RFE/RL |
Беларускія цэрквы і міжканфэсійныя шлюбыУдзельнікі: сакратар Гарадзенскай праваслаўнай эпархіі айцец Анатоль Ненартовіч, ксёндз менскай Рыма-каталіцкай катэдры Аляксандар Тарасэвіч і баптысцкі пастар зь Менску Віктар Немцаў. (эфір 5.02.2000). Аўтар і вядучы Сяргей Абламейка. Добры дзень! Ля мікрафону Сяргей Абламейка. Беларусь сёньня, як і большасьць краінаў сьвету – шматканфэсійная. Сярод іншых наступстваў такое сытуацыі не апошняе месца займаюць міжканфэсійныя шлюбы. Некаму можа падацца, што ў сёньняшніх умовах – гэта цалкам маргінальная тэма: дзе сёньня знойдзеш рэлігійную моладзь, і дзе ўзяць людзей сярэдняга веку з рэлігійным выхаваньнем? За савецкім часам людзей выхоўвала не царква, але партыя… Тым ня менш, відавочна і іншае. А менавіта – рост папулярнасьці рэлігіі і цэркваў у Беларусі. Зрэшты і раней, асабліва ў сельскай мясцовасьці ў Заходняй Беларусі праблема міжканфэсійных шлюбаў не была маргінальнаю. Не такімі рэдкімі былі нават канфлікты паміж бацькамі малжонкаў за права павянчаць маладых у царкве ці касьцёле. А сёньня яшчэ і пратэстанцкія дэнамінацыі робяць посьпехі ў сваёй місіі ў Беларусі. Баптысцкіх і пяцідзесятніцкіх суполак у краіне напэўна ўжо больш за 700. У гэтым сэнсе Беларусь не адрозьніваецца ад астатніх эўрапейскіх краінаў. І вось, якое ж стаўленьне сёньняшніх цэркваў Беларусі да міжцаркоўных шлюбаў? Засталіся яны на старых кансэрватыўных пазыцыях, альбо праявілі гнуткасьць і далі адказ на выклікі нашага часу? Гэтай тэме і будуць прысьвечаныя тры мае сёньняшнія гутаркі з прадстаўнікамі праваслаўнай, каталіцкай і баптысцкай цэркваў Беларусі. Першы званок – у Гародню, сакрактару Гарадзенскай праваслаўнай эпархіі айцу Анатолю Ненартовічу. (Абламейка: ) “Айцец Анатоль, якія вымогі прад’яўляе праваслаўнае веравучэньне людзям, якія бяруцца шлюбам у сэнсе іх прыналежнасьці да пэўнай веры? Яны павінны быць абавязкова абодва праваслаўныя ці не?” (Ненартовіч: ) “Асабліва ў нас тут, у Гародні, мы асабліва часта сустракаемся з такімі выпадкамі, калі або нявеста або жаніх належаць да іншай канфэсіі, скажам, Рыма-каталіцкай, і заўсёды знаходзімся ў складаным становішчы, таму што часта бывае так, што жонка, напрыклад, ня хоча далучацца да веры мужа і застаецца на веры каталіцкай, але шлюб яны бяруць у царкве. І канешне тут ёсьць свае праблемы ў далейшым жыцьці. Таму мы ім прапануем, каб яны выбралі нейкую адну веру, і, узяўшы шлюб у царкве, каб яны заставаліся ўжо праваслаўнымі”. (Абламейка: ) “Ну гэта вы так прапануеце. Ну а калі, скажам, партнэр не каталіцкай веры, а пратэстанцкай, ці вы дасьцё такі шлюб?” (Ненартовіч: ) “Ведаеце, напрыклад Апостал Павал у сваім Пасланьні да карынцянаў кажа, што шлюб можа стаць асьвячэньнем і выратаваньнем нават для няверуючага. Ён гаворыць пра тое, што калі брат мае жонку няверуючую, і яна згодная жыць зь ім, ён не павінен пакідаць яе, таму што няверуючая жонка асьвячаецца праз веруючага мужа і наадварот. Таму, канешне, у нас рэдка бываюць такія выпадкі, але мы іх разглядаем і дазваляем такі шлюб”. Гаварыў айцец Анатоль Ненартовіч. Як бачыце, нават Праваслаўная царква ў сучасных умовах праяўляе гнуткасьць у пытаньнях шлюбу. Як сказаў айцец Анатоль Ненартовіч, будучым малжонкам прапануюць выбраць адну веру, пажадана праваслаўную, але могуць дазволіць і шлюб нават з пратэстантам, не кажучы ўжо пра католіка. Вось такія рэаліі сёньняшняй Беларусі. Наступны мой званок быў да баптысцкага пастара зь Менску Віктара Немцава. У яго я вырашыў спытацца ня толькі пра падыход ягонай царквы да міжканфэсійнага шлюбу, але й да шлюбу ўвогуле. І вось чаму. У маёй памяці надоўга захаваўся 10-гадовай даўніны аповед аднаго вельмі вядомага сёньня ў Беларусі баптысцкага дзеяча пра ягоны шлюб. Коратка яго пераказаць можна так. Вырашыў ён, што яму пара жаніцца. Дачуўся, што ў маскоўскай баптысцкай царкве шмат незамужніх сёстраў. Паехаў туды, пабыў на набажэнстве, прыгледзеў адну сястру, падышоў і прапанаваў разам памаліцца – можа Бог падкажа нешта абаім наконт сумеснага жыцьця. Памаліліся і… вырашылі пабрацца. І жывуць да сёньня шчасьліва, маючы (ужо ня ведаю дакладна) чатырох ці пяцёх дзяцей…Вось так, бывае, жэняцца баптысты. Дык вось званок баптысцкаму пастару Віктару Немцаву, які, дарэчы, працуе над кнігай пра сям’ю. (Абламейка: ) “Віктар Сільвеевіч, як вашая дэнамінацыя ставіцца да шлюба ўвогуле?” (Немцаў: ) “Нашая дэнамінацыя як і ўсе хрысьціяне вельмі сур’ёзна адносіцца да шлюба, і мы лічым, што гэта пытаньне займае другое месца пасьля прыняцьця Хрыста ў сэрца. Бо ад таго, які будзе шлюб, якая будзе сям’я, якое будзе выхаваньне – залежыць вельмі многае. І таму мы вельмі шмат надаем увагі і вучым маладых людзей, каб яны вельмі сур’ёзна ставіліся да гэтага кроку. Мы лічым, што фундамэнтам, падмуркам усялякага шлюбу павінна быць любоў. Кожны чалавек у гэтае слова ўкладае розныя значэньні, але ў дадзеным выпадку мы маем перш за ўсё любоў-“агапэ”, тую любоў, якая імкнецца аддаваць, а не забіраць, і зь якой чалавек ці шлюбная палова жыве для другога. Гэтая любоў лепш а ўсё апісаная ў Пасланьні Апостала Паўла да карынцянаў у разьдзеле 13 з 4 па 8 верш. І сёньня вельмі часта людзе не адрозьніваюць улюбёнасьць і любоў. Бо першая можа хутка зьнікаць, а сапараўдная – застаецца назаўсёды. Ёсьць любоў “агапэ”, ахвярная любоў, любоў “філіо” – таварыская, сяброўская, агульныя інтарэсы, супольнасьць, любоў “эрас” і рамантычная любоў, якую часьцей за ўсё называюць каханьнем, любоў “сторвэ” ці прыхільнасьць адно да аднога, якая падобная да любові бацькоў і дзяцей. Усе гэтыя бакі любові адлюстроўваюць адзін дар Божы і для дасягненьня
шчасьця ў сямейным жыцьці павінны гарманічна зіхацець.
(Абламейка: ) “Віктар Сільвеевіч, у людзей, якія незнамёмыя з вашай дэнамінацыяй, існуе стэрэатып, наколькі я ведаю, што што баптысты бяруць шлюб толькі з баптыстамі. Як быць, калі хлопец з вашай царквы закахаецца ў дзеўчыну, якая ня ёсьць баптысткаю?” (Немцаў: ) “Чалавеку можа спадабацца зьнешне адпаведная палавіна, але гэта ўлюбёнасьць, якая можа перарасьці ў сапраўдную любоў, а можа і зьнікнуць. Каб сапраўды любіць сваю будучую палавіну, акрамя зьнешняга выгляду павінна спадабацца душа, павінна быць – у ідэале – адзінства духа, душы і цела. Пачуцьці ўпрыгожваюць любоў і сямейнае жыцьцё, але трывалым шлюб робяць адзінства духа і душы. І што тычыцца пытаньня, ці можа вернік зьвязаць сваё жыцьцё зь няверуючым чалавекам, дык Біблія на гэта адказвае – не. Гэта ёсьць у Другім Пасланьні да карынцянаў – шосты разьдзел, так сама Першае Пасланьне да карынцянаў – сёмы раздзел, Пасланьне да рымлянаў – сёмы раздзел, другі і трэці вершы. І калі мы гаворым, ці можа вернік нашай царквы выйсьці замуж ці жаніцца на дзяўчыне з другой дэнамінацыі, дык мы кажам – так, калі яны вераць у аднаго Ісуса Хрыста, калі яны маюць нараджэньне звыш, калі сапраўды ёсьць вера, не намінальная, а сапраўдная вера. Тады няма ніякай забароны. Але калі няма адзінства духоўных інтарэсаў, адзінства душы, дык Пісаньне кажа такой пары – не”. (Абламейка: ) “Значыць, я мог бы падсумаваць вашыя словы такім чынам: шлюб зь няверуючым непажаданы, але зь вернікам іншай канфэсіі ён можа быць?” (Немцаў: ) “Можа, калі гэты вернік мае сапраўдную веру і мае дар Духа Сьвятога”. Гаварыў пастар Віктар Немцаў. Нагадаю, што вы слухаеце “Сымбаль Веры”. Удзел у перадачы бяруць сакратар Гарадзенскай праваслаўнай эпархіі айцец Анатоль Ненартовіч, ксёндз менскай катэдры Аляксандар Тарасэвіч і баптысцкі пастар зь Менску Віктар Немцаў. Вядзе перадачу Сяргей Абламейка. Як мы чулі з аповяда Віктара Немцава, тут ўжо ёсьць нюансы. Баптысты таксама дазваляюць міжканфэсійны шлюб, але не дазваляюць шлюб зь няверуючымі, тым больш зь нехрысьціянамі. Здаецца, што гэта таксама прагрэс. Бо раней баптысты былі досыць замкнутай групай. І апошняя на сёньня размова – з ксяндзом Менскай рымска-каталіцкай катэдры айцом Аляксандрам Тарасэвічам. Я таксама запытаўся ў яго пра стаўленьне католікаў да міжканфэсійнага шлюба. (Тарасэвіч: ) “Каталіцкая царква ў такіх выпадках паступае наступным чынам. Мы глядзім, да якой царквы ці канфэсіі належыць другая асоба, ці гэта прадстаўнік Праваслаўнай царквы, ці нейкай іншай хрысьціянскай супольнасьці, ці наогул нехрысьціянін. Ва ўсіх гэтых сытуацыях ёсьць свае спосабы вырашэньня. Калі ў асобы, якая хоча заключыць шлюб з каталіком, ёсьць добры намер, і бачнае шчырае жаданьне шчасьця ў сям’і, дык напэўна блаславенства можна атрымаць”. (Абламейка: ) “Адзінае, што немагчыма, значыць, зь нехрысьціянамі, так?” (Тарасэвіч: ) “А нават і зь нехрысьціянамі. Памятаем думку Сьвятога Пісаньня аб тым, каб прыводзіць і іншых да Хрыста, нават праз тое, каб мець адзін шлюб. Хрысьціянін мае магчымасьць праз жыцьцё ў шлюбе прывесьці іншага чалавека да Хрыста. Ну і вядома, што Хрысьціянства ёсьць місійнае, усьведамляе сваю місію ў пашырэньні Эвангельля, абвяшчэньня яго ўсім людзям. Дык вядома, што і праз шлюб гэта можна рабіць. Гэта ёсьць магчымасьць непасрэднага абвешчаньня Эвангельля праз усё сваё жыцьцё, і чаму б гэтага не блаславіць”. (Абламейка: ) “Як я вас зразумеў, можна блаславіць шлюб і з нехрысьціянінам у спадзяваньні, што адзін з партнэраў, вернік прывядзе яго да Хрыста?” (Тарасэвіч: ) “Так, так”. (Абламейка: ) “Бо я перад вамі гутарыў з баптысцкім пастарам. Ён сказаў, што шлюб яны бласлаўляюць толькі зь вернікамі, калі ня вернік – дык не. Эвангельле, маўляў, забараняе шлюб зь нявернікам”. (Тарасэвіч: ) “Я наўмысна тут не казаў аб усіх складанасьцях, якія тут ёсьць, але практычна гэта магчыма і бывае магчыма. Адзінае, што ў такой сытуацыі пад складанасьцямі я разумею, што пэрсанальна падыходзім да такой сытуацыі, у першую чаргу біскуп. Ён вырашае ў кожным выпадку асабіста, да яго пішацца зварот, што вось пэўная асоба хоча злучыцца шлюбам з такой асобай, але калі чалавек сапраўды хоць і ня верыць, але ня супраць удзелу ў гэтым сакрамэнце, я маю на ўвазе тую асобу, якая ёсьць некаталіцкай, дык такі дазвол звычайна астрымоўваецца”. (Абламейка: ) “Я ведаю, што таксама важную ролю ў блаславеньні такога міжканфэсійнага шлюбу ў Каталіцкай царкве адыгрывае яшчэ абяцаньне выхоўваць дзяцей у адпаведным духу, у каталіцкім духу”. (Тарасэвіч: ) “Так, вы маеце рацыю. Каталікі маюць абавязак менавіта ў сваім шлюбе выхоўваць дзяцей па-каталіцку. І таму гэта таксама прымаецца пад увагу, калі вось паўстае пытаньне аб блаславеньні шлюбу. Ці будзе там магчымасьць выхаваць дзяцей па-каталіцку? З адказам на гэтае пытаньне другога боку зьвязваецца і рашэньне аб дазволе блаславіць такі шлюб”. Гаврыў ксёндз Аляксандар Тарасэвіч. Католікі, як мы чулі, могуць дазволіць нават шлюб з нехрысьціянінам у спадзяваньні, што адзін з малжонкаў наверне партнэра. Шлюб з праваслаўным ці баптыстам ня лічыцца ў іх недазволеным. Яшчэ адно адрозьненьне ад папярэдніх пазыцыяў – абавязак католіка, які бярэ шлюб з чалавекам іншай веры альбо і з бязбожнікам, выхоўваць дзяцей ад гэтага шлюба ў каталіцкім духу. Гэта – абавязковая ўмова. Як бачым, пазыцыі, прадстаўленыя маімі суразмоўцамі, досыць талерантныя. А талеранцыя, як вядома, прыкмета эўрапейскай культуры. І здаецца, што нават абмеркаваньне такой маргінальнай на першы погляд тэмы як міжканфэсійныя шлюбы, можа паказаць, што Беларусь, нягледзячы на сваю гаротную гісторыю апошніх стагодзьдзяў і высілкі ўсходніх суседзяў, усё яшчэ застаецца эўрапейскай краінай. Сяргей Абламейка, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |