Лёкайства і прыслугоўваньне:
комплекс нацыянальнай эліты?
(эфір 14 Сьнежня 2000 г.)
Удзельнік: літаратуразнавец Пятро Васючэнка.
Аўтар і вядучы — Вячаслаў Ракіцкі.
(Ракіцкі: ) “Цягам усёй беларускае гісторыі, асабліва ў часе падпарадкаваньня
чужым уладаром, за часам Рэчы Паспалітае, Расейскай Імпэрыі, бальшавізму,
назіраюцца шматлікія факты калябаранства, здрады, прыслугоўваньня чужынцам.
Самы махровы цьвет дала гэтая звычка дагаджаць і прыслугоўваць цягам сталінскага
тэрору.
Прыгадайма хаця б паводзіны нашае нацыянальнае эліты. У імкненьні дагадзіць
рэжыму яна самавынішчалася. Творцы пісалі адзін на аднаго даносы, падпісвалі
прысуды, складалі оды й панэгірыкі ў гонар “бацькі ўсіх народаў”.
Можна было б выкінуць зь гістарычнае памяці суму паклёпаў, даносаў,
рабскіх паводзінаў. Можна было б пакінуць гэты абсяг неабжытае спадчыны
на спажыву гісторыкам-адмыслоўцам ды псыхааналітыкам. Але ж комплекс служэньня,
бы ракавая пухліна, мэтастазамі прарастае ў нашае сёньня. І вось ужо кінарэжысэр
Віктар Дашук у сваім артыкуле ставіць пытаньне сьледам за Купалам — “А
хто там ідзе?”. І сам адказвае: “Халуі!”.
Няўжо мы напраўду нацыя служакаў і халуёў? Комплекс прыслугоўваньня,
рабства, халуйства характэрны толькі для нас ці гэта ўласьцівае ўсяму чалавецтву?”
(Васючэнка: ) “У гэтым сэнсе беларусы ня ўнікумы. Яшчэ ў час біблейскае
гісторыі габрэі час ад часу адпадалі ад праўдзівага Бога й прыслугоўвалі
Ваалу, Малоху, Залатому Цяльцу.
Потым гэты комплекс служэньня драбніўся, бытавізаваўся. У гісторыі прыгнечаных
нацыяў комплекс служэньня існаваў дзеля таго, каб уратаваць жыцьцё гэтае
нацыі. Ён быў, свайго роду, праяваю інстынкту самазахаваньня. Апроч таго,
ад прыслугоўваньня прадстаўнікі нацыі маглі мець нейкую матар’яльную або
маральную насалоду”.
(Ракіцкі: ) “Маім госьцем — літаратуразнавец Пятро Васючэнка…
Комплекс прыслугоўваньня фармуецца, укараняецца на доўгім гістарычным
шляху. Спадар Васючэнка, якім чынам гісторыя спрыяла выпрацоўцы гэтага
комплексу ў беларусаў?”
(Васючэнка: ) “Гісторыя Беларусі, беларускае нацыі адбывалася ў надзвычай
неспрыяльных умовах. Мы таксама мусілі прыстасоўвацца, каб уратаваць сваю
самасьць. Але прыстасаваньне, прыслугоўваньне — занятак далёка не небясьпечны.
Ён выпрацоўвае комлекс або інстынкт служэньня, слугаваньня, лёкайства,
які робіцца, у нейкім сэнсе часткаю нацыянальнае псыхалёгіі”.
“За гэта нас часам і хвалілі. Прыгадайма вобраз Тараса-палясоўшчыка,
якога хваляць за тое, што ён “чалавекам быў рахманым, гарэлкі ў губы ён
ня браў, за тое ў ласцы быў у пана, яго пан дужа шанаваў. Любіла тож Тараса
й пані, і войт ня разу не збрахаў”.
(Ракіцкі: ) “Дык якія ж матывы слугаваньня?”
(Васючэнка: ) “Мне думаецца, што матывы слугаваньня асобнага чалавеку,
палягаюць у нейкіх базавых інстынктах, базавых праявах падсьвядомасьці.
Гэта — служэньне ідэі або ідэйная перакананасьць, гэта — матар’яльная выгода,
і гэта, нарэшце, — страх”.
(Ракіцкі: ) “Няўжо можна ўсур’ёз казаць пра нейкія ідэйныя перакананьні
ў лёкаяў?”
(Васючэнка: ) “У гісторыі прыгнечаных нацыяў адбываецца момант чаканьня,
чаканьня таго, хто можа збавіць гэтую нацыю ад уціску. Чакаюць прарока,
чакаюць уладара, чакаюць Месію. “Прыйдзі народу нашага ўладар”, — казаў
некалі Купала. Зьмітрок Бядуля ва ўнісон яму, казаў “хай бы хоць нэгры
прыйшлі на Беларусь, абы выбавіць яе ад бальшавікоў”.
Прыходзілі ня нэгры, прыходзіў ня той прарок, уладар, пра якога марыў
Купала. Прыходзілі тыя ж бальшавікі, прыходзіў валадар вусаты. І тады “нашаніўцы”
йшлі ва ўнутраную эміграцыю. Іх мейсца займалі “маладнякоўцы”, прадстаўнікі
новае гэнэрацыі, якія сьпявалі гімны і оды ў гонар рэвалюцыі. І сапраўды,
учора яны бычкам хвасты круцілі ў вёсцы, а сёньня яны вучацца на рабфаках,
друкуюцца. Было за што хваліць той рэжым, які склаўся. Але паступова і
ў гэтых шэрагах пазначыўся раскол. На частку “маладнякоўцаў” напаў одум
і пачалася барадзьба зь іншадумцамі”.
(Ракіцкі: ) “Любоў абарочваецца нянавісьцю?”
(Васючэнка: ) “Ва ўмовах таталітарнага рэжыму вельмі проста свой ідэал,
які даўно здрабніўся, ажыцьцявіць у форме фізычнае расправы з апанэнтамі.
Дастаткова было б “маладнякоўцу” напісаць данос у форме рэцэнзіі на свайго
ідэйнага ворага, як яго зьнішчалі”.
(Ракіцкі: ) “А матыў выгоды? Як ён выяўляўся ў нашае гісторыі?”
(Васючэнка: ) “Данос, разгромныя рэцэнзіі нядрэнна аплочваліся. Існаваў
цэлы атрад прафэсійных крытыкаў, якіх, як вядома, узначальваў Лукаш Бэндэ.
Але говорка тут мусіць ісьці пра іншае. Не пра прафэсійных забойцаў, а
пра сапраўдную эліту грамадзтва. Няўжо й яны таксама пачалі служыць “Залатому
Цяльцу”? Возьмем прыкладам Янку Купалу, які ў 30-я гады, ужо пасьля замаху
на сваё жыцьцё, меў практычна ўсё, чаго мог пажадаць народны пісьменьнік
Беларусі. І гэтае званьне, і ўласны асабняк, і прыслугу, і аўтамабіль,
і лецішча на высокім беразе Дняпра ў Ляўках. І тым ня менш, пры сустрэчы
зь Леўчыкам, Купала кажа пра гэты свой набытак зь нейкім горкім сарказмам.
Матар’яльны камфорт не даваў яму камфорту духоўнага. Калі ён атрымаў Сталінскую
прэмію, ён адказвае на атрыманьне гэтае прэміі зусім апатычна, абыякава,
што й бачна з наступных радкоў:
Дзякуй за годнасьць паэта народнага,
Дзякуй за Леніна ордэн мне радасны,
Дзякуй за прэмію Сталіна роднага,
Дзякую Сталіну, сокалу яснаму!
(Ракіцкі: ) “Спадар Васючэнка, такі вобраз Купалы нам малавядомы. Гэты
вобраз разбурае нашае ўяўленьне пра выдатнага творцу, якога мы вельмі часта
называлі “сумленьнем нацыі”… Ці гэта сапраўдны Купала?”
(Васючэнка: ) “Я прыгадваю зараз партрэт Купалы таго часу. Гэта страшэнна
стомлены чалавек, з загаслым поглядам, у руках папяроса, у тонкіх нэрвовых
пальцах, які цалкам у сабе. Ён піша нейкія творы, ён піша тыя ж одапісы,
піша сваю паэтычную “сталініяну” без асаблівага энтузыязму. Ён жыве ў сваім
нутраным “я”. У ім адбываецца нейкая праца, якую ён нікому не паказвае.
Спадарожнікам Купалы ў гэты час сталася крэсла-качалка, у якім ён знаходзіўся
цэлымі гадзінамі”.
(Ракіцкі: ) “А можа справа тут не ў выгодзе? Можа тут справа ў страху?”
(Васючэнка: ) “Я б гэта назваў адчуваньнем наканаванасьці. Купала ў
гэты час стварыў узоры рытуальнае лірыкі, рытуальнага служэньня. Рытуал
патрабаваў, каб Купала прысьвячаў вершы Сталіну, інакш бы ён загінуў —
ён і прысьвячаў. Рытуал патрабаваў, каб ён выкрываў ворагаў народа: Радэка,
Троцкага, Пятакова. Ён рабіў і гэта, але без вялікага энтузыязму…”
(Ракіцкі: ) “Калі ласка, вось фрагмэнт вершу Янкі Купалы “Мала іх павесіць:
Шастоў, Ліўшыц, Радэк,
Пятакоў, Муралаў, —
Растаптаць, як гнідаў,
Вас, зьвяр’ё, замала!
Няхай жа ў зямлі вам
Ня будзе спагады
За ваша зладзейства,
За вашыя здрады.
Гэтую ж самую праблему падвоенасьці асобы, творцы, калі ён думае адно,
а піша зусім іншае, мы назіраем і ў пазьнейшы час…”
(Васючэнка: ) “Прынамсі, у 70-80-я гады, калі нашыя пісьменьнікі, паэты,
сёньня досыць паважаныя, кожны аддаваў даніну рытуалу. Кожны пісаў верш
у гонар партыі, Леніна. Таксама нядужа веручы ў гэтыя ідэалы”.
(Ракіцкі: ) “Магчыма, прыслугоўвалі толькі творцы, эліта, а народ проста
мудра маўчаў, чакаў, працаваў?”
(Васючэнка: ) “Я прывяду ў якасьці адказу прыклад з творам, пад якім
падпісалася 2 мільёны чалавек, прадстаўнікоў беларускае нацыі. Гэта — славуты
“Ліст вялікаму Сталіну”. Аўтарам яго ў 1936 годзе сталася 6 чалавек: Купала,
Колас, Александровіч, Броўка, Глебка ды Ізя Харык. Гэта быў суцэльны панегірык
савецкай уладзе, канстытуцыі ды ўласна таварышу Сталіну на дзясятках старонах.
Прычым, самыя дыхтоўныя радкі належаць Янку Купалу:
Ураду вялікай краіны Советаў
І партыі, даўшай нам шчасьце і мір,
За гонар, за веліч людзкога расьцвета
Падзяку прымі — дарагі правадыр!
(Ракіцкі: ) “А як жа быць з сумленьнем? Прыслугоўваньне ж зьбядняе талент,
губіць яго, адбірае магчымасьць творчае самарэалізацыі…”
(Васючэнка: ) “Я думаю, гэта выдатна разумела нашая інтэлектуальная
эліта 30-х гадоў, але кожны знаходзіў сабе самаапраўданьне, якіх было некалькі.
Было спадзяваньне на тое, што неяк перажывем. Купалу не ўдалося перажыць,
Коласу — удалося. Перажыў самога “бацьку народаў”.
Было й такое самаапраўданьне: вось напішу пару-тройку твораў, прысьвечаных
калгаснай вёсцы, каб заткнуць глотку дурням і брахуном. Так думаў Кузьма
Чорны. Пісьменьнік, які мог напісаць раман стагодзьдзя. Які мог бы стацца
ляўрэатам Нобэлеўскае прэміі. Ён напісаў пару-тройку гэтых твораў, а свае
раманы стагодзьдзя — “Млечны шлях”, “Пошукі будучыні” ды й іншыя — так
і не пасьпеў закончыць. Жыцьця не хапіла…
Былі й іншыя ілюзіі, якія можна параўнаць зь ілюзіямі героя фільма “Мэфістофель”:
тварыць літаратуру, якая служыць, але літаратуру дыхтоўную, тэхнічна дасканалую”.
(Ракіцкі: ) “Вы ўзгадалі фільм “Мэфістофель”. Для мяне незабыўны фінал
карціны: герой загнаны промнямі пражэктараў на стадыёне, выйсьця няма…
Такая сытуацыя ёсьць унівэрсальная. У яе й Купала патрапіў?”
(Васючэнка: ) “Ёсьць яшчэ адзін момант у паводзінах чалавека ва ўмовах,
цісках таталітарнага рэжыму. Нават у творы, якія прыслугоўваюць, пісьменьнік
можа ўкласьці падтэкст. Прыкладам, у вершы Янкі Купалы на сьмерць таварыша
Кірава, гучыць непрыхаваны сарказм. Аўтар, як бы з такой змрочнай усьмешкаю
глядзіць, як бальшавікі хаваюць бальшавіка:
…Ня стала Кірава… Бяз часу сьмерць скасіла…
Герой загінуў ад варожай здрадніцкай рукі…
Таварышы! Зьняць шапкі над жывой магілай!
Хаваюць, ведайце, бальшавіка бальшавікі.
Зноў такі, у вядомым нам хрэстаматыйным школьным вершы “Хлопчык і лётчык”…
Хлопчык разам зь лётчыкам пралятаюць над Крамлём, і пра нешта там хлопчык
крычыць таварышу Сталіну.
Што далей сталася з хлопчыкам? Ніхто ня ведае. Адам Глёбус кажа, што
хлопчыка зьбілі крамлёўскія зэніткі.
Вельмі цікава, што ў 1942 годзе Купала напісаў працяг — “Хлопчык і лётчык
на вайне”. Там хлопчык зноў просіцца ў кабіну да лётчыка, цяпер ужо, каб
бамбіць праклятых фашыстаў. І на гэты раз ляціць не над Крамлём, а над
Бэрлінам:
І зробім чуць-чуць астаноўку,
Каб сьцерве папасьці ў папад:
Для Гітлера ськінем вяроўку,
Хутчэй каб павесіўся кат…
…Давіць мы іх будзем, як вошаў,
Як гадкіх сьмярдзючых клапоў,
Караць ўто-раз караю горш
Сягоньняшніх рыцараў-псоў.
(Ракіцкі: ) “Спадар Васючэнка, а што наконт сёньняшніх прыслужнікаў, якіх,
паводле Дашука, “агромністая грамада”?”
(Васючэнка: ) “Мне думаецца, што наконт “агромністай грамады” тут знакаміты
рэжысэр мае пэўнае перабольшваньне. Але пра тое, што такія ёсьць, спрачацца
не даводзіцца. Мне думаецца, што сёньняшнія прыслугоўцы (найчасьцей гэта
журналісты, часта людзі іншых творчых прафэсіяў) — больш цынічныя. У іх
учынках пераважае пошук выгоды. Яны навучыліся не хаваць вочы, сустракаючыся
з калегамі.
Часам мне робіцца шкада гэтых людзей, часам мне думаецца пра іхную адчайнасьць.
Яны змагаюцца супроць законаў гісторыі, яны забываюцца на тое, што гісторыя
помсьціць. Яны забываюцца на тое, як некалі, у 80-я гады, хтосьці ў бібліятэках
выразаў з газэтаў артыкулы Алеся Кучара 30-х гадоў”.
(Ракіцкі: ) “Гісторыя, такім чынам, сьцьвярджае, што недэмакратычнае
грамадзтва — найлепшы асяродак для прагрэсаваньня лёкайства. Як Вы, спадар
Васючэнка, асэнсоўваеце гэтую тэзу ў дачыненьні да сучаснае Беларусі?”
(Васючэнка: ) “Мне думаецца, што тут дарэчы будзе прывесьці ў якасьці
прыкладу назіраньні Васіля Быкава за чалавечай прыродаю ўвогуле. У сваіх
апошніх творах Васіль Быкаў паказвае, што ёсьць выпрабаваньні, якія не
вытрымлівае нават моцная натура. Па вялікаму рахунку — і моцная нацыя.
Выпрабаваньні нялюдзкія. Калі ў беларусах яшчэ застаецца воля да супраціву,
дык гэта свайго роду фэномэн. Калі думаць пра тое, што пераважае ў паводзінах
нашае нацыі, прыслугоўваньне або супраціў, трэба згадаць і пра праявы супраціву
мінуўшчыны. Трэба яшчэ падзівіцца, чаму лепшыя прадстаўнікі нацыі яшчэ
знаходзяць у сабе сілы да супраціву? І супраціў пераважвае”.
Вячаслаў Ракіцкі
|