RFE/RL |
Парадак па-чэкісцку. Перадача прысьвечаная Юрыю Андропаву.Удзельнічаюць: Уладзімер Арлоў і Алена Бонар. (эфір 10.10.2000) Аўтар і вядучы: Сяргей Навумчык (Навумчык: ) Юры Андропаў знаходзіўся на савецкім алімпе некалькі дзясяткаў гадоў, але застаўся ў памяці тагачасных пакаленьняў пятнаццацю месяцамі, цягам якіх кіраваў Савецкім Саюзам. Прыгадвае пісьменьнік і гісторык Уладзімер Арлоў. (Арлоў: ) “Мне прыгадваецца казус, які здарыўся назаўтра пасьля сьмерці Андропава. Мы з сябрам, цяпер, дарэчы, вядомым чалавекам у навуковых, і ня толькі навуковых, колах, ішлі па Менску і разважалі, якія наступствы для Беларусі можа мець сьмерць Андропава. І раптам да нас падыходзіць немалады ўжо чалавек, на лёгкім падпітку, і кажа: “Хлопцы, я бачу – па вашых вачах, па вашай выпраўцы, па вашым адзеньні – што вы андропаўцы. Я таксама стары андропавец. Дайце я пацісну вашыя рукі. Мы, андропаўцы, павінныя ў гэтыя цяжкія дні трымацца разам”. (Навумчык: ) “Гэты камічны выпадак, аднак, быў магчымы толькі ў дачыненьні да Андропава. Цяжка ўявіць, каб нехта сказаў: “Мы, хрушчоўцы”. Ці: “Мы, брэжнеўцы”. Ці тым болей: “Мы, чарненкаўцы”. Канечне, Уладзімер Арлоў і ягоны сябра ня мелі ніякіх ілюзіяў адносна Андропава. Але дзесяткі мільёнаў захоўваюць іх і цяпер. Першая ілюзія – гэта адукаванасьць Андропава, веданьне ім замежных моваў. Насамрэч Андропавў не давучыўся нават ў сярэдняй школе, і паводле цяперашняй клясыфікацыі, у яго была незавершаная сярэдняя адукацыя. У якой іншай краіне ён так і застаўся б звычайным матросам, але сталінскія чысткі другой паловы 30-ых гадоў дазволілі яму хутка прасоўвацца на пасады тых, каго адпраўлялі на растрэл альбо ў ГУЛАГ. Менавіта такім чынам ён стаў першым сакратаром Яраслаўскага абкаму камсамола, а пазьней – ЦК камсамола Карэла-Фінскай Рэспублікі. Там ён трапіў пад патранаж Ота Куусінена, які пасьля абраньня сакратаром ЦК КПСС і членам Палітбюро – ўзяў у Маскву і Андропава. Ведаў Андропаў толькі адну мову – расейскую. На ёй і размаўляў з вугорцамі, калі ў якасьці савецкага амбасадара ўвосені 56-ага ўдзельнічаў ў крывавым здушэньні будапешцкага паўстаньня. Здольнасьці былі ацэненыя, і на працягу наступных гадоў Андропаў адказваў ў ЦК КПСС за ўзаемаадносіны з кампартыямі сацыялістычных краінаў. А па сутнасьці – за парадак у гэтых краінах. Гэтае паняцьце – парадак – пазьней будзе ідыялягемай, на якой савецкае грамадзтва пабудуе Андропаву вобраз “рэфарматара”. І на пасадзе Старшыні КГБ, куды Андропаў прыйшоў у 67-ым годзе, Андропаў ўсталёўваў “парадак” ужо ў сваёй краіне. З моманту прыходу Андропава КГБ аднавіў усе свае функцыі ў якасьці рэпрэсыўнага апарату. Масавыя арышты дысыдэнтаў, выкарыстаньне псыхіятрыі дзеля барацьбы з іншадумствам, выкарыстаньне катаваньняў у вязьніцах, і, нарэшце, аднаўленьне практыкі палітычных забойстваў, пра якія распавялі ў сваёй кнізе дасьледчыкі біяграфіі Андропава Ўладзімер Салаўёў і Алена Клепікава (пачаў Андропаў з Украіны, дзе праваабарончы рух меў выразныя нацыянальныя рысы): “28 лістапада 1970 году ў мястэчку Васількова пад Кіевам была зьверскі забітая мастачка Алла Горская, якая знаходзілася на ўліку КГБ. Пад Адэсай быў зарэзаны мастак Расьціслаў Палецкі. Пад мастом знайшлі павешанага, са сьлядамі катаваньняў мастака-нонканфарміста Уладзімера Кандрашына. Зажыва згарэў разам з жонкай у сваёй хаце нязгодны з уладамі сьвятар Гаргула, на папялішчы аднавяскоўцы знайшлі на мерцьвяках абпаленыя вяроўкі. Сьвятар з Заходняй Украіны Коцік быў утоплены ў калодзежы. З–за вугла забілі брата палітзьняволенага паэта Міхася Осадчага. На вачах у сваіх прыхільнікаў быў гвалтоўна запіхнуты ў машыну КГБ і ўвезены ў невядомым накірунку ўкраінскі кампазытар Уладзімер Івасюк, а праз месяц яго, са сьлядамі катаваньняў, знайшлі ў лесе”. Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што ягоным кумірам, нароўні зь Дзяржынскім і Машэравым, зьяўляецца Андропаў. Здушэньне іншадумства адбывалася і ў Беларусі. Прыгадвае пісьменьнік Уладзімер Арлоў, які на пачатку 70-ых гадоў быў студэнтам Белдзяржунівэрсытэту. (Арлоў: ) “Для Беларусі, як і для суседняй Украіны, гэты час , апрача ўсяго іншага, быў часам “паляваньня на вядзьмарак”. КГБ, абапіраючыся на шырокі, так бы мовіць, няштатны актыў, заўзята шукала, выкрывала, ляпіла ярлыкі і “обезвреживало” тых, хто быў супраць брэжнеўска-суслаўскіх тэорыяў паскоранага разьвіцьця нацыяў і стварэньня новай этнічнай супольнасьці – савецкага народу. Водгульле гэтага змаганьня даносіа БДУ. Нейкія таямнічыя вэтэраны вайны і працы бэсьцілі ў газэтах аповесьць Вольгі Іпатавай «Прадслава», прысьвечаную Ефрасіньні Полацкай. Дасталося і пісьменьніку Эрнэсту Ялугіну, які выдаў кнігу «Мсьціслаўскі посах». У той час у Наваполацку «камітэтчыкі» канфіскавалі 15 нумароў самвыдавецкага альманаху «Блакітны ліхтар», які і да цяперашняга часу даступны толькі «літаратуразнаўцам у цывільным». Надоўга зьнікалі ўзятыя «пачытаць» сім-тым з факультэцкіх камсамольскіх актывістаў нумары нашага гістфакаўскага машынапіснага часопісу «Мілавіца», які мы зь сябрамі пачалі выдаваць у 1974 годзе. Часопіс быў, зрэшты, досыць бяскрыўдны, але беларускамоўны – і ў гэтым была галоўная крамола». (Навумчык: ) “Існуе даволі распаўсюджанае меркаваньне, што беларуская інтэлігэнцыя ў часы застою не выказвала супраціву КГБ, і што з гэтай прычыны ніхто ў Беларусі не пацярпеў”. (Арлоў : ) “Я магу адразу сказаць, што гэта – няпраўда. Гадамі, як вядома, не друкавалі Ўладзімера Караткевіча. У Горадні ў той час білі вокны Васілю Быкаву. У 1972 годзе загінуў пры нявысьветленых абставінах мастак Лявон Баразна, які меў выразна акрэсьленую патрыятычную жыцьцёвую пазыцыю. У 1974 у Менску выкрылі так званую “нацыяналістычную арганізацыю”. Пачаліся выклікі, сходы, звальненьні з працы. Шмат каму зь вядомых сёньня людзей ў той час “паказалі на дзьверы”. Навуковы супрацоўнік акадэмічнага інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру Зянон Пазьняк мусіў тады перакваліфікавацца ў фатографы. Кандыдат філялёгіі Прашковіч – у грузчыкі. І потым, дарэчы, трагічна загінуў неўзабаве. Кандадат гістарычных навукаў, архэоляг Міхась Чарняўскі паўтары гады грузіў у мастацка-вытворчым камбінаце цэмэнт, зьбіваў і грунтаваў шчыты пад наглядную агітацыю..”. (Навумчык: ) “Юры Андропаў прыняў КГБ, калі чэкісты былі дэмаралізаваныя хрушчоўскай дэсталінізацыяй – і за пятнаццаць гадоў аднавіў усе функцыі бязьлітаснай рэпрэсыўнай машыны. Больш таго: у структуры дзяржаўнага ўладкаваньня КГБ заяняў тое месца, якое ня меў нават пры Сталіне. Дзякуючы намаганьням Андропава, КГБ было амаль ўроўненае з партыйным апаратам, і абраньне Андропава на пасаду так званага “другога” сакратара ЦК пасьля сьмерці Суслава ў студзені 1982 г. толькі фармальна зафіксавала тое, што ўжо існавала. У лістападзе 82-га Андропаў заняў пасаду Генэральнага сакратара ЦК КПСС замест памерлага Брэжнева. Застаецца фактам, што болшасьць савецкіх людзей успрыняла прыход Андропава да ўлады, як знак нейкай надзеі. А вось як прыгадвае той год жонка акадэміка Сахарава, праваабаронца Алена Бонар”. (Бонар: ) “1982 год – адзін з найжудасьнейшых гадоў нашага жыцьця ў Горкім. Я яшчэ езьдзіла ў Маскву, мяне абшуквалі, ў Андрэя Дзьмітрыевіча скралі рукапісы, дзёньнікі. У мяне зь цела літаральна – я прывязвала ягоныя дакумэнты да сябе, калі езьдзіла ў Маскву, прыбінтоўвала, не ў валізцы, ня ў сумцы, а вось на сабе – зьдзіралі ўсё гэта… Вобыск у цягніку…. У мяне здарыўся інфаркт… Я ня ведаю пра “добрыя справы” Андропава!“ (Навумчык: ) “Зрэшты, акадэміка Сахарава, як і іншых праваабаронцаў, савецкі народ цэлымі працоўнымі калектывамі – асуджаў. І спадзяваўся, што Андропаў “навядзе парадак”. Што начальнікі – ад кіраўнікоў заводаў да міністраў – нарэшце сядуць. З начальнікаў селі адзінкі, затое тысячы з тых, хто спадзяваўся, хутка самі апынуліся ў міліцэйскіх пастарунках за тое, што ў працоўны час зьбеглі на піва ці па гарэлку. Дарэчы, таннасьць знакамітай “андропаўскай” гарэлкі тлумачылася простай і шкоднай тэхнялёгіяй; піць яе сапраўды, памятаю, моржна было толькі зь вельмі ўжо вялікай ахвоты. Гарэлка была для “рабацягаў”, інтэлігэнцыя ж спрабавала адшукаць у Андропаве рысы інтэлектуала; тады і пайшла пагалоска пра нібыта веданьне Андропавым “замежных моваў”. (Бонар: ) “Я была шакаваная, што людзі зь вялікім жыцьцёвым вопытам, і здавалася б, зь вельмі шырокай эрудыцыяй, -- былі ў захапленьні і лічылі, што вось цяпер якраз усё і будзе добра. І пачыналася ўсялякае “сюсюканьне”: “Ах, ён захапляецца і калекцыянуе мастацкі авангард”, “Ах, ён ведае вершы і музыку” – і гэтак далей. І мне заўсёды хацелася крыкнуць: “Заткніцеся! Дзяўчаты, што працавалі ў канцылярыі, атрымаўвалі ад Гітлера кветкі, Гітлер разбіраўся ў жывапісе… Як быццам гэта істотна!” (Навумчык: ) “Сёньня відавочна, што ілюзіі, якія ўвасабляліся ў пэрсоне Андропава, паводле сваёй сутнасьці – “моцная рука”, “ачышчаны сацыялізм”, “вернасьць ленінскім прынцыпам” – былі вынікам таго тыпу мысьленьня, які абараняў Андропаў як кіраўнік КГБ”. (Бонар: ) “Я не разумею апалягэтыкі стукацтва ў Расеі з вуснаў прэзыдэнта. І мне здавалася, што ў постсавецкім грамадзтве, дзе кожны зь дзіцячага садку ведаў: “Вось ён стукач, ябеда – зь ім не размаўляй”… Спадар прэзыдэнт прамаўляе ў гонар стукача, і не знаходзіцца ніводнага, выбачайце, “уладарніка думак”, які б сказаў “Цыц! І нават калі ты стаў іншы, ўсё роўна – цыц! І не ўздумай так казаць пра гэтую прафэсію! Ну вось Дастаеўскі, які зусім без сымпатыяў ставіўся ўсіх гэтых сацыялістаў, левых і праых… Знакамітая гісторыя. Калі ў яго запыталіся: а ці мог бы ён, калі б ведаў пра змову, данесьці ў жандармэрыю, адказаў абсалютна канкрэтна – “Не!”. (Навумчык: ) “Андропаў, бясспрэчна, спадзяваўся ўсталяваць “чэкісцкі парадак”. Гэта не магло не знайсьці спачуваньня ў грамадзтве, значная частка якога стала супрацоўнічала з ГБ. Алена Бонар кажа пра расейскае грамадзства, але шмат што тычыцца і сёньняшняй Беларусі. На чале якой, нагадаем, былы супрацоўнік памежных войскаў КГБ”. (Бонар: ) “Навогул, часам вось ўзьнікае адчуваньне, а ці ўсё ў парадку ў грамадзтве, ва інтэлектуальнай сферы? У тым пляне, што на чужых памылках ніхто ня вучыцца, але на сваіх – вучыліся. Быў Андропаў. Мы ня ведалі, што ён хворы, паміж іншым. Быў не стары, здавалася б, усё было “нармальна”. Спрабаваў “навесьці парадак”. Лепшай, чысьцейшай краіна не зрабілася! Цяпер паўтараем тое ж”. ( Навумчык: ) “Праз дзесяць гадоў пасьля сьмерці Андропава -- ва ўжо незалежнай Беларусі – грамадзтва спакусіцца на абяцаньне менавіта такога, андропаўскага стылю, парадку. Нагуляўшыся ў псэўдадэмакратыю, сёньня прыйшла да гэтага і Расея. Поставецкая грамадзтва працягвае спадзявацца на парадак чэкісцкага тыпу”. (Бонар: ) “Я заўсёды прыгадваю, як я стаяла на плятформе чыгункі на станцыі Фьеза каля Флярэнцыі, і чакала прыгарадны цягнік, каб вярнуцца ў горад. Паводле раскладу ён павінен быў быць, а яго ўсё няма і няма. Я кажу чыгуначніку, які праходзіў міма: “Што ж так? Непарадак!”. А ён мне сказаў: “Парадак быў пры Мусаліні”. Дык вось мне заўсёды часам здаецца, што парадак у нас быў пры Сталіне, толькі хай кожны прыгадае, хто ў яго сядзеў і хто быў расстраляны ў той час”. Сяргей Навумчык, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |