RFE/RL |
Беларускі дом у XVI–XVII стагодзьдзях(эфір 30 Лістапада 2000 г.) Удзельніца: Ніна Здановіч. (Ракіцкі: ) “Дом як сьцены, дах, вокны — жытло… Дом як дах над галавою — прытулак… Дом як асяродак, у якім чалавек пачувае сябе свабодным і абароненым — гэта маёмасьць… І менавіта тут, у доме, выяўляюцца і ажыцьцяўляюцца матарыяльныя і эстэтычныя арыентыры чалавека. Пра сацыяльны, маёмасны, адукацыйны стан, нават пра характар асобы таксама распавядзе нам дом. Дом існуе ў кантэксьце часу. Дом сьведчыць пра адметнасьць культуры тае ці іншае нацыі ў пэўную эпоху. Вось чаму ён зьяўляецца самай пажаданай і найцікавейшай знаходкаю для архэолягаў. З чаго пачынаецца дом для архэоляга? Што адчувае ён, калі пры раскопках пачынае разумець, што натыкнуўся менавіта на старажытны дом?” (Здановіч: ) “Дом пачынаецца з акрэсьленьня яго межаў і з наяўнасьці самага асноўнага элемэнту, безь якога ня можа быць чалавечае жытло ўвогуле, — зь печы. Калі ёсьць печ і ёсьць хаця б уяўныя сьцены або падлога, па якой хадзіла нага гаспадара, там ужо ёсьць дом”. (Ракіцкі: ) “Спадарыня Ніна. Вось, Вы, архэоляг, зайшлі ў нейкую прастору, якая колісь была домам. Натуральна, што пайшла гуляць вашая думка, вашая фантазія. Вы спрабуеце ўявіць, якім гэты дом быў, хто там і як жыў. Вось і я папрашу Вас цягам гэтых дзесяці хвілінаў распавесьці пра Вашае бачаньне дому… Натуральна, мы ня зможам ахапіць усе дамы, якія раскапалі Вы ці іншыя архэолягі. А таму паспрабуем засяродзіцца на лёсе аднаго дому. Не сялянскага, не магнацкага, а дому месьціча або ня вельмі багатага шляхціча. Сярэдняга чалавека аддаленай ад нас эпохі. Які дом, зь ліку раскапаных вамі, мы возьмем у якасьці прыкладу?” (Здановіч: ) “Мы возьмем дом, які знаходзіўся ў Полацку на вуліцы, якая называлася раней Пакроўская. Яна праходзіла ўздоўж Дзьвіны й вяла да Сафійскага сабору”. (Ракіцкі: ) “Калі ласка, зрабіце экскурсію для слухачоў, правядзіце нас па гэтым доме, вярніце нас на канец XVI стагодзьдзя”. (Здановіч: ) “Кожны дом пачынаецца з ганку. Ганак меў невялікія памеры, а дзьверы станавіліся візытоўкаю дому. Гэты дом замыкаўся на навясны замок, які акуратна вісеў на клямцы, калі гаспадар быў дома. Зайшоўшы ў сенцы, направа — дзьверы ў кухню. Кухня — гэта ўладаньне гаспадыні. Там на сьценках, у шафцы, стаяў посуд, які ёй быў неабходны. Там жа было мейсца, дзе мацавалася лучына, каб было сьветла, каб было ўтульна. Там жа знаходзілася невялікае вакенца, каб гаспадыня магла прыглядаць за гаспадаркаю, якая знаходзілася за домам. У тых жа сенцах, налева, былі дзьверы ў камору. Камора была неабходным элемэнтам гаспадарскага дому, таму што там былі сякія-такія прыпасы — сала, якое лічылі пластамі, вэнджаныя шчупакі, гусі, кілбасы, настойкі, мяды — тое, без чаго гаспадар ня можа сябе адчуваць гаспадаром у кожнай хаце й быць гатовым у любы момант прыняць гасьцей. Вярнуўшыся ў сенцы, мы з вамі спыніліся на парозе сьвятліцы. Гэта тое мейсца, у якім непасрэдна жылі, дзе зьбіралася разам сям’я. Калі дом быў маленькі, напрыклад, як вось гэты, дык тут жа спалі, елі й тут бавілі час. Таму сьвятліца павінна была ўмяшчаць у сябе ўсё. Яна была, так бы мовіць, унівэрсальным пакоем. Уздоўж сьценаў былі лавы. Яны разьмяшчаліся пад вокнамі, каб зь іх можна было глядзець на вуліцу. Пасярэдзіне, якраз з парогу, мы можам убачыць печ, якая была тварам гаспадара, тварам сям’і. Тут жа, на сьценах, разьвешваліся ўсе тыя прадметы, якія гаспадар хацеў паказаць гасьцям”. (Ракіцкі: ) “Давайце зараз паслухаем невялікія фрагмэнты зь інвэнтару 1621 году гаспадарчага двару й фальварку ва ўладаньні Смаргонь, што належылі Феадоры, жонцы берасьцейскага ваяводы Хрыстафора Зяновіча. Натуральна, што ў гэтым інвэнтары апісаны даволі вялікі фальварак, даволі вялікі дом. Але той дом, пра які мы з вамі гаворым, у пэўнае ступені зьяўляецца мініятураю таго. Калі ласка… Дом у садзе. Перад домам ганак. Ля ўваходу ў сені — дзьверы на завесах з ручкаю і накладным замком. У сенях каморка з клямкаю, засаўкаю і навясным замком.Спадарыня Ніна, такім чынам мы можам сказаць, што дамы ў XVI, XVII стагодзьдзях у Беларусі складаліся зь некалькіх пакояў, і кожны пакой меў пэўную функцыю. Ці быў утульным такі дом? Ці дбалі пра ўтульнасьць нашыя продкі?” (Здановіч: ) “Безумоўна. Утульнасьць у XVI стагодзьдзі, у пэрыяд Рэнэсансу, стасоўвалася з суразьмернасьцю і ёю вызначалася. Акрамя таго, у паняцьце ўтульнасьць уключалася паняцьце дабрабыт. Візытоўкаю дому і адлюстраваньнем утульнасьці дому была печка, на якой абавязкова, калі гаспадар быў шляхціч, была хоць бы адна кафелька з уласным гербам. На сьценах абавязкова разьвешваўся посуд, посуд прыгожы. Расьпісаны белым, або зеленаватым ангобам. Дзе-небудзь было мейсца й партрэту продкаў. Я думаю, што калі не ў самой сьвятліцы, дык у каморы. Абавязкова было мейсца, якое было ведама толькі гаспадару, дзе захоўвалася зброя дзеля абароны гэтае ўтульнасьці. Акрамя таго, што былі перанасныя падсьвечнікі, уздоўж сьценаў, у пэўных мейсцах, якія вызначаў гаспадар, разьвешваліся стацыянарныя, так бы мовіць, асьвятляльныя прыборы, дзеля таго, каб было ня толькі цёпла ад печкі, але й сьветла. Дамы былі сьветлымі. Удзень — ад сонца, якое асьвятлала хату праз вокны, зашклёныя шыбкамі, увечары — ад сьвечкі, якую запальваў гаспадар ці гаспадыня, калі сядала сонца”. (Ракіцкі: ) “Людзі, натуральна, розныя і паводле свайго сацыяльнага стану, і паводле сваіх характараў. Вось тое, што засталося ад дому, пра які мы гаворым, ці можна распавесьці нам, якім быў гаспадар?” (Здановіч: ) “Гаспадар дбаў пра чорны дзень, таму пад печчу захоўваў кубышку з грашыма. Гаспадар дбаў пра абарону свайго дому, таму ў каморы знаходзіліся кулялейка і ўсе неабходныя прыстасаваньні для таго, каб рабіць кулі для зброі. Мой дом — я яго бараню. Такая жыцьцёвая філязофія гсападара відавочная”. (Ракіцкі: ) “А ці трымаліся людзі свайго дому ўвогуле? Ці трымаліся свайго гораду, свайго мейсца на сваім кавалачку зямлі?” (Здановіч: ) “Лёс канкрэтна вось гэтага дому гаворыць пра тое, што гэтага мейсца трымаліся вельмі моцна. Я мяркую, што гэты дом загінуў пад час пажару. Але гаспадар пасьпеў выхапіць з-пад печы свой скарб у кубышцы. Пасьля пажару, вельмі хутка, на тым жа мейсцы, ён узьвёў новае жытло”. (Ракіцкі: ) “А як упісваўся вось гэты дом і ўвогуле беларускі дом XVI–XVIІ стагодзьдзяў у гарадзкое асяродзьдзе?” (Здановіч: ) “Дом быў мініятурнай сядзібаю ў горадзе. Гэта акрэсьленая тэрыторыя, якая была дастаткова свабоднай. Прыкладам, перад гэтым домам быў агародчык ня менш чым 20 квадратных мэтраў, на якім маглі быць кветкі, кусты. Побач стаяў яшчэ адзін дамок. Хутчэй за ўсё, сына гаспадара. За домам быў дом прыслугі, а таксама сад, які заканчваўся гаспадарчымі пабудовамі. Уладаньне было агароджанае, а зайсьці ў гэтую сядзібу можна было праз браму”. (Ракіцкі: ) “Як выглядаў дом звонку? Зь якіх матэрыялаў будавалі дамы ў тыя часы?” (Здановіч: ) “У XVI стагодзьдзі пераважная большасьць гарадзкіх дамоў была яшчэ драўляная. І наш дом таксама быў драўляным, але дах ужо крыўся керамічнай дахоўкаю. Гэта засьцерагала яго ад пажару”. (Ракіцкі: ) “Вось Вы распавядаеце пра лёс гэтага дому. Ці сапраўды мы можам суаднесьці лёс канкрэтнага дому зь лёсам гораду або нават краю, краіны?” (Здановіч: ) “Вось гэты канкрэтны дом акурат і сьведчыць пра тыя ліхія часы пачатку XVIІ стагодзьдзя, калі былі дзьве вайны з Масковіяй. У 1633 годзе маскоўскае войска асадзіла Полацак, спаліла пасад, але замак не ўзяло. Хутчэй за ўсё, тады першы раз згарэў гэты дом, а ў другі раз і цяпер ужо канчаткова, дом загінуў пад час страшэннае вайны сярэдзіны XVIІ стагодзьдзя. Тады палегла палова жыхароў княства”. (Ракіцкі: ) “Ведаеце, спадарыня Ніна, адным з самых незабыўных уражаньняў майго жыцьця было наведваньне дому, у якім нарадзіўся й пражыў дзіцячыя гады Ўільям Шэксьпір. Гэта ў Стрэтфардзе-на-Эйване, у Ангельшчыне. Дом Шэксьпіра адноўлены й максімальна набліжаны да таго часу. Ён ёсьць ня толькі мэмарыялам вялікага драматурга, але й помнікам архітэктуры, музэем побыту шэксьпіравай эпохі… Вось у нас архэолягі Беларусі шмат раскапалі дамоў. З вашага гледзішча, ці маглі б мы зрабіць нейкі адзін такі дом-мэмарыял, каб зразумець, як жылі нашыя продкі?” (Здановіч: ) “Я лічу, менавіта вось гэты раскапаны дом у Полацку, на Пакроўскай, цалкам падыходзіць дзеля ажыцьцяўленьня такой ідэі. Сярод знаходак ёсьць усе рэчы, якія б распавядалі й пра пляніроўку, і пра дабрабыт, і пра жыцьцё месьцічаў”. (Ракіцкі: ) “А ўвогуле, спадарыня Ніна, што значыў і што значыць дом для беларусаў з вашага гледзішча?” (Здановіч: ) “Мне прыйшоў на думку твор Леапольда Родзевіча, які называецца “П.С.Х.” Там галоўны герой прапануе ўтварыць партыю “Пільнуй сваю хату”. І кажа, што менавіта такая партыя найбольш пасуе беларусу. Я таксама лічу, што беларус пачынаецца з сваёй хаты”. (Ракіцкі: ) “А мне зараз узгадалася драма Янкі Купалы “Раскіданае гняздо”. І там беларус, губляючы сваю хату, трагічна ўсьведамляе, што згубіў самае для яго значнае — сваё мейсца на зямлі, сваю радзіму, сваю краіну”. (Здановіч: ) “Так. Беларус заўсёды востра адчуваў, што губляючы дом, ён губляе краіну…” Вячаслаў Ракіцкі
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |