RFE/RL |
|
Сымбаль Веры
Аб сэнсе малітвы
Ёсьць старая духоўная гісторыя пра настаўніка, які казаў людзям, як страшна будзе на Апошнім Судзе, калі Бог будзе пытацца ў нас пра ўсе нашыя грахі. Другі настаўнік, які праходзіў міма, пачуў гэтыя словы і сказаў: «Не палохай людзей. Бог шмат пытацца ня будзе. Ён толькі скажа - сыне мой, Я быў з табою, а ты быў з кім?» Гэтая гісторыя закранае сутнае для нас усіх пытаньне дачыненьняў між Богам і намі. Бог ня толькі стварыў сьвет, але і ўсё ягонае йснаваньне. Ён усюды прысутны. Як пра Яго сказаў сьвяты Павал у сваёй прамове на арэапагу ў Атэнах, «Ён недалёка ад кожнага з нас, у Ім мы жывем, і рухаемся, і йснуем». Такім чынам, Бог заўсёды з намі. Але ці мы зь Ім? Ці ўсьведамляем Ягоную прысутнасьць? Усьведамленьне Божай прысутнасьці прыходзіць праз малітву, якую сьвяты Ян Дамаскін назваў узьнясеньнем думкі й сэрца да Бога. Малітва - гэта перш за ўсё сьвядомы зварот чалавека да свайго Творцы. З усьведамленьнем прыходзіць пазнаньне і нарэшце жаданьне быць заўсёды зь Ім. Малітва як зварот чалавека да Бога ляжыць у аснове кожнай рэлігіі, якая вызнае існаваньне бясконцай істоты. Стары Запавет пакінуў нам прыклады такіх цудоўных малітваў, як песьня Майсея пасьля пераходу праз Чырвонае мора: «Памочнік і Апякун мой стаўся маім збаўленьнем. Ён – Бог мой, і я ўслаўлю Яго; Бог айца майго і буду зычыць Яго». Альбо вось песьня Ісаі Прарока: «Душа мая ўночы прагне Цябе. Мой дух шукае Цябе пільна. Бо калі прысутнасьць Твая сыходзіць на зямлю, усе жыхары сьвету вучацца справядлівасьці». Для хрысьціянаў малітва мае асаблівае значэньне. Пасьля таго, як Бог стаўся чалавекам, Ён даў нам моц быць дзецьмі Божымі, удзельнікамі Боскага жыцьця. Такім чынам, для хрысьціяніна малітва стаецца вызнаньнем ягонага Боскага ўсынаўленьня. Госпад Ісус Хрыстос як Бог быў дасканала зьяднаны з сваім Нябесным Айцом, зь якім Ён ніколі не разлучаўся. Як чалавек Ён меў патрэбу ў малітве. Часта, адпусьціўшы народ, які прыходзіў слухаць Ягоныя малітвы, Хрыстос ішоў у пустыннае месца або на гару, каб памаліцца на самоце. На апошняй вячэры Хрыстос маліўся за сваіх вучняў і за тых, хто меў паверыць у Яго, дзякуючы іхнаму навучаньню. Часта ў прысутнасьці людзей у Яго вырываліся натхнёныя словы хвалы ў гонар Нябеснага Айца: «Слаўлю Цябе, Ойча, Госпадзе неба й зямлі, што Ты схаваў гэта ад мудрых і разумных, а адкрыў малым дзеткам. Так, Ойча, бо такая была Твая добрая воля». Хрыстос навучаў сваіх вучняў аб патрэбе малітвы. Казаў «Чувайце й малецеся ўвесь час, каб вам пазьбегнуць усіх бедаў, якія могуць быць, і стаць перад Сынам Чалавечым. Калі стаіцё ў малітве, прабачайце, калі маеце што супраць каго, каб Айцец Нябесны прабачыў вам вашыя правіны. Непахісная вера. Майце веру божую - усё, чаго ні папросіце ў малітве, верце, што атрымаеце. І будзе вам гэта. Маліцца трэба з пакорай, як мытнік, які ня сьмеў узьняць вочы да неба, але біў сябе ў грудзі і казаў - Божа, будзь спагадлівы да мяне, грэшнага. Прасеце - і будзе вам дадзена. Шукайце - і знойдзеце. Стукайце - і адчыняць вам. Калі молішся, ня будзь, як крывадушнікі, якія любяць у сынагогах і на скрыжаваньнях затрымаўшыся маліцца, каб паказаць людзям. Ты ж, калі молішся, увайдзі ў твой пакой, зачыні за сабою дзьверы і памаліся Айцу Твайму». Адначасна Хрыстос напамінаў вучням аб неабходнасьці й важнасьці малітвы супольнай. «Сапраўды кажу вам, калі двое з вас згодзяцца на зямлі прасіць аб якой-колечы рэчы, то чаго б вы ні папрасілі, будзе ім ад Айца майго Нябеснага, бо дзе двое ці трое сабраныя ў імя Маё, там і Я сярод іх». Ды і ў малітве, якой Ён навучыў, Ён кажа да Айца Бога «Ойча наш», а не «Ойча мой», паказваючы, што гэта мэта ўсёй сьвятой Царквы Хрыстовай. Сьвяты апостал Якуб пісаў: «Ільля быў чалавекам, падобным да нас, але маліўся моцна, каб не было дажджу, і не было дажджу на зямлі праз тры гады й шэсьць месяцаў. Ізноў памаліўся - і неба дало дождж, і зямля прарасьціла свой плод». Як у часы прарока Ільлі, так і цяпер шчырая малітва адчыняе неба і дае праліцца струменям Божае ласкі. Айцец Аляксандар Надсон, апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў усходняга абраду |
© 1995-1998 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |