RFE/RL |
Алесь Барскі на Свабодзе.(эфір 6 студзеня 2001) Удзельнічае:: Алесь Барскі. Аўтар і вядучы – Міхась Скобла. Аматары паэзіі ведаюць вытанчанага паэта Алеся Барскага. Навукоўцы-філёлягі цэняць наробак прафэсара, загадчыка беларусазнаўчай катэдры Варшаўскага ўнівэрсытэту Аляксандра Баршчэўскага. Барскі-Баршчэўскі шмат гадоў ачольваў Беларускае грамадзка-культурнае таварыства ў Польшчы, ініцыяваў стварэньне Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. А старэйшыя пісьменьнікі прыгадваюць, як за часамі брэжнеўскага застою Алесь Барскі прывозіў у Менск забароненую за саветамі літаратуру — выдадзеныя на Захадзе кнігі Купалы, Гаруна, Мандэльштама. Гэткі своеасаблівы караткевічаў кніганоша ў модных фірмовых джынсах… Адведаўшы нядаўна Беларусь, паэт і прафэсар завітаў у “Вольную студыю”. (Міхась Скобла: ) "Дачуўся я ад беластоцкіх сяброў, што вы, спадар Алесь, набылі ў сваіх родных Бандарах на Беласточчыне ладны кавалак зямлі. Ці не азначае гэта, што вы, барані Божа, надумалі пакінуць навуку зь літаратурай ды перакваліфікавацца ў фэрмера?" (Алесь Барскі: ) "Я не набыў аніякай зямлі, а толькі пераняў гаспадарку бацькі — 16 гектараў, бо калі б гэтага не зрабіў, то наша зямля трапіла б у чужыя рукі. І новы ўладальнік зямлі мог бы мяне выгнаць з поля ці з лугу, празь якія я хадзіў ад самага дзяцінства на рэчку. І таму, каб ніхто ніколі не сказаў мне — чаго ходзіш па маім, я пераняў гэтую гаспадарку. Але гэта не пагражае маім навуковым і літаратурным зацікаўленьням з тае простае прычыны, што апрацоўваць гэтае зямлі я ўжо ня буду. Проста мне хацелася ратаваць зямлю, якая ад вякоў належала да майго роду. Гэта — фундамэнт маёй духоўнай і маральнай структуры; у пераважнай большасьці ўсё тое, што пішу — і літаратуразнаўчае, і мастацкае — яно так ці інакш зьвязанае з маёй зямлёй". (Скобла: ) "Каб не гістарычная выпадковасьць у 1945 г., калі Беласточчына апынулася ў Польшчы, вы мелі б шчасьце жыць у Беларусі савецкай. Але склалася так, што вы вучыліся ў Лодзі, жывяце ў Варшаве. Ці не шкадуеце пра тое, што сёньня вы — грамадзянін Польскай, а не Беларускай дзяржавы?" (Барскі: ) "Сёньня ні ў якім разе пра гэта не шкадую, а нават і ўдзячны Сталіну, што ўрэшце скарэктаваў беларуска-польскую мяжу, перасунуў яе ад Беластоку на сорак кілямэтраў на ўсход. У выніку я і апынуўся ў Польшчы. Гадоў пятнаццаць таму выступіў па тэлебачаньні першы прэм’ер Польшчы Камароўскі. І ён расказаў пра тое, чаго я ніколі ня ведаў. Як вядома, беларуска-польская мяжа была праведзеная па лініі Керзона, і мяжа тая мела этнічны характар. Гэта значыць, што ўсе этнічныя землі беларускія ўсходняй Беласточчыны мелі належаць да Беларусі. І вось прэм’ер расказаў, як падчас свайго першага візыту ў Маскву на прыёме ў Сталіна ён зьвярнуўся да кіраўніка СССР з просьбай, каб вярнулі назад, да Польшчы, Белавескую пушчу, таму што ўжо да вайны польская Акадэмія навук мела сваю філію ў Белавежы, вяла навуковыя дасьледаваньні, затраціла сродкі. А таму польскі бок вельмі зацікаўлены, каб палякі атрымалі доступ да пушчы, якая апынулася за мяжой. І Сталін адказаў: “Ну, что ж, посовэтуемся с бэлорусскімі товарішчамі”. Назаўтра Сталін паведаміў: “Бэлорусскіе товарішчі согласілісь”. І правялі новую мяжу — ад Сямятычаў аж да Саколкі, урэзаліся ў беларускую тэрыторыю. Такім чынам мая родная вёска Бандары ды яшчэ 250 000 этнічных беларусаў апынуліся ў Польшчы. І сёньня пра гэта ніхто зь іх не шкадуе. Мы ўсё ж там жывем значна лепш, чым вы тут. Падам прыклад — мая сястра, якая мае 78 гадоў, сялянка, атрымлівае 130$ пэнсіі, прытым за хату ня плаціць, зямлі мае — колькі хоча. Таму і я ніякіх прэтэнзіяў да гісторыі ня маю. Тым больш у Польшчы ніхто не забараняе мне быць беларусам". (Скобла: ) "Тым больш дзіўнымі выглядаюць словы спадара Сычэўскага, аднаго з кіраўнікоў беларускага руху на Беласточчыне, што ён падтрымлівае палітыку Лукашэнкі — казаў па беларускім тэлебачаньні падчас побыту ў Менску. Як вы лічыце, спадар Алесь, чым гэта магло быць выклікана?" (Барскі: ) "Зразумела, што кожны мае права выказваць свае погляды, як і права належаць да тае партыі ці ідэалёгіі, да якое яму хочацца. Мяне вельмі зьдзівіла вось што. Два гады таму польскі Сойм выступіў з пасланьнем да беларускага народу, вельмі, дарэчы, памяркоўным, у тым пасланьні не рабіліся спробы накінуць беларусам чужую волю. Гаварылася там толькі пра адно — пра абарону дэмакратыі і незалежнасьці ў Беларусі. Пад тым пасланьнем падпісаліся ўсе польскія партыі, прадстаўленыя ў Сойме, улучна з сацыял-дэмакратамі, да якіх належыць і Сычэўскі. Супраць прагаласавалі толькі два дэпутаты, два беларусы, якія ёсьць у Сойме — Сычэўскі і Плева. Яны галасавалі супраць незалежнасьці і дэмакратыі ў Беларусі. Я гэтага не разумею! На маю думку, незалежна ад таго, дзе беларусы жывуць і якой яны трымаюцца палітычнай арыентацыі, сувэрэннасьць і дэмакратыю для свайго народу яны павінны ставіць вышэй за ўсё". (Скобла: ) "На вашай вечарыне, што адбылася днямі ў менскім Доме літаратара, Ніл Гілевіч прызнаўся, што ўпершыню пачуў пра немінучы распад савецкай імпэрыі з вуснаў Алеся Барскага яшчэ 20 гадоў таму. На чым грунтаваўся ваш тагачасны прагноз і ці не ацэньваеце вы апошнія падзеі ў Расеі як спробу вяртаньня ў савецкія часы? Выступ Пуціна па расейскім тэлебачаньні напярэдадні зацьверджаньня сталінскага гімну Дзярждумай Расеі быў нібы сьпісаны з Лукашэнкі. Зноў жа – візіты абодвух на Кубу…" (Барскі: ) "Адносна распаду імпэрыі ніякага прароцтва не было. Гэта была проста гістарычная аналёгія. Калі ўпала імпэрыя Чынгісхана, Пэрсідзкая імпэрыя, імпэрыя Аляксандра Вялікага, упала імпэрыя Гітлера, то, зразумела, што і савецкая імпэрыя павінна была прыйсьці да канца. Імпэрыя — гэта канструкцыя штучная, яна імкнецца зьяднаць у адно розныя народы, розныя мовы, розныя цывілізацыі. Сёньняшняе імкненьне кіраўніцтва Беларусі зьяднацца з Расеяй мяне палохае. Бо яно ёсьць формай адтварэньня Савецкага Саюзу. Хоць мне вельмі спадабалася выказваньне Пуціна, штопраўда, сказанае перад выбарамі: “Тот, кто не жалеет о распаде Советского Союза, не имеет сердца, но тот, кто стремиться его возродить, не имеет головы”. Ня ведаю, наколькі шчыра ён выказаўся. Бо тое, што сёньня дзеецца паміж Беларусяй і Расеяй, сьведчыць якраз пра адваротнае — пра імкненьне аднавіць “малы савецкі саюз”. Мы ўсё цешымся, што нас любяць і паважаюць у сьвеце за нашу добразычлівасьць і гасьціннасьць. Гэта ўсё легенды. У Польшчы было нядаўна праведзена апытаньне — каго б палякі хацелі б мець за суседзяў і каго б не хацелі. Найперш не хацелі б мець за суседа цыгана, пасьля румына, пасьля ўсіх арабаў, на пятым месцы ў палякаў стаяць украінцы, расейцы, беларусы і габрэі. А каго б палякі хацелі б мець за суседа? Амэрыканца, француза, ангельца, швэда і немца. Тут мы назіраем зьмену вялікай арыентацыі. Бо польскае грамадзтва традыцыйна заўсёды было ў аднолькавай ступені антыгабрэйскае, антынямецкае і "антыкацапскае". Тут варта патлумачыць, што для большасьці палякаў расеец, беларус і ўкраінец — гэта "кацапы". А "кацап" — гэта старапольскі панятак, азначае актора, камэдыянта, які злоўжывае голасам, мімікай і жэстамі рук. Так што бачыце, якія адносіны…" (Скобла: ) "Стаўленьне афіцыйнай Варшавы да беларускага рэжыму вядомае. Беларускія дэмакратычныя сілы мусяць быць удзячныя Польшчы за пэўную падтрымку. Польшча дала прытулак палітычнаму выгнанцу Зянону Пазьняку, з тэрыторыі Польшчы вяшчае Радыё Рацыя… Але назіраецца і пэўная насьцярога, а неўзабаве нас чакае ініцыяванае польскім бокам увядзеньне візаў. А як вы ацэньваеце пазыцыю Варшавы ў адносінах зь Беларусяй? Ці дастаткова яна рашучая й выніковая?" (Барскі: ) "Я марыў пра тое, што пасьля распаду Савецкага Саюзу Беларусь далучыцца да нэўтральных краінаў, такіх як Фінляндыя, Швэцыя, Швэйцарыя, Аўстрыя — разам зь іншымі савецкімі рэспублікамі, што атрымалі статус незалежных дзяржаваў. У гэты блёк маглі б увайсьці Літва, Латвія, Эстонія, Беларусь, Украіна, Польшча, Баўгарыя, народы Югаславіі, Славаччына, Чэхія, Румынія. Мне здаецца, што гэта быў бы магутны хаўрус, зь якім усе лічыліся б, і ніхто гэтага хаўрусу не крануў бы. І ня трэба было б выкідаць мільярды даляраў на ўзбраеньне, ня трэба было б уступаць у ваенныя блёкі і гэтак далей. Польшча, як вядома, уступіла ў NATO, але я гэта балюча перажываю, таму што ўступленьне Польшчы ў NATO, на маю думку, падштурхнула Беларусь у абдымкі Расеі". (Скобла: ) "Спадар Алесь, я ведаю, што ў вашай варшаўскай кватэры сабраная цэлая калекцыя гадзіньнікаў, ды амаль усе — спраўныя. А які час яны паказваюць — варшаўскі ці менскі?" (Барскі: ) "Выключна варшаўскі. Нельга жыць у адной краіне са сваім часам, а гадзіньнік перавесьці на час іншай краіны — Беларусі, Расеі ці Японіі. Чалавек спаралізаваў бы сабе жыцьцё ўвогуле. Я маю большы камплект самавараў, самавар для мяне — сымбаль аб’яднаньня ў адно цэлае стыхіяў, якія павінны быць аб’яднаныя — агню і вады. Яны для мяне ўвасабляюць пэўную прытульнасьць, пэўную атмасфэру. Я б тут яшчэ хацеў бы дадаць вось што. Калі параўнаць падарожжа паляка, які прыяжджае зь Беларусі ў Польшчу, і падарожжа беларуса, які прыяжджае з Польшчы ў Беларусь, то гэта вельмі адрозныя рэчы. Уражаньні абсалютна супрацьстаўныя. Падарожжа паляка зь Беларусі ў Польшчу можна параўнаць з падарожжам чалавека, які дападае да жыватворнай крыніцы ў вялікую сьпёку і п’е зь яе, чэрпае чыстую крынічную ваду. А падарожжа беларуса, які прыяжджае з Польшчы, і ня толькі з Польшчы, але і з цэлага сьвету ў Беларусь, можна таксама параўнаць з падарожжам чалавека, які ў вялікую сьпёку дападае да крыніцы, а крыніца — сухая, альбо напоўненая такой вадкасьцю, якое піць нельга. Адразу на мяжы, калі памежнік можа цябе абразіць і пасадзіць на месца толькі за тое, што ты да яго азываесься па-беларуску, то чаго ўжо чакаць у самой краіне…Калі чалавек падарожнічае па сьвеце і трапляе да самага прымітыўнага племені, якое налічвае ўсяго 200 чалавек, і азавецца да іх хоць колькіма словамі на іхнай мове, то ж гэтыя людзі цешацца, ганарацца, што вось прыехаў чалавек здалёк і карыстаецца іхнай мовай. У Беларусі, на жаль, інакш…" (Скобла: ) "А на адвітаньне я ўсё ж папрашу вас у нашай празаічнай гутарцы паставіць паэтычную кропку". (Барскі: ) "Я прачытаю верш, якім заканчваецца мой беластоцкі зборнік “Блізкасьць далёкага”, які для мяне істотны і які налічвае сто вершаў. Мне сьніцца малінавы звон,
Міхась Скобла, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |