RFE/RL |
Швэдзкі перакладчык Стафан Скот пра Васіля Быкава(эфір 22 верасьня 2000) Аўтар і вядучая – Вольга Караткевіч. “Сёньня ў Беларусі, бадай, няма больш папулярнага пісьменьніка, чым Васіль Быкаў. Прынамсі, менавіта яго студэнты Наваполацкага палітэхнічнага інстытуту ў сваім лісьце ў газэту “Літаратура і мастацтва” называюць “сумленьнем нацыі”, – гэта цытата з выдадзенай у 1989 годзе на расейскай мове кнігі Васіля Быкава з творамі “Знак бяды”і “Кар’ер”. “Усё мінецца, а праўда застанецца”, – пісаў у 1969 годзе Васілю Быкаву расейскі паэт Аляксандар Твардоўскі, які рэдактарам часопіса “Новы мір” друкаваў творы Васіля Быкава, у якіх чытач бачыў праўдзівы вобраз вайны і за якія савецкая крытыка распачала кампанію бязьлітаснага непрыняцьця. “Найлепшы прадстаўнік беларускага народу на Захадзе – гэта Васіль Быкаў,” – сказаў швэдзкі літаратар, перакладчык Стафан Скот. Каля дзесяці гадоў назад ён пераклаў на швэдзкую мову “Кар’ер”. І цяпер спрабуе знайсьці выдаўца, які гарантуе яму выданьне наступных перакладаў. На думку Скота, Васіль Быкаў – абсалютны кандыдат на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры. Мы пазнаёміліся са Стафанам Скотам у Гётэборгу пад час Швэдзкага кірмашу кнігі, які адбыўся тыдзень назад. Стэфан Скот – пераклаў 45 п”есаў розных славянскіх аўтараў, у тым ліку Аляксандра Салжаніцына. Апублікаваў каля 40 кніг. У Швэцыі выдадзена 13 кніг арыгінальнай творчасьці Скота. Апошняя называецца “Каханка Леніна і іншыя рускія лёсы”. Скот прыехаў у Швэцыю з Каліфорніі, дзе зараз працуе. У Гётэборгу пісьменьнік меў два інтарэсы – прадставіць сваю кніжку “Больш ніколі” – пра генацыды ў 20-м стагодзьдзі і, перадусім камуністычныя, а таксама сустрэцца з Васілём Быкавым, які таксама наведаў Гётэборг. Аказалася так: у Швэцыі ведаюць, што Васіль Быкаў вялікі пісьменьнік, але больш канкрэтна швэды могуць гаварыць пра Быкава як пра змагара за дэмакратыю. Гэта мне сказаў Стэфан Скот. На швэдзкую мову перакладзены толькі “Кар’ер”, але філязофія быкавай творчасьці – “вялікая праўда” – дастаткова асэнсаваная швэдзкім чытачом. Спадар Скот сказаў, што шлях творчасьці беларускага клясыка да швэдзкага
чытача быў няпростым. Было цяжка паверыць, што савецкі пісьменьнік піша
пра вайну праўду. І гэта друкуецца. Упершыню прозьвішча Быкава славіст
Скот пачуў гадоў 20 назад, выпадкова прачытаў “Дажыць да сьвітанку”. Гэта
кніга так яго ўразіла, што ён вырашыў перакласьці нешта з Быкава на швэдзкую
мову. Бо Быкаў пісаў праўду. Як сказаў Скот, геніальнай мовай зь геніальнай
канстатацыяй дэталяў і геніальнай псыхалягічнай афарбоўкай.
(Скот: ) “У тыя гады ў савецкім саюзе былі вельмі цікавыя ўстановы. Савецкі саюз вельмі хацеў дабыць як мага больш замежнай валюты. Побач зь крамамі, дзе за валюту прадавалі ікру ці алькаголь, зьявіліся ў Маскве крамы зь кнігамі, якія можна было купіць за валюту. Я проста ўбачыў гэтую кнігу. Было напісана Быкаў. Я прачытаў маленькае апавяданьне і пасьля я прачытаў усё, што можна было “дастаць”. Як я ўжо сказала, дамовіцца пра выданьне кнігі Быкава ў Швэцыі было няпроста. Скот гаварыў доўга і са шматлікімі выдаўцамі, але яны не хацелі друкаваць кнігу пра вайну, напісаную савецкім пісьменьнікам. У Швэцыі ведалі, што пад час другой усясьветнай вайны быў ня толькі ўсеагульны самаахвярны савецкі гераізм, але перадусім трагедыя канкрэтнай асобы, канкрэтнай сям’і, канкрэтнай вёскі. Тое, што ведаў і пра што пісаў Васіль Быкаў. Гаворыць Стэфан Скот: (Скот: ) “Было цяжка патлумачыць швэдзкім выдаўцам, што гэта – праўда і што Быкаву – што ёсьць цудам – удалося гэта надрукаваць у Савецкім Саюзе. Абсалютна непадрыхтаваныя швэдзкія рэцэнзэнты вельмі хвалілі кнігу. Яны адразу гэта зразумелі”. Швэдзкі пісьменьнік, перакладчык Стафан Скот яшчэ да знаёмства з Васілём Быкавым прачытаў усё, што было перакладзена на расейскую мову. У 1989-м годзе Стафан Скот атрымаў стыпэндыю і паехаў на ўласнай машыне вандраваць па Савецкім Саюзе. І адмыслова наведаў Менск, каб пазнаёміцца з Быкавым. Пасьля ён быў на Першым кангрэсе міжнароднай асацыяцыі Беларусістаў. Васіль Быкаў заўсёды дыстанцыянаваўся ад палітычных сілаў. У 1988 годзе ён напісаў прадмову да артыкула Зянона Пазьняка “Курапаты. Дарога сьмерці”. Артыкул, які апублікавала газэта “Літаратура і мастацтва”, ўзрушыў Беларусь. З боку Быкава гэты крок фактычна стаў праяваю палітычнай пазыцыі. Стафан Скот: (Скот: ) “Мушу сказаць, што я зусім не зьдзівіўся, бо ягоная маральная
пазыцыя – надзвычай рэдкая, шляхетная, маральная і чыстая. Іншага я й не
чакаў.
У гутарцы са Стафанам Скотам я ўзгадала тэзу Васіля Быкава, якую ён выказаў пад час выступу перад швэдзкімі чытачамі, што літаратура, на вялікі жаль, ня выканала гуманістычнай функцыі. Пры канцы другога тысячагодзьдзя літаратары і мысьляры ставяць пытаньне пра ролю мастацкага слова… Працягвае Стафан Скот: (Скот: ) “Пра гэта пачалі зноўку гаварыць. Я хацеў бы тут прывесьці
нямецкую цытату: у злых людзей няма песень.
Васіль Быкаў заўсёды падкрэсьлівае, што камуністычная сыстэма дэфармавала беларускую нацыю, надламіла яе псыхалягічны стан, калі зьнішчала інтэлігенцыю, мову, нацыянальныя каштоўнасьці беларусаў. Сярод прадстаўлянага ў Гётэборгу Стэфанам Скотам была і кніга, якая, як ён сам выразіўся выкрывала двурушнасьць швэдзкага камунізму… (Скот: ) “Я сам сацыял-дэмакрат, і таму мне вельмі сумна, што сацыялізм праз таталітарныя рэжымы ва Ўсходняй Эўропе – немагчымы. Ёсьць два віды сацыялізму – таталітарнасьць, гэта значыць, – камуністычны, генацыдныя рэжымы, якіх, дзякуй богу, ужо няма, застаўся толькі ў Паўночнай Карэі. А ёсьць дэмакратычны сацыялізм, што мы ў многіх краінах называем сацыял-дэмакратыяй. І я, як і мой бацька, як і мой дзядуля, – сацыял-дэмакрат”. У Беларусі ёсьць людзі, якія хочуць свабоды, якія ўсьведамляюць, што можна хацець свабоды і адчуваюць яе. Гэтых людзей няшмат. Можа, недастаткова, каб недапусьціць трымаць у несвабодзе ўсю нацыю. Я пацікавілася ў Стэфана Скота, зь якімі фактарамі ён – заходні чалавек – зьвязаў бы адраджэньне Беларусі. (Скот: ) “У такой краіне як Беларусь, дзе зараджалася свая нацыянальная беларуская культура ў 20-я – 30-я гады, дзе яна ўся пасьля была зьнішчаная, гэта вельмі цяжка разьвіць па-новаму. Але канешне значэньне беларускай мовы для дэмакратыі значна важней, чым разумеюць некаторыя недалёкія шавіністы”. Стафан Скот сказаў мне, што творчасьць і асоба Васіля Быкава настолькі ўразілі і ўражваюць яго, што ён адчуў блізкасьць зь Беларусяй і часта думае пра лёс гэтай краіны. Трэба адзначыць, што многія швэды, якія пэўным чынам дазналіся пра Беларусь, пра яе праблемы – палітычныя, сацыяльныя, экалягічныя – ўспрымаюць гэта вельмі пэрсанальна. Яны адчуваюць геаграфічную і нават гістарычную блізкасьць і балюча рэагуюць на вялікую рознасьць у разьвіцьці краінаў – абедзьвюх Эўрапейскіх – Швэцыі і Беларусі. Такія ж аргумэнты мне выказаў Стафан Скот: (Скот: ) “Па-першае, мяне хвалюе лёс Беларусі, таму што гэта краіна прыкладна нашых швэдзкіх памераў. З такой жа флёрай, такой жа фаўнай. Драўляная архітэктура ў сялянаў вельмі падобная на нашую швэдзкую, там шмат каранёў”. У інтэрвію нарвэскай газэце “Сёньня й час” Васіль Быкаў адзначыў, што менавіта з прыходам да ўлады ў Беларусі Аляксандра Лукашэнкі зьвязанае згортваньне працэсу публікацыі многіх беларускіх пісьменьнікаў, якія фактычна цяпер ёсьць культурнымі дысыдэнтамі. Знакамітую “Сьцяну” Быкаў пісаў пад час, калі быў яшчэ вялікі спадзеў на калі ня хуткае, дык недалёкае нацыянальнае адраджэньне. Быкаў гаворыць, што ён прадчуваў чарговы змрочны для Беларусі час, калі пісаў “Сьцяну”… Васіль Уладзімеравіч падкрэсьлівае, што вобраз сьцяны – гэта ня толькі вобраз беларускіх рэаліяў. Гэта – чалавечае жыцьцё, сэнс якога, магчыма, у пераадоленьні сьценаў. І пераадаленьні апошняй сьцяны. Калі Беларусь уздыхне свабодна – на гэта пісьменьнік глядзіць даволі пэсымістычна. А як яна можа ўздыхнуць, калі Васіль Быкаў ня можа пачувацца камфортна ў сябе на Радзіме. Дзе кіруе чалавек, які дазваляў сабе гаварыць пра памылковы шлях Васіля Быкава… У Эўропе ж Васіль Быкаў праводзіць дыскусіі на тэму маралі і вялікай праўды, якую ён пачаў гаварыць яшчэ тады, калі пераважная бальшыня суайчыньнікаў асацыявалі гэтае слова перадусім з галоўным друкаваным ворганам ЦК КПСС. І цывілізаваная Эўропа ўспрымае Беларусь паводле Васіля Быкава… Стффан Скот: (Скот: ) “Лукашэнка на Захадзе стаў проста сымбалем – блазен, клёўн. Бо гэта цікава апісваць яго сьмешным, дураватым чалавекам. Ён, натуральна, ня дурны. Ён – хітры. І тое, што ён небясьпечны чалавек і, магчыма, ён губіць лёс беларускага народу на доўгія годы – людзі на Захадзе гэтага не разумеюць. Але калі ён – злавесны блазен, дык Быкаў паўсюль сваім спакойнымі, высакароднымі паводзінамі выклікае павагу. І лепшага прадстаўніка беларускага народу на Захадзе я не магу сабе ўявіць. Якая гэта выключная асоба сёньня ў Эўропе!” Вольга Караткевіч, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |