RFE/RL |
Сучасная беларуская літаратура па-швэдзку.(эфір 7 кастрычніка 2000) Удзельнічаюць: Ірына Туровіч, Дзьмітры Плакс, швэдзкая перакладчыца Кайса Эбэрг. Аўтар і вядучая – Вольга Караткевіч. “Чым больш я чытаю беларускую паэзію, якую цяпер перакладаюць на швэдзкую мову, тым больш я адчуваю, што беларуская літаратура вельмі нагадвае швэдзкую. Яна блізкая да нашага швэдзкага паэтычнага мадэрнізму,” – пісаў дарадца ў пытаньнях культуры амбасады Швэцыі ў Маскве Юхан Эбэрг, які спрычыніўся да перакладу на швэдзкую мову твораў шэрагу беларускіх аўтараў. Сёньня мы гутарым з маладымі беларускімі літаратарамі, якіх чытаюць швэды. Дзьмітра Плакса я сустрэла ў Гётэборгу пад час Швэдзкага кірмашу кнігі, на якім была і беларуская экспазыцыя. Дзьмітры Плакс жыве ў Стакгольме ўжо 4 гады і друкуецца ў швэдзкіх газэтах і часопісах. Ён вядомы ў Беларусі публікацыямі “плаксаў” у газэце “Імя”. Гэта былі суб’ектыўныя замалёўкі на актуальныя тэмы – ад палітыкі ўладаў да запляваных семкамі скамеек у менскіх сквэрах. Не разбэшчаныя абсурднай разнастайнасьцю ды загадкавасьцю рэаліяў швэды ахвотна чытаюць “плаксы” па-швэдзку. Дзьмітра Плакса, як ён паведаміў, рэгулярныя чытачы ідэнтыфікуюць зь Беларусяй, вобраз якой Дзьмітры адлюстраваў у “плаксе” “Распусьціцца ў дабрабыце…” (“плаксы” ў перакладзе на беларускую мову чытае Кастусь Бардарук) “За морам сінім, акіянам глыбокім, узвышынай зялёнай ды гарой высокай ёсьць на белым сьвеце каралеўства Б. Заводы ў каралеўстве ўсе як адзін працуюць, але навакольнага асяродзьдзя не забруджваюць. Народная гаспадарка плянамерна разьвіваеца. Валюта мацнее. Зямля тры ўраджаі за год дае, а плады ўсё надзвычайныя, смачныя ды вялізарныя. Дарогі там гладкія, як стол ды простыя, як стрэл.Аўтобусаў наагул няма – навошта, калі ў кожнага – аўто. Народ жыве багата, асабліва пэнсіянэры ды інваліды. Хабару ніхто не бярэ ў Б. – рэпутацыя даражэй. Свабода там поўная – гавары, пішы, паказвай – што хочаш. А кіруе дзяржаваю кароль Вусаты – твар белы, душа чыстая, думкі шчырыя. А разумны!!! Гаворыць гладка, як чытае, і нат словы новыя прыдумляе, што ня кожны можа. Народ свой кіраўнік Б. любіць, а галоўнае – калі што паабяцаў – выканае. Грошай навалам у скарбніцы. Сымболіку вярнуў зразумелую. Работа невялікая – шыльды памяняць, штампы новыя выразаць, грошы іншыя надрукаваць, армію ды паліцыю пераапрануць, ды такая драбяза кшталту блянкі, сьцягі. І грошы дарэмна не ляжаць сабе. І такая любата ў тым каралеўстве Б. Я там быў, дабрабыт той спажываў, па вусах, ведаеце, цякло, ну а іншае.. самі ведаеце…” Я запыталася ў Дзьмітрыя Плакса, што ўяўляе сабой ягоная творчасьць і творы, якія так добра спажываюцца швэдзкай публікай. (Плакс: ) “Я пішу мае асабістыя апавяданьні, якія потым папросту прадаю ў газэты. Я пішу таксама кнігі. Выдаў маю першую кнігу па швэдзку”. Цікава даведацца, ці ня трэба было Дзьмітрыю прыстасоўвацца да мэнтальнасьці паўночнага стрыманага народу… (Плакс: ) “Не, ня трэба было. Швэдзкая публіка цікавіцца менавіта маім спэцыфічным сьветаглядам”. (Караткевіч: ) “Якія, напрыклад, Вы кладзеце гісторыі ў аснову “плаксаў” па-швэдзку”. (Плакс: ) “Пісаў, напрыклад, пра першамайскую дэманстрацыю ў Менску. (Сьмяецца). Я пісаў пра выбары ў Амэрыцы. Пра тое, што кандыдаты дзіўным чынам падобныя да савецкіх лідэраў”… “Перадвыбарчая кампанія ў ЗША выклікае ў душы Homo Soveticus розныя пачуцьці. Уважлівае назіраньне за кандыдатамі выклікае дзіўныя асацыяцыі. Нягледзячы на тое, што амэрыканцы дагледжаныя і адносна маладыя, яны дзіўным чынам нагадваюць нашых старых добрых лідэраў. Членаў Палітбюро, якіх, як пісаў Сяргей Даўлатаў, “можна было судзіць за адзін толькі выраз твару”. Амэрыканскіх палітыкаў хочацца ізаляваць за гэта ж. Асабліва аднаго зь іх. Я не магу і не хачу вучыць народ Амэрыкі – каго ім выбіраць сваім наступным прэзыдэнтам. Я паважаю іхны выбар і не сумняюся ў дэмакратыі. Я толькі хачу запытацца – калі Гор вырваўся наперад толькі таму, што пацалаваў жонку ў вусны, каго мусіць цалаваць Буш, каб вярнуць лідэрства? І, магчыма, галоўнае – куды?” (Караткевіч: ) “Прыехацьу Швэцыю, вывучыць мову, друкавацца… Якое самаадчуваньне ў беларускага творцы?” (Плакс: ) “Я, мабыць, адчуваю сябе вядомым…(Сьмяецца)” (Караткевіч: ) “Для творцы вельмі важна ведаць меркаваньне чытача. Я запыталася Дзьмітра Плакса, ці рэагуюць швэды на ягоныя творы?” (Плакс: ) “Рэакцыя ёсьць. Час ад часу чытачы пішуць лісты ці дасылаюць факсы. Яны пішуць, што я – ідыёт. (Сьмяецца). Што гэта ня можна друкаваць, ці наадварот – пішуць, што гэта вельмі цікава. Гэта выклікае рэзананс. Прыемна. Вельмі прыемна. Тыя, хто чытаюць мяне рэгулярна, ведаюць, што я зь Беларусі”. (Караткевіч: ) “Я вось трымаю вашую кніжку на швэдзкай мове. Пра што там?” (Плакс: ) “Лірыка. Амаль што толькі пра каханьне”. (Караткевіч: ) “Я часта была ў Швэцыі і ведаю, што прыватнае жыцьцё, пачуцьці там не прынята дэманстраваць ці абмяркоўваць. Сваё прыватнае жыцьцё, а тым больш чужое. Нават пары каханых людзей вельмі стрыманыя ў гутарках пра каханьне, пра свае жаданьні і радасьці. Швэды са зьдзіўленьнем даведваюцца пра тое, што іх лічаць, у той жа Беларусі, занадта раскаванымі ў сэксуальным пляне. Швэды, трэба адзначыць, вельмі-вельмі адказныя, акуратныя і цярплівыя ў дачыненьні да пачуцьцяў партнэра і асобы ўвогуле. Таму ў мастацтве тэма каханьня прысутнічае больш вольна. Дзьмітры Плакс…” (Плакс: ) “Не магу сказаць за ўсю сучасную швэдзкую літаратуру, але ў швэдзкай літаратуры гэтая тэма адлюстроўваецца вельмі вольна. Зараз тут вельмі папулярная кніга пра гомасэксуальнае каханьне. Яна стала бэстсэлерам…” (Караткевіч: ) “Які Вы напісалі апошні твор?” (Плакс: ) “Маленькае апавяданьне, якое называецца “Быць гомасэксуалістам”. (Туровіч: ) “Госьці сабраліся і ўладкаваліся ў крэслах, на канапе і
папросту –
(Караткевіч: ) “Гэта быў ўрывак з выступу ў Гётэборгу беларускай паэткі Ірыны Туровіч і яе перакладчыцы Кайсы Эбэрг пад час імпрэзы на Швэдзкім кірмашы кнігі ў сярэдзіне верасьня. Яны дэклямавалі патэтычны твор Ірыны Туровіч “Блюз”. Я запыталася Ірыну, ці падабаецца ёй, як гучаць яе вершы па-швэдзку?” (Туровіч: ) “Вельмі падабаюцца. Нават больш, чым па-беларуску, бо я нічога не разумею”. (Караткевіч: ) “Ірына Туровіч цяпер працуе ў інфармацыйнай службе Радыё Альфа ў Менску. Я запыталася, як усё пачалося з паэтычнай творчасьцю…” (Туровіч: ) “Я лічу, што ўсё пачалося вельмі ўдала, бо я пачала пісаць яшчэ ў дзяцінстве. Лепшую і большую частку я напісала ў 20-ць гадоў, а друкавацца ўсё гэта пачало значна пазьней. Цяпер мне нават цяжка ўспрымаць тое, што надрукавана”. (Караткевіч: ) “Традыцыйнае для беларускіх творцаў пытаньне, на якой мове пачала пісаць Ірына Туровіч” (Туровіч: ) “Натуральна, на расейскай, бо гэта мая родная мова. Мае бацькі з Расеі. А потым – па-беларуску. Што стала звычкай, ад якой вельмі цяжка пазбыцца”. (Караткевіч: ) “Якім быў шлях твораў Ірыны Туровіч да швэдзкага чытача?” (Туровіч: ) “Мяне надрукавалі ў часопісе “Лірыкс Ваннэ”. Я туды тэкстаў не дасылала. Іх проста ўзялі з гэтага зборніку “4+4+4”. (Караткевіч: ) “Дарэчы, прэзэнтацыя паэзіі Ірыны ў Швэцыі вельмі спадабалася прысутным. Яна чытала свае вершы двойчы. Выступ прыгожай маладой жанчыны і яе паэзія вельмі кранулі швэдаў. Я б нават сказала швэдак, бо як я заўважыла пад час імпрэзы, жанчынаў, якія прыйшлі слухаць паэзію, боло значна болей… Верш з памянёнага зборніка “4+4+4” (Туровіч: ) “Што такое жыцьцё?
(Караткевіч: ) “На швэдзкую мову Ірыну Туровіч пераклала Кайса Эбэрг. Цяпер творы беларускіх аўтараў, нават клясыкаў, мала перакладаюцца на замежныя мовы. Калі так, то часьцей на расейскую, польскую, украінскую. Чаму Кайса Эбэрг узялася за беларускую літаратуру?” (Эбэрг: ) “Калі я пачала чытаць пераклады з расейскай мовы, я захацела ўведаць, што ж напісана па-беларуску. Я купіла падручнікі і зрабіла гэта – прачытала. Я вельмі ўражаная, бо гэта сапраўды нешта новае для мяне – беларуская паэзія”. (Караткевіч: ) “Кайса Эбэрг перакладала шмат з расейскай мовы. Я запыталася ў яе, ці адчуваецца розьніца ў мэнтальнасьці творцаў…” (Эбэрг: ) “Так. Ці магу я гэта выразіць па-ангельску? У некаторых зь беларускіх перакладах – у адрозьненьне ад расейскіх – я адчула большую мэтафарычнасьці, больш рыфмы. У некаторых з сучасных беларускіх вершаў рыфмы няма ўвогуле. Гэтыя вершы нагадваюць мне швэдзкую паэзію. Магчыма, у нас шмат агульнага – у швэдзкіх і беларускіх паэтаў – адчуваньне прыроды, ідэя, што сапраўдны паэт – гэта той, хто жыве побач з прыродай, магчыма, у правінцыі”. (Караткевіч: ) “Я чытала інтэрвію з Кайсай, дзе яна сказала, што ў творах Ірыны Туровіч адчула надзвычайную сілу. Што яна мела на ўвазе?” (Эбэрг: ) “Магчыма, сілу адчуваньня сябе як нечага важнага. Ня проста самотанй асобай, якая сядзіць у паконі і піша вершы. Асобай, якая піша, каб прэзэнтаваць сваю паэзію, для таго, каб уплываць на іншых людзей”. (Караткевіч: ) “Нагадаю, гэта была швэдзкая пісьменьніца, перакладчыцы
Ірыны Туровіч на швэдзкую мову.
“Уяві, што жыцьцё – лесьвіца на неба, і ўбачыш, што пераважная большасьць людзей падымаецца па ёй прыстойна, паважна, паступова рухаючыся наперад. Але ёсьць і такія дзівакі, што скачуць па яе прыступках уверх-уніз, падміргваюць і хіхікаюць, калі ўдаецца раптам адолець вялікі пралёт і чакаць астатніх, а потым, чамусьці спаўзаюць уніць, заміраюць, тужліва прысаджваюцца на дарозе, альбо заплюшчваюць вочы перад наступным крокам ці ідуць сьпіной наперад, ці дабягаюць, задыхаўшыся, да верхняга паверху і спрабуюць кінуцца з апошняй пляцоўкі. Мне заўсёды хацелася быць зь першымі. Быць правільнай, one-dimensional, square, straight…І будзь яно так, у мяне б не ўзьнікала жаданьня саскочыць з прыступкаў гэтай праклятай лесьвіцы і больш нікуды ніколі ніякім чынам не караскацца. Прынамсі, я яшчэ не губляю дзівацкай надзеі далучыцца да ліку бласлаўлёнай большасьці. Таму кожны раз падымаюся, іду… А яшчэ здаецца часам, што гэтую лесьвіцу пабудавалі знарок для мяне. Бо нікога больш няма па дарозе. Нікога няма.” Пасьля інтэрвію мы шмат размаўлялі зь Ірынай і яна, чамусьці сказала, што ня надта любіць сябе. На што я працытавала ёй яе ж радкі, якія памятаю ўжо больш за год, ад часу, як упершыню іх прачытала: “Калі нечая ўседаруючая і непрыкаяная душа вандравала па падземцы, яна аднойчы сустрэла дуркаватага старычка і той пагладзіў яе па галоўцы. Душа раззлавалася. А потым ёй сказалі, што то быў Бог” Вольга Караткевіч, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |