RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

СС-2000



Беларусь напярэдадні выбараў: актыўнасьць спэцслужбаў ня зьменшылася ды іншае.

Удзельнічае: Валянцін Стэфановіч.

(эфір 19.09.2000)

Аўтар і вядучы: Віталь Тарас

Беларусь напярэдадні выбараў: актыўнасьць спэцслужбаў ня зьменшылася. Гутарка з прадстаўніком праваабарончай арганізацыі “Вясна-96”.
Амэрыканскі навуковец доктар Лі, абвінавачаны ў перадачы ядзерных сакрэтаў Кітаю, вызвалены; былому дырэктару ЦРУ Джону Дэйчу пагражае арышт;
Agentura. Ru – новы расейскі сайт пра спэцслужбы ў розных краінах, у тым ліку ў Беларусі.

У нашых перадачах мы неаднаразова паведамлялі пра падвышаную цікавасьць спэцслужбаў да прадстаўнікоў апазыцыі. Дастакова нагадаць хаця б пра апаратуру для праслухоўваньня, выпадкова знойдзеную ў сьценцы ля кватэры лідэра АГП Анатоля Лябедзькі. Здавалася б, цяпер калі частка апазыцыі байкатуе выбары, і толькі лічаныя прадстаўнікі дэмакратычнага лягеру ў іх удзельнічаюць, КГБ ды іншым спэцслужбам няма вялікай справы да актывістаў апазыцыі. Аднак атмасфэра апошніх месяцаў і асабліва апошніх дзён у грамадзтве ўвесь час застаецца наэлектрызаванай. Гэткая атмасфэра вельмі прыдатная для рознага роду правакацыяў і так званага “паляваньня на вядзьмарак”. Пры гэтым згадкі пра зьніклых беларускіх палітыкаў выклікаюць ва ўладаў надзвычай нэрвовую рэакцыю.

У сыботу несанкцыяваны пікет з нагоды гадавіны зьнікненьня Віктара Ганчара і ягонага сябра Анатоля Красоўскага быў разагнаны з асаблівай нават для менскіх уладаў пасьпешлівасьцю й бесцырымоннасьцю. Анатоль Лябедзька заяівіў Радыё Свабода, што ён не сумняваецца – гэта дзейнічалі спэцслужбы па загадзе ўладаў.
Вось як Анатоль Лябедзька апісваў падзеі:

(Лябедзька: ) “Не пасьпелі мы падыйсьці да аўтамабіля, як некалькі людзей у цывільным не далі зачыніць машыну, схапілі нас ужо ў кабіне. Гэта вельмі сымбалічна…”

Сказаў Анатоль Лябедзька ў інтэрвію адразу “па гарачых сьлядах”.

Аб праявах падвышанай актыўнасьці спэцслужбаў гаварыў у тэлефоннай гутарцы намесьнік старшыні рады праваабарончай арганізацыі “Вясна-96” Валянцін Стэфановіч:

(Стэфановіч: ) “Літаральна гэтым летам былі такія факты ў Воршы. Гэта нам распавялі сябры Задзіночаньня беларускіх студэнтаў – калі прыходзілі прадстаўнікі КГБ у тэхнікум і проста вербавалі людзей, каб тыя давалі інфармацыю пра сваіх сяброў, якія ўдзельнічалі ў працы няўрадавых моладзевых арганізацыяў. Пры гэтым называлі гэтыя арганізацыя варожымі да дзяржавы, маўляў, яны дзейнічаюць насуперак канстытуцыі і г.д. І яшчэ шэраг такіх выпадкаў быў”.

(Тарас: ) “А, напрыклад, вашая арганізацыя, “Вясна-96”, ці адчувае да сябе цікавасьць з боку спэцслужбаў? Ці былі нейкія факты?”

(Стэфапновіч: ) “Тое, што нам выносіла папярэджаньне міністэрства юстыцыі за тое, што мы не згадзіліся даць інфармацыю пра канфэрэнцыю, якая, у прынцыпе, праходзіла абсалютна легальна, і ўдзельнічалі там сябры дзеючага Канстытуцыйнага суда ды іншых судоў, сьведчыць, што такая цікавасьць ёсьць. Як мне сказаў у прыватнай гутарцы спадар Харытон, які працуе ў Міністэрстве юстыцыі, нам вынесьлі папярэджаньне за тое, што Мінюст не пасьпеў даць інфармацыю пэўным дзяржаўным ворганам, паколькі мы не прадаставілі гэтую інфармацыю. Адпаведна, можна зрабіць выснову, што цікавасьць ёсьць да дзейнасьці арганізацыі”.

(Тарас: ) “Скажыце, апошнім часам у сувязі з выбарчай кампаніяй ці назіраеце вы нейкія зьмены ў беларускім грамадзтве? Ці пачасьціліся выпадкі парушэньня правоў чалавека, ці, можа, наадварот, зараз адбываецца нейкае паляпшэньне сытуацыі?”

(Стэфановіч: ) “На наш погляд, як зараз разьвіваецца сытуацыя, дык яна пагоршылася. Таму што літаральна за пятніцу-сыботу ў Менску было затрымана каля 20 чалавек, якія прымалі ўдзел у сустрэчах з выбаршчыкамі, згодна зь дзеючым выбарчым кодэксам, проста раздавалі друкаваную прадукцыю – газэту “Наша Свабода” ці “Рабочий”. І іх абвінавачваюць зараз адразу па двух артыкулах – у арганізацыі несанкцыяваных пікетаў і парушэньні заканадаўства аб выбарах (публічныя заклікі да байкоту выбараў). Зноў жа, адпаведна дзеючаму выбарчаму кодэксу, дазваляецца выбарчая агітацыя. Гэта значыць – улады парушаюць самі свае законы, якія яны прымалі. Таму я не магу сказаць, што сытуацыя нейкім чынам паляпшаецца.

Да гэтага на працягу двух тыдняў, мабыць, с пачатку выбарчай кампаніі вельмі шмат было зваротаў людзей, якія распаўсюджваюць друкаваную прадукцыю, улёткі, дзе тлумачыцца, чаму ня трэба ісьці на выбары. Гэтых асобаў таксама затрымліваюць. Быў выпадак, калі хлопца трымалі ўсю ноч у раённым аддзеле міліцыі, хаця ня мелі права гэта рабіць. Быў выпадак, калі прыстунічала здымачная група Беларускага тэлебачаньня падчас допыту аднаго з хлопцаў, які быў затрыманы за распаўсюджаньне ўлётак, а потым у яго правялі несанкцыянаваны ператрус кватэры, пры гэтым не складаўшы ніякіх абсалютна папераў, ня маючы санкцыяў.

На маю думку, ніякага паляпшэньня сытуацыі няма, а йдзе, наадварот, парушэньне і законаў, якія прымала “палата”, і проста парушэньне правоў чалавека”.

Па тэлефоне зь Менску гаварыў Сяргей Стэфановіч.

А цяпер – пра некаторыя публікацыі ў заходнім друку і ў Інтэрнэце.

Вэн Ху Лі, былы навуковец з амэрыканскай ядзернай лябараторыі ў Лёс-Алямасе, які быў абвінавачаны ў перадачы сакрэтнай інфармацыі Кітаю, у сераду на мінулым тыдні быў вызвалены з турмы, дзе правёў амаль 9 месяцаў у чаканьні суду. Фактычна зь яго зьнятыя ўсе абвінавачаньні. У пятніцу брытанская газэта Financial Times зьмясьціла артыкул, прысьвечаны гэтай справе.

Газэта нагадвае, што амэрыканскі грамадзянін кітайскага паходжаньня Лі апынуўся летась у цэнтры скандалу, зьвязанага з уцечкай сакрэтнай інфармацыі, датычнай ядзерных тэхналёгіяў. Сакрэтны ўрадавы дакумэнт трапіў у КНР у 1995 годзе, што знайшло сваё адлюстраваньне пазьней ў дакладзе Кангрэсу. Што тычыцца доктара фізыкі Лі, дык, паводле газэты New York Times, падазрэньні супраць яго грунтаваліся на расавай прыналежнасьці.

Рашэньне вызваліць Вэн Ху Лі было прынятае, калі генэральны пракурор ЗША Джанэт Рына вылучыла супраць яго авбінавачаньні паводле 39 пунктаў, кожны зь якіх прадугледжвае пажыцьцёвае пакараньне. Паводле словаў судзьдзі Джэймса Паркера, Лі ўтрымліваўся ў “зьневажальных, празьмерна суворых, неадпаведных умовах”. Акрамя таго, ва ўгоду палітыцы, Лі быў звольнены з лябараторыі ў Лёс-Алямасе задоўга да таго, як супраць яго былі вылучаныя афіцыйныя абвінавачаньні.

Прэзыдэнт Клінтан сказаў, што ён быў устрывожаны ходам працэсу і казаў аб магчымай несправядлівасьці ў дзеяньнях уладаў. Аднак генэральны пракурор, таксама як міністар энэргетыкі ЗША Біл Рычардсан, былі няўмольнымі. Застаецца няясным адно пытаньне, – піша газэта. – Чаму амэрыканская выведка першай даведалася пра выкрадзены кітайцамі даумэнт. Нехта невядомы, хто меў доступ да яе, як сьцвярджае ЦРУ, дзейнічаў па загадзе кітайскай выведкі. Але навошта Кітаю спатрэбілася насьцярожваць ЗША? Гэтага мы не даведаемся ніколі, – лічыць Financial Times.

Тым часам, былы дырэктар ЦРУ Джон Дэйч, які ўзначальваў яго з траўня 1995-га па сьнежань 1996-га году, можа быць абвінавачаны ў выдачы дзяржаўнай тайны. Аб гэтым напісала ў суботу газэта Washington Post.

Газэта нагадвае, што ў 1996 годзе супрацоўнікі службы бясьпекі ЦРУ падчас руціннай праверкі знайшлі сакрэтны дакумэнт у хатнім кампутары Дэйча. Тады справа скончылася адстаўкай Дэйча з пасады дырэктара. Цяпер сьледчыя міністэрства абароны зноў вядуць сьледства аб парушэньні рэжыму сакрэтнасьці. Дарэчы, згаданы ўжо Вэн Ху Лі таксама захоўваў сакрэтную інфармацыю на сваім кампутары. Зараз генэральны пракурор Джанэт Рына разглядае магчымасьць вылучыць супраць Дэйча афіцыйнае абвінавачаньне.
Паводле словаў Дэйча, ён “упэўнены, што калі ён зьнішчыў дакумэнт, інфармацыя была даступнай вельмі нядоўга, і што, згодна з аульнай практыкай, ён скапіяваў інфармацыю на дыскету, а арыгінальны файл зьнішчыў”. Аднак, кампутарныя экспэрты сказалі сьледчым, што кампутар Дэйча, калі той рабіў абнаўленьне базы дадзеных, аўтаматычна ствараў часовыя файлы. І яны маглі быць даступныя гакерам у момант, калі ўладальнік карыстаўся адкрытай сеткай Інтэрнэту “America Online”.

Напачатку верасьня ў Інтэрнэце зьявіўся новы рэсурс з адрасам: www. agentura. ru. Як сьцвярджаюць стваральнікі сайту, ён робіцца групай журналістаў з розных маскоўскіх выданьняў. “Спэцслужбы ствараюць дасье на журналістаў, а мы ствараем дасье на спэцслужбы”, – пішуць яны. Пры гэтым падкрэсьліваецца, што ўся інфармацыя на сайце ўзятая з легальных пэрыядычных выданьняў. Старонка мае некалькі рубрык: “дасье”, “прэса”, “супраціўнік”, “тэхніка” ды іншыя. Найбольш цікавы разьдзел – “Супраціўнік. Апанэнт. Хаўрусьнік”. Як падкрэсьліваюць аўтары, учорашнія супраціўнікі Расеі, напрыклад, краіны Захаду, могуць час ад часу быць хаўрусьнікамі, а нібыта хаўрусьнікі з рэспублік былога СССР – супраціўнікамі.

У разьдзеле “Спэцслужбы Беларусі” на сайце згадваюцца: Камітэт дзяржаўнай бясьпекі, Управа эканамічнай бясьпекі і Дзяржаўны камітэт фінансавых расьсьледаваньняў. Адразу зазначым, што, як мы паведамлялі, у Беларусі зараз 7 спэцслужбаў з правам апэратыўна-вышуковай дзейнасьці.

Што тычыцца КГБ, на сайце чытаем:

“Структура галоўнай спэцслужбы Беларусі – Камітэту дзяржаўнай бясьпекі – менш за спэцслужбы іншых краінаў перажыла рэарганізацыяў і перабудоваў і амаль цалкам захавала структуру КГБ СССР. У Беларусі, акрамя палітычнага вышуку, актыўна занятыя пошукамі шпіёнаў. Напрыклад, у лютым 1999 году ён паведаміў, што спэцслужбы Літвы й Польшчы усталёўваюць на мяжы электронныя сродкі сувязі. Але эфэктыўнасьць працы спэцслужбаў краіны рэзка зьніжае адсутнасьць сродкаў – напрыклад, самая вядомая ў СССР 5-я брыгада спэцпрызначэньня ГРУ у Мар’інай Горцы пад Менскам ператвораная ў базу прафэсійнай падрыхтоўкі кадраў для КГБ, Міністэрства абароны і МУС Беларусі.

У траўні 1999 году невядомым ў Інтэрнэце былі зьмешчаныя два сьпісы з імёнамі і адрасамі курсанатаў вышэйшай школы КГБ. У цэнтры інфармацыі і грамадзкай сувязі КГБ Беларусі не пацьвердзілі, але і не абверглі сапраўднасьць апублікаванага матэрыялу”.

Цікава, што ў Інтэрнэце, на адрасе www. internettrash.com/users/biomass па-ранейшаму можна бачыць згаданыя сьпісы.

На заканчэньне яшчэ адна інфармацыя. Як вы ўжо чулі ў выпуску навінаў, суд гораду Масквы разгледзеў апэляцыю амэрыканскага бізнэсоўца Эдманда Поўпа, які абвінавачваецца расейкімі ўладамі ў спробе набыць сакрэтную інфармацыю. Адвакат Поўпа, якому пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне, просіць суд зьмяніць яму меру стрыманьня, зважаючы на цяжкі стан здароўя зьняволенага. Начальнік цэнтру грамадзкіх сувязяў ФСБ Васілі Ставіцкі паведаміў, што 14 верасьня Поўп зноў прайшоў анкалягічнае абсьледаваньне ў Цэнтральнай паліклініцы ФСБ. Паводле меркаваньня лекара, хвароба Поўпа (у яго рак рэдкай формы) не прагрэсуе, і яму не патрэбны асаблівы дагляд.

Вашынгтон лічыць Поўпа невінаватым і патрабуе вызваліць яго з турмы. Дарэчы, як стала вядома, суд адхіліў касацыйную скаргу адваката Эдманда Поўпа на рашэньне Лефортаўскага раённага суда, які адмовіўся зьмяніць меру стрыманьня. Суд над амэрыканскім грамадзянінам прызначаны на пятніцу, 22-га верасьня.

Віталь Тарас, Прага
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org