутранага зьместу: мовы набажэнстваў, у сваёй душпастырскай, місіянэрскай дзейнасьці, у шырокім кульце мясцовых сьвятых, што мусіць напэўна выяўляецца ў назвах храмаў. Нацыянальная Царква - гэта і ўласная царкоўная традыцыя ў сьпевах і музыцы, пэўныя асаблівасьці ў самым набажэнстве, уласная традыцыя ў архітэктуры, у сакральным мастацтве. Ва ўсім гэтым ёсьць душа народу, яго мэнталітэт, яго тэмпэрамэнт. Ну і безумоўна, яна не павінна быць адарваная ад народу, яна павінна жыць яго клопатамі, радасьцямі. Яна мусіць весьці свой народ да Бога, да лепшага жыцьця, паказваць, вучыць, дапамагаць разьбірацца ў складанасьцях сёньняшняга часу. Канешне, яна ня мусіць займацца палітыкай, ня мусіць ісьці на паваду ў тых, хто мае грошы і ўладу. Яна мусіць быць маральным, духоўным аўтарытэтам».

Гаварыў Ігар Бараноўскі. І яшчэ паслухаем думку Праф. Івана Чароты.

(Чарота:) «Як навуковец, літаратар, як вернік, я натуральна маю пэўны досьвед. Я займаўся дасьледаваньнем уніі, займаўся таксама пытаньнем значэньня праваслаўнага чыньніка ў нацыянальнай ідэнтыфікацыі беларусаў. Мы ведаем веравызнаньні, канфэсіі, якія ідэнтыфікуюцца праз нацыянальны пачатак. Я як праваслаўны маю ўласны досьвед, зьвязаны з Сэрбскай Праваслаўнай Царквою. Ня ў меншай ступені можна гаварыць і пра Грузінскую Праваслаўную Царкву, пра Расейскую. Тут, па-мойму, істотна зрабіць уводную заўвагу, якую звычайна ніхто ня ўлічвае. У Сьвятым Пісаньні сказана: калі дом разьделіцца сам у сабе, ня можа устаяць дом той. Калі царства разьдзеліцца, ня можа ўстаяць царства тое». Нацыя ў любым выпадку - гэта «саборная сьвядомасьць» і «саборная духоўнасьць». І захаваньне Царквы - гэта ні ў якім разе ня справа ўлады, палітыкаў, нават не ерархаў. Гэта і кампэтэнцыя і абавязак і роля і функцыя народу божага. Між тым, калі народ падзяліўся на розныя канфэсіі, немагчыма ідэнтыфікавацца праз гэтую шматлікасьць. Часьцей за ўсё гаворыцца, вылучаецца як станоўчая рыса і якасьць беларускага этнасу сужыцьцё розных канфэсіяў. Гэта дылетанцкае азначэньне, гэта падыход абсалютна неправамерны ў размовах на такую тэму. Вылучэньне нацыянальнага становіцца ня ўласна вырашальным на ўзроўні духоўным. Яно становіцца вырашальным на ўзроўні палітычным, бо і падзелы адбываліся пераважна пад уплывамі палітычнымі. У выніку ўзьнікае канфліктнасьць і вельмі непажаданыя моманты і вынікі».

Гэтак лічыць прафэсар Іван Чарота. Такім чынам, ці добра гэта ці дрэнна, усе згодныя ў тым, што «нацыянальная Царква» нашым разуменьні - гэта проста факт. Незважаючы на сказанае ва ўступе, хачу сказаць, што Царква - не маналіт, і сама яна не імкнецца да гэтага. Гэтак, як неаднолькавыя дрэвы ў лесе, так і Царква - гэта еднасьць у разнастайнасьці і разнастайнасьць у еднасьці.

Гэтая разнастайнасьць Царквы цудоўным чынам выявілася ўжо ў дзень ейнага заснаваньня - у сьвята Пяцідзясятніцы. Тады апосталы, мала адукаваныя гэбраі, раптам загаварылі на шматлікіх мовах тых народаў, якія ў той час знаходзіліся ў Ерусаліме. Несумненна, гэтаму багацьцю моваў адпавядала багацьце культур і мэнталітэтаў. Царква не супраціўляецца таму, што ўсе народы славяць Бога па-свойму - нават уключаючы мясцовыя песьні і танцы.

У падзячнай малітве першых хрысьціянаў гаварылася: «Так, як гэты раскрышаны хлеб некалі быў расьсеяны і рос на росных узгорках, каб пасьля быць сабраным у адно, гэтак і Царква Твая хай будзе сабраная з усіх канцоў зямлі ў Царстве Тваім». Так, як кожнае зерне дасьпявае на месцы, дзе было пасеяна, гэтак і кожны чалавек жыве там, дзе яму Бог прадвызначыў, і кожны павінен імкнуцца разьвіваць дабрадзейнасьці спосабам, характэрным для яго краіны. Пры наяўнасьці хрысьціянскай любові, разнастайнасьць народаў, мэнталітэтаў і культур вядзе да прынцыпу ўзаемнага абагачэньня. Гэта неабходная перадумова усякай прыгажосьці і дасканаласьці.

У такім выпадку, ці ў нейкім сэнсе можна гаварыць пра «нацыянальную Царкву» ў Беларусі? Калі ласка, Алесь Анціпенка:

(Анціпенка:) «Праваслаўе тут у Беларусі - гэта ня ёсьць беларуская нацыянальная Царква. Ці можна гаварыць пра нейкія іншыя канфэсіі? Можна ў пэўным сэнсе гаварыць пра нейкае нацыянальнае пасланьне ўніяцкай Царквы ў Беларусі, пра пэўнае нацыянальнае пасланьне каталіцкага Касьцёлу, бо мы ведаем, што апошнімі гадамі ў касьцёле даволі інтэнсіўна адбываецца зьмена ў накірунку беларускай пазыцыі, сьцьверджаньня мовы як сродку камунікацыі і вернікаў з Богам і вернікаў міжсобку. Так што пра пэўную нацыянальную ролю, як уніяцкай Царквы так і каталіцкага Касьцёлу, думаю, можна гаварыць».

Пра нацыянальную ролю каталіцкай і грэка-каталіцкай Цэркваў у Беларусі, але толькі ў некаторай ступені - можна гаварыць - лічыць Алесь Анціпенка. А што думае наконт гэтага праф. Чарота?

(Чарота:) «Тое, што ў апошні час вылучылася у нейкі нават лёзунг тэза, што ўніяцтва ёсьць нацыянальная Царква Беларусаў, гэта ідэалягема чыстай вады, паліталягема. Уніяцтва за апошнія дзесяць гадоў, калі была магчымасьць сьцьвердзіцца яму нейкім чынам, ня меншая, скажам, як Праваслаўю, як іншым канфэсіям, яно ж ня сьцьвердзілася. І гэта пацьвярджае, што няма там нічога апроч палітыкі. Я нават высьвятляў, наколькі істотная і правамерная спасылка, скажам, на Максіма Багдановіча як носьбіта ўніяцкай ідэалёгіі. І прыйшоў да высновы, што не, нельга аб гэтым гаварыць. Мы зноў жа з прычыны пазацаркоўных чыньнкаў, фактараў перабольшваем маскоўскасьць Праваслаўя, а зьмяншаем яго ўнівэрсальнае значэньне і таксама недаацэньнваем тую частку і ўжо пэўную складзеную мадыфікацыю «заходнерускага», як называлася раней, ці беларускага, як правамерна было б называць цяпер, Праваслаўя. Яно таксама ёсьць».

Гаварыў праф. Іван Чарота. Паўтаруся тут: кожны можа мець свой погляд. Як кажуць, ніхто ня мае гэтулькі рацыі, каб прынамсі крыху яе ня меў другі бок. Паслухайма яшчэ меркаваньне Ігара Бараноўскага:

(Бараноўскі:) «Я б сказаў, у Беларусі, як мне здаецца, найбліжэйшая сёньня прынамсі Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква, нягледзячы на яе невялікую колькасьць як вернікаў, так і парафіяў. На жаль, відаць, іншыя Цэрквы, як рыма-каталіцкая, толькі на шляху да гэтага. Там усё яшчэ моцны ўплыў польскасьці, нават у беларускіх выявах каталіцызму лацінскага абраду. Тое самае, на жаль, можна сказаць і пра пратэстантаў. Яны, як правіла, ня тое што варожа ставяцца да беларускасьці, але ігнаруюць яе ў мэтах, як яны лічаць, місіянэрскіх. Праваслаўная Царква, на жаль, выяўляе часам нават агрэсіўнае стаўленьне да беларушчыны. Яна безумоўна ня мусіць вучыць людей беларускай мовы, але яна прынамсі не павінна прапагандаваць мову чужога народу. З гэтага пункту гледжаньня, мы сёньня маем праблему з вызначэньнем нацыянальнай Царквы. Напэўна, ёсьць Цэрквы, якія маюць толькі некаторыя задаткі, каб стаць нацыянальнай».

Гэтак лічыць Ігар Бараноўскі. Прызнаюся, што і я маю свой погляд у гэтым пытаньні. Ён у асноўным супадае з думкамі, якія толькі што прагучалі. Нацыянальная Царква - гэта рэальнасьць, але ў Беларусі такой Царквы, на жаль, няма. Такая агульная выснова з нашай сёньняшняй гутаркі, за удзел у якой я дзякую маім знакамітым суразмоўцам: Івану Чароту, Алесю Анціпенку і Ігару Бараноўскаму. А што думаеце Вы, шаноўныя слухачы? Пішыце.

А зараз прапануем вам рэлігійную гутарку айца Аляксандра Тарасевіча, вікарнага сьвятара каталіцкага Менскага Катэдальнага Сабору, прысьвечаную пачатку Вялікага Посту:

(а. Аляксандар Тарасевіч:)

«Дарагія браты й сёстры ў Хрысьце і ўсе людзі добрай волі!

Праз пару дзён мы распачнем Вялікі Пост - час, у якім мы ў асаблівы спосаб будзем рыхтавацца да ўрачыстасьці Ўваскрэсеньня нашага Пана Езуса Хрыста.

Калісьці, у старажытнай традыцыі Каталіцкага Касьцёлу наогул падчас Посту вельмі шмат было суровых практык аскетычнага жыцьця. Аднак цяпер Касьцёл намагаецца паказаць нам ужо іншы бок падрыхтоўкі да сьвята Ўваскрэсеньня. І менавіта таму ўжо цяпер ня ставіцца націск на тым, каб чалавек пасьціўся, не ўжываючы ні мяса, ні алькаголю, ні якіх іншых прадуктаў харчаваньня, а большую ўвагу зьвяртаецца на тое, каб чалавек больш часу ў гэты пэрыяд Посту прысьвяціў малітве, жыцьцю ў Божай прысутнасьці. Каб мы у гэты час менш глядзелі па тэлебачаньні забаўляльныя праграмы, каб у гэты час адмаўляліся ад нейкіх урачыстасьцяў, каб менш хадзілі ў месцы, дзе гучна можна весяліцца, а больш заняліся справамі, якія сапраўды мілыя Богу, больш часу прысьвяцілі сям'і, тым людзям, якія асабліва патрабуюць нашай дапамогі. Можа ў кагосьці ёсьць хворая маці, што жыве адна, альбо яшчэ хто-небудзь з блізкіх сапраўды патрабуе, каб яго наведаць. Бо Вялікі Пост нагадвае нам тое, што мы павінны рабіць заўсёды. Каб мы ў гэты час заглянулі ў якую-небудзь рэлігійную кнігу, якая нам адкрые Божыя праўды, тэалягічную кнігу. Тое, што можа вельмі рэдка робім. Каб мы ў гэты час часьцей бывалі ў храме, ня толькі па нядзелях, але ў буднія дні. Вялікі Пост - гэта час чаканьня, падрыхтоўкі сваёй душы, і каб мы толькі праз увесь гэты пэрыяд аб гэтым памяталі. Каб не забываліся на гэта, калі прыходзіць да нас спакуса адыйсьці ад гэтага духу пакаяньня, Божай прысутнасьці. А можа так стацца, што асабліва ў гэты час гэтыя спакусы прыйдуць да нас. З другога боку нельга ніколі адмаўляцца ад нейкай прапановы годнай і добрай, няхай яна нават не ў пару прыйшла, кажучы, што я пашчу, я не магу. Гэты час вучыць нас таксама і добрых адносінаў паміж намі.

І на гэты час жадаю вам вытрымкі, каб правільна разумеючы дух сьвятога Посту, мы вытрымалі ў добрых пастанаўленьнях, асабліва калі нехта мае дрэнную звычку - каб у гэты час сапраўды паспрабаваў яе выкараніць, пазбыцца яе. Ва ўсім гэтым няхай Бог багаслаўляе і дапамагае.

Амін.»

© 1995-1998 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org