border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Сымбаль Веры


Каляднае пасланьне Першагіерарха Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы Мітрапаліта Мікалая

Дарагія й любасныя браты й сёстры!

Нараджэньне Хрыстовае не было вынятковым - яшчэ ў VII сталецьці да Хрыста прарок Ісая прадказваў прыход Сына Божага. Ён казаў: "Бо Дзіця нарадзілася нам і Сын Божы дадзены нам, і будзе ўлада на плячох Ягоных, і будзе названа імя Ягонае: Бог Дужы, Айцец Вечнасьці, Князь Міру. "Ісая таксама запісаў прароцтва: "Вось сам Госпад дасьць нам знак: вось Дзева ва ўлоньні зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя Эмануіл".

Сьвяты дзень Нараджэньня Хрыстовага - гэта ня толькі дзень нашае радасьці, веры й надзеі, але й роздуму над вартасьцю нараджэньня Караля Каралёў. Хто прынёс новую мараль жыцьця чалавеку і заклікаў яго да высокага духоўнага ўзроўню, каб заўсёды панавалі любоў і братэрства паміж людзьмі ў духу малітвы, якую ў дзень Нараджэньня Хрыстовага сьпяваюць вернікі ў сваіх сьвятынях: "Слава Богу на вышынях, а на зямлі супакой між людзьмі добрае волі".

Але перамога дабра над злом і цемраю даецца людзям нялёгка. Чалавеку патрэбная вера, малітва, сіла духу, а калі ён пакутуе - патрэбная міласэрнасьць, спагада, дапамога - тое, што мы маем ад Ісуса Хрыста. Гэтае падтрымкі патрабуем і мы, беларусы, як на Бацькаўшчыне, так і на эміграцыі. Колькі ліха, бяды й гора зазналі нашыя людзі! Зямля, наша Бацькаўшчына, таптаная, і надалей пакутуе ад людзей, якія стараюцца скарыць нас, зьнішчаючы нашую сьвятую мову, нашыя звычаі, нашую гісторыю й нашую культуру.

Адкуль бярэцца ліха? За што ўчыніў так Госпад зь зямлёю гэтаю? За тое, што яны пакінулі Госпада, Бога бацькоў сваіх і ўхапіліся за багоў іншых. За гэта Бог навёў на іх усё гэтае ліха. Хрыстос прыйшоў вызваліць людзей зь няволі грэху. Госпад наш Ісус Хрыстос абяцаў вызваленьне тым, што пакутуюць ад прыгнёту, і мы ведаем у кім палёгка: Прыйдзіце да мяне ўсе спрацаваныя і абцяжаныя, і я супакою вас. Вазьміце ярмо маё на сябе і навучыцеся ад мяне, бо я ціхі, пагоднага сэрца. І знойдзеце супакой душам вашым, бо ярмо маё добрае і цяжар мой лёгкі.

Заўсёды знаходзіліся ў нашым народзе людзі, якія добра ведалі, што трэба ў Бога шукаць падтрымкі, каб перанесьці ўсе цяжкасьці. Хрыстос прыйшоў да нас, каб паказаць, што рукі бяспраўных слабыя, бо да нас пасланае слова ратунку, бо мы ўсё спадзяваньне нашае маем у ласцы, якая дадзеная нам праз народжанага Ісуса Хрыста. Таму мы ў сіле зрабіць усе намаганьні, каб захаваць чысьціню сэрцаў нашых, напоўненых сапраўднай любоўю. Той любоўю, якою сын любіць бацьку - не ад страху, не ад спадзяваньня ўзнагароды, але ад чысьціні пачуцьця. Мець гэткую любоў - значыць быць вызваленымі, і нашыя душы няхай напоўняцца весялосьцю, каб вусны нашыя на нашай роднай мове засьпявалі песьню падзякі народжанаму Ратаўніку нашаму, каб чысты гук нашых малітваў быў пачуты і абудзіў нашую Бацькаўшчыну. Бо вось пасланае нам сьвятло праўдзівае, якое прасьвятляе кожнага чалавека, што прыходзіць на сьвет.

Хрыстос родзіцца - Яго слаўце!

Мітрапаліт Мікалай, Першагіерарх Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы (Таронта)

© 1995-1998 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org