RFE/RL |
|
Сымбаль Веры
Рэлігійная гутарка брата Андрэя Дылюка, прапаведніка зь Беларускай Эвангельскай Царквы
На пачатку прачытаю словы цудоўнага псальма. «Госпадзе, Ты нам прыстанішча з роду ў род. Перш чым нарадзіліся горы й ты стварыў зямлю й Сусьвет, ад веку да веку Ты - Бог. Ты вяртаеш чалавеку зло й кажаш, вярнецеся, сыны чалавечыя! Бо прад Тваімі вачыма тысяча год - як дзень учарашні, калі ён прайшоў, як варта начная». Ты быццам паводкаю зносіш іх, яны, як сон, як трава, што раніцаю вырастае, раніцаю цьвіце й зелянее, увечары вяне й сохне. Бо мы зьнікаем ад гневу Твайго й ад лютасьці Тваёй мы разгубленыя. Ты паклаў перад Табою правіны нашыя й нашыя тайноты ў сьвятло аблічча Твайго. Усе дні нашыя прайшлі ў гневе Тваім, мы трацім леты нашыя, нібы гук. Дзён нашых семдзесят гадоў, а пры большай моцы восемдзесят гадоў, а самая лепшая іх пара - праца й хвароба, бо праходзяць хутка й мы адлятаем. Хто ведае сілу гневу Твайго й лютасьць Тваю па меры страху Твайго, навучы нас так лічыць нашыя дні, каб нам мудрае сэрца набыць".
Вось яшчэ раз я хацеў бы падкрэсьліць з гэтага цудоўнага псальма з Слова Божага адно месца - верш дванаццаты: "Навучы нас так лічыць нашыя дні, каб нам мудрае сэрца набыць". С кожным разам мы маем усё меней і меней часу. З вышыні глянь - нашае жыцьцё гэта чарга на могілкі. Калі апынешся там - ня ведаеш. Гэта можа быць і заўтра. Чалавеча, ці гатовы ты пакінуць зямное жыцьцё цяпер? Сьмерць прыйдзе й не запытаецца, ці зьдзейсьніў ты свае пляны. Яна можа прыйсьці зусім нечакана. Ці не губляеш ты свой час дарэмна? Ці не заблытаўся ў гэтай штодзённай марноце? Чалавеча, ці не губляеш ты дарэмна сваё жыцьцё? Ці пасьпеў ты спасьцігнуць найвышэйшы сэнс жыцьця? Бяз гэтага жыцьцё чалавека не адрозьніваецца ад жыцьця жывёлы. Шкада, калі чалавек памірае як раб, як жывёла, так і ня вылузаўшыся зь мітусьні. А вось што ёсьць найвышэйшы сэнс? Найвышэйшы сэнс ёсьць спазнаньне найбольшае мудрасьці. А гэтая мудрасьць схаваная ў Богу. Ён ёсьць першакрыніцаю й вытокам мудрасьці. У ім сканцэнтраваныя ўсе веды, уся інфармацыя, уся мудрасьць у сьвеце. Ягонай мудрасьці й ягонаму веданьню няма межаў. Бог хоча даць табе найвышэйшую мудрасьць. Але атрымаць яе можна толькі на тых умовах, якія прапануе сам Бог. Бог ёсьць сьвяты, і грэшны чалавек ня можа прыйсьці да Яго. Патрэбны пасярэднік паміж Богам і людзьмі, патрэбны Ісус Хрыстос. Праз Ісуса Хрыста кожны чалавек можа прыйсьці да Бога. Без Ісуса Хрыста ніхто ня можа прыйсьці да Бога. Ніякая рэлігія сама па сабе не прывядзе да Бога, у тым ліку й хрысьціянства. Толькі Ісус Хрыстос ёсьць шлях да Бога. Толькі празь Ісуса Хрыста чалавек здабывае найвышэйшы сэнс існаваньня, толькі празь Ісуса Хрыста чалавек атрымлівае прабачэньне грахоў і жыцьцё вечнае. Таму хачу кожнаму чалавеку сказаць: прымеце Ісуса Хрыста ў сваё сэрца. Гэта ёсьць найвышэйшая духоўнасьць. "Як? - запытаецца нехта. - Як чалавеку прыняць Ісуса Хрыста?" Пэўна ж, толькі вераю. Адчынеце сваё сэрца для Хрыста. Ён увойдзе туды духам сваім. Давайце ў гэтую хвіліну ўтворым малітву, будзем маліцца разам. Гэткім чынам мы наблізімся да Бога. Гэткім чынам мы здабудзем шлях да атрыманьня найвышэйшае мудрасьці. Сьвяты Божа, прабач мае грахі. Выратуй душу маю ад пекла. Дай жыцьцё вечнае. Дабраслаў народ беларускі. Пашлі мір і супакой. Прасьвятлі мой розум. Хачу спасьцігнуць найвышэйшую мудрасьць. Я адчыняю сваё сэрца для Ісуса Хрыста. Няхай ён прыйдзе Духам Сьвятым і жыве ўва мне. Я прымаю Ісуса Хрыста. Дзякую, што ён памер за мае грахі й цяпер я вызвалены. Няхай будзе Воля Твая! Слава Айцу й Сыну й Сьвятому Духу! Амін. Брат Андрэй Дылюк, прапаведнік Беларускай Эвангельскай Царквы |
© 1995-1998 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |