border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Вольная студыя


Сымбаль волі.  Бел-чырвона-белы сьцяг і Пагоня ў мастацкай творчасьці й духовым жыцьці нацыі.

Гутарка Міхася Скоблы з гісторыкам і літаратуразнаўцам Анатолем Сідарэвічам

На сустрэчы зь пісьменьнікамі, што адбылася гэтым летам, прэзыдэнт Лукашэнка сказаў, што ён нібыта ня супраць бел-чырвона-белага сьцягу, але жывыя тыя людзі, што памятаюць, як беларускія нацыянальныя сьцягі віселі на вуліцах акупаванага Менску.  Каб не вярэдзіць іх памяць, хай Беларусь пакуль пабудзе чырвонасьцяжнай, а прыйдзе час, зазначыў Лукашэнка, і нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг, магчыма, зноў будзе вернуты як дзяржаўны сымбаль.  Яго вяртаньне, маўляў, – пытаньне часу.

Гэтыя развагі Лукашэнкі чамусьці ня трапілі ў стэнаграму, што была апублікаваная ў дзяржаўных газэтах, як ня трапіла й шмат з таго, што сказаў прэзыдэнт на той сустрэчы.  Нехта "акуратненька" прычасаў прэзыдэнцкія думкі, пакінуўшы патрэбныя.  У сувязі з чым у некаторых удзельнікаў той сустрэчы зноў зьявіліся пэўныя ілюзіі наконт таго, што прэзыдэнт у нас выступае за беларускасьць, а вось некаторыя ягоныя памагатыя зьбіваюць яго з правільнага курсу.

Памятаю, як мы, перашкурсьнікамі, прыяжджалі ў Менск на вуліцу Каліноўскага, сам назоў якой ужо грэў сэрцы і як бы клікаў прыехаць туды, і гаспадар кватэры, гісторык і літаратар Анатоль Сідарэвіч, як найдаражэйшую рэліквію паказваў БНРаўскую паштоўку і даваў пачытаць ваяцкі марш Краўцова Макара, як бы пасьвячаў у беларусы.  Сёньня спадар Анатоль – удзельнік нашае перадачы.

Скобла: Скажыце, зь якіх схоўніцаў вы мелі тую паштоўку ды на той час дужа крамольны тэкст Краўцова Макара?

Сідарэвіч: У нас падчас акупацыі дзеяла беларуская школка, а мае землякі ведалі гэтулькі песень, якіх не сьпявалі ў савецкія часы.  А гэтыя ноты, гэтыя словы я ўжо здабыў у Вільні, і паштоўку ў Вільні здабыў ад тамтэйшых беларусаў.  Мае былі рэліквіі, якія я глыбока хаваў і паказваў самым давераным людзям.

Скобла: Агульна вядома, якое старажытнае паходжаньне маюць і Пагоня і бел-чьрвона-белы сьцяг.  А калі-ж нацыянальныя сымбалі ўпершыню натхнілі беларускіх паэтаў? -  пацікавіўся я.  Аказалася, што значна пазьней.  Філямат і дэкабрыст Міхал Рукевіч напісаў узьнёслую песьню «З Пагоняй наш сьцяг» у 1821 годзе.  Яшчэ не было пачынальнікаў Багушэвіча й Дуніна-Марцінкевіча, Янкі Лучыны й Сыракомлі, а ўжо грымела на ўсю Літву-Беларусь філямацкая песьня.

А тыран, што злосьцю п'яны,
На яго жах паглядзець,
Што гняце свой люд падданы,
Хіба ж будзе шчасьце мець.
Дык калі паклічуць трубы,
Нас у сонечны прасьцяг,
Дружна ўздымем, вольналюбы,
Мы з Пагоняй нашай сьцяг.

У часе абвяшчэньня БНР у 1918 годзе сваю адданасьць бел-чырвона-беламу штандару дэкляруюць многія літаратары.  Напрыклад, першы надрукаваны ў 20-я гады верш «Покліч» зусім яшчэ маладога Ўладзімера Жылкі  заклікаў беларусаў гуртавацца пад бел-чырвона-белымі сьцягамі й Пагоняю.

Сідарэвіч: Раней за Жылку ўсё-ж такі Краўцоў Макар у сваім ваяцкім маршы ў 1919 годзе.  "Штандар наш бел-чырвона-белы пакрыў сабой народны рух", - было ясна сказана.  А ў 1918 годзе, у чэрвені месяцы, калі памяць мне ня здраджвае, афіцыйна Радай Народнай Беларускай Рэспублікі бел-чырвона-белы сьцяг – яго праект рабіў Кляўдый Душ-Душэўскі – і Пагоня былі зацьверджаныя ў якасьці сымбаляў Беларускай Народнай Рэспублікі, на пячатках, на іншых дакумэнтах гэта ўсё зьявілася ў 1918 годзе.

Скобла: А пасярод зруйнаванай Эўропы ў міхельсдорфскім лягеры для перамешчаных асобаў у 1948 годзе Натальля Арсеньнева, як з нашага сёньняшняга гледзішча, клясык, піша выдатны верш «Зьняважаным сьцягом», у якім нібыта прадбачыць лукашэнкаўскі рэфэрэндум і ціцянкоўскія аўтографы на пашматаваным сьцягу:

Усё, што ў нас было, што ёсьць, усё, што будзе,
У бел-чырвона-белае ўваткана палатно,
І вось яно, стаптанае, у пыле й брудзе
З узвышша ворагам нізрынута на дно.

І ў гады самага жорсткага камуністычнага прыгнёту нацыянальная сымболіка была з намі.  Памятаю, як мы, студэнты Белдзяржунівэрсытэту імя Леніна, у 1984 годзе невялікай групкаю езьдзілі ў Заслаўе, дзе невядомыя разьбяры выразалі Пагоню на драўлянай агароджы.  На старэйшых курсах накіроўваліся ў Вільню, каб прачытаць перад Вострай Брамай славуты верш Багдановіча, які чамусьці бесьперашкодна трапляў у паэтавы зборнікі.

Вядома, пасьля афіцыйнага зацьвярджэньня герба й сьцяга ў якасьці сымбаляў беларускімі паэтамі была напісана безьліч каньюнктурных вершаў.  З тагачасных твораў мяне найбольш уразіў звычайны дзёньнікавы запіс Яна Скрыгана, пазначаны 19 верасьня 1991 году:

"На сэсіі зацьверджаны Пагоня і бел-чырвона-белы сьцяг як наша дзяржаўная сымболіка.  Цяпер можна спакойна й паміраць.  Гэта наша перамога, адгэтуль зноў можа быць дзяржавай наша Бацькаўшчына".

Дзіўная, здавалася б, рэч: чалавек, які ўсё сваё жыцьцё пражыў сузіраючы савецкую сымболіку, пра зацьвярджэньне нацыянальнага сьцягу піша, як пра канцовую мэту свайго жыцьця.  Ці ня так, спадар Анатоль?

Сідарэвіч: Трэба згадаць лёс Яна Аляксеевіча, якія пакуты ён перажыў, як яго разлучылі зь першай жонкай, зь сям'ёю.  Ён жа ж быў ссыльна-катаржны.  І другое – не забудзьце, што Ян Аляксеевіч вучыўся ў Слуцку, дзе Радаслаў Астроўскі адчыніў першую беларускую гімназію.  Не забудзьце, што Слуцак – гэта сталіца паўстаньня ў абарону Беларускай Народнай Рэспублікі, і не забудзьце, што штандар гэтага паўстаньня таксама быў з выяваю Пагоні.  Наогул, узгадайце там яшчэ Юрку Лістапада, які, як я памятаю, вучыў Максіма Лужаніна,

Скобла: Цікавы, з гледзішча сёньняшняй тэматыкі  перадачы, творчы лёс заходнебеларускіх паэтаў.  З аднаго боку, вернасьць адраджэнскім ідэалам змаганьня за нацыянальнае вызваленьне беларусаў, з другога – непрыхаваныя сымпатыі да саветаў, у зычлівасьць якіх, пасьля арышту сяброў ураду Жылуновіча, паверыць было цяжка.

Возьмем неардынарную асобу Леапольда Родзевіча.  Бліскучы публіцыст і драматург, ён у 1922 годзе выдаў паэму «Беларусь».  Рэч нязвыклую для тагачаснага беларускага пісьменства, дзе рэальнасць перапляталася з фантасмагорыяй, паэзія з прозай, імпрэсія зь лёзунгамі.  Родзевіч-паэт піша: "І моляць, чакаюць людцы Пагоні,  выгукваюць па-язычніцку - Пагонь, Пагонь!"  Родзевіч-палітык робіцца слухачом маскоўскага Камуністычнага ўнівэрсытэту, рэдагуе часапіс «Бальшавік».

Сідарэвіч: Родзевіч, Язэп Лагіновіч , Арсень Канчэўскі –  гэта былыя беларускія эсэры, незалежнікі, становяцца камуністамі, але гэта тыя камуністы, накшталт Жылуновіча, пра якога Антон Луцкевіч пісаў: "Ён, найперш, беларус, а потым - камуніст".  Недарма ж іх усіх потым панішчылі .

Скобла: Мне хацелася сказаць яшчэ пра аднаго паэта-камуніста, пра Міхася Машару , шматгадовага падгасподніка, кватаранта віленскай турмы Лукішкі.  Таксама ж не стамляўся ўхваляць савецкую рэчаіснасьць.  А лепшыя свае творы напісаў у несавецкай Заходняй Беларусі, ды такія, што потым прыйшлося ўсё жыцьцё хаваць іх, не ўключаць у зборнікі.

Арсень Ліс недзе ў друку прыгадваў, як яму напрыканцы 80-ых трапіліся ў Акадэмічнай бібліятэцы віленскія зборнікі Машары 30-тых гадоў, якія да самае перабудовы захоўваліся ў спэцсховах.  Кнігі «З-пад стрэх саламяных», «На сонечны бераг», «Напрадвесьні» былі сьпярэшчаныя чырвоным алоўкам .  Нейкі пільны чытач паўсюль падкрэсліў крамольныя словы "адраджэньне", "пад сьцагам Пагоні", "дваццаць пятае сакавіка".

Вершы Машары цанілі нават і ідэйныя спадужнікі.  Аднойчы мне распавядаў Анатоль Вялюгін, як у акупаваным гітлераўцамі Менску ў рэдакцыі «Беларускай Газэты» нехта прачытаў верш Машары, у якім былі такія радкі: "Першы сьнег - гэта сэрцу навіна, гэта раны ўкрыла зямля, гэта выбегла з хаты дзяўчына, сьмех ля студні й скрып жураўля".  І супрацоўніца рэдакцыі Натальля Арсеньнева захоплена ўсклікнула: "Гляньце – і камуністы ўмеюць пісаць добрыя вершы!".  Сапраўды, было чаго асьцерагацца паэту-камуністу Міхасю Машару .  Пасьля 1939 году яго як заслужанага змагара за народную долю бальшавікі прызначаюць на намэнклятурную пасаду, дапамагаюць выбрацца ў дэпутаты.  Газэта «Раніца» у 1940 годзе перадрукоўвае адзін зь яго ранейшых вершаў, з-за якога лёгка можна было пазбавіцца ня толькі дэпутацкага мандату.  Верш пачынаўся з чатырохрадкоўя: "Ня маеце права кідаць нам у вочы, / што мы непатрэбна блудзілі гады, / праз шэрыя будні і цёмныя ночы / пад сьцягам Пагоні трымалі рады".

Сідарэвіч: Дарэчы, я хацеў бы тут заўважыць адну маленькую дэталь: ён сядзіць на Лукішках у 1928-1929 гадох па справе Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады .  У 1928 годзе там жа сядзіць на Лукішках Антон Луцкевіч, зь якім Машара меў сьціслыя стасункі .  Луцкевіч там перакладае Авідыя Назона, «Дзеі апосталаў» і піша разам з тым вэрлібар: "Белы кужаль, на ім струйка крыві – гэта сьцяг паняволенае Беларусі".

Выйшаўшы з Лукішак, Машара просіць у Луцкевіча дапамогі.  І яшчэ заўважце, у заходнебеларускіх газэтах, камуністычных, Машару лаялі, ён быў блізкі да хадэціі потым, да ксяндза Станкевіча й іншых.

Скобла: Ды членам Камуністычнай партыі, як мне помніцца, ён стаў на Бранскім фронце, калі ваяваў, калі ў партыю  цэлымі ротамі й батальёнамі прымалі перад боем.  Для мяне ж адкрыцьцём было яшчэ й тое, што і ў Максіма Танка былі вершы ня толькі пра чырвоны сьцяг, але й зноў жа творы, што ўваходзілі ў яго заходнебеларускія зборнікі, праходзілі пэўнае сіта.  Грошы ж на выданьне кампартыя давала.

Цяпер, здаецца, распачалася падрыхтоўка да выданьня ягонага поўнага збору твораў.  Супрацоўнікі Інстытуту Літаратуры нават аўтографы танкаўскія зьбіраюць.  Цікава, ці ўключаць у першы том вершы маладога Танка, накшталт гэтага:

Наўстрэчу солнцу, маладыя
арлы, кіруйце свой палёт,
Паўстань, зьняволены народ,
Пагоні сілы баявыя,
Глядзіце ў будучыню сьмела,
Настаў доўгачаканы час,
Пад сьцягам бел-чырвона-белым
чакае перамога нас!

Напрыканцы нашай размовы хочацца прыгадаць колькі дробязных, але прыемных фактаў.  Літаральна два месяцы таму мне прыйшлося пабачыць герб Пагоню на шыльдзе ваенкамату ў адным з аддаленых ад сталіцы райцэнтраў.  Па Менску курсуюць некалькі аўтобусаў, са шкла якіх дэманстратыўна несашкрэбленыя бел-чырвона-белыя сьцягі.  На Берасьцейшчыне ў Івацэвіцкім раёне існуе ўнікальны тапонім - Балота Пагоня.  А знаёмы міліцыянт, калі я папрасіў падараваць ці прадаць кукарду зь беларускай нацыянальнай сымболікай, адмовіўся і патлумачыў, што яна яму самому яшчэ спатрэбіцца.

Міхась Скобла
 

© 1995-1998 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org