RFE/RL |
|
Сымбаль Веры
Праблема царкоўнага календара (эфір 3 красавіка 1999)
Аўтар і вядучы Кастусь Бандарук Сёньня, акрамя традыцыйнай казані, у сэрыі гутарак на актуальныя, надзённыя пытаньні мы закранем тэму Вялікадня. Сёлета зноў гэтае вялікае, галоўнае сьвята ўсяго хрысьціянства будзе адзначацца асобна. Праваслаўная Царква толькі закончыла Вялікі Пост і Вялікдзень будзе сьвяткаваць толькі праз тыдзень. Ці гэтае несупадзеньне — істотная праблема? Ці варта ўздымаць пытаньне царкоўнага календара і шукаць спосабаў яго ўніфікацыі? (Бандарук:) Кожны раз, калі мы адзначаем вялікае сьвята, асабліва агульнахрысьціянскае, такое як Вялікдзень, зьвязанае з адной падзеяй, зноў і зноў уздымаецца пытаньне: а чаму ня разам? Няўжо Хрыстос двойчы уваскрос? Рознагалосьсі адносна ўніфікацыі царкоўнага календара працягваюцца ўжо не адно стагодзьдзе. Некаторыя лічаць, што яны другарадныя, недагматычныя, але іншыя падкрэсьліваюць факт, што з прычыны календара ня раз наступалі царкоўныя падзелы. Акрамя таго, наяўнасьць некалькіх календароў спрычыняе блытаніну і нязручнасьці. Для шмат каго проста ненармальна, што нават у рамках адной Царквы адны сьвяткуюць у адзін час, а другія ў іншы. Гэта тычыцца і Вялікадня: праваслаўныя фіны сьвяткуюць Вялікдзень разам з каталікамі, а ўсе астатнія праваслаўныя цэрквы — праз тыдзень. Усе календары больш або менш дакладныя ў параўнаньні з астранамічным годам, які налічвае 365,242199 сутак. Астранамічны год — адзіны сапраўдны гадзіньнік, запушчаны Богам, і заданьне кожнага календара — у меру магчымасьці пачуць гэты натуральны рытм і вылічыць яго. Свой каляндар мае таксама і Царква. Цяпер ужываюцца тры календары: юліянскі, новаюліянскі і грыгарыянскі. Што тычыцца Праваслаўнай Царквы, дык у цэрквах Ерусалімскай, Расейскай, Грузінскай і Сэрбскай захаваўся стары, юліянскі каляндар. У 9 цэрквах уведзены папраўлены заходні каляндар, які быў апрацаваны ў 1923 годзе і называецца «новаюліянскім». Ён больш дакладны за грыгарыянскі, але не ахоплівае пасхаліяў. У суседняй Польшчы функцыянуюць адначасова два календары. Канстантынопальскі Патрыярхат таксама прыняў гэтак званы «новы стыль», але на Афоне практыкуецца стары. Такім чынам, усе Праваслаўныя Цэрквы сьвяткуюць Вялікдзень таго самага дня, і толькі адзіная Аўтаномная Фінская Царква перайшла поўнасьцю на грыгарыянскі каляндар уключна з датай Вялікадня. Ці такое разыходжаньне нармальнае? З гэтым пытаньнем я зьвяртаюся да маіх сёньняшніх суразмоўцаў: загадчыка катэдры славістыкі БНУ, сакратар Біблейскай камісіі і рэдактара часопісу ПРАВАСЛАЎЕ, праваслаўнай члена Брацтва Трох Віленскіх Пакутнікаў у Менску Тацяны Матрунчык, і грэка-каталіка Ігара Бараноўскага, намесьніка рэдактара часопісу «Царква». Паслухаем меркаваньне праф. Чароты: (Чарота:) «Каляндарнае пытаньне — гэта дагматычная праблема ці не? Звычайна кажуць, што не. Але, скажа я сам сябе пытаюся: а чаму ж тады ўзьнікла стараабрадзкая сэкта пасхаліянтаў? Яе значэньне ў тым, што зьмены ў календары выклікаюць унутрыцаркоўныя падзелы. У маёй сьвядомасьці, і я гэта чуў ад іншых, старэйшых людзей, каляндар, якім мы раней карысталіся, больш адпавядае і нашаму прыроднаму колу, надвор’ю, порам году. Існуе азначэньне, што царкоўны каляндар — гэта ў пэўным сэнсе «ікона вечнасьці» і, адпаведна, кожны знак у ёй мае глыбока сакральнае значэньне. Тут праблема ўжо не ў дакладнасьці, бо тады ікону можна замяніць больш рэалістычным партрэтам або фатаграфіяй, што непрымальна ў нашай традыцыі. Гэта было меркаваньне праф. Івана Чароты. А вось што думае Тацяна Матрунчык зь Менскага Брацтва Трох Віленскіх Пакутнікаў: (Матрунчык:) «Пытаньне календара зьяўляецца адначасова і вельмі складаным і вельмі важным. Кожны раз, асабліва калі мы сьвяткуем Пасху, зноў і зноў паўстае гэтае пытаньне. Мы не нагэтулькі дасьведчаныя, каб усе гэтыя навуковыя дакладнасьці абмеркаваць і хацелася б разгледзець яго больш з царкоўнага пункту погляду. А з царкоўнага гледзішча, мы маем строгія пастановы. У 7-м апостальскім правіле гаворыцца, што нельга сьвяткаваць Вялікдзень раней за вясновае раўнадзенства і раней або адначасова зь юдэйскай Пасхай. Існуе таксама пастанова Ўсяленскага Нікейскага Сабору 325 году, у якой гаворыцца, што Пасху ўсе павінны сьвяткаваць адначасова, пасьля вясновага раўнадзенства і пасьля юдэйскай Пасхі. Паводле грыгарыянскага календара, тры разы за згаданыя 19 гадоў «месячнага цыклю» каталіцкі Вялікдзень сьвяткуецца раней за юдэйскую Пасху, што зьяўляецца вялікім парушэньнем царкоўных канонаў. Аднак Уваскрэсеньне Хрыста адбылося пасьля юдэйскай Пасхі. Восем разоў за гэтыя 19 гадоў каталіцкая Пасха выпадае на тыдзень раней за праваслаўную, пяць разоў розьніца паміж імі складае амаль месяц і шэсьць разоў каталіцкая і праваслаўныя Пасхі супадаюць. У тых краінах, якія перайшлі на новы каляндар, адбываюцца яшчэ іншыя парушэньні. У некаторыя гады зводзіцца да мінімуму або цалкам зьнікае Апостальскі Пост перад сьвятам Пятра і Паўла, або пост можа прыпасьці на тыя дні, калі ён забаронены. Перасоўваюцца таксама і дні памяці сьвятых, наступае блытаніна у датах Дня Анёла кожнага верніка». Гэтак мяркуе Тацяна Матрунчык. Праўда, што грыгарыянскі каляндар ня ўлічвае гэтых прынцыпаў. Праўда, што Ўваскрэсеньне Хрыстовае было адзінай падзеяй зь Ягонага зямнога жыцьця, дакладная дата якой — месяц і дзень — вядомыя. Хрыстос быў укрыжаваны напярэдадні яўрэйскай Пасхі, якая паводле тагачаснага календара выпала 14 нісана, а ўваскрос першага дня пасьля Пасхі. У сувязі з гэтым у раньняй Царкве дата Вялікадня залежала ад яўрэйскай Пасхі. Быў аднак шэраг мясцовых адметнасьцяў. Так, хрысьціяне у Малой Азіі сьвяткавалі Вялікдзень 14 нісана незалежна ад дня тыдня, заходнія хрысьціяне — ў першую нядзелю пасьля 14 нісана, а жыхары Александрыі зусім ня ўлічвалі дату яўрэйскай Пасхі. Акрамя таго, недакладнасьць юліянскага календара ў параўнаньні з грыгарыянскім календаром складае адны суткі на кожныя 128,2 гадоў. Цяпер разрыў паміж імі складае 13 сутак. Пасьля 2000 году ён павялічыцца яшчэ на адны суткі. З часам студзень будзе выпадаць улетку. У будучыні — прыблізна праз 5000 гадоў, Раство Хрыстовае выпадала б у часе Вялікага Посту. Вось таму сапраўды, як заўважыла Тацяна Матрунчык, пасхаліі павінны быць згодныя зь нерухомымі сьвятамі, бо інакш узьнікае блытаніна. У кожным разе — усе згодныя ў тым, што блытаніна з календаром відавочная. Вось што лічыць наконт гэтага прадстаўнік грэкакаталіцкай Царквы Ігар Бараноўскі: (Бараноўскі:) «Ясна, што добра было б сьвяткаваць разам, каб хрысьціяне шукалі нейкія прынцыпы, паводле якіх было б адзінае вылічэньне дня Пасхі. Я ведаю, што такія спробы вядуцца, напрыклад, пад эгідай Сусьветнай Рады Цэркваў. Недзе два гады таму ў Алеппо адбылася канфэрэнцыя з удзелам каталіцкай, праваслаўнай, пратэстанцкай цэркваў. Дарэчы, у 2001годзе мы ўсе будзем сьвяткаваць Вялікдзень разам. Магчыма, пасьля гэтага нешта зьменіцца». Трэба адзначыць, што некаторыя праваслаўныя лічаць стары юліянскі каляндар «царкоўным» а новы, грыгарыянскі — «сьвецкім». Увядзеньню дакладнейшага календара супраціўляюцца тыя, хто бачыць у старым календары апору духоўнасьці і рэлігійнасьці. Аднак а. Іларыён Алфееў з Маскоўскага Патрыярхату лічыць, што сэнс царкоўнага календара палягае ў тым, каб царкоўныя сьвяты прыстасаваць да дзяржаўнага календара. На яго думку, гэта ненармальная сытуацыя, калі ў Царкве ўжываецца адзін каляндар, а па-за Царквою — другі. Аднак ня ўсе з гэтым згодныя. Прафэсар Іван Чарота: (Чарота:) «Сьвядомасьць таго, што традыцыйны ў Праваслаўнай Царкве юліянскі каляндар больш сьвяты, што ён зьяўляецца апорай духоўнасьці — гэтыя перакананьні маюць свае падставы. У свой час Патрыярх Маскоўскі Ціхан згадзіўся ўвесьці новаюліянскі, гэта значыць, папраўлены грыгарыянскі каляндар, але ж потым сам гэта адмяніў. Другі момант вось якога парадку. Неадпаведнасьць удакладненага, грыгарыянскага каляндара стварае вялікія складанасьці ў спалучэньні рухомых сьвятаў зь нерухомымі. Пытаньне гэтае павінна суадносіцца з гістарычным досьведам Царквы. Тое рашэньне, што не павінна Пасха Хрыстова супадаць зь яўрэйскай Пасхай і не апераджаць яе, павінна ўтрымлівацца і ў сучасным календары. Я разумею і тыя несупадзеньні, тыя праблемы, якія ствараюцца ў сувязі з параўнаньнем царкоўнага календара з календаром сьвецкім. Канешне кепска, нязручна, а часам і стварае сур’ёзныя праблемы маральнага, псыхалягічнага пляну, асабліва ў такіх краінах, як Беларусь, Украіна, Польшча. Канешне, гэтае пытаньне павінна вырашацца на Ўсеправаслаўным Саборы, але калі б у мяне канкрэтна пыталіся: як жа зьмяніць гэтую супрацьпастаўленасьць царкоўнага і сьвецкага календара, то ў нашым асяродзьдзі я больш быў бы згодны, каб сьвецкі каляндар падладзіць бліжэй да царкоўнага календара, а не наадварот». (Матрунчык:) «Канешне, юліянскі каляндар, уведзены ўжо амаль два тысячагодзьдзі таму, функцыянуе — у царкоўным сэнсе — дасканала. Ён, зразумела, недасканалы ў астаранамічным сэнсе, але гэта ўжо іншае пытаньне. Менавіта каб выправіць гэтыя навуковыя хібы быў уведзены «грыгарыянскі» каляндар. Ён быў уведзены ў многіх, але не ва ўсіх краінах: праваслаўныя краіны і праваслаўныя цэрквы ў іх засталіся пры юліянскім часавылічэньні. І нельга сказаць, што новы каляндар аказаўся больш дасканалым у той сытуацыі неадпаведнасьці астранамічнаму часавылічэньню. Дык, можа, праваслаўныя цэрквы, якія перайшлі на новы каляндар, павінны вярнуцца да юліянскага каляндара? Я думаю, гэта было б лепшае выйсьце, чым усім прыняць новы каляндар. Некаторыя кажуць, што недзе праз 30 000 гадоў Пасха будзе сьвяткавацца ўвосень, але гэта таксама не зусім абгрунтавана, бо ж адбываюцца і кліматычныя зьмены, і рух нябесных сьвяцілаў і невядома, як тое, што цяпер выглядае недасканалым, будзе выглядаць у далёкай будучыні. Ня выключана, што Пасха застанецца вясновым сьвятам у нашым паўночным паўшар’і». Сапраўды, некаторыя праваслаўныя лічаць, што матэматычная недасканаласьць юліянскага календара — справа далёкай будучыні, а тыя, што неабдумана адмовіліся ад яго, сутыкнуліся з праблемамі ужо цяпер. Адмоўнае стаўленьне да новага календара зьвязанае з эсхаталягічнымі настроямі. «Навошта рэфармаваць каляндар, калі і так наступіць канец сьвету?». Дык ці варта? Яшчэ раз думка Ігара Бараноўскага: (Бараноўскі:) «На мой асабісты погляд, усё такі дзень сьвяткаваньня Пасхі паводле таго ці іншага стылю ня мае веранавучальнага значэньня. Гэта традыцыя, якая склалася на Захадзе і на Ўсходзе. Я думаю, гэта невялікая праблема, бо самае галоўнае — што Хрыстос Уваскрос! Для нас — хрысьціянаў — галоўнае — як мы ставімся адзін да аднаго. Для мяне як грэка-католіка гэтае пытаньне сёньня не стаіць. Наша Царква адзначае Вялікдзень разам з астатнімі каталікамі паводле грыгарыянскага стылю, але грэка-каталікі ўкраінцы сьвяткуюць Вялікдзень разам з праваслаўнымі. Гэта зноў справа традыцыі. Дарэчы, нядаўна я сустрэўся з харызматамі — пратэстантамі зь Піншчыны — і вось адзін зь іх выказаў цікавую думку: «Мне ў прынцыпе ўсё роўна — калі мы сьвяткуем Хрыстовае Ўваскрэсеньне. Гэта радаснае сьвята, і чым больш і даўжэй мы будзем яго сьвяткаваць, тым лепей. Няхай будзе тыдзень, два, тры, нават увесь год. Карыстаючыся нагодай ,я хацеў бы перадаць сьвяточнае прывітаньне для нашых берасьцейскіх вернікаў-грэкакаталікоў з нагоды гэтага вялікага, галоўнага сьвята і пажадаць, каб у нас была любоў. Каб мы не забываліся, што мы — хрысьціяне і павінны памятаць пра гэта ня толькі ў дзень Сьвята, але і на працягу ўсяго году. Я хацеў бы, каб гэты пасхальны пэрыяд паводле і старога і новага стылю працягваўся ў нас як мага даўжэй. Гэта нават і цудоўна, што мы ня толькі раз узгадваем, што Хрыстос уваскрос. Гэта вельмі радасная вестка, і яна павінна напаўняць нашыя сэрцы ў гэтыя часы». Штогадовае Сьвята Ўваскрэсеньня Хрыстовага сапраўды пранізвае сабою ўвесь год. Водбліск Пасхі кладзецца на ўвесь цыкл багаслужбаў. Пасха — ня проста дата ў календары. Яна адбываецца заўсёды, гэта — безупынная лучнасьць з уваскрослым Хрыстом. Айцы Царквы, як Сэрафім Сароўскі, які ў любы дзень году вітаў наведнікаў словамі «Хрыстос уваскрос — радасьць мая», жылі досьведам вечнасьці і разумелі, што Пасха — гэта не адзін канкрэтны дзень, але вечная рэальнасьць, зь якой яны заставаліся ў лучнасьці. Дык можа і ня мае сэнсу спрачацца, хто сьвяткуе Вялікдзень правільна? Можа, унутраны зьмест Сьвята і ягоны характар важнейшыя за дату? Я быў бы рады пачуць меркаваньне слухачоў на гэтую тэму. Жадаю ў добрым здароўі і ўзьнёслым настроі правесьці Вялікодныя Сьвяты тым, хто сьвяткуе іх цяпер, і тым, хто праз тыдзень. Аўтар і вядучы а.Канстантын Бандарук А зараз, у якасьці чарговага пацьверджаньня таго, аб чым толькі што гаварылася. Падчас калі ў каталікоў Вялікдзень, у праваслаўных — Вербная нядзеля. Гэтаму сьвяту прысьвечаная рэлігійная гутарка а. Сяргея Гардуна. Рэлігійная гутарка клірыка Менскага Сьвятадухавага Катэдральнага Сабору а. Сяргея Гардуна Тыдзень перад Вялікаднем наша Царква адзначае вялікае сьвята Ўваходу Госпада ў Ерусалім. Гэтая падзея цесна зьвязаная з тым, што адбылося напярэдадні — з уваскрэшаньнем Лазара. Менавіта таму гэтак радасна Хрыста сустрэў увесь народ, бо ведаў пра цуд, што здарыўся у Віфаніі з братам Марыі і Марфы. Чатыры дні раней пахаваны Лазар быў вернуты да жыцьця. Народ сэрцам сваім адчуў, што перад ім — ня проста чалавек, або нават біблейскі прарок, але менавіта Мэсія, якога абяцаў Сам Бог. Вестка пра ўваскрэшаньне Лазара разьнеслася з хуткасьцю маланкі, данеслася ня толькі да жыхароў Ерусаліму, але стала вядомай і ў навакольлі. Людзі, якія прыйшлі на сьвята ў Ерусалім, пачуўшы, што Хрыстос ідзе ў сьвяты горад і ўжо спускаецца з гары Елеонскай, засьпяшаліся Яму насустрач. Сэрцы іхныя былі напоўненыя радасьцю, і яны усклікалі: «Асанна Сыну Давідаву!. Блаславёны, што прыходзіць у Імя Гасподняе. Асанна ў Вышніх». Некаторыя з прысутных зрэзвалі галінкі дрэваў і разам з сваёй верхняй вопраткай расьсьцілалі перад Хрыстом. Яго сустракалі як Цара. Сёньня, калі мы ўспамінаем гэтую падзею, Царква кожнага з нас заклікае сустрэць і прыняць Госпада як Цара і Бога. Ісус прыходзіць да нас як наш Цар і Бог, як наш уладар. У таінстве хрышчэньня, калі чалавек прымае хрысьціянскую веру, сьвятар пытаецца: «Ці верыш ты Хрысту?», і хрышчаны або яго хросныя бацькі, калі хрысьціцца малое дзіця, адказваюць: «Веру Яму як Цару і Богу». Хрыстос — гэта больш чым Настаўнік, які толькі навучае сваіх пасьлядоўнікаў, перадае ім нейкія веды. Хрыстос патрабуе, каб Ягоныя вучні выконвалі Ягоную волю нават адмаўляючыся ад сваіх уласных жаданьняў. Ён прыходзіць, каб авалодаць нашай душой і каб стаць Уладаром нашага сэрца. «Сыне мой, дай мне тваё сэрца», - зьвяртаецца Госпад да кожнага з нас. У апошняй кнізе Сьвятога Пісаньня — Адкрыцьці Сьвятога Апостала Яна Багаслова — мы знаходзім такія словы Госпада: «Вось Я стаю ля дзьвярэй сэрца і стукаю. І калі хто адчыніць Мне, увайду да таго і буду вячэраць зь ім». Некалі ерусалімляне сустракалі Госпада з пальмавымі і аліўкавымі галінкамі. Пальма ў старажытнасьці сымбалізавала перамогу, а аліўка — мір і бласлаўленьне. Пасьля ўваскрэшаньня Лазара народ бачыў у Хрысьце пераможцу сьмерці. І мы сёньня стаім у царкве з галінкамі вярбы і сьпяваем, запэўніваючы, што будзе ўсеагульнае ўваскрэсеньне зь мёртвых: «Ты перад Сваімі пакутамі зь мёртвых падняў Лазара, таму і мы нібы дзеці несучы знакі перамогі, да Цябе, Пераможцы сьмерці, усклікаем. Асанна ў Вышніх, блаславёны, хто прыходзіць у Імя Гасподняе. а. Сяргей Гардун |
© 1995-1998 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |