RFE/RL |
Вера Рыч у студыі Радыё Свабода(эфір 11 сакавіка 2000) Аўтар і вядучы – Вольга Караткевіч. Днямі Прагу наведала вядомая ангельская паэтка, дасьледчыца, перакладчыца беларускай, украінскай, польскай паэзіі Вера Рыч . У беларускую рэдакцыю Радыё Свабода Вера Рыч прыйшла, каб высьветліць адзін незразумелы для яе момант ў санэце Купалы, пераклады якіх Вера Рыч завершыла некалькі тыдняў назад. Спадарыня Вера не разумела сэнсу слова “злосьць” у радку “Я Бацькаўшчыну атрымаў бяз злосьці…” (Каратакевіч: ) “Я спыталася ў Веры Рыч, а як яна стала беларускай…” (Рыч: ) “Я ня ведаю, што Вы маеце на ўвазе, але я сапраўды беларуска. Калі мне было 17 гадоў, сьвятар узяў мяне разам з групай іншых маладых людзей – у беларускую каталіцкую місію ў Лёндане. Гэта быў сур’ёзны інтэлектуальны досьвед для нас. Мы ўбачылі, што, будучы каталікамі, неабавязкова маліцца на лацінскай мове – паводле рымскага звычаю. Зразумейце, гэта ж было перад рэформамі, устаноўленымі Ватыканам. Наведваньне беларускай каталіцкай місіі для іншых маладых людзей з групы проста было цікава. Для мяне… Я не магу патлумачыць. У тым маленькім храме я раптам зразумела, што далучаная… Гэта месца, дзе я павінна быць. Гэта тое, дзе будзе маё засталае жыцьцё.. Мне было 17-ць гадоў, і я была ўражаная. Пасьля мая мама пайшла паглядзець і зь ёй адбылося падобнае. Мае бабуля і дзядуля пайшлі паглядзець. І яны адчувалі тое ж самае. Пасьля гэтага цалкам зьмянілася маё жыцьцё”. (Караткевіч: ) “Аднойчы мне падарылі плякат з выявай Максіма Багдановіча і тэкстам верша “Пагоня” па-ангельску. Я прачытала, хто пераклаў – Вера Рыч. І падумала, відаць, беларуска, якая жыве ў Ангельшчыне. Здавалася, толькі беларусы могуць адчуваць гэты верш… Вера Рыч паправіла мяне:” (Рыч: ) “Я лічу, што кожны, хто любіць сваю краіну, можа гэта адчуць… Я ніколі нічога не пісала супраць нацыяналізму. Калі нехта любіць сваю краіну, ён разумее іншых людзей, якія любяць сваю краіну. Я люблю Вялікую Брытанію. Сярод маіх найлепшых сяброў ёсьць шатляндзкія нацыяналісты. Я цалкам падтрымліваю шатляндзкі нацыяналізм. І я цалкам разумею беларусаў, якія любяць сваю краіну. Я не люблю імпэрыі”. (Караткевіч: ) “Я спыталася ў Веры Рыч, чаму яна не перакладае з расейскай мовы…” (Рыч: ) “Я перакладаю. Часам. Але… Я не магу жыць з паэзіі. Мая прафэсія – перакладчык. І я перакладаю і з расейскай. Тут такое пытаньне – з расейскай мовы шмат хто перакладае. Я люблю перакладаць з польскай мовы і перакладаю шмат. Міцкевіча, Славацкага. Не з расейскай. Але ёсьць спэцыфічныя выпадкі. Напрыклад, як мой сябра Ноўл Клок. Я не прэтэндую ацэньваць…Няхай перакладаюць з расейскай. Але гэта – не мая тэрыторыя. Я пераклала некалькі кніжак з расейскай мовы, але не літаратуру. Іншыя гэта робяць. Як я ўжо сказала – гэта не мая тэрыторыя. І я вельмі раззлуюся, калі нехта ступіць на маю тэрыторыю, якой ёсьць Беларусь і Ўкраіна”. (Караткевіч: ) “Беларусь – гэта тэрыторыя Веры Рыч. У свой час Вера Рыч напісала верш “Рацэпт цуду”. Па-ангельску. Яго пераклад, зроблены Тацянай Сапач, надрукавала газэта “Наша Ніва”. Рацэпт цуду Для гэтага трэбаць ўзяць краіну
(Караткевіч: ) “Перакладчык і паэт ў адной асобе.. Гэта амаль як дзьве асобы. Што значыць быць паэтам і перакладчыкам паводле Веры Рыч”. (Рыч: ) “Быць паэтам – гэта значыць быць сабой. Быць перакладчыкам – гэта значыць спусташаць сябе, пазбаўляцца індывідуальнасьці. Ты павінен стаць як вакно. Чыстае акно. Не мазаічнае акно. Я маю на ўвазе зрабіць сябе пустым і адкрыць для чалавека, якога ты перакладаеш. Калі ты перакладаеш нешта маштабнае, немагчыма ў гэты самы момант пісаць нешта ўласнае, арыгінальнае… Я так адчуваю”. (Караткевіч: ) “Паперкі зь перакладамі Янкі Купалы ў Веры Рыч былі паўсюль. У сумцы. У кішэні. Мы адпраўлялі электронныя лісты ў Менск, Усеваладу Рагойшу, каб ён пачытаў гэтыя пераклады, зрабіў заўвагі…” (Рыч: ) “Звычайна, паэт, які табе цікавы – гэта паэт, над творамі якога я працую ў дадзены момант. Калі я перакладаю паэта – я апынаюся ў сытуацыі, што я люблю й ненавіджу, ненавіджу і люблю. Я люблю работу з гэтым паэтам, але ненавіджу ўсе дэталі, якія мушу перадаць. Паэт, над якім я працую, натуральна, цікавіць мяне. Інакш я б не змагла працаваць”. (Караткевіч: ) “Я спыталася пра любімы ўласны верш Веры Рыч і яна згадзілася прасьпяваць урывак зь яго…Спадарыня Вера паведаміла, што напісала гэты верш 10 гадоў назад, калі ў жыцьці нешта пачало адбывацца…” (Караткевіч: ) “Вера Рыч сьпявае ў касьцёле. Ведае яна і беларускую
песьню – “Люблю свой край, старонку гэту.
(Мальдзіс: ) “Ведаю яе як чалавека апантанага. Як чалавека вельмі й вельмі таленавітага. Як чалавека, закаханага ў беларускую паэзію. Яе кніга перакладаў беларускай паэзіі “Як агонь, як вада” ў свой час была сэнсацыяй. Чаму? Таму што яна выйшла ў беларускім нацыянальным афармленьні, з Пагоняй, і адначасова на грошы, калі не памыляюся, Юнэска. Нашыя ўлады, я памятаю, былі супраць выхаду кнігі менавіта ў такім афармленьні. Кніга гэтая фундамэнтальная, яна вялікая паводле аб’ёму, прыгожа аформленая. І самае важнае, што пераклады зробленыя на высокім мастацкім узроўні. Вера Рыч вельмі тонка адчувае паэзію. Мне памятаецца, калі я першы раз быў у Лёндане на стажыроўцы па лініі Юнэска, заўсёды ў нядзелі яна сьпявала арыгінальным, прыгожым голасам. Апроч таго, яна яшчэ й навуковец. З адукацыі Вера Рыч – матэматык. Яна вельмі глыбока разьбіраецца ў экалягічных, Чарнобыльскіх справах. Выступае на гэтую праблематыку з артыкуламі ў ангельскіх навуковых часопісах. Гэтыя артыкулы становяцца сэнсацыяй. Яна яшчэ вельмі актыўна займаецца грамадзкай дзейнасьцю. Мне памятаецца, што ў бібліятэцы ймя Францішка Скарыны ў Лёндане ніводная вечарына не праходзіць безь яе беспасярэдняга ўдзелу. Яна нешта чытае: пераклады, свае вершы. Яна ж вельмі арыгінальная паэтка. Увесь парадокс заключаецца ў тым, што ў Беларусі ўсе думаюць, што Вера Рыч паводле паходжаньня – беларуска, бо ня можа ангелька так добра авалодаць беларускай мовай для пееракладу. Імя славянскае – Вера – у яе выпадкова. Яна – ангелька, і гэта ёй дазваляе рабіць высокамастацкія пераклады. Вера Рыч зьяўляецца прадстаўніком беларускай культуры ў Вялікай Брытаніі. Яна актыўна бярэ ўдзел у Кангрэсах беларусістаў, у міжнародных канфэрэнцыях, выступае зь вельмі цікавымі дакладамі і паведамленьнямі. Мне здаецца, што гэта – рэдкая індывідуальнасьць. Каб такіх перакладчыкаў, такіх папулярызатараў, паэтаў, адданых беларускай паэзіі, у іншых краінах было больш, безумоўна, беларуская літаратура была б куды больш вядомая шырока ў сьвеце, яна б сапраўды несла, як казаў Максім Багдановіч, свой дар усяму чалавецтву…” (Караткевіч: ) “Вера Рыч як асоба…Як чалавек. Яна вельмі тонкая, добра разьбіраецца ў людзях. Ці ёсьць нешта, што яднае вас?” (Мальдзіс: ) “Быў такі выпадак. Пакінула плашч свой, і я тры дні яе шукаў, ня ведаючы, як гэты плашч перадаць. Яна можа паводзіць сябе крыху экстравагантна. У Саюзе пісьменьнікаў яна можа разуцца і хадзіць босай па падлозе. І гэтак далей. Для яе гэта ўсё арганічна. Гэта ня поза. Яна – вельмі шчыры чалавек. І вельмі спагадлівы, наколькі я ведаю. Безумоўна, Вера Рыч – яркая індывідуальнасьць”. (Караткевіч: ) “Адам Мальдзіс гаварыў пра Веру Рыч. Я цікавілася ў спадарыні Веры, ці аптымістка яна ў дачыненьні да будучыні Беларусі. І Вера Рыч паведаміла, што ўсё трымаецца на аптымізьме і на любімым занятку. На кантактах з сябрамі… Гэта слова Вера Рыч вымавіла па-асабліваму”. (Рыч: ) “Сябрa… Гэта складанае слова. І нічога не азначае.У ангельскай мове – напрыклад, ёсьць арганізацыі, назоў якіх пачынаецца словамі “Сябры таго ці іншага…” Гэтыя арганізацыі праводзяць адпаведныя кампаніі. Сябры зямлі – змагаюцца за экалёгію. Cябры Брытанскага музэю шукаюць грошы, каб дапамагчы музэю. Сябры гэтага, сябры таго… Я лічу, што гэта вельмі асабістае. Сяброўства – вельмі прыватная сфэра. Сябра – гэта нехта, для каго ты гатовы зрабіць учынак. І хто гатовы зрабіць учынак для цябе. Сябра – гэта частка тваёй пашыранай сям’і. Зь кім ты не зьвязаны сваяцкімі і юрыдычнымі сувязямі. Я не адзьдзяляю сям’і ад сяброў”. (Караткевіч: ) “Энэргія і глыбокі інтэлект такіх людзей, як Вера Рыч заўсёды правакуюць на пытаньні, здавалася б банальныя, але адказы на іх - істотныя, бо адказвае разумны чалавек. Што ў жыцьці любіць Вера Рыч”. (Рыч: ) “Шчасьце, прыгажосьць, работу ў маім гародчыку, сустрэчы з новымі паэтамі, якіх я ня ведала раней. Музыка. Сьпевы. Добрая ежа. Добрае віно”. (Караткевіч: ) “А які любімы тост?” (Рыч: ) “За жыцьцё!” (Караткевіч: ) “Пра рэчы, якія Вера Рыч любіць, яна сказала задуменна, а вось пра тое, што раздражняе, значна больш эмацыйна”. (Рыч: ) “Глупства. Я сустракаю яе дастаткова часта… Адзін мой калега гаворыць: “Я ведаю, што ў сьвеце павінныя быць ідыёты. Але чаму ўсе яны павінныя працаваць у адной установе?”. Дурасьць і бюракратыя. Такія рэчы. Любыя абмежаваньні. І яшчэ я не люблю дэпрэсыўнай паэзіі. Я ведаю адну паэтку чалавека, якая што б не пісала– гэта ўсё дэпрэсыўнае. Ёй ва ўсім удаецца знайсьці нешта чорнае. Я не разумею гэтага. У сьвеце няма нічога такога, што мы не маглі б абмінуць”. (Караткевіч: ) “А як можна спрабаваць абмінуць грэх?” (Рыч: ) “Грэх? Божа, я не тэоляг. Я не філёзаф. Грэх – ня шкодзіць Богу.
Грэх шкодзіць тым, хто чыніць яго. Мы ня можам пашкодзіць Богу, таму што
Бог – па-за гэтым. Грэх – падрывае парадак, зроблены Богам на Зямлі. Грэх
разбурае пэрсанальныя дачыненьні. Адзін зь вялікіх рабінаў сказаў, што
не рабіце людзям таго, што б не хацелі, каб рабілі вам. Гэта – галоўны
закон. А ўсё іншае – камэнтары.
(Караткевіч: ) “Імя Вера Рыч азначае “Багатая Вера”. Вольга Караткевіч
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |