RFE/RL |
|
Вольная студыя
Наш час: паміж нянавісьцю і забыцьцём
Вядучы Міхась Скобла гутарыць з паэтам Леанідам Галубовічам. (Скобла:) Леанід, нашую гутарку мне б хацелася пачаць з твайго даўняга і дзіўнага жаданьня — чуць пародыі на свае вершы. Памятаю, калі ты яшчэ на тэлебачаньні, то пастаянна запрашаў аднаго вядомага на той час парадыста з абавязковай умоваю — каб прагучалі пародыі на Галубовіча. Можа быць, гэта настальгія па нязлым крытычным слове? (Галубовіч:)Я люблю і цаню сур"ёзную крытыку, прынамсі ў свой адрас. На жаль, яе бывае ў сёньняшняй нашай літаратуры няшмат. Мажліва, толькі адзін я, як ты заўважыў, выступаю часам у нашым афіцыйным літартурным выданьні "ЛІМ" з нейкай крытыкай , часам і лабавой у адрас тых ці іншых нашых пісьменьнікаў. А можа, і ў адрас усёй нашай беларускай літаратуры. Памятаеш, закрануў самога класіка Янку Купалу, што было дзіўным дзівам, і я да сёньняшняга дня адчуваю нейкую няёмкасьць, таму што я якбы нарваўся на канфлікт, чапляючы прарока нашага. Я думаў, што тут жа выступяць у адказ з абаронай нашы пісьменьнікі, яны заклююць, задзяўбуць Галубовіча — як гэта, крануў такую сьвятыню беларускую. Не, ніхто не прамовіў ні слова. Апроч, як ні дзіўна, апазіцыянера, нашага апазыцыянера, Браніслава Спрынчана. (Скобла:) І дзякуй Браніславу Спрынчану, што абараніў Янку Купалу ад нападак Леаніда Галубовіча. Ты згадаў зацемкі, якія сёньня чытаюцца з ахвотай і мы да іх яшчэ вернемся, але цяпер пра іншае. Ты вучыўся на Літартурных курсах у Маскве разам з чачэнскім паэтам Зэлімханам Яндарбіевым, які падчас расейскай акупацыі стаў палявым камандзірам і абараняў незалежнасьць сваёй радзімы са зброяй у руках. Як ты думаеш, з паўтысячы сяброў беларускага Саюзу пісьменьнікаў колькі б магло чыста тэарэтычна прыняць удзел у нацыянальным супраціве, калі б падобная экспансія адбылася б у адносінах да Беларусі? (Галубовіч:) Мабыць, у нас трошкі іншы мэнталітэт, нават я, пасьля зададзенага табой пытаньня, успомніўшы выступы Лукашэнкі, думаю, адказваць мне на гэтае пытаньне ці не адказваць. Раптам ён мне "павыдзірае ногі" назаўтра. І ўсё ж, калі быць меньш-больш шчырым, і адказваць суб'ектыўна, думаю, што ня больш як дзесяць чалавек, якія б маглі пайсці са зброяй на барыкады. Я нават сам няўпэўнены, ці пайшоў бы. (Скобла:) Апошнім часам ты балянсуеш на мяжы паэзіі і прозы, пішучы свае " Зацемкі з левай кішэні". Незацяганае слова "зацемкі" адгукаецца у прасторы нечым зацемным, што бярэ за цемя. Прыгадваюцца і астаф'еўскія "Затеси". Літаратурныя творам аб'ёмам у адзін-два абзацы - зручнае чытво для сучаснага чалавека. Скажы, ці не шкада табе безьлічы сюжэтаў, вобразаў, дэталяў, раськіданых па зацемках? (Галубовіч:) Мабыць, я адкажу нечакана . Я пачаў пісаць гэтыя зацемкі , таму што пашкадаваў, што раськідваюся тым, што ёсць у мяне ў галаве — штодзённа, штохвілінна. Яно не фіксуецца ні на паперы, ні вусна , у размовах зь іншымі людзьмі , яно неяк мяне абцяжарвае ўнутрана. Таму я вырашыў пісаць зацемкі. А па-другое, паехаўшы у Маскву, на Вышэйшыя літартурныя курсы, — я якраз пакінуў тады , ці як у нас кажуць у народзе, завязаў з гарэлкай, — і мне было вельмі псіхалагічна цяжка вытрымліваць той стан, таму што там было столькі пісьменьнікаў з усёй Расіі, якія там толькі блявалі па калідорах, сам разумееш, як гэта было цяжка. Я пачаў пісаць гэтыя запісы, каб выказаць сваю ўнутраную пазіцыю да самога сябе і да сьвету, які мяне акаляе. Я не прэтэндую ў гэтых зацемках быць нейкім Шэкспірам ці Гамэрам, я прэтэндую быць Галубовічам, які пражывае сённяшні дзень і апісвае гэты дзень. Калі праз пяцьдзесят гадоў, можа, нехта дастане кніжку, то прачытае, як калісьці, пры лукашэншчыне жылі людзі і такі беларускі пііт Галубовіч. (Скобла:) Чытаючы тваю кнігу, Леанід, я спатыкнуўся на такім запісе: "Сёньня вечарам жонка насмажыла дранікаў — зь мясам, многа, пульхныя, сальныя, з падгарачкай і смятанай. О браткі мае, невыказны цымус па нашым часе. На добрых хвілін трыццаць абсалютна забыўся на прэзідэнта." Няўжо і сапраўды ўвесь час ты думаеш пра Лукашэнку? (Галубовіч:) Ведаеш, з таго часу, як яго абралі прэзідэнтам — я працаваў на тэлевізіі беларускай — і тут жа адчуў цяжар нейкі, які ўпаў на мяне. Многа сяброў, якія працавалі разам са мной, падтрымлівалі яго, верылі як у барацьбіта з карупцыяй. І гэты цяжар настолькі на мяне націснуў, што я адразу ж звольніўся — мабыць праз тыдзень ці праз два, калі ён прыйшоў да ўлады, хаця яшчэ толькі прыслалі Кісяля на нашае тэлебачаньне. І з таго часу я не пераставаў думаць, асабліва калі ён правёў гэты рэферэндум ганебны па сімволіцы і мове — гэта мяне настолькі закранула — як чалавека, як беларуса, што адчуў быццам прыйшоў нейкі вар'ят, які топча маё, майго бацьку, маці — усё, дзеля чаго я нарадзіўся на сьвет, раптам пачалі таптаць нейкімі бруднымі ботамі. За што, Бог ты мой? — я доўга ня мог адкараскацца ад гэтае думкі. Я сёньня, бачачы, як ён выпусціў усё пустое паветра зь сябе, сьмярдзючае, і пасуе перад апазіцыяй , я пачаў слухаць яго зь іроніяй. Жонка ня любіць, калі я ўключаю беларускую "Панараму", а я заўсёды яе ўключаю, і калі ён выступае, заўсёды слухаю і атрымліваю задавальненьне, я хачу зразумець вось і такога чалавека. (Скобла:) Леанід, ты не абцяжарваеш сваіх чытачоў шматтвор’ем. Чытаючы твае вершы, эсэ, адчуваеш, як аўтар пакутліва шукае патрэбнае слова, як бы адбывае радоўку радка, пазбаўляецца лішніцы. А ты можаш прымусіць сябе не пісаць? (Галубовіч:) Ад заўтрашняга дня, я абвяшчаю слухачам радыё Свабода: я кідаю пісаць і друкаваць вершы. (Скобла:) Леанід, у сваіх зацемках ты раз-пораз закранаеш тэму сьмерці, як, напрыклад, у гэтай: "Кава і цыгарэты прымушаюць мяне памерці больш аптымістычна. " І мне прыгадваецца на гэіты кошт думка Фазіля Іскандэра, які пісаў, што д'ябал дапільноўвае твор, у якім пісьменьнік рэфлексуе пра ўласны скон, хапае яго і бяжыць да свайго начальства: маўляў, ён сам пра гэта піша. Табе ня боязна, што колькі ўжо тваіх зацемак ляжаць на стале перад тым начальствам? (Галубовіч:) Я заўсёды хацеў разабрацца ў гэтым жыцьці па шчырасьці — сам з сабой, і для мяне было вельмі важна, для чаго я нарадзіўся і як я памру. Я да сьмерці адношуся, як ні дзіўна, як і да жыцьця — я пра яе разважаю, я хачу яе зразумець, хаця адчуваю і ведаю, што я гэтага не змагу. Але яна як магнітам прыцягвае мяне. Мне пяцьдзесят хутка гадоў, і, на мой погляд, чалавек, які дамагаецца разуменьня канца свайго жыцьця, мае на гэта права. (Скобла:) Апошнім часам на Беларусі зноў зьявіліся вершы з-за кратаў. У "Нашай Ніве" друкуецца вязень Аляксей Шыдлоўскі. Я ведаю, у цябе нават ёсьць прысьвечаны яму верш. Мо, дашлеш з "Вольнай студыі" паэтычнае прывітаньне на Валадарку? (Галубовіч:) Нянавісьць Горе народу, если рабство не смогло его унизить.
Ненавіджу гэты час,
Вось ідзе рукасты раб,
Род іх цёмны і вырод,
Вунь матляецца іх сьцяг,
Там касьцёл, а тут царква ,
Дзеці ж іхнія мяне
Хай напішуць: «Здесь лежит
Гутарку з Леанідам Галубовічам
вёў Міхась Скобла.
|
© 1995-1998 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |