Што рабіць, калі за вамі сочаць
Былы афіцэр войску ЗША абвінавачваецца ў шпіянажы на карысьць СССР
Расейскія спэцслужбы актывізуюць дзейнасьць на Захадзе.
Удзельнічае: Уладзімір Вялічкін.
(эфір 20.06.2000)
Аўтар і вядучы: Віталь Тарас
Што рабіць, калі за вамі сочаць і вы ўсур’ёз апасаецеся за сваю бясьпеку?
Парады праваабаронцы.У ЗША арыштаваны былы агент КГБ.Служба зьнешней разьведкі
Расеі актывізуе сваю дзейнасьць – меркаваньне амэрыканскага экспэрта ў
галіне бясьпекі.Брытанскі парлямант завершыў расьследваньне ў справе спэцслужбаў Мі-15
і Мі-16.
У нашых перадачах мы імкнемся ня толькі гаварыць пра мэтады, якія выкарыстоўвае
КГБ супраць апанэнтаў рэжыму, але спрабуем дапамагчы парадамі тым, хто
сутыкнуўся з падобнымі мэтадамі ў сваёй практыцы.
Кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” у Берасьці Уладзімір Вялічкін
падзяліўся з намі асабістым вопытам. Гісторыя, якую ён распавёў, здарылася
летась, калі апазыцыя ў Берасьці ладзіла сымбалічныя памінкі з прычыны
заканчэньня тэрміну прэзыдэнцікх паўнамоцтваў Лукашэнкі. З гэтай нагоды
зь Менску чакалі гасьцей зь Вярхоўнага Савету. Успамінае Уладзімір Вялічкін:
(Вялічкін: ) “Калі я пайшоў сустракаць Антончыка – ён цягніком ехаў
у Берасьце, дык ад самага цягніка за намі йшоў нейкі чалавек у кашулі карычневага
колеру. Ну, і Антончык кажа – ён за мной ужо ад Менску самога едзе. Пазьней
гляджу: ён пайшоў у адзін бок, але толькі сыйшоў у бок помніка Леніну,
зьявіўся другі на ягоным мейсцы. Ён, канечне, робіць выгляд, што яго не
відаць, але такіх людзей хто ведае, адразу ж у вочы кідаецца, што яны неяк
ненатуральна паводзяць сябе. Сустрэліся ўвечары, абмеркавалі, як будзе
праводзіцца сустрэча з Ганчаром (ён на наступны дзень прыязджаў), і прапанавалі
Антончыку недзе пераначаваць, каб ён у прыватнай, неафіцыйнай абстаноўцы
нармальна адпачыў. Так атрымалася, што я зь ім паехаў на сваёй “Джэце”.
І калі ехалі, таксама адразу ўбачылі, што той, хто пешкі за намі йшоў,
недзе зьнік, але амаль адразу ж тры машыны мы заўважылі тады: сярод іх
Фольксваген-Гольф белы, і ВАЗ карычневы таксама. І вось гэты “гольф” за
намі езьдзіў. Мы спрабавылі іх “згубіць” неяк. Заехалі ў Тэльмы – гэта
прадмесьце Берасьця, каб там упэўніцца, што гэта ўсё-ткі яны за намі едуць.
Ну, і так атрымалася, што там, каля запраўкі, мы павярнулі рэзка і
паехалі насустрач таму, хто ехаў за намі сьледам. Ужо вечарэла, цёмна было,
і самае цікавае, калі я затрымаўся й адразу фары ўключыў (машыны ад нас
у мэтры былі), дык адзін з машыны адразу выскачыў, пабег у двор -- нібыта
да сваякоў. А той, што ў машыне застаўся, ажно пад прыборную дошку залез.
Ззаду другая машына выехала. Так атрымалася, што мы пасярэдзіне апынуліся.
Вось такая сытуацыя… Што далей?
Гляджу, яны не набліжаюцца – відаць, спалохаліся. Я аб’ехаў іх і --
у кірунку Кобрына па трасе. На гэтай трасе рамонт быў на мосьце. І вось,
парушаючы ўсе правілы дарожнага руху –- газ на дзясятку – праскочыў гэты
мост; ужо цёмна было, бяз фараў. Яны праскочылі міма. І я, не ўключаючы
вагней, вярнуўся назад праз мост і там затаіўся ў кустох на некаторы час.
Яны там паезьдзілі па трасе і паехалі. Ну, і мы таксама паехалі. Усё
добра скочылася”.
(Вядучы: ) “Кожнаму, ці амаль кожнаму палітыку, ды й ня толькі палітыкам,
але й звычайным грамадзянам даводзіцца часам сутыкацца з тым, што за імі
сочаць. Як у гэтай сытуацыі, падобнай на тую, што Вы апісалі, паступаць
грамадзянам? Ці варта ім зьвяртацца ў праваахоўчыя ворганы – напрыклад,
у пракуратуру, каб высьветліць, на якой падставе за імі сочаць? Як, на
Вашую думку, лепш дзейнічаць у такой сытуацыі?”
(Вялічкін:) “У гэтай сытуацыі, канечне, трэба зьвяртацца ва ўсе магчымыя
дзяржаўныя інстанцыі, але гэта толькі фармальны бок справы. Таму што гэтыя
інстанцыі, мы ўпэўненыя, няшмат будуць надаваць гэтаму ўвагі. А зьвяртацца
трэба ў праваабарончыя цэнтры. Пажадана, каб апазыцыя, незалежныя СМІ,
перадалі гэтую інфармацыю далей. Таму што калі такія факты становяцца вядомыя
міжнароднай супольнасьці -- галоснасьці яны проста баяцца”.
(Вядучы: ) “Ці ёсць нейкія агульныя правілы – як у гэтай сытуацыі найлепш
сябе паводзіць?
(Вялічкін: ) “Найлепш адразу паспрабаваць зьвязацца зь кімсьці са сваіх
– ці гэта знаёмыя, ці гэта сваякі, ці паплечнікі, каб яны паінфармавалі
кіраўніцтва той структуры, у якую чалавек уваходзіць, альбо міжнародную
супольнасьць, што нешта можа здарыцца. У мяне былі такія выпадкі, калі
да мяне да хаты проста прыходзілі зь міліцыі : “Зьбірайся, пайшлі!” Дык
я звычайна казаў: “Пачакайце, я апрануся.” А пакуль яны чакалі, я тэлефанаваў
у “Вясну”, напрыклад. У цэнтры ў кожным выпадку ведалі, што адбываецца
і чакалі, што я павінен адзваніць праз гадзіну, празь дзьве. Каля я не
адзваню, то яны ўжо пачыналі самі мяне шукаць”.
(Вядучы: ) “Значыць, гэтыя людзі, якія сочаць – яны больш за ўсё баяцца
сьведкаў, баяцца нейкай публічнай агласкі, так?”
(Вялічкін: ) “Так”.
А цяпер навіны сакрэтных службаў за мінулы тыдзень.
У сераду на мінулым тыдні ў горадзе Тампа ў амэрыканскім штаце Флёрыда
быў арыштаваны палкоўнік узброеных сілаў ЗША ў адстаўцы Джордж Трафімаф,
які падазраецца ў шпіянажы на карысьць былога СССР. Вось што пісала пра
гэта агенцтва Reuters.
“Палкоўнік Трафімаф пайшоў у адстаўку ў 1995 годзе, пасьля 35 -гадоў
службы ў войску. Ён абвінавачваецца ў выдачы Савецкаму Саюзу ваенных сакрэтаў,
якія дазволілі СССР уведаць пляны амэрыканскага вайсковага кіраўніцтва.
Пракурор Тампы назваў Трафімафа самым высокапастаўленым за ўсю гісторыю
“афіцэрам амэрыканскага войска з тых, хто калі-небудзь абвінаваўся ў шпіянажы.”
З 1969-га па 1994 гады Трафімаф працаваў грамадзянскім кіраўніком вайсковага
аддзелу Аб’яднанага цэнтру дазнаньня (Joint Interrogation Center) у Нюрнбэргу
і меў доступ да сакрэтных матэрыялаў. У цэнтры вяліся допыты ўцекачоў з
сацыялістычных краінаў
Трафімаў, які ўзначальваў штат перакладчыкаў, ведаў, якія менавіта ўцекачы
і якая інфармацыя асабліва цікавяць ЗША. Яго падазраюць у тым, што ён перадаваў
гэтую інафрмацыю СССР і дапамагаў КГБ перапраўляць на Захад падвойных агентаў”.
Паводле Reuters, сын палітэмігранта з Расеі Трафімаф быў завербаваны
агентам КГБ, якога звалі Ігар Уладзіміравіч Сесеміхль і які хаваўся пад
выглядам праваслаўнага архіепіскапа Венскага. У Трафімафа было некалькі
псэўданімаў – Антэй, Маркіз, Консул.
Паводле некаторых зьвестак, ён атрымаў за час сваёй шпіёнскай дзейнасьці
каля 250 тысяч даляраў і ордэн працоўнага Чырвонага Сьцяга.
Маскоўская газета “Сегодня” днямі апублікавала інтэрвію з аглядальнікам
Washington Times, знаўцам у галіне нацыянальнай бясьпекі Білам Герцам.
Біл Герц, у прыватнасьці, выказаў сваё меркаваньне наконт адстаўкі кіраўніка
Службы зьнешняй разьведкі (СВР) Расеі Вячаслава Трубнікава і прызначэньня
на гэтую пасаду Сяргея Лебедева.
“Так, я чуў пра адстаўку Трубнікава. Зараз я працую над артыкулам, які
зьвязаны з апублікаваным ФБР сьпісам пагрозаў з боку разьведак сьвету.
І Расея разам з КНР узначальвае сьпіс. Гэта сьведчыць аб тым, што актыўнасьць
разьведкі Расеі расьце. Прычым, ФБР сьцвярджае, што ўзровень актыўнасьці
СВР зараз ужо перавышае узровень актыўнасьці КГБ часу “халоднай вайны”.
Тады ў Вашынгтоне сядзела процьма афіцэраў КГБ, і цяпер гэта пачынаецца
зноў. Ужо цяпер расейская разьведка пачынае паводзіць сябе вельмі агрэсыўна.
Аб чым сьведчыць, напрыклад, высылка афіцэра разьведкі Расеі з ЗША летась...”
Адказваючы на пытаньне аб узаемадачыненьнях паміж спэцслужбамі й прэсай,
Біл Герц сказаў:
“У расейскіх спэцслужбаў ёсьць такая асаблівасьць – выкарыстоўваць прэсу
для дэзінфармацыі. А мы ў ЗША, калі чэрпаем інфармацыю ў спэцслужбаў, прывыклі
заўжды ўсё правяраць…Па-мойму, амэрыканскія спэцслужбы ў гэтым выпадку
працуюць вельмі слушна – у ЦРУ, напрыклад, забаронена вербаваць журналістаў
і выкарыстоўваць іх у якасьці афіцэраў разьведкі. Таксама забараняецца
выдаваць дэзінфармацыю амэрыканскай прэсе.”
І на заканчэньне – паведамленьне з газэты Тimes за 14-га чэрвеня пад
назвай “Шпіянаж за шпіёнамі”. Публікацыя прысьвечаная справаздачы камітэту
брытанскага парляманту ў справе разьведкі й бясьпекі аб дзейнасьці сакрэтных
службаў Мі-15 і Мі-16, якія неафіцыйна называюць “вайсковай выведкай”.
Парляманцкі камітэт бясьпекі ўпершыню пачаў аглядаць дзейнасьць сакрэтных
службаў у 1994-м годзе.
У цяперашняй справаздачы ня лепшым чынам ацэньваецца іхная дзейнасьць.
У часе падрыхтоўкі дакладу парлямантары, дзякуючы шырока вядомаму цяпер
архіву Мітрохіна, атрымалі як ніколі шмат новай інфармацыі – у прыватнасці,
аб правалах брытанскай разьведкі ў мінулым.
Парлямэнцкі камітэт начале з Томам Кінгам цягам апошніх гадоў узьняў
пытаньні, датычныя некаторых “цёмных справаў”. Дасьведчанасьць парляманту
ў справах бясьпекі можа пакласьці канец грамадзкаму міту пра Джэймса Бонда,
а таксама скандальным плёткам пра спецслужбы, прыцягнуць грамадзкую падтрымку
ў іхнай дзенайсьці – у першую чаргу, у барацьбе з распаўсюджваньнем наркотыкаў
альбо экстрэмізмам.
Віталь Тарас
|