border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Сымбаль Веры


Аб веры ў астралёгію і экстрасэнсаў

У старажытныя часы быў такі загад: тыя, што адступяць ад Бога і будуць пакланяцца сонцу, месяцу, зоркам - падлягаюць сьмяротнаму пакараньню.  Пакланеньне ім - гэта вялікі грэх супраць Бога.  Гэта настолькі страшны грэх, што людзі надта апаганьваюцца, і вось у старажытныя часы за гэты грэх проста забівалі.

Узьнікае пытаньне: што ж тут страшнага?  Рэч у тым, што культ сонца, месяца й зорак - гэта элемэнты рэлігіі Антыхрыста.  Праз гэтыя культы адбываецца ўшанаваньне д'ябла й дэманаў, а гэта - вялікі грэх.

У нашыя часы гэтыя культы досыць сур'ёзна трансфармаваліся.  Цяпер найбольш вядомыя з гэтай катэгорыі - астралёгія, гараскопы.  Іх можна клясыфікаваць як нэарэлігію.  Гэта рэлігія новага кшталту, якой захапляецца мноства людзей.  І астралёгія і гараскопы маюць дэманічнае паходжаньне.  Гэта рэлігія, якая створаная сіламі цемры і празь якую яны дзейнічаюць.  Аднак характэрна, што тут ёсьць прыкметы рэлігійнай сыстэмы.  Найперш - вера.  Чалавек верыць у тое, што яму гавораць астролягі або той, хто складае гараскопы.  І ня проста верыць, але жыве ён так, як тыя раяць.  Даверлівы чалавек чуе па радыё або па тэлебачаньні, што зоркі гавораць рабіць у сераду тое, а у чацьвер не рабіць гэтага, і калі ён верыць і робіць так, тады ён сам не заўважае, што ўцягнуты у практыку нэарэлігіі.

Астролягі спрабуюць неяк навукова абгрунтаваць сваю веру, пашырыць яе уплыў у грамадзтве, але ніякіх навуковых абгрунтаваньняў тут няма і быць ня можа.  Тут усё пабудавана на веры.  Калі ж зірнуць на вынікі гэтых парадаў астролягаў у доўгачасовай пэрспэктыве, то можна ўбачыць, што людзі, якія давяраюць сваё жыцьцё дэманам празь іхных служак-астролягаў, у рэшце рэшт прыходзяць да краху.

Мне распавядалі пра маладых людзей, што стварылі сям'ю паводле гараскопу.  Яны пакутавалі, і нарэшце ўсё скончылася разводам.  Такіх прыкладаў шмат.  Верыць у астралёгію і гараскопы - гэта грэх.  Практыкаваць іх - гэта значыць даверыць сваё жыцьцё дэманам.  Зьвяртацца да бабак-шаптухаў, экстрасэнсаў, чарадзеяў і ведзьмакоў - гэта грэх.  Хто зьвяртаецца да іх, той трапляе ва ўладу сілаў цемры і усё жыцьцё ён застаецца пад гэтай уладай.  Але тыя шаптухі й чарадзеі бываюць часам вельмі хітрыя.  Яны могуць выкарыстоўваць крыжыкі ды іншую царкоўную сымболіку, сьвечкі, сьвятую ваду.  Некаторыя гавораць нават малітву "Ойча наш".  І гэта некаторых людзей бянтэжыць.  Яны думаюць, што усё гэта  ад Бога.  Але гэта - не ад Бога, і хто зьвяртаецца да шаптухаў і чарадзеяў ды карыстаецца іх паслугамі - чыніць вялікі грэх.

Хто ж можа вызваліць чалавека з-пад уладаў цемры?  Толькі адзін Бог.  Толькі Ісус Хрыстос.  Сваёй сьмерцю за грахі людзей Ён перамог д'ябла і дэманаў.  Ён узяў нашыя грахі на Сябе і цяпер можа ачысьціць нас ад грахоў і дараваць нам іх.  Ён - наш Збаўца.

Давайце памолімся: "Сьвяты Божа, выратуй мяне ад вечных пакутаў, прабач мае грахі, вызвалі мяне ад духаў цемры, дай спасьцігнуць Тваю ісьціну.  Прашу ў імя Ісуса Хрыста.  Слава Айцу і Сыну і Сьвятому Духу. Амін".

Ісус Хрыстос дапамагае ўсім.  Бог магутнейшы за д'ябла.  Калі мы зьвяртаемся да Бога, тады Бог нам дапаможа.  Не маўчы.  Бог вызваляе нас ад грахоў і ад наступстваў гэтых грахоў.

брат Андрэй Дылюк, прапаведнік Царквы Эвангельскіх Хрысьціянаў, Кобрын

© 1995-1998 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org