border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Неабжытая Спадчына


І ў белы дзень, і ў чорну ноч
Я ўсьцяж раблю агледзіны,
Ці  гэты скарб ня збрыў дзе проч,
Ці трутнем ён ня з"едзены.

(Вядучы  Вячаслаў Ракіцкі)

 18-19 верасьня 1919 году ў Менску адбылася грандыёзная падзея. З двухдзённым візытам тут пабываў кіраўнік адроджанай Польшчы, галоўнакамандуючы польскага войска, якое 8 жніўня таго ж году заняло Менск, Юзаф Пілсуцкі. Падзея, якая адно толькі раздражнёнымі словамі ўзгадвалася бальшавіцкімі гісторыкамі ці фігуравала ў якасьці абвінавачваньня гэтак званым беларускім нацыяналістым.

 Шматлікая, багатая разнастайнасьць дзейных асобаў, што бралі ўдзел у той падзеі, неадназначнасьць с пафасам вымаўленых прамоваў, далікатнасьць палітычнае сытуацьі, зьвязанай зь беларуска-польскімі дачыненьнямі, нарэшце, няпростае, шмат у чым заблытанае суаднесеньне плянаў і справаў адносна Беларусі беларуса, паводле паходжаньня, і героя новай Польшчы Юзафа Пілсуцкага зьвязывалі рукі і сковўвалі розум не адной гэнэрацыі беларускіх гісторыкаў.

 Пілсуцкі і драматычны лёс Беларусі ў 20-м стагодзьдзі. Гэтая тэма яшчэ чакае свайго аб"ектыўнага і грунтоўнага асэнсаваньня. І подступам да яго можа стаць падрабязрая хроніка таго, амаль 80-гадовай даўнасьці, візыту. На падставе архіўных дакумэнтаў і прэсы тых часоў гэтую хроніку адмыслова для часапісу "Спадчына" падрыхтавалі гісторыкі Віктар Астрога і Віталь Скалабан. І зараз мы са спадаром Астрогам паспрабуем распавесьці вам, што адбывалася ў Менску 18-19 верасьня 1919 году, паспрабуем перадаць атмасфэру ў якой праходзіў візыт, мы пачуем галасы людзей розных нацыянальнасьцяў, веравызнаньняў, палітычных поглядаў, якія мелі адрозныя погляды на будычыню Бацькаўшчыны, але на той момант былі ахопленыя адной радасьцю -- выгнаньнем бальшавікоў -- і адным спадзяваньнем, што ўсьлед за адроджанай Польшчай адродзіцца і Беларусь. Неаднойчы здаралася ў нашай гісторыі калі Польшча для беларускіх патрыётаў станавілася "саломінкай" за якую хапаецца тапелец.

 Такім чынам, 18 жніўня 1919 году на Віленскі вакзал Менску прыбывае панцырны цягнік Юзафа Пілсуцкага. Нагода візыту -- узяць удзел ва ўрачыстасьцях у сувязі з заняцьцем места польскімі войскамі. Менскі магістрат загадзьдзя падрыхтаваўся да прыезду кіраўніка Польшчы: быў утвораны адмысловы "камітэт прыняцьця"; франтавы горад быў аздоблены сьцягамі, зелянінаю, транспарантамі, партрэтамі начальніка польскае дзяржавы. Як паведамляла газэта "Мінскі кур"ер", вуліцы места напоўніліся свьяточна настроеным натоўпам". Тутака  былі людзі ўсіх нацыянальнасьцяў, рознага стану і становішча. Пагадзінную рэканструкцыю знаходжаньня Пілсуцкага ў Менску падае спадар Астрога:

 Астрога: Сама праграма візыту плянавалася ад дзевяці гадзінаў раніцы 18 верасьня, але з прычыны спазненьня цягніка ўся гэтая праграма была крыху перасунута на вечар 18-га і на ўвесь дзень 19-га. Такім чынам, што мы атрымліваем... 18-га верасьня ў 18.15 -- урачыстая сустрэча на Віленскім вакзале. Каля 19.00 сустрэча з дэлегацыямі Менску і Меншчыны ў Шляхоцкім Доме.

 19-га верасьня. 9.10 -- агляд войскаў перад рэзідэнцыяй Пілсуцкага; 9.30 -- палявая імша на Саборавым пляцы; каля 10.30 -- парад войскаў; каля 11.00 -- наведваньне праваслаўнага сабору, агляд места, заходжаньне ва ўстановы і г.д; 13.00 -- прыём 44-х дэпутацыяў у Шляхоцкім Доме; 15.00 -- парадны абед у казіно Беластоцкага паўка; каля 17.00 -- сустрэча з камандаваньнем польскіх частак у Менску; 20.00 -- урачысты вечар у мясцовым тэатры; каля 21.00 -- наведваньне жаўнерскіх сходаў; 22.00 -- вячэра ў камісара Менскай акругі Ўладзіслава Рачкевіча; 24.00 -- апоўначы -- цягнік начальніка польскай дзяржавы ад"яджае на Радзіму.

 Ракіцкі: У дзеячоў беларускага нацыянальнага руху былі вялікія спадзевы на прыезд кіраўніка польскае дзяржавы ў Беларусь. Іх выразна сфармулявала тагачасная менская газэта "Звон":

"Для нас, беларусаў, прыезд у Менск творцы польскага войска і незалежнае Польшчы мае асаблівае гістарычнае значэньне. Польшча мела вялікіх людзей. Яны прагаласілі ў цёмнай няволі свой лёзунг: "За нашу і вашу вольнасьць". Ішлі за яе на пэўную смерць... Мы добра ведаем, што і Касьцюшку, і Міцкевіча, і паўстанцаў, адным словам увесь польскі рамантызм, дала Польшчы беларуская зямля. На беларускай зямлі вырас і Пілсуцкі. Тое, што зрабіў Пілсуцкі для Польшчы ставіць яго імя разам з успомненымі людзьмі, што выгадаваліся на беларускай зямельцы на гонар Польшчы, але мы спадзяемся, што для Беларусі імя Пілсуцкага будзе яшчэ больш значным і слаўным. Пілсуцкі -- наступнік вялікіх традыцыяў, сучасьнік адраджэньня беларускае дзяржаўнасьці. Нават незалежна ад стараньня асобных людзей, Беларусь хутка ўжо зойме належнае ёй мейсца сярод народаў і дзяржаваў. Пілсуцкі мусіць дапамагчы нам, прыняўшы праграму беларускае дзяржаўнасьці, а калі ён прыме яе, дык мы пэўны ў гэтым і споўніць. Бо, калі б яму гэта ня ўдалося, дык хіба ня ўдалося б нікому іншаму. Вось дзеля чаго беларусы ўжо не раз зазначалі сваю асаблівую веру і надзею на Пілсуцкага. Нам здаецца, што падыходзіць разьвязуючы момант -- Пілсуцкі на Беларусі. Пілсуцкі цяпер мусіць стаць у тыя ці іншыя выразныя адносіны да справы адраджэньня беларускае дзяржаўнасьці: хвіліна для Беларусі паважная. Сьвядомыя гэтай павагі, мы разам з усімі радасна вітаем нашага вялікага земляка ў сэрцы зямлі беларускай -- на старым Менску. Мы хочам верыць, што ён, гэты рыцар з Захаду, не па тое завалодаў сэрцам Беларусі каб яе скрыўдзіць, але каб падняць з заняпаду зачараваную князёўну ў сялянскіх шатах, каб вярнуць ёй адвечны пасад яе, каб памагчы ўтварэньню незалежнай непадзельнай Беларусі".

 Ракіцкі: Сустрэча Юзафа Пілсуцкага адбывалася вельмі ўрачыста. Ягоны прыезд чакаўся а дзевятай гадзіне раніцы, але потым стала вядома, што цягнік прыедзе не раней за 18 гадзінаў. Публіка на пляцы ля Віленскага вакзалу чакала цэлы дзень. У 18 гадзінаў 15 хвілінаў нарэшце падыйшоў цягнік. Пад гукі нацыянальнага гімну Польшчы на пэрон выйшаў начальнік дзяржавы, якога вітала ганаровая варта. Пілсуцкі прыняў рапарт яе начальніка Ялемскага, выслухаў кароткае прывітаньне бургамістра Доўнар-Запольскага, і пад гучныя воклічы "Няхай жыве!" накіраваўся ў Шляхоцкі Дом. Там госьця сустракаў натоўп ня меньшы, чым на Віленскам вакзале. У вялікай залі яго віталі шматлікія дэлегацыі. Першай гэта зрабіла дэлегацыя часовага беларускага нацыянальнага камітэту -- БНК. Яе старшыня -- Аляксандр Прушынскі /Алесь Гарун/ зачытаў адрас:

"Пане начальніку дзяржавы Польскай, мінае ўжо шосты тыдзень як мы -- тубыльцы гэтага места, слаўнага сэрца Беларусі -- Менску жывём спакойным жыцьцём. Разьвеяўся той чырвоны туман, каторы вісеў над намі гэтыя доўгія месяцы, ня даючы ні дыхнуць, ні зірнуць на ясны сьвет спакойнымі вачыма, разьвеялася відмо галоднай смерці. Цуд гэты -- ёсьць дзелам і заслугаю гераічнага польскага войска, каторага вы ёсьць начальнікам і каторае, ня шкадуючы ні сіл, ні ахвяраў вырушыла сюды, адлажыўшы на час творчую працу над адбудаваньнем свае Бацькаўшчыны, за яе рубяжы несучы нам братняю дапамогу. От жа вітаючы вас як начальніка гэтага гераічнага войска і як чалавека шмат і сваёй сілы, і добрай ахвоты палажыўшага ў гэтую справу, ад імяні нашых беларускіх дэлегацыяў, прадстаўляючых тутака беларускае насяленьне, выслаўляю гарачую падзяку за звальненьне Менску і Меншчыны ад новага цяжкага нападу маскоўскага імперыалізму, каторы на гэты раз прыбраўся ў бальшавіцкую вопратку. Вольна і спакойна жывём мы сёньня і нават маем радасьць, што бачым вас, пане начальніку, але, гаворачы словамі вешчага баяна нашага "плачуць яшчэ маткі ў Віцебску, стогнуць людзі ў Магілеве, маўчыць, бо забаронены хаўтурны голас абымшэлых званіцаў Смаленску, адкуль кожны дзень прыходзяць весткі пра новыя і новыя нявінныя ахвяры. Сэрцы нашае, радуючыся за нашае аслабаненьне, ня могуць быць спакойнымі за іхнюю долю. Тутака чуем мы іхнія галасы аб помачы, але мы слабыя, сілы ня маем і нічым, акрамя болю ў душы за іх і сьціснутых ад гнева кулакоў, дапамагчы ім ня можам. Але ж мы пэўныя, што страшэнная хмара разьвеіцца і над намі і да гэтага рады і гатовы далажыць усіх сваіх сілаў, аддаць і свае ахвяры. Бо няма тых ахвяраў, няма тых скарбаў, таго дабра, каторых сыны Беларусі не згадзіліся б аддаць за волю і шчасце сваёй Бацькаўшчыны. Яшчэ хачу сказаць вам, пане каменданце, мы верым і спадзяемся, што разам з вольным Менскам, Вільняй і сівой Горадней вольнымі і шчасьлівымі будуць у вольнай і незалежнай Беларускай рэспубліцы нашы адвечныя астрогі на рубяжох Масквы: Віцебск і Магілеў і стары Смаленск. Гэтага мы спадзяемся, у гэта мы верым, а гэтысмі верай і надзеяй абдараваў нас братні народ, катораму слаўнаму прадстаўніку гатовы мы сказаць на Меншчыне ня толькі нашае сёньняшняе "дзякуй", але і заўсёды "здароў будзь, прыходзь да нас, госцю мілы, суседзе дарагі".

 Ракіцкі: І пад час першай сустрэчы Пілсуцкага з грамадзкасьцю, і на наступны дзень, калі важны госьць наладзіў прыём 44-х дэпутацыяў ад амаль усіх нацыянальных, рэлігійных ды грамадзка-палітычных згуртаваньняў Меншчыны і абшараў па-за яе межамі, выразна гучалі галасы прадстаўнікоў беларускіх груповак і арганізацыяў. Прычым, у кожнага на гэты раз з трох выступанцаў, меліся свае акцэнты, што сьведчыла пра пэўную разьяднанасьць тагачаснага беларускага грамадства. Спадар Астрога:

 Астрога: Заўзятае змаганьне за беларускія землі паміж Польшчай і Расеяй у ранейшыя стагодзьдзі натуральна не спрыялі некай аб"яднанай адной пазыцыі беларусаў пад час візыту Пілсуцкага ў Менск. Таму і сярод беларускіх адраджэнцаў таго часу выдзяляюцца як паленафільская частка, так і палёнафобская частка, што і праявілася пад час названага візыту. Сярод першых быў Алесь Прушынскі, які прасіў дапамогі ў справе стварэньня адзінай беларускай дзяржавы ў братэрскім саюзе з Польшчаю. Разам зь ім былі і прадстаўнікі тых беларусаў, якія хацелі непасрэдна далучыцца да Польшчы. А вось сярод другіх быў Ніканор Ярашэвіч, які абвінаваціў Пілсуцкага ў акупацыі і гвалце. Іншая справа, што наступныя падзеі польскай акупацыі паменелі (зьменшылі -- рэд.) лягер паленафілаў і паболелі лягер палёнафобаў.

 Ракіцкі: На абодвух прыёмах выступалі прадстаўнікі і польскага, і гэбрайскага, і татарскага насельніцтва Менску. Усе яны, за выключэньнем, бадай што толькі адной нацыянальнае групы на Беларусі -- расейскае, выявілі сваё стаўленьне да Пілсуцкага. Якім яно было, за што дзякавалі, на што ўскладвалі надзеі? Спадар Астрога:
 Астрога: Так, усе відавочцы сьцвярджаюць, што ўсе практычна ўсе прадстаўнікі ўсіх нацыянальных, нейкіх вытворчых, прафэсыйных групаў і саюзаў сустракалі зь вялікім уражаньнем, зь вялікай радасьцю Пілсуцкага. Галоўная прычына была тая, што было спадзяваньне гэтых усіх людзей, жыхароў Менску і Меншчыны на тое, што нарэшце наступіла мірнае жыцьцё, нарэшце скончыліся жахі бальшавіцкага панаваньня папярэдніх часоў. Тут мне хацелася б зрабіць такую невялікую цытату з аднаго з перадапошніх нумароў газэты "Звязда" за 8 ліпеня 1919 года. Я хацеў бы зачытаць невялічкі ўрывак зь перадавога артыкулу сакратара Цэнтральнага Камітэту кампартыі Літвы і Беларусі Вільгельма Кнорына. Артыкул называецца "Мы папярэджваем":

"Мы ня пойдзем. Гэтак мы зьвяртаемся сёньня раніцай як да тых, хто радуецца падыходу легіянэраў, гэтак і да тых, хто ад гэтага ў смутку. Зараз мы папярэджваем усіх відавочных і таемных контрарэвалюцыянэраў, што за кожную іхнюю здраду, за кожнае іхняе злачынства супраць рабочае клясы яны будуць пакараныя ў сто разоў больш. Мы будзем помсьціць, цяжка помсьціць. Мы былі занадта літаснымі, мы ня зьнішчылі да сённяшняга часу нашых дармаедаў. Чуйце, спадары контррэвалюцыянэры, за кожную кроплю крыві, за кожны стрэл будзе адказваць вашая кляса сваімі галовамі."

 Ракіцкі: Другі дзень візыту Пілсуцкага ў Менск быў асабліва насычаным: парад польскіх войскаў на Саборным пляцы, сустрэча з вайсковым камандаваньнем і са старымі знаёмымі па даўнейшай канспэрацыйнай працы, ужо ўзгаданы прыём 44-х дэпутацыяў і парадны абед у казіно Беластоцкага паўка, падрыхтаваны менскім польскім камітэтам, дарэчы, з запрашэньнем дзеячоў БНК, канцэрт у гарацкім тэатры, што стаў трыўмфам хору спадара Тэраўскага, і наведваньне жаўнерскіх сходаў і натуральна -- сустрэча з духавенствам -- кіраўнікамі розных канфэсыяў. Як публічныя, так і прыватныя размовы мелі месца: са старшынём гэбрайскае абшчыны Хургіным, каталіцкім біскупам Лазінскім, татарскім малном. Але найбольшую цікавасць і ў гістарычным пляне, і ў сувязі з сёньняшнім днём уяўляе той факт, што кіраўніка пераважна каталіцкае дзяржавы шчыра вітаў архібіскуп Менскі і Слуцкі Мільхісэдэк, будучы Мітрапаліт Беларускае аўтакефальнае царквы:

 "Спадар начальнік, у пакутах ды хваробе нараджаецца чалавек. Цяжкі ягоны жыцьцёвы шлях, але ў горане, пакутаў і выпрабаваньняў загартоўваецца ягоная энэргія, мацнее воля, расьце і аднаўляецца ягоны дух. Дужаю моцаю гэтага духу перамагае ён усе зьменлівасьці жыцьця і ўзыходзіць духоўна ўсё вышей ды вышэй, часта зьдзіўляе, уражвае свет і люцкой прыгажосьцю, і веліччу адноўленай пакутамі душы сваёй. Ці ня гэтак бывае з народамі, ці ня прыклад гэтаму бачым у народзе польскім, вітаючы ў вашай асобе галаву і навыйшэйшага правадыра яго. У агні пакутаў гарэў польскі народ, але гэты народ толькі абнавіў ды загартаваў ягоны дух да гэткай ступені, што зараз усе бачаць Польшчу адроджанай, вольнай і прыгожай. Ад імя двухмільённага праваслаўнага беларускага жыхарства менскай зямлі, прадстаўнікамі якога мы зьяўляямся, прыносім нашае брацкае прывітаньне і горача зычым блаславеньня Божага народу польскаму і галаве яго. Праз доблесьць народа польскага Богу ўгодна было спыніць у зямлі Менскай далейшае разводзьдзе каламутнага мора, няшчасця і крывавага зла, гатовага сваім жахлівым патопам заліць усё і ўсіх. Рукою польскага ваяра Бог даў усяму краю і жыхарам ягоным даўно жаданае вызваленьне ад гэтага пекла і жахаў ягоных. Наш абавязак памянуць пра гэта перад вамі словамі жывой удзячнасьці. Верым, цьвёрда спадзяемся і чакаем, што адроджаная Польшча, у пакутах атрымаўшая сваю вольнасьць, праз крыж уваскрослая, нясе праваслаўнай царкве і ўсяму праваслаўнаму жыхарству ня смутак, а суцяшэньне, ня сьлёзы ды пакуты, а тую ж залатую вольнасьць, дзіўнай шатай якой апранулася сама. Няхай жыве вольны польскі народ, няхай жыве ягоны правадыр."

 Ракіцкі: Будучы галава беларускае праваслаўная царквы Мільхісэдэк вітаў Пілсуцкага і ля ўваходу ў Сьвята-Духаўскую праваслаўную катэдру. Там яго віталі словамі: "Многяя лета, пану начальніку Рэчы Паспалітай, многая лета". Гэтыя словы падхапіў царкоўны хор. Як патлумачыць гэтае спадар Астрога?

 Астрога: На пачатку ХХ стагодзьдзя рух за беларускае нацыянальнае адраджэньне набывае масавы характар. Да яго сьвядома далучаецца ўсё больш і больш людзей. Сярод іх і праваслаўныя сьвятары, якія, праўда, пазьней за каталіцкіх далучыліся да адраджэньня. Летам 1917 году, нават, быў праведзены ў Маскве з"езд праваслаўных сьвятароў-беларусаў. Але хутка, пасьля прыходу бальшавікоў да ўлады, сытуацыя ў рэлігійнае справе абвастрылася, пагоршалася. Менскія сьвятары, як і ўсе ўсходне-беларускія, спазналі ўвесь імпэт рэвалюцыйнага змаганьня супраць рэлігійнага дурману: рабаваньне сьвятыняў, арышты, забойствы... У гэты ж час распачынаецца беларусізацыя праваслаўнай царквы, ствараюцца ўмовы для яе аўтакефальнасьці. Эпіскап Менскі Мельхісэдэк быў адным з прыхільнікаў і кіраўнікоў гэтага руху /дарэчы, ён актыўна кантактаваў і з Урадам БНР/, таму, натуральна, спазнаўшы бальшавіцкія абдымкі, праваслаўнае сьвятарства, яго пэўная частка, зь вялікай надзеяй чакала прыезду начальніка польскай дзяржавы, ведаючы ягоны знакаміты заклік 22 красавіка 19-га году да жыхароў колішнага Княства Літоўскага, і бачылі ў ім на той час прадстаўніка цывілізаванай Эўропы, тарчу атэістычнага барбарства з Усходу. Дарэчы, камуністы пазьней адпомсьцілі Мельхісэдэку за ягоныя ўчынкі: у 25-ым годзе адбыўся суд над ім, але вернікі адстаялі свайго сьвятара, але ўсе роўна пазьней яго выклікалі ў Маскву і ў 31-ым годзе ён загадкава загінуў.

 Ракіцкі: А што ж сам цэнтральны пэрсанаж гэтае падзеі? Пад час сустрэч з грамацкасьцю Менску ён быў ветлівым, асьцярожным у выказваньнях пра свае пляны адносна будучыні Беларусі. Менавіта таму яго публічныя прамова перад дэпутацыямі ў якой былі разважаньні пра дэмакратычныя свабоды і намёк на аўтаномію Беларусі, выклікала ў адных шквал апладысмэнтаў, у іншых жа -- зьдіўленьне. Тым больш, прамаўляў Пілсуцкі на беларускай мове, якую ў гэтай зале адзін з выступоўцаў-беларусаў абвінаваціў, што яна не зразумелая большасьці беларусаў.

"Шчыра дзякую за выказаныя мне, як галаве польскага войска і польскай дзяржавы, прывітаньні. Як сын гэтае зямлі я добра ведаю гаротнае палажэньне яе, якое было заўсёды долею яе насельніцтва. Дзяды нашыя ня бачылі ніколі нічога лепшага за гвалт, мукі і злачынствы. Кожнага жыхара гэтае зямлі прымушалі прызнаць тое, што яму гвалтоўна дыктавалі. Нараджаліся людзі ў няволі, нараджаліся нявольнікамі і не маглі дыхнуць вольна, як іншыя дюдзі. Надышла гэтая вялікая вайна, вялікая хваля разрухі. Яна пракацілася па гэтай зямлі ад краю ў край, і на працягу пяці гадоў тутака гуляў самы злосны гвалт над душамі і сэрцамі жыхароў. Усе мары, усе ідэалы, усё лепшае забівалася ў душах людзей, або пакаралася таму, чаго вымагалі гвалтаўнікі. Польскае войска, якім я маю гонар камандаваць, усюды нясе вызваленьне і свабоду. Польшча ідзе на ўскраіны ня дзеля таго каб навязаць сваю волю. Я выдаў адозву падцьверджаную вышэйшай уладаю, польскім Соймам, што гэтай зямлі ніхто і нічога гвалтам накідаць ня будзе -- яна будзе вольнаю, і само насяленьне вырашыць формы свайго палітычнага быту. Я даў слова і трымаюся яго моцна, насельніцтва будзе паклікана да выбараў у органы мясцовага самакіраваньня, а затым надыдзе час, калі вы зможыце выказаць свае думкі і пажаданьні пра дзяржаўны лад. І ўпершым, і ў другім выпадках дадзена будзе поўная свабода, без усялякіх рэлігійных, нацыянальных або клясавых абмежаваньняў. Я буду ганарыцца Польшчаю, польскім войскам і самім сабою, калі змагу даць гэтай зямлі найвышэйшы дар, зь якога яна гэтулькі часу не карыстала -- дар волі. Жадаю вам поўнага посьпеху ў працы, якая ў атмасфэры поўнай волі зьяднае ўсіх. Пакуль я буду камандаваць польскім войскам, я гарантую вам дакляраваную свабоду. Я веру і спадзяюся, што гэтая зямля, як асобная адзінка, зойме належнае ёй мейсца ў сусьветным ліку дзяржаўных народаў."

 Ракіцкі: Гэта была публічная прамова тонкага палітыка ў горадзе, які лічыўся сэрцам Беларусі, краю, які меў ня менш права, чым Польшча, быць самастойнай дзяржавай. Словы Пілсуцкага гучалі ва аўдыторыі, большасьць якой гэтай самастойнасьці жадала і ўскладвала надзею на братэрскую дапамогу суседняй дзяржавы і яе правадыра, у жылах якога цякла родная ліцьвінская кроў. Яны ня ведалі сапраўдных плянаў Пілсуцкага, і сапраўдных яго ўражаньняў ад Менску, выказанных у больш цеснай кампаніі на разьвітальнай вячэры ў камісара акругі Рачкевіча. Гаворыць сп. Астрога:

 Астрога: Ва ўтульным кабінеце Рачкевіча хутка завязалася ажыўленая гутарка. Спачатку яна ішла пра мінулае, затым перацякла ў сучаснасьць, зь якой перайшла на тэмы будучыні. Пілсуцкі, як узгадвае Асмалоўскі, казаў аб сваіх ўражаньнях ад Менску ў жартоўным тоне: "Не спадабаўся мне ваш Менск, занадта расейска-жыдоўскім духам пахне. На вуліцах не чуваць іншай мовы, акрамя расейскай". А калі Дамідэцкі і Рачкевіч запратэставалі супраць падобнага ўражаньня аб вечаровых вуліцах, калі асабліва ў пятніцу ўсе менскія габрэі накіроўваюцца на шпацыр, гэта зусім ня было доказам, што Менск ня ёсьць вельмі польскім горадам, адпаведнікам Вільні. У адказ галоўнакамандуючы аспрэчыў параўнаньне Менску зь Вільняй: "Вільня і Віленшчына, як край больш польскі, чым цэнтральныя раёны Заходне-беларускай абшары, зусім абасоблены ад Меншчыны". Абвяржэньне з боку прысутных, што ваколіцы Менску гэтакія ж польскія як і Вільня, што існуюць шляхоцкія засьценкі, якія захоўваюць польскія традыцыі не пераканала Пілсуцкага. Ён выказаў свой погляд у наступных словах: "Вільня ёсьць і мусіць застацца ў сваім характары асяродкам польскасці на Ўсходніх землях. Менск павінен стаць асяродкам беларускіх земляў".

 Ракіцкі: А 12-й гадзіне ночы Юзаф Пілсуцкі цёпла разьвітваўся з прадстаўнікамі вайсковай і цывільнай улады Менску на Віленскам вакзале, дзякаваў за прыём. Пад гукі польскага гімну бронецягнік адыйшоў ад станцыі.
 Завершыўся першы, пасьля падзелу ў 18-м стагодзьдзі Рэчы Паспалітай, візыт галавы адроджанай польскай дзяржавы, які выклікаў марныя, як пасьля высьветлілася, спадзяваньні ў беларускіх патрыятычных колах. Польска-савецкая вайна працягвалася, а наперадзе была ганебная Рыжская дамова.

Аўтар праграмы: Вячаслаў Ракіцкі
Госьць: Віктар Астрога.
 

© 1995-1998 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org