RFE/RL |
Люстрацыя ў Літве, роля спэцслужбаў у справе Міхаіла Чыгіра і былога супрацоўніка місіі МВФ у Менску Ўладзімера Огнева ды іншае.Удзельнічае: Уладзімер Огнеў, Міхаіл Чыгір, Мячыс Лаўрынкус. (эфір 22.08.2000) Аўтар і вядучы: Віталь Тарас На мінулым тыдні былы памочнік дарадцы Міжнароднага валютнага фонду Ўладзімер Огнеў заявіў у інтэрвію агенцтву БелаПАН, што супрацоўнік КГБ прапанаваў яму даць паказаньні супраць былога кіраўніка ўраду Беларусі Міхаіла Чыгіра. У прыватнасьці, быццым фірма “Пушэ” дала яму хабар. Як вядома, у справе Міхаіла Чыгіра, які некалі ўзначальваў Аграпрамбанк, даволі часта ўзгадвалася назва гэтай фірмы. Уладзімер Огнеў, які зь 91 па 96 год працаваў у фірме American Logiс, часта выяжджаў у якасьці перакладчыка “Пушэ” ў Швэцыю. Менавіта гэты факт, паводле словаў Огнева, спрабаваў выкарыстаць супрацоўнік КГБ. Калі гэта не ўдалося, у ход пайшоў шантаж. Уладзімер Огнеў пагадзіўся даць інтэрвію Радыё Свабода. Вось запіс тэлефоннай гутаркі, якая адбылася ў панядзелак, 21 жніўня: (Огнеў: ) “20-га красавіка – апошняя дата, калі мы сустракаліся. І пасьля гэтага 20 ліпеня ён яшчэ раз тэлефанаваў і запытаўся – калі сканчаецца мой рабочы кантракт з МВФ, што я буду рабіць напрыканцы жніўня? І калі я ўведаў, што напрыканцы жніўня будзе суд над Чыгіром (я ўведаў аб гэтым пазьней), дык я неяк зьвязаў гэтыя два факты і быў вымушаны зьвярнуцца да журналістаў. Спачатку я ня думаў, што гэта сур’ёзна, думаў – так, жартачкі”. (Тарас: ) “Ці зьвяртаўся да Вас нехта апошнім часам, пасьля публікацыі ў друку? Ці быў нейкі ціск?” (Огнеў: ) “Ціску не было. Але я працаваў у МВФ, і мне яшчэ ў час маёй працы прапанавалі пасьля заканчэньня майго кантракту працу ў Нацыянальным банку. Я амаль што згадзіўся, але мне прамым тэкстам сказалі, што мяне возьмуць на працу у НБ, калі будзе згода КГБ. І вось я таксама нейкім чынам зьвязваю гэтую фразу, што мне патрэбная згода КГБ, як шантаж, як спробу мяне купіць. Вось калі ты будзеш паслухмяны КГБ, мы дамо працу ў Нацыянальным банку, калі не – дык не. Літаральна 10 хвілінаў таму мне патэлефанаваў Канстантын Хамякоў – начальнік таго аддзелу, у якім мне прапанавалі працу і яшчэ раз запытаўся – як мае справы, і ці згодны я працаваць? Але ўжо не было ніякіх спасылак на КГБ, на іх згоду… Ня ведаю – можа, гэта проста супадзеньне, можа не. Але вельмі цікава, што гэта адбылося менавіта зараз.” Гаварыў па тэлефоне зь Менску Ўладзімер Огнеў, які з 96-га па жнівень сёлетняга году працаваў у прадстаўніцтве МВФ у Беларусі. Варта ўдакладніць, што напрыканцы жніўня павінен быў адбыцца разгляд справы Чыгіра ў Вярхоўным судзе паводле апэляцыі на рашэньне Менскага гарадзкога суду, які прызнаў яго вінаватым у службовых злоўжываньнях. Але справа датэрмінова была разглежаная калегіяй ВС і нечакана вернутая ў гарадзкі суд. Мы пацікавіліся таксама меркаваньнем былога прэм’ер-міністра Беларусі, які зараз актыўна вядзе сваю выбарчую кампанію, – ці мелі дачыненьне спэцслужбы да ягонай крымінальнай справы, і ці былі спробы націснуць на патэнцыйных сьведкаў? (Чыгір: ) “Мне цяжка сказаць, хто меў дачыненьне – КГБ ці служба бясьпекі
прэзыдэнта ці нейкія іншыя спэцслужбы, таму што іх у нас на сёньняшні дзень
нямала. А што мелі – дык гэта адназначна.
Я ня ўпэўнены, што гэта быў КГБ, таму што ў мяне больш падазрэньняў да службы бясьпекі прэзыдэнта. Там найбольш актыўныя людзі, якія могуць зрабіць такі ўчынак. А што такія спробы былі – дык гэта ўжо неаднаразова. Спробы мяне скампрамэтаваць
былі цераз сына. Выбівалі паказаньні ў маладых людзей супраць майго сына
і казалі, што як дасі паказаньні, што сын Чыгіра мае дачыненьне да гэтай
справы, мы табе забясьпечым свабоду.
Гаварыў Міхаіл Чыгір. Дарэчы, КГБ Беларусі, які даволі рэдка ўступае ў публічную палеміку, днямі накіраваў адказ Беларускаму Гэльсынскаму камітэту знагоды запыту ў справе Алега Батурына. Пра гэтую справу мы падрабязна распавядалі ў нашых праграмах. У лісьце за подпісам начальніка цэнтру інфармацыі й грамадзкай сувязі КГБ сп. Котава зьвяртае на сябе асаблівую увагу наступнае. Аказваецца, выступ Алега Батурына перад камэрамі БТ быў зроблены (цытую паводле агенцтва БелаПАН) “пад строгім кантролем амэрыканскага боку. Гэта зьняло перашкоды да яго выезду, заснаваныя на законным імкненьні беларускіх уладаў забясьпечыць яго правы як пацярпелага”. І далей: “Рашэньне не перашкаджаць выезду Батурына з краіны блыо прынятае, зыходзячы з гуманітарных (так у тэксьце) меркаваньняў”. На самым пачатку згаданага ліста з КГБ гаворыцца, што ў справе абароны
правоў грамадзянаў ён будзе мець годнага партнэра ў асобе Беларускага Гэльсынскага
камітэту. Такім чынам, можна меркаваць, што КГБ ёсьць усяго толькі адной
з праваабарончых арганізацыяў.
Мы ўжо закраналі гэтую тэму, гаворачы пра спэцслужбы некаторых суседзяў Беларусі на Захадзе. Сёньня мы маем магчымасьць пачуць меркаваньне гэнэральнага дырэктара дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літвы Мячыса Лаўрынкуса, зь якім сустрэўся наш карэспандэнт у Вільні Ёнас Лаўрынавічус. Наша даведка: Мячыс Лаўрынкус – былы палітычны ссыльны. Быў сябрам сэйму
“Саюдзісу”, дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР. Ён адзін з тых, хто падпісаў
Акт незалежнасьці літвы 13 сакавіка 1990 году. З 90 па 92 год – кіраваў
новастворанай Службай бясьпекі Літвы.
Працягвае Ёнас Лаўрынавічус: (Лаўрынавічус: ) “Прыватызацыя найбуйных аб’ектаў эканомікі Літвы зь непазьбежнымі эксцэсамі паміж рознымі групамі інтарэсаў; актывізацыя дзейнасьці нэафашыстаў; прыняты на пачатку году закон аб люстрацыі; нарэшце “качкі”, што рэгулярна вылятаюць з суседняй вялікай краіны – ці то пра ўдзел літоўскіх добраахвотнікаў у чачэнскай вайне, ці то аб выкрыцьці яшчэ аднаго, гэтым разам літоўска-амэрыканскага шпіёна, – усё гэта так ці йнакш тычыцца Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі”. (Лаўрынкус: ) “Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы ёсьць інстытутам дэмакратычнай дзяржавы. Яе стварэньне пачалося з нуля паводле мадэлі заходніх дэмакратычных краінаў. Законам 94-га году прадугледжаныя асноўныя функцыі. Ёсьць і зацьверджаны ўрадам статут. Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі кантралюецца Сэймам. Такім чынам, створаная адпаведная дэмакратычным патрабаваньням сыстэма кантролю, і сама мадэль работы дэпартамэнту адпавядае мадэлі спэцслужбаў дэмакратычных дзяржаў. Гэтым ягоная праца прынцыпова адрозьніваецца ад савецкага КГБ, які дзейнічаў
у таталітарным закрытым грамадзтве і практычна кантраляваў гэтае грамадзтва.
Яго дзейнасьць не рэглямэнтавалася законамі, і ён ня быў падкантрольны
прадстаўнічым ворганам улады.
Эканамічныя праблемы мы дасьледуем у тым выпадку, калі гэта датычыць іншых дзяржаваў у Літве. Тое ж можна сказаць і аб працэсе прыватызацыі ў Літве стратэгічных аб’ектаў. Іх мы дасьледуем настолькі, наколькі яны выяўляюць інтарэсы іншай дзяржавы. Асобнае пытаньне – закон аб люстрацыі, які уступіў у сілу на пачатку сёлетняга году. Паводле яго, некалькі тыдняў таму скончыўся пэрыяд рэгістрацыі былых супрацоўнікаў савецкага КГБ. Паводле афіцыйнай інфармацыі, у супацоўніцтве зь ім прызналіся каля 1500 чалавек. Прыкладна столькі ж яшчэ не зарэгістраваліся”. (Лаўрынавічус: ) “Ці не занадта сьціплыя гэтыя лічбы? Бо паводле сьведчаньня літоўскіх СМІ, у краіне такіх людзей павінна быць некалькі дзясяткаў тысяч?” (Лаўрынкус: ) “Сапраўды, іх можна налічваць дзясяткамі тысяч. Аднак,
гэта тычыцца ўсяго пэрыяду акупацыі, і нельга глядзець аднолькава на кожны
яе пэрыяд. Ды й верагоднасьць, што людзі прыйдуць і прызнаюцца, таксама
розная ў залежнасцьі ад пэрыяду акупацыі.
Праца зь імі абцяжарваецца і тым, што большая частка агентурных спраў
КГБ была вывезеная зь Літвы. А тое, што ўдалося вярнуць, тычыцца пераважна
пасьляваеннага часу. Праца, калі няма прамой інфармацыі, непасрэдных матэрыялаў
– марудная й цяжкая.
На пытаньні нашага карэспандэнта ў Вільні Ёнаса Лаўрынавічуса адказваў гэнэральны дырэктар Дэпартамэнту дзяржаўнай бясьпекі Літвы Мячыс Лаўрынкас. У панядзелак былы агент брытанскай спэцслужбы М15 Дэвід Шэйлер дабраахвотна вярнуўся ў Англію, нягледзячы на пакараньне, якое яго там чакае ў сувязі з абвінавачаньнем у выдачы дзяржаўных сакрэтаў. Факт вяртаньня былога агента шырока абмяркоўвае брытанская прэса. “Я люблю маю краіну” – гэтыя словы Дэвіда Шэйлера вынесла ў назву артыкулу лёнданская Times. Газэта паведамляе, што былы агент М15 вярнуўся ў Англію з Францыі пасьля трох гадоў добраахвотнага выгнаньня. Адразу па сваім прыезьдзе ў брытанскі порт Дуўр, Шэйлер быў арыштаваны афіцэрамі Спэцыяльнага аддзелу паліцыі. Увосені 1995 году Шэйлер заявіў, што брытанскія спэцслужба М16 зьвярнулася да аднаго зь лівійцаў з мэтай забіць лівійскага лідэра Муамара Кадафі і зарганізаваць дзяржаўны пераварот. Два агенты, па словах Шэйлера, перадалі гэтаму чалавеку 100 тысяч фунтаў стэрлінгаў. Напярэдадні свайго вяртаньня Шэйлер заявіў, што ён любіць сваю краіну і што ён ня здраднік. Акрамя таго, ён заплаціў заклад, што дае падазраванаму права заставацца на свабодзе да прысуду. “Сам факт майго вяртаньня паказвае, што мне няма чаго баяцца”, – сказаў Шэйлер. Адвакат Шэйлера Джон Уодэм заявіў, што яго падабаронны будзе дапытаны як сьведка, а не як абвінавачаны. На думку іншай брытанскай газэты – Financial Times – парадокс у тым, што калі Шэйлер тры гады таму абвінаваціў спэцслужбы, міністар замежных справаў Вялікай Брытаніі назваў ягоныя словы “чыстай выдумкай”. Цяпер жа Шэйлера абвінавачваюць у выдачы дзяржаўных сакрэтаў. “Калі гэтыя абвінавачаньні сур’ёзныя – самай дасканалай праверкі патрабуе дзейнасьць спэцслужбаў”, – робіць выснову газэта. Віталь Тарса, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |