RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Неабжытая Спадчына



Менская Кальварыя

(перадача другая)

(эфір 9 Лістапада 2000 г.)

Удзельніца: Ала Сакалоўская.
Аўтар і вядучы — Вячаслаў Ракіцкі.
У перадачы гучыць “Псальм” Рыгора Барадуліна ў выкананьні Алеся Камоцкага.

(Ракіцкі: ) “Ня тое вечнае, што бачым, а тое, што ў духу й веры аглядаем”. Гэтая хрысьціянская мудрасьць як найлепей перадае настрой, калі блукаеш па Кальварыі. Ці стаіш вось тут, ля касьцёлу. Пад алтаром яго пахаваны Ян Дамэль. Тут бываў Уладзіслаў Сыракомля…

Ранейшы касьцёл быў драўляны і стаяў на іншым мейсцы. Калі ён быў пабудаваны — невядома. Але вядома, што ў 1830 годзе быў разабраны. Мураваны храм, узьведзены ў 1839–1841 гадох, зьяўляецца помнікам нэагатычнага дойлідзтва. У 1899 годзе касьцёл быў адрамантаваны. Кальварыйская плябанія, пабудаваная ў 1841 годзе, адноўленая на пачатку XX стагодзьдзя. Шмат перажыў касьцёл на сваім вяку: двойчы ў XIX стагодзьдзі яго абкрадалі, у 30-я гады XX статодзьдзя ён быў зачынены й выкарыстоўваўся як склад, таксама ў ім месьціліся майстэрні. Пасьля вайны цягам 35 гадоў людзі кожны дзень маліліся ля каплічак з правага боку ад касьцёлу, падавалі прашэньні да ўладаў Менску й Масквы з просьбаю адчыніць касьцёл. Нарэшце ў 1980 годзе ён стаў дзейнічаць, першым у Менску пасьля Другое Ўсясьветнае вайны. Я добра памятаю радасьць менскіх каталікоў, якія змаглі маліцца ў Менску, а не рабіць шлях дзеля гэтага ў 170 вёрстаў да Вільні.

Тут жа, недалёка ад касьцёла, мы спыняемся ля магілы Вацлава Іваноўскага. Драўляны крыж, лічбы: 1880–1943. Кветкі й штучны вянок на гэтым крыжы. Цётка майго гіда, Алы Сакалоўскай, занатавала свае ўспаміны пра сьмерць і пахаваньне гэтага найвыдатнейшага беларускага палітычнага дзеяча.

Вацлаў Іваноўскі ехаў на брычцы. У самым пачатку вуліцы Астроўскага, ля Кацярынінскай царквы, вылецелі з двару партызаны. Кінуліся на яго, выцягнулі наган і наганам зьбілі яго да паўсьмерці. Я сама гэта ня бачыла, але так гаварылі людзі. Памёр Іваноўскі празь некалькі гадзінаў у шпіталі. Ксёндз Зянон Ігнатовіч (служыў у Чырвоным касьцёле) застаў яго яшчэ жывога і зрабіў яму апошняе намашчэньне. Немцы загадалі ксяндзу Ігнатовічу хаваць Іваноўскага. Але той адмовіўся, сказаў, што Іваноўскі не каталік, і таму патрэбны спэцыяльны дазвол віленскага біскупа. Намесьнік біскупа сабраўся ехаць у Менск, але чыгуначныя пуці былі разабраныя, і ён з паўдарогі вярнуўся. Хавалі Вацлава Іваноўскага праваслаўныя сьвятары. На ягонай магіле быў пастаўлены драўляны крыж з надпісам па-беларуску.
…Спадарыня Ала, доўгі час Вацлаў Іваноўскі лічыўся ворагам савецкае ўлады. Як сталася, што ўсё ж такі магіла яго захавалася? І зараз нават стаіць крыж з надпісам ягонага прозьвішча?»

(Сакалоўская: ) «Магіла захавалася таму, што знаходзіцца блізка ля касьцёлу ў агароджы. На пахаваньні было многа людзей, але мае родныя не хадзілі, бо было вельмі небясьпечна. Кальварыя была тады на ўскрайку Менску, і людзі баяліся, што партызаны будуць помсьціць тым, хто прысутнічаў на пахаваньні Вацлава Іваноўскага. Сюды мы прыйшлі на другі дзень, і я памятаю гару кветак, якая была на гэтай магіле. Стаяў з надпісам крыж да 3 ліпеня 44-га году. Пасьля зьнікла шыльда, а крыж прастаяў дзесьці гадоў 20.

Толькі 9 сьнежня 1990 году тут зноў усталявалі крыж. Узьвяла яго беларуская моладзь. Я думаю, што нам усім, каму баліць за Беларусь, трэба неяк падумаць над тым, каб паставіць помнік на гэтай магіле, бо й гэты драўляны крыж зь цягам часу абавязкова паваліцца…»

(Ракіцкі: ) “А зараз мы падыходзім да невялікае магілы, дзе бачым зусім сьвежую надмагільную пліту. Беларускі паэт-дэмакрат — Янка Лучына. Спадарыня Ала, калі зьявілася гэтая пліта? Натуральна, яна яшчэ не йснавала тады, калі хавалі й рабілі надмагільле выдатнейшаму нашаму паэту Янку Лучыну?..”

(Сакалоўская: ) «Яна зьявілася недзе ў 80-х гадох. Тут побач пахаваны род Неслухоўскіх, а Лучына, як вядома, — гэта псэўданім. Вось пахаваны ягоны бацька, затым мы чытаем: «Антоні Неслухоўскі», «Антаніна зь Неслухоўскіх». Тут ёсьць безыменная магіла. Кажуць, што гэта магіла маці Янкі Лучыны.

Многія людзі ўжо неаднаразова ставілі перад пісьменьнікамі Беларусі пытаньне пра тое, каб ушанаваць больш годна памяць вялікага беларуса, але… ўсё няма сродкаў. Паглядзіце, тут стаяў шыкоўны помнік. Таксама прасілі прыладзіць хоць якую-небудзь шыльдачку на мейсца, дзе пахаваны бацька. Мейсца магілы вядомае, але па-ранейшаму яна безыменная».

(Ракіцкі: ) “Мы крыху збочылі ад цэнтральнае алеі ды ідзем ужо сярод абсалютна недагледжаных магілаў. Яны зарасьлі пустазельлем, пахіснуліся крыжы. Спыняемся ля невялікага помніку. Калі б не было побач са мною нашага гіда Алы Сакалоўскай, яго я, напэўна, і не заўважыў бы. Практычна немагчыма прачытаць, што на ім напісана, але можна ўбачыць, што ёсьць разьба з адлюстраваньнем шляхоцкага гербу. Спадарыня Ала засяроджвае ўвагу на гэтым помніку…”

(Сакалоўская: ) «Тут пахаваны Казімер Ваньковіч. Да гэтага роду належыў і мастак Валеньці Ваньковіч. Казімер Ваньковіч быў памешчыкам, межавым судзьдзём Менскае губэрні. Гэты помнік некалькі разоў на працягу апошніх васьмі гадоў руйнавалі. І нават у маёй кнізе надрукаваны здымак, дзе вось гэтая верхняя частка ляжыць на зямлі. Значыць ведаюць, чый гэта помнік!?.»

(Ракіцкі: ) “Думаеце, што адмыслова менавіта гэты помнік руйнуюць?”

(Сакалоўская: ) «За вельмі кароткі тэрмін яго ўжо два разы руйнавалі».

(Ракіцкі: ) “Ала Сакалоўская правяла мяне й скрозь пажоўклае лісьце гэтае восені пад вялізнае дрэва. Пад ім, проста так, не на магіле, валяецца колісь шыкоўная надмагільная пліта. Спадарыня Ала, чаму Вы менавіта да гэтае пліты мяне падвялі?”

(Сакалоўская: ) «Бо гэтая пліта стаяла на магіле Габрыэлі Горват, якая паходзіць з Ваньковічаў. Яна памерла ў 1887 годзе. Гэта была жонка менскага губэрнатара сярэдзіны XIX стагодзьдзя. Вы бачыце — у якім стане гэтае пахаваньне, і баюся, што гэтая пліта хутка можа ўвогуле зьнікнуць, бо камень каштоўны. Яго можна выкарыстаць для іншых мэтаў…»

(Ракіцкі: ) “Скажыце, хто мусіць усё ж такі глядзець за могілкамі, хто мусіць усё ж такі несьці адказнасьць за той вандалізм, які, нажаль, адбываецца на Менскай Кальварыі? Колькі я тут ні бываў, я заўсёды сутыкаўся з сьведчаньнямі вандалізму…”

(Сакалоўская: ) «Я тое ж самае пытаньне задавала пару дзён у спэцкамбінаце, якому «належаць» гэтыя помнікі. І мне там сказалі, што ўсе гэтыя пліты, гэтыя помнікі — гэта прыватная ўласнасьць. Таму яны ня маюць права нічога зь імі рабіць. Я была ў многіх краінах сьвету і я нідзе ня бачыла, каб могілкі былі ў такім стане. Але я думаю, што кожныя могілкі — гэта люстэрка грамадзтва. Калі хочаш даведацца пра краіну, дык перш за ўсё прыйдзі на могілкі. Тут жа могілкі ў запусьценьні. Чаму? Таму, што грамадзтва ў аналягічным стане — хворае грамадзтва».

(Ракіцкі: ) “Але ўзьнікае можа й яшчэ больш шырокая асацыяцыя. Мы шмат гадоў жылі ў адной дзяржаве з тымі ж палякамі, летувісамі. Я вельмі часта бываю ў Польшчы, у Летуве. Я бачу, як прыбрана там на могілках, як чыста, як акуратна. Інакш тут, на Менскае Кальварыі. Чаму людзі не глядзяць за могілкамі сваякоў? Магчыма, гэта праблема ўвогуле нашае нацыі?”

(Сакалоўская: ) «І так, і ня толькі. Беларусь з усіх бакоў разьдзіралі і ўвесь час кудысьці цягнулі. На Захад, на Ўсход. Пасьля 17-га году людзі проста баяліся сказаць, што маюць нейкія шляхоцкія карані, бо гэта пагражала жыцьцю. Яны не казалі пра гэта сваім дзецям. Таму я зараз часта сутыкаюся з тым, што моладзь нават ня ведае свайго дзеда. Мы выхавалі пакаленьне «манкуртаў». Калі мы «адрамантуем» гістарычны ланцуг, які перарваны, калі людзі будуць ведаць свае карані, дык яны тады будуць шанаваць тое, што вакол іх, шанаваць сваіх бацькоў, шанаваць сваіх дзядоў. А так…

Вось зараз мы стаім на тым мейсцы, дзе пахаваная бальшыня маіх блізкіх. Тут пахаваны мой дзед, пахаваная мая бабуля, пахаваныя цёткі, дзядзьдзі, бацька… Вы бачыце, што на магілах стаяць крыжы, бо людзі былі незаможныя. Яны не маглі ставіць помнікі ў 20-я, 30-я, 40-я, 50-я гады. Але кожная магілка пазначаная. Ёсьць пагорачак, ёсьць шыльдачкі. Таму многае залежыць ад людзей. Я была так выхаваная. І таму гэтыя магілкі засталіся».

(Ракіцкі: ) “Мы падыйшлі да магілы бацькі Алы Сакалоўскай. У гэты дзень спаўнялася 55 гадоў з дня ягонае сьмерці. Спадарыня Ала моўчкі паклала букецік хрызантэмаў ля крыжа”.

Чалавек, як трава.
Яго дні, як краска ў полі.
Так ён цьвіце.
Праляціць подмух ветру, і няма ўжо яго.
І ўжо мейсца ягонае не пазнае яго…
Вячаслаў Ракіцкі
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org