RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Вольная Студыя



Аляксей Дудараў на Свабодзе.

(эфір 20 студзеня 2001)

Удзельнічае: Аляксей Дудараў.

Аўтар і вядучая – Міхась Скобла.

Драматург Аляксей Дудараў і за савецкім часам ня быў абдзелены славай і ўвагай уладаў. Яшчэ ў тую пару, калі ягоныя п’есы адначасова ставіліся ў тэатрах ад Берасьця да Ўладзівастоку, ён атрымаў Дзяржпрэмію СССР ды ажно дзьве Прэміі ленінскага камсамолу.

Але ці не найбольшы розгалас выклікала нядаўняе ўручэньне пісьменьніку прэзыдэнцкай прэміі. З гэтага й пачалася нашая гутарка ў “Вольнай студыі”.

(Міхась Скобла: ) "Спадар Аляксей, пасьля таго, як вас летась павіншаваў зь юбілеем першы прэзыдэнт Беларусі, вы сказалі, што насамрэч вас павіншаваў не Аляксандар Лукашэнка, а дзяржава, маўляў гэтага патрабаваў пратакол.

7 студзеня вы атрымалі спэцыяльную прэзыдэнцкую прэмію. Якое значэньне мае для вас гэтая прэмія, што вам асабіста ўручыў Лукашэнка, вітаючы вас падкрэсьлена прыязна?"

(Аляксей Дудараў: ) "Сапраўды, мяне ўлада не абдзяляла ніколі, хаця я па кабінэтах ня тое што стараўся не хадзіць, я не люблю гэтага рабіць. Я ніколі нічога не прасіў. Гэта ўсё атрымлівалася само сабой.

Калі я скажу, што я абыякавы да ўсяго гэтага, ну, я буду какетнічаць. Для творцы гэта воплескі, гэта прызнаньне, гэта ўдзячнасьць.

Што да прэзыдэнта Лукашэнкі… Ён — кіраўнік краіны. Для мяне ён — легітымны прэзыдэнт. Ён выконвае сваю ролю. А тое, што адзначаюцца чыесьці заслугі — гэта адзначае дзяржава, адзначае краіна, народ — празь яго. Я тут ня бачу ніякіх праблемаў.

Шмат хто пачаў абурацца — ну як гэта магчыма было, што я пайшоў атрымліваць гэтую прэмію. А чаго вы чакалі ад мяне? Я не прасіў. Пад час уручэньня я сказаў: дзякуй, Аляксандар Рыгоравіч. Ён у адказ: дай Бог не апошнюю. Па-беларуску, дарэчы. Вось і ўсё".

(Скобла: ) "А ці не разглядаеце вы гэтую прэмію як своеасаблівую кампэнсацыю за фактычную забарону вашай п’есы “Прынц Мамабук”? Адна рука пакарала, другая ўзнагародзіла".

(Дудараў: ) "У мяне ўвогуле ёсьць некалькі п’есаў, якія скандалілі. У тым ліку й “Прынц Мамабук”. Ніхто яе не забараняў і не забараняе. Яна пасьпяхова ідзе ў Маладэчанскім тэатры, некалькі народных тэатраў яе паставілі.

Рэч у тым, што я працую напрамую з тэатрам. Нейкі чыноўнік прачытаў п’есу й знайшоў крамолу (а можа яго пакрыўдзіла, што я без чыноўнікаў маю справу адразу з тэатрам). Ён прыйшоў у вышэйшую інстанцыю, паклаў п’есу перад начальнікам і папярэдзіў, маўляў тут — чорт ведама што. Ведаеце, якія ў нас часы…

Гэта няпроста — набрацца мужнасьці, перачытаць п’есу ды запярэчыць — паслухай, не ганяй ты вальтоў. Але мужнасьці не набраліся. А раптам там што-небудзь ёсьць! Каб раптам чаго ня выйшла…

А тэатар “Вольная сцэна” таксама сабе на ўме — яму рэкамэндуюць ня ставіць, а ён ставіць! Канфлікт гэты паміж Міністэрствам культуры і тэатрам узьнік проста зь нічога, з-за перастрахоўкі.

А асацыяцыі, алюзіі нейкія знайсьці можна дзе заўгодна, нават у “Трох сёстрах” Чэхава! Яе таксама лепш ня ставіць. Памятаеце, гераіня п’есы Ірына ходзіць і ўвесь час паўтарае: “В Москву! В Москву! В Москву!” А гэта ж камэдыя! На што ж гэта вы, Антон Паўлавіч, намякаеце? Мы ж там нейкую саюзную дзяржаву будуем".

(Скобла: ) "Вы ня лічыце, што “Прынц Мамабук” спрычыніўся да разгону “Вольнай сцэны”?"

(Дудараў: ) "Магчыма, і п’еса падліла масла ў агонь. Але там, хутчэй за ўсё, непакорлівы характар Валер'я Мазынскага сваю справу зрабіў.

Мне было нясоладка, таму што выглядала на тое, быццам найперш я вінаваты ў тым, што адбылося вакол “Вольнай сцэны”. Але я размаўляў з адным чыноўнікам, ад якога ўся гэтая справа залежала. Я ў яго спытаўся: “А калі б “Прынца Мамабука” я не напісаў, калі б яго не існавала ўвогуле, ці быў бы падоўжаны кантракт з Мазынскім?” І адназначна мне было адказана: “Не!”

(Скобла: ) "Мінулым тыднем ад’ехаў у Нямеччыну Алесь Разанаў, яшчэ раней апынулася ў Італіі Сьвятлана Алексіевіч. Уладзімер Някляеў цяпер у Фінляндыі, па-ранейшаму за мяжой Васіль Быкаў.

Можна гэта называць доўгатэрміновымі творчымі выправамі, можна — вымушанай эміграцыяй. Відавочна адно: сёньня творцу, які не падтрымлівае ўладу, на Беларусі жыць і тварыць вельмі складана.

Дзе выйсьце — усім выяжджаць ці ўсім зьмірыцца, маўляў, кожная ўлада ад Бога…"

(Дудараў:  ) "Тое, што кожная ўлада ад Бога — відавочна. З гэтым не паспрачаесься. Гэтак і ў самай мудрай кнізе напісана. Я лічу, што ў кожнага свой шлях.

Ведаю, як сябе адчувае на чужыне Валодзя Някляеў. Вядома, гэта бяда, што творцы зьяжджаюць. Але тут ня трэба ўсё вытлумачваць ганеньнямі. Творцу зарабіць сабе на жыцьцё ў цяперашніх умовах немагчыма.

Асабіста я нікуды не паеду. Трэба жыць жыцьцём сваёй Радзімы, якое яно ні ёсьць. А Васіль Уладзімеравіч Быкаў за мяжой лечыцца, яму там больш утульна, чым тут, дзе ён ня можа нармальна пражыць нават на сваю пэнсію Героя Сацыялістычнай Працы.

За мяжой звонку жыць лягчэй, але ўнутрана я нікому зь іх не зайздрошчу. Каб будаваць свой дом, трэба знаходзіцца там, дзе ён будуецца".

(Скобла: ) "Паводле вашага сцэнару зьняты ці ня самы вядомы беларускі фільм — “Белыя росы”.

Але вось дзіўна — і рэжысэр, і аўтар сцэнару, і кінастудыя — беларускія, а нічога беларускага ў фільме практычна няма, калі не лічыць народнай песьні, што чуецца за кадрам. Наадварот, пры канцы фільму гучыць рэпліка, што раней усю нашу краіну называлі Расеяй, а адзін з галоўных герояў апэлюе да імя Суворава.

Чаму стваральнікі “Белых росаў” палічылі патрэбным праігнараваць нацыянальныя адметнасьці? Мне здаецца, яны выглядалі б натуральна — у стужцы здымаліся ж выдатныя беларускія акторы — Генадзь Гарбук, Стэфанія Станюта, Галіна Макарава…"

(Дудараў: ) "Давайце прыгадаем — фільм здымаўся ў 1983 годзе, яму ўжо 18-ы год пайшоў. Я ўсё ж лічу, што фільм гэты беларускі, нягледзячы на тое, што ён зьняты па-расейску і ў ім заняты выдатныя расейскія акторы — Усевалад Санаеў, Іван Кузьміч Новікаў, сьветлая ім памяць…"

(Скобла: ) "І беларускія акторы ня менш таленавітыя, проста ім далі другасныя ролі".

(Дудараў: ) "Я згодзен. Але актораў падбірае рэжысэр, гэта ягонае права. Што да заяваў пра Расею ды апэляцыяў да імя Суворава…

Дык выйдзеце вы на вуліцу й спытайцеся ў выпадковых людзей — хто вы? І многія адкажуць — мы рускія. Такі ўжо ў нас мэнталітэт. Але я яшчэ раз падкрэсьлю — фільм гэты беларускі. Ён таму і атрымаўся і стаў папулярным у гледачоў таму, што ствараўся на гэтай зямлі. У фільм дух гэтай зямлі, гэтай дзяржавы нават тады, сямнаццаць гадоў таму, перайшоў.

Цяпер у Беларусі адбыліся вялікія зьмены й зрухі, так што, каб фільм сёньня здымаўся, то героі так не гаварылі б".

(Скобла: ) "Увогуле, як мне падаецца, беларускае нацыянальнае кіно — вызначэньне даволі ўмоўнае. Чаму так здараецца — беларускі рэжысэр здымае паводле беларускага ж клясычнага твору фільм — і ў выніку атрымліваецца нешта безаблічнае, нічыйнае.

Куды падзеліся беларускія акцэнты ў “Дзікім паляваньні караля Стаха” Ўладзімера Караткевіча? Куды выветрыўся беларускі дух зь фільму “Птушкі бяз гнёздаў”, пастаўленага паводле “Споведзі” Геніюш — яна ж ім літаральна прасякнутая?!

А аповесьць Віктара Казька “Выратуй і памілуй нас, чорны бусел”? Там гэткія калярытныя тыпажы, характары! А што мы ўбачылі на экране — рамантызаваны вэстэрн, пасрэдную гульню актораў. А з усяго беларускага — адзін трактар. Чаму так адбываецца?"

(Дудараў: ) "Кіно — гэта рэжысэр, гэта не акторы нават, ня аўтар сцэнару, хоць літаратурная аснова, падмурак фільму вельмі істотная рэч. Усё вырашае і за ўсё адказвае рэжысэр, фільм — гэта ягонае бачаньне, ягонае адчуваньне.

А калі рэжысэр — масквіч, ён ня здыме фільму, у якім было б усё тое, пра што вы гаворыце — і наша шчымлівая беларускасьць, і наш гістарычны лёс. А з нацыянальнай рэжысурай у нас пагана, у кіно яе проста няма.

Я вельмі люблю аповесьць Уладзімера Караткевіча “Дзікае паляваньне караля Стаха”, я яе ледзь не напамяць ведаю. І калі я паглядзеў фільм паводле кнігі, я быў проста абураны! Я пачаў абурацца ўголас, але мяне пасадзіў на месца малады тады рэжысэр Саша Карпаў: “Ты прыйшоў чытаць Караткевіча ці глядзець фільм? Калі фільм глядець — дык сядзі й глядзі!” І я супакоіўся".

(Скобла: ) "Але ж на “Беларусьфільме” былі й ёсьць беларускія рэжысэры — той жа Віктар Тураў, Міхаіл Пташук… А школы сваёй няма".

(Дудараў: ) "У аднаго чалавека спыталіся — чаму вы такі разумны, адкуль у вас такі інтэлект? А ён кажа — я скончыў чатыры ўнівэрсытэты. Як так — вы ж яшчэ такі малады, калі вы пасьпелі? А ён адказвае — адзін унівэрсытэт скончыў мой прадзед, другі — мой дзед, трэці — мой бацька, а чацьверты — я сам.

Вось чаму ня маем пакуль сваёй рэжысэрскай школы".

(Скобла: ) "Пасьля скандальнай пастаноўкі стужкі “У жніўні 44-га”, ад якой адрокся аўтар сцэнару, рэжысэр Міхаіл Пташук абвясьціў пра сваю новую задуму — экранізаваць вашага “Князя Вітаўта”.

Гэткі фільм яму ўяўляецца актуальным, бо, ці бачыце, вялікі князь Вітаўт быў зьбіральнікам славянскіх земляў, і сёньня такі ж зьбіральнік у Беларусі аб’явіўся. Як вам падабаюцца паралелі Пташука, ці гатовыя вы да супрацоўніцтва зь ім?"

(Дудараў: ) "А што тут быць гатовым? Даўным-даўно напісаны сцэнар, дарэчы, ухвалены экспэртным мастацкім саветам. Але ён ляжыць бяз руху ўжо некалькі гадоў.

Перад здымкамі багамолаўскага раману я казаў Пташуку (у нас зь ім даўнія сяброўскія адносіны): я жадаю табе посьпеху, але я слаба веру ў тое, што фільм атрымаецца выдатным. Будзе сярэдняя, на прафэсійным узроўні зробленая, карціна. Так яно й выйшла.

А вось каб ён зьняў “Князя Вітаўта”, у яго, я проста ўпэўнены, атрымалася б. І справа тут не ў зьбіральніку. Пташук, пэўна, сказаў так дзеля краснага слоўца. Князь Вітаўт быў сапраўднай асобай. Ён ня толькі дзяржаву будаваў, ён яшчэ і ў Бога верыў.

Я дазволю сабе працытаваць самога сябе, з п’есы: “Як цяжка князем быць і верыць Богу”. А ён, вялікі Вітаўт, гэта спалучаў. Акрамя Пташука, ніхто з рэжысэраў маёй п’есай не зацікавіўся. А ў мяне ёсьць некалькі гістарычных рэчаў, якія маглі б стаць мастацкімі стужкамі, прытым, папулярнымі — я ў гэтым не сумняваюся! Але яны напісаны на нацыянальным матэрыяле.

А ў нас, у тым ліку ва ўладных структурах, мае сілу дурнота такая, што калі пішаш пра нацыянальную гісторыю, значыць, ты — нацыяналіст! Вось калі расейцы пра сваю гісторыю, пра сваіх герояў пішуць і фільмы здымаюць — гэта нармальна. А ў нас — якія там Вітаўты, Ягайлы, Рагнеда…

Пакуль тут усе не зразумеюць і не адчуюць сваіх каранёў, нейкага плёну чакаць не даводзіцца. Да тэатру гэта ўжо дайшло, на гістарычныя п’есы чэргі стаяць — я, аўтар, квітка не магу дастаць! Але калі гэта зразумеюць усе астатнія? Праўда, папракаць кагосьці ня трэба сьпяшацца.

Чаго ж вы хочаце, калі некалькім пакаленьням у галаву лапці ўбівалі! З усіх гістарычных герояў толькі Кастуся Каліноўскага часам прыгадвалі, і то толькі таму, што яго цар павесіў. Дык тады цары былі ня ў модзе, а цяпер цары ў модзе! Выходзіць, што недарма яны тады з Кастусём так абышліся…"

(Скобла: ) "І апошняе пытаньне. Днямі трыста культурных дзеячоў едуць разам з Лукашэнкам у Маскву — мацаваць культурную інтэграцыю з Расеяй. У складзе дэлегацыі ажно чатыры пісьменьнікі — Эдуард Скобелеў, Генрых Далідовіч, Вольга Іпатава й вы.

І вось уявім сытуацыю — у маскоўскім Вялікім тэатры дыктар аб’яўляе: “А цяпер слова пра славянскае яднаньне скажа беларускі драматург Аляксей Дудараў.” Паводле пратаколу ў вас адна хвіліна".

(Дудараў: ) "(Сьмяецца) Што да Дзён культуры, дык яны заўсёды былі. Шторазу, калі нашы майстры выяжджалі ў Маскву, Дні культуры праходзілі на высокім мастацкім узроўні. Што датычыць пратаколу…"

(Скобла: ) "І славянскага яднаньня…"

(Дудараў: ) "…Калі гэта адбудзецца, хаця наўрад, паколькі там ёсьць каму й безь мяне выступаць. Я б сказаў прыкладна наступнае. Мы сапраўды — карані аднаго дрэва, але розныя на гэтым дрэве растуць плады, абсалютна розныя. І гэта цудоўна.

Культура, мастацтва не прызнаюць і разбураюць межы паміж людзьмі й дзяржавамі. Але пры ўсім тым, што мы падобныя, мы ўсё ж іншы народ, чым расейцы, чым украінцы.

Але сябраваць з украінцамі супраць расейцаў я ня буду, таксама як і сябраваць з расейцамі супраць украінцаў я таксама не магу й ня буду. Мы суседзі, у нас у кожнага ёсьць свой дом, і мы павінны хадзіць адзін да аднаго ў госьці.

Дні культуры — гэта дні культуры, гэта ня нейкія скокі пад палітычнымі лёзунгамі ды фаервэркамі".
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org