RFE/RL |
Беларускія вытокі Адама Міцкевіча, ягонай паэмы "Пан Тадэвуш" і аднайменнага кінафільму Анджэя Вайды(эфір 21 кастрычніка 2000) (Бандарук: ) “Два тыдні таму на экраны кінатэатраў Прагі выйшаў фільм Анджэя Вайды “Пан Тадэвуш”. Ён зроблены на падставе шыракаведамай нацыянальнай эпапеі палякаў - аднайменнай паэмы Адама Міцкевіча. Даведка. Адам Міцкевіч нарадзіўся 24-га сьнежня 1798-га году ў Завосьсі каля Наваградку. У родных мясьцінах жыў да часу высылкі ў Расею да 26-га году жыцьця і пасьля ўсё астатняе жыцьё правёў па-за межамі Бацькаўшчыны. Славутую паэму “Пан Тадэвуш” Міцкевіч напісаў у Парыжы ў 1822-1823 гг. Гэткім чынам паэт адрэагаваў на спрэчкі і ўзаемныя абвінавачваньні сярод эмігрантаў, якія прыбылі ў Парыж пасьля краху лістападаўскага паўстаньня. Гістарычным фонам паэмы зьяўляецца расейская кампанія Напалеона. Дзеяньне паэмы пачынаецца ўлетку 1811-га году і заканчваецца вясною наступнага году. Паэт увекавечыў крохкія абразы шчасьлівай і спакойнай мінуўшчыны, краіны бестурботнага дзяцінства, сваю “малую” Айчыну, а таксама лёс жыхароў гэтай зямлі на фоне важных гістарычных падзеяў. (Бандарук: ) “Пана Тадэвуша” я чытаў падлеткам і без энтузіязму, як усё, што было абавязковае. Фільм Вайды ўдалалося паглядзець амаль адразу пасьля ягонага зьяўленьня. Гэта была ўрачыстая прэм’ера ў асяродку францускай культуры ў Празе. Перад тым адбылася прэс-канфэрэнцыя выканаўцы адной з галоўных роляў у фільме Данэля Альбрыхскага. У першым паказе “Пана Тадэвуша” ўдзельнічалі амбасадары Францыі і Польшчы, дзесяткі журналістаў і людзей культуры. Вялікая заля была запоўненая цалкам. Паэма пачынаецца з малітоўнага закліку-інвакацыі, аднак, фільм з эпілогу: Міцкевіч стаіць ля вакна свайго сьціплага пакойчыка ў Парыжы і чытае старым і прыгнечаным зямлякам сваю новую паэму пра родную Літву, якая дарагая бы здароўе, якой страту адчуе толькі той, хто яе страціў: На музыцы зь кінафільму: “ О Матка Боская. Што ў Чанстахове ў храме, Глядзіш спагадліва, што ў Вострай сьвеціш Браме, Што беражэш Наваградак мой зь верным людам, Як Ты ў жыцьцё мяне калісь вярнула цудам… Так нас вярні з выгнаньня на зямлю Айчыны, Перанясі душу маю адсюль, з чужыны, Да ўзгоркаў тых лясных, да тых лугоў зялёных, Над сінім Нёманам раскінутых, прымглёных, Да тых палёў, размаляваных пад блакітам Пшаніцай залатой ды серабрыстым жытам, Тых, дзе сьвірэпка, як бурштын, у грэчцы белай, Дзе рдзее дзятлавінка дзеўчынкай нясьмелай, А ўсё абведзена, бы стужкаю, мяжою З ігрушкай-дзічкай, што стаіць там сіратою..." (Пераклад Кастуся Бандарука) (Бандарук: ) “Пан Тадэвуш” - народная эпапея, шэдэўр літаратуры і культуры, культавы твор, дэклярацыя глыбокага патрыятызму. На ім выхоўваюцца чарговыя пакаленьні палякаў. Літаратурныя крытыкі лічаць, што паэма дасканала адлюстроўвае нацыянальны характар палякаў, якія поўныя супярэчнасьцяў: ад сварлівасьці і крайняга эгаізму да палымянага, ахвярнага патрыятызму. Фільм Анджэя Вайды быў прыняты рэцэнзэнтамі і публікай з энтузіязмам: яго паглядзелі звыш 7-мі мільёнаў гледачоў. Адкуль такое зацікаўленьне? Перш чым фільм быў зьняты, усе задаваліся пытаньнем: як рэжысэр справіцца зь незвычайным творам, з рыфмаваным тэкстам? Потым, калі фільм нарэшце зьявіўся на экранах, гледачы супастаўлялі яго з тэкстам Міцкевіча. Справа ў тым, што многія на памяць ведаюць вялікія фрагмэнты паэмы, памятаюць характар і выгляд галоўных герояў. Атрымалася, што, пранамсі, палякаў Вайда не расчараваў. Людзі выходзяць зь кіно ачараваныя, ва ўзьнёслым настроі, але мне асабіста нечага не хапала. Мы гутарым зь літаратарам Сямёнам Букчыным. Спадар Букчын, Вы й чыталі паэму, і глядзелі фільм. Ці Вам таксама не хапала ў фільме беларускіх каранёў?” (Букчын: ) “Ведаеце, Вы ставіце пытаньне трошкі правакацыйна: ці хапае мне, гледачу, у “Пану Тадэвушу” беларускіх элемэнтаў. Трэба ўлічыць і пункт гледжаньня стваральнікаў фільму і самога Анджэя Вайды. Сапраўды, сытуацыя неадназначная. Паэма “Пан Тадэвуш” займае нейкае асобнае месца ў польскай літаратуры. Я думаю, што гэта вельмі складаная сытуацыя. Згадваць нейкія беларускія вытокі паэмы Вайду было складана ня толькі ў тым сэнсе, што ён паляк, а ён не хацеў, і пра гэта сам сказаў мне ў інтэрвію, якое я зь ім правёў у Кракаве. Я таксама задаў яму пытаньне, чаму б было не аднавіць у фільме нейкія гістарычныя беларускія рэаліі, скарыстаць пры здымках беларускія краявіды і гэтак далей. Вайда адказаў мне, што не палічыў гэта самым галоўным. Для яго найбольш важным былі адносіны паміж людзьмі: каханьне, здрада… Ён не імкнуўся ўзнавіць чыста гістарычны, прыродны, натуральны калярыт асяродзьдзя, хаця там і гэтага ўсяго дастаткова. Паводле ягоных слоў, Вайда хацеў увесьці гледача ў сьвет пачуцьцяў герояў. Ён выказаўся гэткім чынам: “Сёньня, калі вельмі перамяшаліся каштоўнасьці, плюсы замяніліся на мінусы і наадварот, назіраюцца вялікія страты ў сэнсе маральных каштоўнасьцяў чалавека, ён хацеў паказаць сьвет больш нармальных пачуцьцяў чалавека. І яшчэ адно было вельмі важна для рэжысэра “Пана Тадэвуша” - гэта польская мова. Вайда лічыць мову адным з галоўных, калі не галоўным, героем фільму. Зараз палякі вельмі хвалююцца з прычыны, што ў польскай мове адбываюцца вельмі негатыўныя працэсы, што яна шмат траціць на карысьць амэрыканізмаў. І вось была ідэя паказаць хай сабе не сучасную, але чыстую, сапраўдную калярытную польскую мову. Таму Вайда сьвядома адмовіўся ад нейкіў такіх літоўскіх, беларускіх намёкаў. Такая была задума аўтара фільму, і вось так ён да “Пана Тадэвуша” падыйшоў. Мне здаецца, што з гэтым трэба лічыцца.”. (Бандарук: ) “Праўда, спадар Букчын. Ніхто не забараняе беларусам або льцьвінам зрабіць свой фільм паводле “Пана Тадэвуша”. Але пакуль яго няма, ніхто не забароніць і выказаць свае засьцярогі да таго, што ўжо зробленае. Мне запомніўся камэнтар да фільму вядомага літоўскага празаіка Марыюса Івашкевічуса пад загалоўкам “Ваш Пан, Ваш Тадэвуш”. Ён расчараваны тым, што ў фільме ўбачыў крыху Літвы, але амаль цалкам ня ўбачыў ліцьвінаў. Але ж, як адзначае ў прамове да расейскага выданьня “Пана Тадэвуша” ляўрэат нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры Чэслаў Мілаш, паняцьце Літвы Міцкевіч ужываў не ў лінгвістычным альбо этнаграфічным сэнсе. Міцкевіч ніколі ня быў у Варшаве альбо Кракаве. “Чаму сярод герояў паэмы няма сялянаў? На якой мове яны размаўлялі, ” – задаецца пытаньнем Мілаш. У фільме Вайды ня бачна ніякіх няпольскіх элемэнтаў, але ж у паэме яны ёсьць. У чым найперш, Спадар Мархель? (Мархель: ) “У шматлікіх, так сказаць, парамэтрах. У мове: можна спакойна назваць ў “Пану Тадэвушу” ня менш за 30 беларусізмаў, частка зь якіх у польскіх камэнтарох паэмы тлумачыцца як “правінцыялізмы”. А як гэта разумець? Які гэта правінцыялізм, калі гэта беларускае слова ці запазычанае з турэцкай, але яно прыйшло празь беларускую мову. Гэта трэба было б удакладніць. Мы да сёньняшняга дня ня маем такога паўнацэннага выданьня з тлумачэньнем мовы “Пана Тадэвуша”. Па-другое, возьмем геаграфічна-этнаграфічны аспэкт. Гэаграфічна паэма прывязаная да беларускіх мясьцінаў. Там іх шмат, і ўсе яны вакол Наваградку, хаця б згаданы мною замак. Далей героі, па-сутнасьці, усе зьвязаныя зь беларускаю зямлёю, не зважаючы на тое, што некаторыя, напрыклад, бралі ўдзел у паўстаньні Касьцюшкі. Але ж і паўстаньне Касьцюшкі было за незалежнасьць Рэчы Паспалітай, а не Польшчы. Вось такое, я б сказаў, вульгарнае пермяшчэньне паняцьцяў: Польшча і Рэч Паспалітая. Нават разумны Міцкевіч у камэнтарох да “Пана Тадэвуша” блытае гэтыя паняцьці. Усе героі паэмы, гэтак як і Міцкевіч, пачуваюць сябе ліцьвінамі і адначасова палякамі. А калі уважліва ўчытацца ў “Пана Тадэвуша”, то паняцьце “паляк” ужываецца больш у дзяржаўным разуменьні, атаясамліваецца з той Польшчай, якая тоесная Рэчы Паспалітай. І яшчэ. Успомнім астраномію Войскага. Яна грунтуецца ня толькі на старазапаветных традыцыях, якая ў Міцкевіча вельмі адчувальная, але й на паданьнях-вераваньнях беларусаў. Успомнім сцэну паляваньня на мядзьведзя. Паводзіны гэтага мядзьведзя пасьля стрэлу ксяндза Робака ўзноўленыя ў адпаведнасьці з народнымі беларускімі ўяўленьнямі. Апрача таго, схільнасьць герояў да ўжываньня шляхецкіх і сялянскіх выслоўяў. Міцкевіч не адмаўляе селяніну месца ў паэзіі. І вось гэты працяг цэнтральнае месца селяніна было ўжо ім занятае ў “Новай зямлі” Якуба Коласа. Па-сутнасьці, традыцыя працягвалася ў творчасьці другога Міцкевіча -Канстанціна”. (Бандарук: ) “Атрымоўваецца, што гэтых беларускіх элемэнтаў у Міцкевіча шмат. Таму й ня дзіўна, што беларускія літаратуразнаўцы гэта падкрэсьліваюць. Усе згодныя, што Міцкевіч быў найперш тым, кім сам сябе адчуваў. Можа, аднак, беларусы павінныя больш настойліва падкрэсьліваць і адстойаць, калі можна так сказаць, сваё нейкае права на Міцкевіча?” (Мархель: ) “Я думаю, што праблема, якая вось цяпер узьнікла, не павінна быць праблемай. Яна нам пададзеная гісторыяй і нашым няўменьнем паважліва ставіцца да гэтай гісторыі, якая прынесла выпрабавальныя моманты і для беларусаў, і для палякаў, і для літоўцаў. Нейкі час наша гісторыя літаратуры абапіралася на клясавыя погляды, і атрымалася разьмяжаваньне. Калі мы пазбавімся такога вось успрыманьня гісторыі і “Пана Тадэвуша”, тады ўсё стане зразумелым, а, на жаль, пакуль гэта не дасягнута. І таму вось дапускаюцца такія памылкі: чый Міцкевіч у большай ступені. Міцкевічу, мабыць, ад гэтага лепш, але горш тым, хто за яго спрачаецца. А спрачацца няма чаго таму, што “Пан Тадэвуш” напісаны на матэрыяле, зьвязаным з рэгіянальнай Наваградчынай. Замак, у якім зьбіраюцца героі, гэта, па-сутнасьці, Мірскі замак, які захаваўся да сёньняшняга дня. На маю думку, фільм рабіць належала менавіта каля гэтага замку. Што тычыцца герояў, дык яны, вядома, шляхта, але ж большасьць зьбяднелая, “засьцянковая” шляхта працавала на полі, а сяляне больш працавалі на магнатаў. Ізноў жа - гістарычная памылка, што шляхта - гэта палякі, а сяляне - беларусы, а паколькі у паэме няма сялянаў, дык гэта не беларускі твор. Але гэта, я б сказаў, клясавы падыход. А хто вінаваты ў гэтым клясавым разьмежаваньні? Так ці інакш, нейкі гістрычны падзел адбыўся. Двум братам: шляхце і сялянам нададзеныя нейкія нацыянальныя прыкметы ў той час, а такога не павінна быць”. (Бандарук: ) “Спадар прафэсар, сам аўтар “Пана Тадэвуша” прызнае, што ён прадставіў ідэалізаваную мітычную краіну, якой у такім выглядзе ніколі не было. Але ж, з другога боку, не падлягае сумневу, што гэтак маляўніча і пераканаўча мог Міцкевіч прадставіць прыроду і рэаліі жыцьця месцаў, якія любіў, гэта значыць, роднай Наваградчыны. У паэме бачым дакладныя інтэр’еры шляхецкага дварау і замку, калярытныя індывідуальныя і групавыя партрэты. Зь вялікай любоўю да свайго народу Міцкевіч паказвае прывабнасьць і слабасьці шляхецкага жыцьця, гаворыць аб непазьбежнай зьмене пакаленьняў, аб неабходнасьці аднаўленьня маральнага аблічча нацыі. У пачатку 19-га стагодзьдзя ля Наваградку не было жамойтаў. Сяляне былі беларусамі. Гэта іхны фальклор: абрады, звычаі, мова, вераваньні і традыцыі знайшлі адлюстраваньне ў творах Міцкевіча і філяматаў. У “Пану Тадэвушу” Міцкевіч прадстаўляе месцы, якія ён сам ведаў, дзе ён нарадзіўся і вырас, дзе прайшлі ягоныя дзяцінства і юнацтва, дзе ён пазнаў першае каханьне і дзе знайшоў паэтычнае натхненьне. На гэта зьвяртае увагу Кастусь Цьвірка ў сваёй кніжцы пра філяматаў і філярэтаў”. (Мархель: ) “Я чытаў кнігу Цьвіркі, але, на маю думку, гэтага для сёньняшняга разуменьня “Пана Тадэвуша” і пазыцыі Міцкевіча недастаткова. Няма сумневу, што Міцкевіч ведаў і любіў беларускі фальклёр. На гэтым, па-сутнасьці, засноўваецца ўвесь ягоны рамантызм. І калі ўжо глядзець толькі на гэтае, то трэба прызнаць, што, дзякуючы менавіта беларускаму фальклёру, Міцкевіч стаў вялікім польскім нацыянальным паэтам. А я лічу, што ён геній беларуска-польскага культурна-гістрычнага сумежжа. Менавіта геніям зрабіла яго спалучэньне беларускіх і польскіх элемэнтаў. Вось і ўсё.” (Бандарук: ) “Тым ня менш, у шэрагу публікацыяў і беларускіх, і літоўскіх бачна, што існуе спакуса калі не перацягнуць Міцкевіча на свой бок, дык, прынамсі, падкрэсьліць ў ім нешта сваё. Алег Лойка пісаў: “Вялікі польскі паэт застаўся ў маёй сьвядомасьці ня толькі як стваральнік шэдэўраў, але і як зямляк, зачараваны Белай Русьсю, ейным фальклёрам, душой крынічна-чыстай. Прастора думак і пачуцьцяў паэта міжвольна зьліваецца з ваколіцамі майго дзяцінства, напаўняецца айчыннымі водгукамі, рэхам, песьняй і матчынай казкай. Гэта тут, у нас, зьдзейсьніўся цуд паэзіі Міцкевіча”. Падсумоўваючы ўсё вышэй сказанае, дык чый жа Адам Міцкевіч?” (Мархель: ) “Ён - усіхны, калі так сур’ёзна глядзець. Проста наша задача - успрыняць, усьвядоміць Міцкевіча як свайго. Падчас, калі палякі і літоўцы ўсьведамляюць канкрэтна, то беларусы яшчэ недастаткова. Само прысвойваньне Міцкевіча ня дасьць ніякае карысьці. Гэта - правінцыйная пазыцыя”. (Бандарук: ) “Дзякую. Мне здаецца, што гэта найлепшае падсумаваньне сёньняшняй гутаркі. Перацягваць канат ня мае сэнсу. Адам Міцкевіч, як кожны геній належыць ўсім. Беларуская зямля выдала шэраг выдатных людзей, якія ўзбагацілі духоўную скарбніцу іншых народаў. Крыху крыўдна, але ёсьць і падстава для гонару”. Кастусь Бандарук, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |