border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Сымбаль Веры


Царква і Разводы

 Хоць у апошнія дзесяць гадоў царква і касьцёл у Беларусі сталі больш блізкімі і даступнымі для людзей, але ведаем і разумеем мы іх усё роўна мала. Большасьць беларусаў абмяжоўваюцца пранагодным наведваньнем цэркваў і касьцёлаў пад час вялікіх хрысьціянскіх сьвятаў. Часам некаторыя з нас зойдуць у царкву, паставяць сьвечку альбо пасьвенцяць у ксяндза яйкі на Вялікдзень. Калі нехта затрымаецца на Службу, дык пачуе прынагаднае казаньне з тлумачсэньнем адпаведнага месца Эвангельльля.

Але ўсё гэта - толькі зьнешнія праявы Праваслаўнай і Каталіцкай цэркваў. А за імі ж стаіць нашмат больш глыбокая духоўная традыцыя, за імі - цэлы хрысьціянскі сьветапогляд.
Праваслаўная і Каталіцкая цэрквы маюць свой погляд практычна на ўсе зьявы чалавечага жыцьця, і большасьць з нас гэтых іхніх поглядаў і падыходаў якраз і ня ведае. Абазнанага ў гэтых праўдах веры чалавека называюць, звычайна, уцэркаўлёным альбо катэхізаваным. Вось жа якраз і цікава было б даведацца, як царква ці каcьцёл глядзяць на той ці іншы бок чалавечага жыцьця.

Як чарговую тэму для гутаркі са сьвятаром я выбраў праблему разводаў. Кольскасьць іх расьце сёньня ва ўсім сьвеце. У Злучаных Штатах Амэрыкі, напрыклад, распадаецца кожны другі шлюб. У Беларусі сёньня ўвогуле склалася крытычная сітуацыя. На тысячу насельніцтва прыпадае 64 шлюбы і 48 разводаў. Жахлівая лічба! 75 адсоткаў новых шлюбаў распадаецца!

 Дык як на гэта глядзіць царква? На мае пытаньні адказвае пробашч менскага касьцёлу Сьв. Роха на Залатой Горцы ў Менску айцец Міхал Сапель.

(Абламейка:) Айцец Міхал, шлюб зьяўляецца аднім з таемстваў Каталіцкае Царквы, так?

 "Так. Гэта адно з таемстваў, хоць мы ўжываем і іншае слова, бо на нашй зямлі сышліся ўсходняя і заходняя традыцыі, - мы кажам сакрамант. Гэтае таемства аб"ядноўвае двух людзей, мужчыну і жанчыну, паводле іх уласнае волі, а сьвятар толькі ад імя Касьцёлу прыймае і бласлаўляе гэты шлюб. Інакш кажучы, шлюб разглядаецца як кантракт, дамова двух людзей, якія абяцаюць адно аднаму каханьне, вернасьць, павагу і тое, што не пакінуць адно аднаго да сьмерці.

(Абламейка:) З пункту гледжаньня чалавечай цывілізацыі, з пункту гледжаньня грамадзтва, шлюб таксама вельмі важная рэч. З таго часу, як на зямлі зьявіліся монагамныя супольнасьці, шлюб зьяўляецца асноваю нашага грамадзтва. І вось сёньня чалавецтва перажывае, я б сказаў, крызіс сям"і. У сьвеце рэгіструецца вельмі шмат разводаў. У Беларусі прыблізна 40 адсоткаў наноўзаключаных шлюбаў распадаецца.
Як ставіцца Каталіцкая царква да разводаў?

(а. Міхал Сапель:) - Адназначна. Мы ідзем за словамі Хрыста "Што Бог злучыў, чалавек ды не разлучыць". Кананічнае права нам гаворыць, што паважна, кананічна заключаны шлюб, альбо (яшчэ адзін момант) "скарыстаны" шлюб, калі сужэнцы ўжо пачалі інтымнае жыцьцё, такі шлюб ужо ніякая зямная ўлада ня можа разарваць. Ён існуе нават тады, калі людзі разыходзяцца. Шлюбны вузел застаецца.

   А тое, што дзяржаўная ўлада прызнае развод, гэта ўжо іншая рэч. Гэта пытаньні дзяржаўнага права.

(Абламейка:) Калі венчаныя ў царкве ці касьцёле людзі ўсё ж разьвяліся, яны ня могуць браць новы шлюб?

(а. Міхал Сапель:) - Да сьмерці аднаго з сужэнцаў - не.

(Абламейка:) Аднаго з сужэнцаў...

(а. Міхал Сапель:)- Так, бо шлюбны вузел трывае да сьмерці аднаго з малжонкаў. І так здараецца, што людзі чакаюць гэтага часу... Такіх прыкладаў шмат, я ўжо маю са сваёй практыкі ў Менску.
Але нам трэба глядзець найперш не на тое, што ўжо здарылася, але на тых людзей, якія толькі бяруцца шлюбам. Бо сёньня моладзь надта проста падыходзіць да гэтае справы, маўляў, можна разьвесьціся ў выпадку чаго, сысціся... Безадказна. Па-другое, я бачу яшчэ адну прычыну разводаў у нашым выхаваньні. Нашае пакаленьне надта эгаістычнае. Пасьля вайны нашыя дзяды і бацькі глядзелі на нас: маўляў, нам не хапала, у нас не было, дык хай будзе дзеткам. І так мы выхаваліся эгаістамі. Прыходзім да шлюбу і ў ім шукаем толькі як скарыстаць іншага чалавека. Сьвядома ці падсьвядома, ужо з выхаваньня свайго. А шлюб, перадусім, гэта - ахвярнасьць. Каханьне, яно прадугледжвае ахвярнасьць для другой паловы. Мы мусім гаварыць не "Ты-мой"-"Ты -мая", але "Я-твой" - "Я-твая". З гатоўнасьцю ахвяраваць сябе і свае паслугі для бліжняга.

   Таму, я лічу, што галоўнаю прычынаю разводаў у нашыя часы зьяўляецца эгаізм, спроба выкарыстаньня іншага чалавека.

(а. Міхал Сапель:)- А як царква ставіцца да такіх вось рэаліяў у нашым жыцьці: вельмі шмат людзей жывуць ня венчаныя, не заключыўшы царкоўны шлюб? Як да такіх параў ставіцца царква?

(а. Міхал Сапель:) Існуюць, такія сужэнствы, якія могуць пабрацца шлюбам, але яны яго не бяруць і жывуць нешлюбаваныя. Напрыклад, калі пару складаюць людзі розных рэлігіяў. Каталік ці каталічка з аднаго боку, і чалавек іншага вызнаньня з другога. Некаторыя мяркуюць, што нібыта яны сваім паступаюцца, здраджваюць... Але такі шлюб магчымы за дэспезай біскупа, нават з няверуючым, альбо прадстаўніком іншай рэлігіі, калі гэты чалавек дае слова, што ня будзе перашкаджаць вызнаваць веру сужэнцу-каталіку і згодны пахрысьціць дзяцей у касьцёле. Такі шлюб магчымы за дэспензай біскупа, гэта значыць зь яго асаблівага дазволу.
   А вось іншы шлюб, калі нехта ўжо быў у шлюбе, касьцёльным, паважна заключаным, але дзяля нейкіх прычынаў разышоўся з сужэнцам ды ўтварыў новую сям"ю, дык з такімі выпадкамі цяжэй. Бо у новай сям"і нараджаюцца дзеці, у чалавека ўзьнікаюць абавязкі што да іх выхаваньня і ўтрыманьня. Па людзку гэта можна зразумець. Таму мы кажам:  маліся і Бог дапаможа неяк развязаць гэтую праблему, але з часам, з часам...

(Абламейка:) Такім чынам, наколькі я зразумеў з Вашага адказу, калі католік жанаты з жанчынаю іншага вызнаньня, ён можа жыць з ёй ня маючы касьцельнага шлюбу?

(а. Міхал Сапель:) Не, не, не. Шлюб мусіць быць заўсёды. Проста, калі ёсьць нейкія перашкоды, дык можна атрымаць дыспензу ад біскупа на тое, каб заключыць гэты шлюб. Бо, паводле кананічнага права, нармальна шлюб можа быць заключаны толькі паміж каталікамі. У іншых выпадках патрэбны дазвол біскупа, але жыць каталік павінен усё роўна ў шлюбе.

(Абламейка:) А сем"і, якія жывуць нявенчанымі, не прызнаюцца царквой?

М.С. - Ну калі няма шлюбу... Я ведаеце, так жартую, кажу: твой сусед, твая суседка... Некаторыя спачатку не разумеюць, а пасьля да іх дахоць, пра што кажу. Бо з пункту гледжаньня касьцельнага...

(Абламейка:) Гэта суседзі...

(а. Міхал Сапель:) Так.

(Абламейка:)А ці ў Каталіцкай царкве хрысьцяць дзяцей ад такіх "суседзяў"?

(а. Міхал Сапель:) Ведаеце, правіла такое, што бацькі павінны быць шлюбаваныя, але калі існуе перашкода альбо немагчымасьць узяць шлюб, дык мы хрысьцім дзяцяй, але з умовай - калі ёсьць гарантыя рэлігійнага каталіцкага выхаваньня гэтага дзіцяці. Гэта значыць, што адзін бок, каталіцкі, павінен даць слова, што будзе вадзіць дзіця ў нядзельную школку, сам будзе выхоўваць у рэлігійным духу, давядзе дзіця да першае Споведзі і Камуніі. Такая ўмова заўсёды ёсьць.

(Абламейка:) Ці прызнае Каталіцкая царква развод? Хаця б які-небудзь тып разводу? Ці магчымы развод каталіцкага шлюбу?

(а. Міхал Сапель:) У нашым кананічным праве існуе іншае слова - сэпарацыя. Разводу, пасьля якога можна было б браць новы шлюб, няма. Сэпарацыя - гэта раздзяленьне. Яна прадугледжаная ў тых выпадках, калі ёсьць грэх блуду, і калі другі бок не прабачае блудніку. Тады той, хто не прабачыў, мае права на сэпарацыю, гэта значыць жыць асобна. Зразумела, без заключэньня новага шлюбу. Але, натуральна, мы, як хрысьціяне, заўсёды заклікаем да прабачэньня. І бывае такое ціхае прабачэньне, калі сужэнцы надалей жывуць інтымным жыцьцём, гэта значыць, мауклівае прабачэньне.

Кананічнае права акрэсьлівае і яшчэ некаторыя моманты, якія даюць права на сэпарацыю. Напрыклад, калі няма магчымасьці маральнага ці фізічнага сужыцьця. Напрыклад, муж страшна п"е і не дае сям"і магчымасьці нармальна жыць. Ёсьць і іншыя выпадкі, у якіх дазволеная сэпарацыя, г. зн. жыцьцё паасобку. Але мы гэта не называем разводам.

(Абламейка:)Значыцца, сэпарацыя - гэта жыцьцё паасобку, але Боскі шлюб усё роўна застаецца важным да сьмерці аднаго з сужэнцаў...

(а. Міхал Сапель:) Да сьмерці аднаго з сужэнцаў... І вось калі зьнікае прычына для сэпарацыі, сужэнцы павінны ізноў сыйсьціся і жыць разам.

(Абламейка:) Цікавыя рэчы Вы гаворыце... Мне даводзілася чуць, што нават Каталіцкая царква дае развод, напрыклад, калі сужэнства ня мае дзяцей, бо адзін з сужэнцаў бяздзетны...

(а. Міхал Сапель:) Тут ёсьць такі момант... Калі прычына схаваная, дык такімі справамі займаецца Рота Раманум, адмысловы дэпартамант у Ватыкане. Справа спачатку праходзіць праз касьцельныя суды.

   Тут і яшчэ адзін, далікатны момант. Спачатку чалавек можа ня ведаць, ці ён плодны. Калі ў гэтым няведаньні, у добрай веры заключаны шлюб, дык малжонскі вузел існуе, шлюб трывае, разводу быць ня можа. А вось калі пэўныя падставовыя рэчы былі схаваныя, дык партнэр ня мог сьвядома, цалкам усьведамляючы абставіны, заключыць шлюб. І таму вельмі часта ў касьцельных судах разглядаюцца справы ўневажненьня, г. зн. прызнаньня шлюбу няважным. Гэта вельмі цяжкія справы. Вельмі цяжка гэта даказаць.

(Абламейка:) Значыцца, гэта ўсё праходзіць аж праз Ватыкан...

(а. Міхал Сапель:) Так, на пэўным узроўні. Ёсьць суды першай інстанцыі, другой, трэйцяй. Гэта кананічнае права, там ёсьць свае нюансы. Але гэта можа даходзіць і да Ватыкану.

(Абламейка:) Ясна. Зразумела, што гэта дволі рэдкія выпадкі.

(а. Міхал Сапель:) Так, рэдкія. Хоць заяваў падаецца шмат, бо шмат у грамадзтве і разводаў. Але часьцей за ўсё, у тых заявах няма грунтоўных падставаў для прызнаньня шлюбу няважным, ці нават для таго, каб пачаць такі працэс. Бо шлюбы ў Каталіцкай царкве заключаюцца нармальна, паважна.

Ну а зараз трэба падсумаваць пачутае. Такім чынам, Каталіцкая царква глядзіць на шлюб, як на саюз двух людзей, асьвечаны царквой і які ня можа быць разарваны. Паўторны шлюб католіка дазваляецца толькі пасьля сьмерці аднаго з сужэнцаў.  Разам з тым існуе некалькі спэцыфічных сітуацыяў, калі Каталіцкае кананічнае права прадугледжвае так званую сэпарацыю - развядзеньне і асобнае жыцьцё сужэнцаў, шлюб якіх застаецца важным. А таксама існуе і працэс так званага ўневажненьня шлюбу, які можа быць ужыты толькі ў выпадку, калі сужэнцы яшчэ не пачалі інтымнае жыцьцё.

Падыход жа праваслаўнай царквы да разводу троху адрозьніваецца. З аднаго боку, праваслаўныя ўважаюць любы шлюб вечным, які працягвае існаваць у нябёсах нават і пасьля сьмерці аднаго з сужэнцаў, але з другога - праваслаўная царква прызнае і развод у выпадку нявернасьці аднаго з іх. У гэтым выпадку праваслаўныя дазваляюць другі шлюб як меньшае зло.

Сяргей Абламейка, Прага

© 1995-1998 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org