RFE/RL |
Ці блефуе КГБ Беларусі, калі гаворыць пра посьпехі ў вышуку шпіёнаў ды іншае.Удзельнічаюць: Аляксандар Коктыш, Сяргей Аніська. (эфір 26.09.2000) Аўтар і вядучы: Сяргей Навумчык Ці блефуе КГБ Беларусі, калі гаворыць пра посьпехі ў вышукваньні шпіёнаў?
Гісторыя разьведкі складае тысячагодзьдзі, і сёньня няма краіны, якая ня мела б сваіх разьведслужбаў. Відаць, няма і дзяржаваў, якія б не былі прадметам зацікаўленьня – у той ці іншай ступені – з боку замежных разьведак. І хаця сёньня да паслугаў спэцслужбаў самыя дасканалыя навуковыя і тэхнічныя распрацоўкі, але час ад часу правалы ўсё ж здараюцца. А ад гэтага незастрахаваныя самыя славутыя разьведкі самых магутных краінаў. Але, часам, здараецца, што раскрыцьцё шпіёнаў – вынік не імкненьня абараніць інтарэсы дзяржавы, а – пэўная палітычная гульня. Ля мікрафону Аляксандар Коктыш. (Коктыш: ) “Як вядома, на мінулым тыдні беларускі КГБ затрымаў іншаземца, які падазраецца ў шпіёнскай дзейнасьці на карысьць адной замежнай краіны. Паводле вэрсіі КГБ, іншаземец кіраваў дзеяньнямі раней завербаваных замежнай разьведкай агентаў, схіляў беларускіх грамадзянаў да збору разьведвальнай інфармацыі. У КГБ пакуль адмаўляюцца паведаміць, грамадзянінам якой краіны зьяўляецца затрыманы агент замежнай разьведкі, і на чыю карысьць ён шпіёніў. Вядома толькі, што затрыманаму ўжо прад’яўленае абвінавачваньне ў парушэньні артыкулу 62 Крымінальнага Кодэксу. Абвінавачаны знаходзіцца зараз у сьледчым ізалятары. Былы супрацоўнік КГБ Сяргей Аніська ўпэўнены: затрыманы належыць да краіны, якая ўваходзіць у блёк НАТА. Прычым, у дадзеным выпадку, гаворка ідзе пра гульню пад “чужым сьцягам”. Падазраваны ў шпіёнскай дзейнасьці, на думку Аніські, можа зьяўляцца грамадзянінам Літвы, а на самой справе прадстаўляць інтарэсы нашай суседкі – Польшчы: (Аніська: ) “Я мяркую, што заходнія спэцслужбы сур’ёзна цікавяцца становішчам у Беларусі. Нядаўняя заява Лукашэнкі аб фармаваньні 300-тысячнай вайсковай сумеснай з Расеяй групоўкі не магла прайсьці незаўважанай Захадам. Ён павінен рэагаваць на падобныя заявы. Тым больш, у Калінінградзкай вобласьці нядаўна праводзіліся беларуска-расейскія вучэньні супрацьпаветранай абароны. Такім чынам, атрымліваецца, што беларускія спэцслужбы і сапраўды маглі затрымаць замежнага разьведчыка, які працаваў супраць Рэспублікі Беларусь”. (Коктыш: ) “Разам з тым, спадар Аніська не выключае і “дутага” шпіёнскага скандалу кшталту “турэцкага”, які пераўтварыўся ў самы натуральны анэкдатычны выпадак. Па інфармацыі старшыні КГБ Уладзімера Мацкевіча, апошнім часам у Беларусі затрымана… 16 шпіёнаў. Але над імі не адбылося ніводнага судовага працэсу. І гэта можа тлумачыцца толькі двума прычынамі. Альбо “кагэбэшнікі” ня мелі дастатковае пераканаўчае базы доказаў шпіёнскай дзейнасьці, альбо – КГБ банальна блефуе. Сяргей Аніська кажа, што беларускія спэцслужбы маглі таксама весьці гандаль з краінай, зь якой паходзіў чарговы шпіён. Маўляў, мы адпускаем вашага супрацоўніка, а вы даеце нам невялічкі крэдыт на правядзеньне чарговых “дажынак”. Наогул, ёсьць некалькі варыянтаў “адшуканьня” “шпіёнаў”. Да прыкладу, такі. Нейкі грамадзянін ЗША, уехаўшы ў Беларусь па турыстычнай візе, раптам пажадаў паглядзець берасьцейскія гістарычныя краявіды і пакаціў сабе на ўласным аўто па шашы. Абсалютна выпадкова, недзе каля Станькава, дзе разьмешчаная ракетная брыгада, у яго прабіла кола. Гэты прыпынак можа быць расцэнены як зацікаўленасьць да важнага стратэгічнага аб’екту. Далей, гэты ж амэрыканец ўзяў да сабе ў машыну прапаршчыка адной з вайсковых частак, разьмешчаных каля Станькава, які галасаваў на той жа берасьцейскай шашы. Асабістае аўто сабе можа дазволіць далёка ня кожны беларускі вайсковец. Зноў няўвязка, на думку спэцслужбаў. Амэрыканскі грамадзянін, ня ведаючы, што ён завочна залічаны ў шпіёны, працягвае рух па трасе і сустракае прастытутку, якіх апошнім часам безьліч разьвялося на ўсіх буйных беларускіх дарогах. Кантакт з дзяўчынай “цягне” на спробу вярбоўкі “чэснай” грамадзянкі Рэспублікі Беларусь. Ну і гэтак далей. У выніку аказваецца, што тытанічнымі намаганьнямі беларускіх контрразьведчыкаў выяўлены чарговы агент іншаземных спэцслужбаў. Нагадаем, што гучны “шпіёнскі скандал” адбыўся на пачатку 50-ых гадоў. Тады Берасьцейскай абласной ўправай МГБ была злоўленая група амэрыканскіх “разьведчыкаў”. Як сьцьвярджае Сяргей Аніська, начальнік упраўленьня пажадаў асабіста дапытаць кіраўніка разьведвальнай групы. Але той па нейкіх прычынах выкінуўся з вакна кабінету допытаў будынку МГБ. Пасьля гэтага выпадку беларускія “кагэбісты” былі строга пакараныя, і больш ніякіх шпіёнскіх скандалаў ў Беларусі не адбывалася да сумнавядомага “раскрыцьця” турэцкага “разьведчыка”. Таксама не выключаецца, што нядаўні скандал, зьвязаны са шпіёнам адной з замежных краінаў, “прысьвячаецца” цяперашнім выбарам у Беларусі. Маўляў, іншаземны ўплыў на Беларусь павялічваецца, каб перашкодзіць выбаршчыкам выканаць свой грамадзянскі абавязак – прагаласаваць за самых дастойных, на думку ўладаў, кандыдатаў у дэпутаты. Калі так – дык тады да канца гэтай выбарчай кампаніі, і асабліва пад час кампаніі па выбарах прэзыдэнта ў будучым годзе, магчыма, давядзецца назіраць яшчэ не адзіны гучны “шпіёнскі скандал”. (Навумчык: ) “Да паведамляеньня Аляксандра Коктыша дадамо, што, паводле некаторых зьвестак, у самы бліжэйшы час КГБ Беларусі можа абвясьціць, хто ж канкрэтна ўтрымліваецца ў сьледчым ізалятары КГБ – гэтак званай “амэрыканцы” – па падозраньні ў шпіянажы. Адзначым, што паводле міжнародных прававых стандартаў, прызнаць чалавека вінаватым можа толькі суд. Нагадаем, што ў нейноўшай гісторыі Беларусі яшчэ не было выпадкаў, калі б посьпехі спэцслужбаў у раскрыцьці шпіянажу скончыліся судовым працэсам. І яшчэ – удакладненьне адносна выразаў “антыдзяржаўная дзейнасьць”, “шпіянаж супраць Беларусі”. У 50-ых гадох у БССР была засланая група беларускіх патрыётаў, якія верылі, што ім ўдасца скінуць бальшавікоў і аднавіць незалежнасьць краіны. Сярод іх быў і Янка Філістовіч, якога схапілі гэбісты і потым, паводле прысуду, расстралялі. Калі сыходзіць з разуменьня слова “Беларусь” Купалам, Луцкевічам, заснавальнікамі БНР – у дзеяньнях Філістовіча і ягоных паплечнікаў не было нічога антыбеларускага. Перакананы, што пройдзе час, і іх імёнамі будуць названыя вуліцы і школы. І, мяркуючы з гэтых самых нацыянальных інтарэсаў, нішто ў такой ступені не разбурае беларускую дзяржаву, як інтэграцыйныя ініцыятывы і сумнеўныя дзеяньні цяперашняга кіраўніцтва краіны, якое абапіраецца ў гэтай сумнеўнай справе на падтрымку спэцслужбаў. Нядаўна швэдзкі ўрад пагадзіўся з прапановай міністэрства юстыцыі пашырыць паўнамоцтвы паліцыі ў апэратыўна-вышуковай дзейнасьці і дазволіць ёй праслухоўваць кватэры грамадзянаў, якія падазраюцца ў зьдзяйсьненьні асабліва цяжкіх злачынстваў. Пры гэтым міністар юстыцыі Швэцыі Лайла Фрэйвальдс спасылаецца на вопыт Нямеччыны, Вялікай Брытаніі і некаторых іншых краінаў, дзе аналягічныя магчымасьці паліцыі дазволілі ёй раскрыць злачынствы і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці. Для разьведкі, у тым ліку і швэдзкай, праслухоўваньне зьяўляецца звычайнай справай; як бачым, і паліцыі ў шэрагу краінаў дадзеныя такія правы. У Злучаных Штатах правам праслухоўваньня валодаюць яшчэ і ФБР, і мытная служба. Аднак прапанова швэдзкага міністэрства юстыцыі для нас цікавая найперш з тае прычыны, што дазваляе прасачыць мэханізм прыняцьця падобнага рашэньня з пазыцыі абароны правоў грамадзяніна. Высоўваючы прапанову, міністэрства юстыцыі было вымушана адразу заявіць пра пэўныя, даволі жорсткія абмежаваньні правоў паліцыі. Па-першае, паставіць праслухоўваючыя прыстасаваньні можна будзе толькі ў тым выпадку, калі асоба зьдзейсьніла злачынства, тэрмін пакараньня за якое – ня менш як чатыры гады пазбаўленьня волі. Выключэньне складаюць злачынствы, зьвязаныя з наркотыкамі. Па-другое, дазвол на праслухоўваньне можа даць толькі суд. Пры гэтым ўрад прызначае адпаведных прадстаўнікоў, якія абавязаныя сачыць за аб’ектыўнасьцю судовага рашэньня адносна праслухоўваньня. Паколькі ў кожнай прававой дзяржаве – а Швэцыя такой зьяўлянецца – суд незалежны, дык мяркуецца, што ролю гэтых прадстаўнікоў будуць выконваць судзьзі больш высокай інстанцыі, і крытэрыям ацэнкі будзе адпаведнасьць судовага рашэньня заканадаўству. Па-трэцяе, рашэньне суда, калі яно для паліцыі станоўчае, дзейснае толькі на працягу месяца. Пасьля гэтага дэтэктывы абавязаныя зноў прасіць у суда дазвол. Натуральна, што ў тым выпадку, калі папярэдні месяц ня выявіў крымінальнай дзейнасьці аб’екту, атрымаць такі дазвол будзе ўжо значна больш складана, чым першы раз. Па-чацьвертае, ўсе запісы, якія ня маюць дачыненьня да сутнасьці крымінальнай справы, павінныя быць імгненна зьнішчаныя. Па-пятае, адвакаты, лекары, рэлігійныя дзеячы і журналісты могуць быць аб’ектамі праслухоўваньня толькі ў самых выключных выпадках. Патлумачыць гэта можна наступным. Лекары зьвязаныя з мэдычнымі таямніцамі сваіх пацыэнтаў, рэлегійныя дзеячы з таямніцамі духоўнага зьместу. У выпадку праслухоўваньня могуць быць раскрытыя таямніцы людзей, якія ніякім чынам не падазраюцца ў крымінальных дзеяньнях. І хаця, як мы адзначалі, ўсе запісы, якія ня тычыцца сутнасьці крымінальнай справы, павінныя быць зьнішчаныя – аднак, зважаючы на асаблівую далікатнасьць мэдычнай і рэлігійнай сфэры, вырашана зрабіць, так бы мовіць, падвойныя гарантыі. Што да журналістаў і адвакатаў, дык іхная дзейнасьць можа быць звязаная з абаронай інтарэсаў грамадзянаў ад той жа самай паліцыі, і з гэтае прычыны паліцыя можа справакаваць іх праслухоўваньне, падаўшы адпаведныя дакумэнты ў суд. Магчымасьць у прававой дзяржаве больш тэарэтычная, чым рэальная, але і ў гэтым выпадку вырашана даць падвойныя гарантыі. Як бачым, прапановы міністэрства юстыцыі Швэцыі адносна пашырэньня магчымасьцяў апэратыўна-вышуковай дзейнасьці сыходзяць, найперш, з пазыцыяў абароны правоў грамадзянаў. Аднак, нават вышэйназваных гарантыяў аказалася недастаткова, і праект выклікаў гарачыя дэбаты ў швэдзкім грамадзтве. Прычым аргумэнт пра тое, што праслухоўваньне само па сабе ня самы эфэктыўны спосаб вышуку злачынцаў, адыходзіць на другі плян перад сьцьверджаньнямі, што дазвол паліцыі праслухоўваць грамадзянаў можа, хай і ў нешматлікіх выпадках, але абмяжоўваць правы асобы. Паралельна з грамадзскай дыскусіяй вядзецца юрыдычная экспэртыза ў заканадаўчай радзе, і толькі пасьля гэтага дэпутаты швэдзкага парлямэнту прыступяць да галасаваньня адносна прапановы міністэрства юстыцыі. Сяргей Навумчык, Прага
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |