RFE/RL |
КГБ і РНЕ. Узаемадачыненьні сілавых ведамстваў і прафашыстоўскіх арганізацыяў у Беларусі.Удзельнічаюць: Сяржук Высоцкі і Дзьмітры Абрамычаў. (эфір 31.10.2000) Аўтар і вядучы: Сяргей Навумчык (Навумчык: ) “Пра дзейнасьць на тэрыторыі суверэннай Беларусі Русского Национального Единства (РНЕ) ў перадачах” Свабоды” казалася шмат – апошні рэпартаж быў пра зьбіцьцё “эрэнэшнікамі” ў менскім трамваі двух падлеткаў. Зьбіцьцё толькі за тое, што тыя размаўлялі па беларуску. Натуральна ж, і гэтым разам фашысты ізноў засталіся беспакараныя. Тое, што “эрэнэшнікі” ня першы год маюць добра абсталяваныя спартовыя залі, шлындаюцца па вуліцах беларускіх гарадоў і беспакарана нападаюць на прыстойных людзей – прыводзіць да дзвюх высноваў. Альбо існаваньне “карычневых” выгоднае спэцслужбам, альбо КГБ ўяўляе сабой групу малапрафэсыйных асобаў, ня здольных абараніць нават уласныя сем’і, а ня тое што інтарэсы сувэрэннай краіны. Узаемадачыненьні спэцслужбаў і прафашыстоўскіх арганізацыяў у Беларусі маюць амаль дзесяцігадовую гісторыю – і пачаліся нават яшчэ перад тым, як краіна аднавіла сваю незалежнасьць у 1991 годзе. Аналіз дзейнасьці РНЕ ў Беларусі прыводзіць да высноваў, што канкрэтна РНЕ падтрымліваецца пэўнымі сілавымі службамі. І сёньняшняя перадача прысьвечангая менавіта гэтай тэме. Але спачатку – некалькі словаў пра ідыялёгію РНЕ. На працягу апошніх гадоў Беларуская партыя Свабоды, якую ўзначальвае Сяржук Высоцкі, лічыць адной з галоўных сваіх мэтаў супроцьстаяць акцыям РНЕ. Ля мікрафону – Сяржук Высоцкі. (Высоцкі: ) “Ідэалёгія ў іх нескладаная. І яна характэрная ня толькі для РНЕ. У Беларусі, як Вы ведаеце, дзейнічаюць іншыя расейскія вайсковыя і фашыстоўскія арганізацыі, – “казацкае братэрства”, напрыклад, розныя псэўдарэлегійныя аб’яднаньні. Іх ідэалёгія ў тым, што беларусы – гэта неад’емная частка рускага народу, “адзінага рускага племені”. Мы нават не нацыя, не народ, проста – племя. На гэтай падставе даводзіцца, што Беларусь ніколі ня мела і ня можа мець сваёй незалежнасьці, што гэта ўсё – вышукі “жадамасонаў” і “праклятых нацыянальных экстрэмістаў”, якія ў прынцыпе, паводле сваёй прыроды, гэтаксама купленыя “жыдамасонамі”. (Навумчык: ) Вось такі атрутны ідэалягічны кактэйль. Што цікава – некаторыя з гэтых тэорыяў выспавядаюцца і рускай праваслаўнай царквой. Ці чулі вы калі небудзь, шаноўныя слухачы, з вуснаў яе сьвятароў прызнаньне права беларускага народу на незалежнасьць? Ці не таму, калі ў жніўні карэспандэнт нашага радыё папрасіў кіраўніка прэсаве службы Андрэя Петрашкевіча патлумачыць, чаму ў Менску ікону з выявай кананізаванага цара Мікалая Другога ахоўвалі “эрэнэшнікі”, той адказаў, што яго гэта “менш за ўсё цікавіць”. (Высоцкі: ) “Найбольш яскравае іх першае зьяўленьне – гэта ахова штабу кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі ў 1994 годзе. Тады гэта не афішавалася. Потым было ў іх вельмі шмат ракіровак. Цікава, што РНЕ ў Беларусі ніколі не праводзіла гучных акцыяў, і пры тым яно мае вельмі магутную матэрыяльную базу і, бясспрэчна, падтрымку ўладавых структураў. Напрыклад – трэніроўка ва Ўруччы разам са спэцпадразьдзяленьнямі на працягу 1998-2000 гадоў, трэніроўка на стрэльбішчы там жа, ва Ўруччы. Гэтага нельга дамагчыся нават такім арганізацыям, як ДТСААФ ці ім падобным. Акрамя таго – спортзялі. У кожным раёне Менску. Ужо не кажучы пра спортзалі ў кожным буйным горадзе Беларусі. Дарэчы, некалькі разоў бачылі намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Замяталіна пад час размоваў з прадстаўнікамі РНЕ” (Навумчык: ) “Такі чынам, “эрэнэшнікі” трэніраваліся на базе спэцпадразьдзяленьня – якое, заўважым, павінна было б як ніхто абараняць беларускую дзяржаўнасьць. Да гэтага мы вернемся крыху пазьней, а цяпер – пра тое, дзе і як фашыстоўцы выяўляюць сваё вышкаленьне.” (Высоцкі: ) “Яны, дарэчы, вельмі засьвяціліся ў 1997-2000 гадах, пад час дапамогі міліцыі ў разгоне мірных маніфэстацыяў апазыцыі. І было неаднаразова, калі прадстаўнікі РНЕ дапамагалі міліцыі “дабіваць” маніфэстантаў”. (Навумчык: ) “Аднак, ня трэба ўспрымаць РНЕ ледзь не як ўсемагутную арганізацыю. Сябры Беларускай партыі Свабоды абралі сваёй тактыкай не чытаньне натацыяў, а зусім адэкватны адказ тым, хто прызнае толькі сілу. Прычым сябрам РНЕ “мала не здаецца”. І ў такіх сытуацыях “эрэнэшнікі” звычайна лічаць за лепшае альбо зьбегчы альбо … зьвяртацца па дапамогу міліцыі. Міліцыя ў такіх выпадках хапае сябраў партыі Свабоды. Наогул, толькі некалькі разоў “эрэнэшнікі” былі затрыманыя “ворганамі правапарадку”. Пра адзін такі выпадак распавядае Сяржук Высоцкі”. (Высоцкі: ) “Калі затрымалі “эрэнэшнікаў” – яны, дарэчы, сябе вельмі нахабна паводзілі, – і даставілі ў міліцэйскі пастарунак Савецкага РАУС, то прадстаўнікі РНЕ сьмяяліся і сказалі, што “ў хуткім часе вам патэлефануюць, і вы яшчэ ў нас будзеце прабачэньня прасіць”. І ўжылі некалькі грубых словаў. І сапраўды: праз паўгадзіны пазваніў высокапастаўлены чыноўнік і загадаў выпусьціць прадстаўнікоў РНЕ. Тыя міліцыянты стаялі пачырванелыя, ўсё роўна як пабітыя”. (Навумчык: ) “Ну, а цяпер – пра сувязь з РНЕ з КГБ. І пачнем не са сталіцы, а з рэгіёнаў. Некалькі тыдняў таму ў нашым эфіры Старшыня Жодзінскае рады БНФ Аляксей Лапіцкі распавёў, што ў часе масавых акцыяў дэмакратычнай апазыцыі некаторыя з “эрэнэшнікаў”, цытую, “размаўляюць з супрацоўнікамі КДБ, уважліва слухаюць іхныя інструкцыі, а потым пачынаюць дзейнічаць”. Сёньня – інфармацыя нашага карэспандэнта Алеся Мікалайчанкі з Салігорску. (Мікалайчанка: ) “24 ліпеня журналіст Дзмітры Абрамычаў надрукаваў ў штотыднёвіку “Салідарнасьць” артыкул “нам паказваюць язык”, дзе выказаў прэтэнзыі да салігорскіх гарвыканкаму і ўправы КГБ. Кіраўнікі гарвыканкаму, паводле высноваў журналіста, надзвычай легкадумна зацьвярджаюць на сваіх паседжаньнях замену беларускамоўных шыльдаў на расейскамоўныя на офісных будынках. Кіраўнікі ж УКГБ не зважаюць на тое, што ў горадзе мяйсцовыя фашыстоўскія малойчыкі апаганьваюць сьцены дамоў антысэміцкімі лёзунгамі ды знакамі. Праз два тыдні пасьля выхаду артыкулу Абрамычава выклікалі ў межрайпракуратуру. Пра тое, як зь ім гутарылі пракурор і прадстаўнік КГБ, распавядяе спадар Абрамычаў”. (Абрамычаў: ) “Я быў выкліканы на гутарку да выканаўцы абавязкаў салігорскага міжрайпракурора Мікалая Жыжкі. Прысутнічаў таксама намесьнік начальніка Салігорскага УКГБ Сяргей Галавач. Жыжка заявіў, што мой артыкул можа нанесьці шкоду беларуска-расейскай інтэграцыі, бо ў будучай агульнай саюзнай дзяржаве будзе адна дзяржаўная мова – расейская. Пракуратура палічыла, што такім чынам я распальваю варожасьць. Але 9 траўня, у Дзень перамогі, я бачыў на аўтобусным прыпынку групу маладых людзей са свастыкай на рукавах. Яны стаялі, адкрыта дэманструючы, што адмыслова выйшлі 9 траўня, каб паказаць, хто тут сапраўды гаспадар. І пасьля гэтага я неаднаразова бачыў іх і ў горадзе, і на Старавакзальным кірмашы. Там і міліцыя ёсьць, але ніхто ніяк не рэагуе. Свой артыкул я праілюстраваў фатаздымкамі фашыстоўскіх надпісаў, якія ёсьць у Салігорску, і антысэміцкіх. А напярэдадні гутаркі ў пракуратуры мяне паспрабаваў выклікаць на допыт – як ён казаў, “на гутарку” – намесьнік начальніка ўправы КГБ па Салігорску Сяргей Галавач. Я рашуча адмовіўся. Тады мяне і выклікаў Жыжка. Галавач таксама прыйшоў, і ўжо ўдваіх яны мяне “адпрацоўвалі”. Пыталіся – а на якой падставе я зрабіў высновы пра тое, што ў нас ёсьць фашысты? Я адказаў, што я бачыў іх на ўласныя вочы. На што яны адказалі: “Тое, што вы бачылі – гэта нішто яшчэ ні аб чым не гаворыць. Фашыстаў у нас няма”. І дадалі, што калі я буду пісаць яшчэ нешта ў гэтым пляне такога, дык да мяне будуць скарыстаныя зусім іншыя мэтады. Фактычна, мне пагражалі”. (Мікалайчанка: ) “Дарэчы, тады пракурорскія папярэджаньні за спробу распаліць міжнацыянальную варажнечу, акрамя Дзмітрыя Абрамычава, атрымалі галоўны рэдактар “Салідарнасьці” Віталь Маралёў і заснавальнік штотыднёвіка старшыня Беларускага Незалежнага прафсаюзу Віктар Бабаед. У шальмаваньне Абрамычава ўключылася галоўны рэдактар афіцыйнага “Салігорскага весьніка” Наталля Паўлюс. Яна надруквала артыкул пад рубрыкай “фельетон”. Галоўным “сатырычным” момантам тут было прозьвішча спадара Абрамычава. Натальля Паўлюс перакручвала прозьвішча то на “Абрамчыка”, то на “Абрамсона”, то называла Дзімітрыя “Давідам”, і гэтак далей. Карацей, паспрабавала паказаць чытачам, што з коляшняй”пятай графой” ў журналіста ня ўсё “як мае быць”. Ды ўзяла пад абарону фашыстоўскіх малойчыкаў-“скінхэдаў”: маўляў, гэта – бяскрыўдныя падлеткі, якіх дарэмна пакрыўдзіў журналіст “Салідарнасьці”. Апошні паспрабаваў пасьля гэткай зьнявагі зьвярнуцца са скаргаю да старшыні Дзяржкамдруку Міхаіла Падгайнага, але той адно параіў Дзмітрыю Абрамычаву бараніць свой гонар і годнасьць праз суд. Вось ужо як два месяцы як не адказвае на скаргу Абрамычава і пракурор Менскай вобласьці спадар Сіраш”. (Навумчык: ) Як вы пачулі з матэрыялу Алеся Мікалайчанкі, замест таго, каб спыніць дзейнасьць антыбеларускіх, прафашыстоўскіх, антысеміцкіх арганізацыяў, кіраўнік мясцовага падразьдзяленьня КГБ ім спрыяе. Пра некаторыя аспэкты ўзаемадачыненьняў КГБ і РНЕ распавядае журналіст Аляксандар Коктыш”. (Коктыш: ) “На маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбарах у наступным годзе такая арганізацыя як беларускі філіял Рускага нацыянальнага адзінства можа адыграць з дапамогаю спецслужбаў дастаткова спецыфічную ролю. Як паведаміў радыё «Свабода» былы супрацоўнік камітэту дзяржаўнай бясьпекі, які пажадаў застацца невядомым, на цяперашні момант у гэтай арганізацыі налічваецца 25, так бы мовіць, “пярвічак” у розных беларускіх гарадах, кожная з якіх налічвае, мінімум 3-5 чалавек (у лютым мінулага года рэгіянальных аддзяленьняў беларускага РНЕ было ў два разы менш). У адным толькі Менску носіць фашыстоўскую форму з сумна вядомым калаўротам ня менш як сотня баркашоўцаў. Пры чым, да нядаўняга часу апошнія мясьціліся не дзе-небудзь, а на базе брыгады адмысловага прызначэньня ў сталічным раўне Уручча, адзін з батальенаў якой належыць міністэрству ўнутраных справаў, яшчэ адзін – КГБ, і ёсьць баталён міністэрства абароны. Цяжка адзначна адказаць, якое з вышэй пералічаных ведамстваў курыруе РНЕ, але мой суразмоўца упэўнены, што КГБ. Пра гэта сьведчаць усе тыя «подзьвігі», вядомыя шырокай грамадзкасьці і зьдзейсьненыя беларускім РНЕ апошнім часам. Дастаткова назваць зьбіцьцё мяйсцовымі баркашоўцамі арганізатараў «Хартыі-97» і справакаваныя беларускімі эрэнэшнікамі бойкі з дэманстрантамі падчас мінулагагодняга восеньскага «Марша свабоды». Як вядома, забойства лідэра менскай філіі РНЕ Глеба Самойлава і зьнікненне аператара Грамадскага расейскага тэлебачання Дзмітрыя Завадзкага зьвязваецца з былым афіцэрам спецназу, «алмазаўцам» Ігнатовічам. Менавіта для асобных сілавых акцыяў, паводле меркаваньня былога супрацоўніка КГБ, і прызначаецца беларускае РНЕ. 2001 год -- год прэзідэнцкіх выбараў, асабліва будзе багаты на брудныя скандалы і розныя «разборкі» з асабліва небясьпечнымі апанэнтамі рэжыму. Дзеля гэтага эрэнэшнікі падыходзяць ідэальна з вайсковаю дысцыплінаю і поўнай замбаванасьцю з боку іхных сапраўдных гаспадароў. Як сьведчыць даволі высокапастаўлены ў мінулым супрацоўнік камітэту дзяржаўнай бясьпекі, за ўдзел у «нэйтралізацыі» вулічных акцыяў апазыцыі эрэнэшнікі даволі няблага матэрыяльна забясьпечваюцца. Перад сваей сьмерцю Глеб Самойлаў наўпрост заяўляў: «Мы робім упор не толькі на моладзь, але і на вайскоўцаў, супрацоўнікаў ворганаў правапарадку». І яшчэ. «Без жалезнага парадку, строгай ерархіі, няўхільнага захаваньня статуту і загадаў кіраўніцтва дасягнуць мэты аб усталяваньні «рускага парадку» дзеля адраджэння вялікай Расеі проста немагчыма». Аб дачыненьнях беларускага РНЕ са спецслужбамі сведчыць і той факт, што першы яго кіраўнік капітан Юдзін (беларуская філія РНЕ ўтварыўся яшчэ ў 1989 годзе) у свой час, паводле інфармацыі майго суразмоўцы, неаднаразова сустракаўся з Баркашовым і прадстаўнікамі расейскага ФСБ і атрымліваў ад тых адпаведныя інструкцыі. «Зяленае святло» да нядаўняга часу эрэнэшнікам запальвалася амаль што паўсюдна. Яны нават гаспадарылі цэлым тэлевізыйным кабельным вузлом у ваенным гарадку Ўручча зь яго сямітысячным насельніцтвам. І толькі пасьля шэрагу скандалаў, зьвязаных з РНЕ, гэты вузел у яго забралі. Увогуле, матэрыяльнае забеспячэньне фашыстоўскай арганізацыі жабрацкім ні ў якім выпадку не назавеш. Адкуль жа бяруцца грошы? Як распавеў мой суразмоўца, беларускім баркашоўцам дапамагаюць асобныя праваахоўчыя ворганы, якія зацікаўленыя ў падтрыманьні выдатнай фізычнай формы сваіх выхаванцаў і іхнага высокага маральнага духу. За «так», аднымі «высокімі» ідэямі імпэт асобных юнакоў, зьвязаўшых свой лес, напэўна, з адной з самых адыёзных арганізацыяў Беларусі, ужо не заманіць. Дарэчы, касьцяк беларускага РНЕ складае менавіта моладзь, якой лягчэй за ўсе “запудрыць мазгі” і нацкаваць на «ворагаў» «вялікадзяржаўнай расейскай ідэй». Афіцэры з жыцьцёвым вопытам ў Беларусі, у адрозненьне ад Расеі, зь вялікай цяжкасьцю паддаюцца на фашыстоўскія лёзунгі. Менавіта на гэтую абалваненую моладзь, мяркуючы па ўсім, і будзе рабіцца стаўка ў брудных акцыях падчас прэзідэнцкай кампаніі 2001-га году”. (Навумчык: ) “Аляксандар Коктыш сказаў пра будучыя прэзыдэнцкія выбары; лідар Беларускай партыі Свабоды Сяржук Высоцкі прыгадаў выбарчую кампанію 94-га году, калі эрэнэшнікі ахоўвалі штаб Лукашэнкі. Як вядома, дапамагалі тады Лукашэнку і супрацоўнікі спэцслужбаў. І РНЕ, і Лукашэнку, і значную частку супрацоўнікаў КГБ аб’ядноўвае адно – непрыманьне ідэі беларускай незалежнасьці.” (Высоцкі: ) “Цяперашняя псэўдадзяржаўная акупацыйная ідэалёгія ў Беларусі – гэта панславізм. Фактычна, расейскі фашызм – гэта дзяржаўная ідыялёгія цяперашняй улады”. (Навумчык: ) “Дзеля таго, каб ліквідаваць фашыстоўскія арганізацыі, спэцслужбам дастаткова было б 48 гадзінаў. Але – толькі ў тым выпадку, калі б спэцслужбы гэтыя сапраўды баранілі інтэрэсы беларускай дзяржаўнасьці”. Сяргей Навумчык, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |