RFE/RL |
“Глёрыя Патрыя” – “Хвала Бацькаўшчыне”. Кніга фотавершаў Зянона.(эфір 16 сьнежня 2000) Удзельнічаюць: Зянон Пазьняк, Уладзімер Арлоў, Рыгор Барадулін, Валеры Буйвал. Аўтар і вядучая – Вольга Караткевіч. “Глёрыя Патрыя”, “Хвала Бацькаўшчыне” так называецца выдадзеная ў Вільні Таварыствам беларускай культуры ў Літве кніга фотавершаў Зянона. На 350 старонках выдатнага выданьня – паэтычны і мастацкі шлях Зянона Пазьняка. Вершы і фатаздымкі. Прыгожыя і шчырыя… Гаворыць Зянон Пазьняк (Пазьняк: ) “Ідэя гэтай кніжкі ў мяне ўзьнікла даўно, але прыступіў я да яе ў 80-х гадах. Мне хацелася зрабіць кніжку, якая сумяшчала б фатаграфію і верш. Каб гэта было адно гучаньне. І я працаваў над ёй, але, на жаль, не ўдалося гэтага ажыцьцявіць так, як хацелася. Бо ў 80-х гадах пачалася палітычная дзейнасьць. І ўсё было закінутае – і навука, і творчасьць. Усё перамянілася. Таму тое, што выйшла зараз, гэта проста пашанцавала. Гэта проста Бог павярнуўся да мяне тварам, што ўдалося выдаць тое, што ўдалося. Я вельмі ўдзячны тут маім сябрам, і Арлову Ўладзю, які сказаў, што трэба выдаваць тое, што ёсьць, узяўся й перачытаў вершы, прапанаваў выбарку… І вельмі ўдзячны мастаку Пётру Драчову, бо ён зразумеў сутнасьць, якая была закладзеная, зразумеў ідэю. І ён яе выявіў з таго, што ёсьць. Я зрабіў толькі часткова. Да канца ня мог зрабіць, а да канца зрабіў Пётра Драчоў. Я хачу, карыстаючыся Радыё, перадаць яму вялікую падзяку”. (Караткевіч: ) “У прадмове Зянон піша: Мілая Радзіма, Ты – уся мая памяць. Усё, што бачыў і перажыў за жыцьцё, усё, што пра Цябе чуў і чытаў і нават уяўляў – усё са мной. Ты, такая вялікая і прыгожая, перапоўніла маё сэрца і маю галаву… Вечнай памяці палеглых і закатаваных бацькі Станіслава і дзеда майго Яна, якіх ніколі ня бачыў – прысьвячаю…” Зянон Пазьняк сказаў мне, што яму складана чытаць свае вершы. Але некаторыя выбраў…” (Пазьняк: ) “Маці Аднойчы летам сьпякотным
1981. Хварэю на сэрца Барвянае сонца
1981. Гляджу на дрэва Калісьці я жолуд садзіў над вадй.
1987. (Караткевіч: ) “Як сказаў Зянон, кнігу фотавершаў “Глёрыя. Патрыя” яго намовіў зрабіць пісьменьнік Уладзімір Арлоў… Ён расказвае…” (Арлоў: ) “Як мне памятаецца, ідэя гэтай кнігі нарадзілася, калі мы зь Зянонам выпадкова сустрэліся ў 1992 годзе ў Ялце. І некалькі дзён разам гулялі над морам, крыху падарожнічалі па Крыме. Можа быць, тады Зянон і напісаў вось гэтае трохрадкоўе: Гурзуф.
І, безумоўна, мы знайшлі на старых Лівадзійскіх могілках у Ялце магілу Максіма Багдановіча. І я там гаварыў, пад тымі кіпарысамі, пра тое, што, напэўна, Максім прыехаў у Ялту, каб у свае астатнія дні мець ня толькі сонца ды сінюю бухту, але й Беларусь, бо Беларусь – гэта тая ўнікальная краіна, якая набывае свае рэальныя абрысы толькі тады, калі ты яе пакінеш. У тыя дні я, здаецца, упершыню і пачуў некалькі вершаў Зянона. Мне памятаецца першае яго трохрадкоўе, якое прагучала зь ягоных вуснаў: Танцы на мосьце
Я сказаў яму, што павінна з гэтых вершаў нарадзіцца кніга. Яна ўрэшце зьявілася.Працавалі мы над ёю ў сярэдзіне 90-х гадоў. Яна мелася выйсьці ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”, дзе тады я працаваў, яшчэ ня быў звольнены “за выпуск исторической и другой сомнительной литературы”, як пазначана ў адной паперы. На нейкім этапе працы да яе далучыўся Алесь Разанаў. Найбольш істотная, напэўна, мая рэдактарская прапанова, прычым прапанова настойлівая, – зьняць такія празьмерна палітызаваныя вершы. Да прыкладу, у Зянона быў верш “Бюракрат”. Назва як бы гаворыць сама за сябе. Я сказаў Зянону, што гэта верш для “Вожыка”, а не для лірычнай кнігі. І ён пагадзіўся. Часы імкліва мяняліся, і гэтая кніга, калі праца над ёй была збольшага скончаная, не змагла выйсьці ў дзяржаўным выдавецтве. Я шчасьлівы, што яна выйшла зараз. Маю такія сьветлыя ўражаньні, маю ў іпастасі гэтай кнігі пацьверджаньне, што Зянон сапраўды паэт, чалавек з паэтычным сьветаўспрыманьнем, якое выяўляецца і ў ягоных тэкстах, фатаздымках мастацкіх, таму што я Зянона як мастака адкрыў для сябе, безумоўна, як і шмат хто іншы, найперш дзякуючы ягоным фатаздымкам, а менавіта альбому “Браслаўшчына”, які выйшаў яшчэ, калі мне не здраджвае памяць, пры канцы 60-х гадоў”. (Караткевіч: ) “Я б хацела тут спытацца, ці ёсьць нейкія фатаздымкі, якія рабіў Зянон, у Вашае калекцыі?” (Арлоў: ) “Так, ёсьць. Ёсьць фатаздымак, які, дарэчы, друкаваўся ў газэце “ЛіМ”. Гэта фатаздымак магілы Багдановіча. Гэта быў той дзень, калі мы зь Зянонам былі на той магіле і там, ведаеце, вельмі часта выходзіць да наведнікаў гэтай магілы такое ласкавае кацянё, над якім, здаецца, няўладны час. Ты прыедзеш сёлета – выйдзе кацянё, праз год – зноў ідзе кацянё. Зянон сфатаграфаваў мяне з гэтым кацянём каля магілы Багдановіча. А ўвогуле я хачу сказаць, што ў той год, калі мы зь ім сустрэліся ў Ялце, мяне напаткала трагічная падзея. Якраз памерла мая мама, яна ўжо памірала, калі мне паведамілі. Я паехаў зь Ялты і ўжо не пасьпеў яе засьпець жывой. Вось такім было тое лета, і ў кнізе ёсьць верш, дзе Зянон адгукнуўся на гэтую падзею. Гэта вось мяне таксама кранула. Калі я гартаю кніжку, я бачу ў вершах Зянона, у вельмі многіх вершах, гістарызм і гістарычную падсьветку. Вось на гэта зьвярнуў увагу ў прадмове і Рыгор Барадулін, калі згадваў вось гэты верш: Пад’яжджаем да Воршы,
Гэта кніга, безумоўна, для чалавека абазнанага ў беларускай культуры, у беларускай гісторыі. Можа быць, апошняе, што я хацеў сказаць і ў свой час сказаў Зянону, што найлепш у яго ўдаюцца хоку. І мне шкада, што ў зборніку “Круглы год”, куды ўвайшлі хоку беларускіх паэтаў, не прадстаўленыя творы Зянона. Я думаю, што, магчыма, хоку беларускіх паэтаў будуць перавыдавацца, і вось кніга “Глёрыя Патрыя” дасьць, можа быць, цэлы разьдзел”. (Караткевіч: ) “Я папрасіла Ўладзіміра Арлова адказаць на пытаньне, ці можа быць праўдай, што выдадзеная кніга можа заспакоіць душу. Менавіта так завяршае кнігу Зянон. Уладзімір Арлоў сказаў, што часам наадварот, выдадзеная кніга выклікае хваляваньне – ці ўсё так, ці адпавядае яна зьмененаму мне? На гэтую фразу – “заспакоіць душу” – зьвярнуў увагу Рыгор Барадулін, які напісаў прадмову да кнігі Зянона… У нашай праграме далей Вы пачуеце гутарку з Рыгорам Барадуліным, а зараз – вершы Зянона…” (Пазьняк: ) Чакаю бацьку з вайны Я заўсёды чакаў Цябе,
Ах, як павольна цікаў гадзіньнік.
Ты прыйшоў да мяне ў сьне
Я прачнуўся.
1981. Факстрот Загучэў стары факстрот.
1987. Цёплае лета Заснуў на траве.
Ісьціна У спрэчках
(Караткевіч: ) “Я запыталася ў Зянона Пазьняка, які ягоны любімы разьдзел у кнізе”. (Пазьняк: ) “Самы блізкі разьдзел – гэта мой дом. Вось. Усё зьвязана з домам. Усё выходзіць з дому. Які дом, якая сям”я – такая нацыя, такі чалавек. Так што дом – гэта сьвятое. Гэта – і сіла, гэта – і калыска”. (Караткевіч: ) “У газэце “Пагоня” ўжо была апублікаваная рэцэнзія Валерыя Буйвала на кнігу Зянона. Рэцэнзія называецца “Глёрыя Патрыя – хвала Бацькаўшчыне”. Ведаючы, што Валеры Буйвал уваходзіць у адну палітычную партыю зь Зянонам Пазьняком, я найперш запыталася ў яго, ці цяжка было пісаць пра свайго паплечніка ў палітыцы?” (Буйвал: ) “Не, ня цяжка, таму што тут як бы я сустрэўся са сваёй крытычнай музай. Вершы мне вельмі спадабаліся, усхвалявалі, пісалася лёгка. Вобразы самі сабой знаходзіліся”. (Караткевіч: ) “На Вашую думку, вось магчымая рэакцыя, што фатаздымкі Зянона – лепшыя за вершы, у якой ступені яна абгрунтаваная. Ці, магчыма, гэта тлумачыцца перадусім суб’ектыўным стаўленьнем да аўтара, ці гэта – факт?” (Буйвал: ) “Кожны мае права успрымаць творчасьць – фотамастацтва альбо паэтычнае мастацтва – сапраўды суб’ектыўна. Але я б з такой думкай не пагадзіўся б. На мой погляд, кніга зьяўляецца сынтэтычным опусам “Глёрыя Патрыя”, у якім усё непарыўна: і фатавобразы, і паэтычныя вобразы. І вызначаць першынства аднаго перад другім, на мой погляд, проста грэх”. (Караткевіч: ) “У гэтай кнізе шмат уласных фатаздымкаў Зянона Пазьняка. І побач вершы, дзе вельмі інтымныя адчуваньні, напрыклад, адчуваньні на наступны дзень пасьля дня нараджэньня. На Вашую думку, наколькі апраўданая для творцы такая манэра, якую іншыя крытыкі могуць назваць занадта выражаным эгацэнтрызмам?” (Буйвал: ) “Вось я, углядаючыся ў гэтыя здымкі, чытаючы вершы, якраз і перажыў сапраўднае адкрыцьцё. Такі высокі давер да чытача. Гэта – сапраўднае адкрыцьцё душы перад чытачом. Вельмі рэдкая зьява ў цяперашнім мастацтве. Незаангажавана чытачу вельмі цяжка ўспрымаць гэты твор, гэтую кнігу. Як опус. Бо прысутнасьць Зянона ў палітыцы, безумоўна, будзе накладаць пэўны адбітак на ўспрыняцьцё людзей. Але на маю думку, знаёмства з гэтай кнігай разаб’е цэлы шэраг надуманых і несправядлівых стэрэатыпаў”. (Караткевіч: ) “Мы размаўляем, я гавару Зянон Пазьняк, а Вы толькі Зянон. І я зьвярнула ўвагу, што ў кніжцы няма прозьвішча Пазьняка, толькі ймя?” (Буйвал: ) “Мне здаецца, што гэта – вызначэньне творчай грані асобы. Гэта – сьвядомы выбар. Па добраму, вельмі эфэктны выбар”. (Караткевіч: ) “Я заўважыла ў Вашай рэцэнзіі, што яна даволі палітызаваная, Вы ўзгадваеце старажытнага Зянона і ня толькі ў кантэксьце ягонай творчасьці, але і ў кантэксьце змаганьня з тыранам…” (Буйвал: ) “Зянон з Элеі, філёзаф 5 ст. да н.э. Вось гэтае супадзеньне хвалявала мяне заўсёды. Наш Зянон і той Зянон, абодва барацьбіты супраць тыраніі, абодва высокія мысьляры і творцы сваёй эпохі. Мы таксама цяпер змагаемся за новую антычнасьць”. (Караткевіч: ) “Валеры Буйвал перакананы, што Зянон будзе працягваць пісаць вершы. Пэрсанальна я ўпершыню сутыкнулася з паэзіяй Зянона, калі пачула ў выкананьні гурту “Сябры” песьню на словы верша Зянона “Гучаньне анёльскага голасу…” У цішы над Зямлёй
Чысты, як срэбны струмень на радзіме,
1987. (Караткевіч: ) “У 1995 годзе ў газэце “Літаратура і Мастацтва” была апублікаваная падборка паэтычных твораў Рыгора Барадуліна “У новы сшытак павагі і захапленьня”. У нізцы ёсьць і прысьвячэньне Зянону. Гэтым прысьвячэньнем Рыгор Барадулін завяршае сваю прадмову да кнігі “Глёрыя. Патрыя”. Прадмова мае паэтычны назоў “Што чуе душа…” Я запыталася Рыгора Барадуліна, чаму ён апублікаваў той верш...” (Барадулін: ) “Я яго зьмяшчаў проста як завяршэньне, рукапіс. Рукапіс той навеяў вобраз Зянона, мне падалося, што прозаю я яшчэ ня ўсё сказаў. Мне хацелася, знаеце, быць такім эмацыйным. Зараз перада мною кніга, я быў страшэнна ўсьцешаны. Гэта, відаць, самы лепшы падарунак, які я атрымаў у гэтым годзе. Сымбалічна, што пры канцы стагодзьдзя: АДДЗЯКА Зянону Місія не прыходзіць з Галілеі -
Каб не памерці,
Ішоў на сьмерць,
Гэта тое, як яму аддзячыла цяперашняя Беларусь. Дарэчы, я ў свой час, калі ў нас былі яшчэ такія добрыя надзеі, я пісаў Зянону на Дзень нараджэньня верш. Я магу яго пачытаць, калі хочаце… Каліновец Як п’е гарэлку бедна басота
Ну, тады яшчэ была надзея. А цяпер яна ёсьць, але яна ўжо не такая. Яна пратушаная”. (Караткевіч: ) “Вы сказалі, што гэтая кніга, якую выдаў Зянон – гэта найлепшы падарунак для Вас у гэтым годзе…” (Барадулін: ) “Гэта для ўсёй Беларусі, для кожнай беларускай душы, а для мяне – асабліва. Гэта ўнікальная кніга. Яе трэба і чытаць, і глядзець. Яе трэба слухаць, яна музычная разам з тым. Калі возьмем Зянона як палітычную асобу, як змагара, як самага-самага шчырага, самага сьвятога змагара, - ён і Быкаў, за Беларушчыну… Вершы пісалі. І таварыш Сталін, і дзядзька Мао, і эканаміст Маркс, але яны тужыліся пісаць вершы, а Зянон – паэт, мастак, які вымушаны быў узяцца за палітыку. Таму што, відаць, на жаль, не знайшлося больш у Беларусі такіх асоб. Я гавару – ён і Быкаў. Гэта дзьве асобы, на якіх трымаецца думка ў сьвеце, што Беларусь ёсьць”. (Караткевіч: ) “Вось Вы сказалі, што гэта – падарунак кожнай беларускай душы. Якая душа Зянона бачыцца ў гэтай кніжцы для Вас?” (Барадулін: ) “Утрапёная, ранімая, безабаронная. Яны недзе блізка вонкава і ўнутры з Васілём Быкавым. Гэта невыпадкова дзьве знакавыя фігуры ў Беларусі. Таму што за такой вонкавай суровасьцю, такой недаступнасьцю, тоіцца дужа шчымлівая, трымклівая, дужа безабаронная душа, каторая ўвесь час змагаецца з жыцьцём практычна. А Зянон выдае сябе сваімі вершамі. Таму што вершыя ягоныя -настолькі яны цнатлівыя, настолькі яны прачулыя, настолькі яны вобразныя, вобразнасьцю глыбіннай, ня вонкавай. Гэта ня кідзістая паэзія, не мэтафарычная паэзія, не паэзія рыфмы. Яна набліжаецца да такой біблейскай паэзіі. Невыпадкова ў яго й разьдзел… Гэта кніга нагадвае нечым, перагукваецца з Палянэзам Агіньскага. Той самы настрой. Той самы настрой разьвітаньня з Радзімай, адначасова ў Зянона ёсьць цьвёрды сподзеў, што ён вернецца на Радзіму. Я б хацеў, з Вашага дазволу, пачытаць прыпавесьць Зянона “Скрыжаваньне”: На скрыжаваньні
1983 Тут вельмі многа аналёгіяў”. (Караткевіч: ) “Калі Вы ўпершыню ўведалі, што Зянон Пазьняк – паэт?” (Барадулін: ) “Душой я адчуваў гэта пад час нашых першых спатканьняў. Дарэчы, вельмі цікавая дэталь. Мы з Уладзімірам Караткевічам пабаіваліся Зянона. Яго аськетычнасьць, яго сувовасьць. Таму што ён нас “ганяў”, калі мы бралі лішнюю чарку. Я ведаў, што Зянон піша. А канкрэтна з рукапісамі я пазнаёміўся ў выдавецтве. Мяне ўразілі гэтыя вершы ўжо тады. Зянон – мастак. Мастак – філёзаф. Мастак і паэт. У ім усё разам сплаўлена. Я зараз паглядзеў у слоўніку, што такое фота. Фота – (гр. phos, - otos) – па-грэцку “сьвятло”. Сьвятлом сваёй душы, сьвятлом сваёй натуры, нязломнай, беларускай, Зянон піша. Гэта фатамаг, фатамайстра. У нас, праўда, трошкі апошлілі, не апошлілі, а абытавілі слова “фатограф”. Асабліва гэтая калгасная гайня. Калі хацелі ўпікнуць Зянона, дык казалі: ён – фатограф. А, дапусьцім, калі калгасьнік, які ня мог загарадзіць сябе плоту каля хаты, то – нармальна. А фатограф – гэта ўжо дрэнна. А Зянон – застанецца, празь некалькі дзесяткаў гадоў, празь вякі, застанецца як такая знакавая, апостальская постаць Беларусі. І невыпадкова сярод фатаздымкаў – ёсьць фатаграфія Каліноўскага”. (Караткевіч: ) “Гаворачы пра апублікаваныя Зянонам фатаздымкі, Барадулін сказаў, што яны паказваюць Беларусь нескалгашаную, Беларусь вытанчаную…” (Барадулін: ) “Пра многія фатаграфіі можна гаварыць. Там ці конь, які хоча цалаваць у вадзе свой адбітак. Дужа падабаецца. Баравікі, якім захацелася некуды выйсьці з кошыка, а сасна, русалка ў вадзе, ці здань, якая гукае ў вячніну. Наагул гэтыя фатаграфіі, па кожнай фатаграфіі можна пісаць паэму”. (Караткевіч: ) “І пры канцы гутаркі я папрасіла Рыгора Барадуліна выказаць яго меркаваньне пра месца кнігі фотавершаў Зянона у культуры Беларусі…” (Барадулін: ) “Баюся сказаць… Яна роўная, толькі ў другім аспэкце, і “Вянку” Багдановіча, дарэчы, якому заўсёды моліцца Зянон. Гэта сучасная “Новая Зямля” можна сказаць так. Энцыкляпэдыя беларускай душы на разломе, у памкненьні Беларусі стаць незалежнай. І пры канцы, на апошняй старонцы Зянон піша: “Цяпер Бог даў мне шанец выдрукаваць яе. Цяпер бязь зьменаў як успамін аб даўняй мінулай пары, аб шчымлівых днях, каб заспакоіць душу”. Яна – не заспакойвае душу. Яна душу будзіць ад сну”. Вольга Караткевіч, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |