RFE/RL |
|
Сымбаль Веры
Велікоднае пасланьне айца Аляксандра Надсана, апостальскага візытатара для беларусаў-каталікоў Усходняга абраду
Улетку мінулага году я атрымаў у падарунку крыж, аплецены, быццам цярновымі галінкамі, жорсткай вяроўкай зялёнага колеру, на якой квітнеюць пышныя ружы. Прыслала яго зь Беларусі маці аднаго хлочпыка, які памёр на лейкоз. Я добра памятаю гэтага мілага і вясёлага хлопчыка, які раней быў у нас на адпачынку разам з групай іншых беларускіх дзяцей. Нішто тады не прадказвала, што ягонае жыцьцё абарвецца так хутка. Апошні раз я пабачыў яго ў Беларусі, у шпіталі, дзе ён ляжаў без надзеі на паправу. Я сустрэў тады і ягоную маці, бедную, спрацаваную, адзінокую — яна была ўдавою — жанчыну. Як многія зь ейнага пакаленьня, што нарадзіліся і жылі пры савецкім рэжыме, яна ня мела ніякага рэлігійнага ўзгадаваньня. Сын быў для яе ўсім, і безь яго ейнае жыцьцё траціла сэнс. Я бачыў ечны боль, і мне хацелася суцешыць яе, сказаць нешта добрае, але мяне ўстрымлівала думка, што ўсё, што б я ні сказаў, гучала б павярхоўна і непераканаўча. Калі я яшчэ быў маладым сьвятаром, у маёй самаўпэўненасьці хацеў суцешыць некага, хто страціў дарагую сабе асобу, і атрымаў адказ: «Вы, айцец, нічога не разумееце». Гэта была для мяне навука на ўсё жыцьцё. Пытаньне цярпеньня ў людзкім жыцьці, асабліва цярпеньня праведніка, ад самага пачатку не давала спакою людзям. Гэтаму пытаньню прысьвечаная старазапаветная кніга Ёва, які быў правобразам праведнага пакутніка. Адно было ясна, што погляд, быццам Бог аўтаматычна ўзнагароджвае добрых і карае дрэнных, занадта спрошчаны і не адпавядае сапраўднасьці. Але як тады пагадзіць гэта з Божай дабрынёй і справядлівасьцю? Прарок Ярэма пытаўся: «Ты, Госпадзе, маеш слушнасьць, калі спрачаюся з Табою; тым ня менш хачу зрабіць Табе закід: чаму доля нязбожных шчасьлівая і ўсім вераломным добра жывецца?» (Яр 12:5). Можа сапраўды Бог абыякавы да лёсу людзей і «робіць, каб сонца ўзыходзіла над добрымі і благімі, і пасылае дождж на праведных і няправедных» (Мц 5:45)? Пытаньне гэтае ўздымалася не адзін раз і ў сьвецкіх творах, у тым ліку і ў нашай літаратуры. Можна прыгадаць верш бацькі беларускага адраджэньня Францішка Багушэвіча «Бог няроўна дзеле», эпіграфам да якога паслужыла народная прыказка «Бог сіротаў любіць, але долі не дае». А Янка Купала, гледзячы на гаротны лёс свайго народу, зьвяртаецца да «Цара неба і зямлі»: «За што, о Божа, праведны, магучы
Аднак Бог даў адказ, хоць ён быў нечаканым для большасьці людзей. Ён сам стаўся чалавекам у асобе Ісуса Хрыста і пацярпеў сьмерць на крыжы. Такім чынам Ён можа сказаць нам: "Я разумею вас, бо я, стаўшыся адным з вас, зьведаў зьнявагі, зьдзекі, боль, страшэнную сьмерць на Крыжы. Я ведаю, што такое здрада, што значыць быць пакінутым праз прыяцеляў у часе найбольшай патрэбы. Ведаю, што такое беспрасьветная духоўная цемра і спусташэньне, калі здаецца нават Бог забыўся на цябе і з глыбіні душы вырываецца крык, поўны роспачы: Божа мой, Божа мой, чаму Ты мяне пакінуў? Нішто людзкое не чужое мне, і таму спачуваю вам." Сьвяты Павал пасьля скажа пра ўсё гэта: "Ён павінен быў стацца ва ўсім падобным да братоў, каб быць міласэрдным і верным Найвышэйшым Сьвятаром перад Богам, каб ачысьціць грахі народу. Бо як Ён сам цярпеў і быў выпрабоўваны, дык можа тым, што выпрабоўваюцца, дапамагчы" (Гэб 2:17-18). Такім чынам Крыж, на якім пацярпеў Хрыстос, стаецца для нас знакам Божае спагады. Можна сказаць, што ўсё зямное жыцьцё Хрыста праходзіла пад ценем Крыжа. Як Бог, Ён ведаў, што Яго чакае, і ягоная людзкая прырода, якую Ён успрыняў, не магла не дрыжэць і трывожыцца. Гэта праяўлялася ў ягоных выказваньнях: "Душа мая ўстрывожаная. Што ж мне сказаць? Ойча, выбаў мяне ад гэтае гадзіны! Але ж якраз дзеля гэтага, дзеля гэтай гадзіны, я прыйшоў! (Ян 12:27). Але Хрыстос, як Бог, непадуладны сьмерці. І вось Ён устае на трэці дзень і ўзьнімае з сабою людзкую прыроду, якую Ён успрыняў, і якая непадзельна зьяднаная з Боствам у Ягонай асобе. Такім чынам уваскрасеньне Хрыстовае -- гэта аднаўленьне людзкой прыроды ў Богу, узвышэньне да боскага жыцьця, перамога над сьмерцю. Гэта новы акт тварэньня. Сьвята Ўваскрасеньня Хрыстовага, Вялікдзень, называецца таксама Пасхаю Гасподняю. Пасха -- слова гэбрайскага паходжаньня і азначае "пераход". Першая Пасха -- гэта пераход гэбрэяў праз Чырвонае Мора пад кіраўніцтвам Майсея, які вывеў іх зь ягіпскай няволі да абяцанай зямлі. Другая Пасха, Вялікдзень, -- гэта таксама пераход, гэтым разам пад кіраўніцтвам Хрыста, ад сьмерці да вечнага боскага жыцьця. Але дарога туды вядзе праз Крыж. Бог не абяцае нам, што ў гэтым жыцьці будзем вольныя ад цяжкасьцяў і цярпеньняў. Наадварот, Ён сказаў: "Хто хоча ісьці за мною, хай адрачэцца ад сябе, возьме свой крыж і ідзе сьледам за мною" (Мк 8:34). Затое мы маем упэўненасьць нашай канчатковай мэты. І вось гэтая ўпэўненасьць дае нам сілу ісьці па паказанай нам Хрыстом дарозе, нягледзячы на ўсе цяжкасьці. Дый наш Правадыр не пакідае нас саміх, бо, як сказаў сьвяты Павал "Маем не такога архісьвятара, які б ня мог спагадаць нашым слабасьцям, але дасьведчанага ва ўсім на нашае падабенства, апроч граху. Дык наблізімся з даверам да пасаду ласкі, каб атрымаць міласэрднасьць і знайсьці ласку для дапамогі ў патрэбную хвіліну" (Гэб 4:15-16). Вось гэтая ўпэўненасьць нашай канчатковай мэты, і тое, што маем магутнага Памочніка ў нашых цяжкасьцях, ёсьць асноваю нашай вялікоднай радасьці. На заканчэньне хачу вярнуцца да таго, з чаго пачаў. Мне хочацца верыць, што для маці памерлага хлопчыка, у яе намаганьнях зразумець сваю балючую страту, удалося спасьцігнуць гэтую вялікую таямніцу Божае спагады. Магчыма яна хацела сказаць мне пра гэта, прыслаўшы крыж, аплецены цярновымі галінкамі, сярод якіх квітнеюць пышныя ружы. Няхай жа Госпад і Бог Наш Ісус Хрыстос, які, як кажацца ў адной з нашых царкоўных песьняў, "памёр як чалавек, і ўваскрос як Чалавекалюбец", у гэты вялікі і сьветлы дзень, напоўніць нашыя сэрцы глыбокай духоўнай радасьцю і супакоем, якіх ніякія нягоды і выпрабаваньні ня могуць пахіснуць, бо яны аснованыя на ўпэўненасьці нашага пакліканьня да ўдзелу ў Божым жыцьці. а. Аляксандар Надсан Вялікдзень 1999 |
© 1995-1998 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |