RFE/RL |
Менская Кальварыя(перадача першая) (эфір 2 Лістапада 2000 г.) Удзельніца: Ала Сакалоўская. (Ракіцкі: ) “Могілкі патрэбныя ня столькі мёртвым, колькі жывым. Могілкі — люстэрка сям’і, грамадзтва, дзяржавы, нацыі. Іхнае маральнасьці, іхнага стаўленьня да сваіх продкаў, сваёй гісторыі. Спадчыны — у самым шырокім сэнсе слова. Могілкі — мейсца спакою, цішыні. І адначасна старыя крыжы, надмагільныя пліты й помнікі распавядаюць нам пра нашую гісторыю і нас сёньняшніх… Я люблю бываць на Кальварыі — самых старых могілках Менску. Там няма пахаваньняў маіх сваякоў, але там спачываюць людзі, якія жылі, стваралі Менск, пісалі ягоную гісторыю і гісторыю маёй краіны. Майго гораду, у якім і я жыву вось ужо трыццацаць год. Сёлета Менскім Кальварыйскім могілкам спаўняецца 200 гадоў. Кальварыя — нашая спадчына. І, нажаль, як мне заўсёды падавалася, не зусім абжытая. А мо’ нават і закінутая. А час ад часу — і зьняважаная. Бяспамяцтвам, або і ўвогуле актамі вандалізму. Пра Кальварыю я вырашыў зрабіць перадачу непасрэдна на Кальварыі. І за колькі дзён да Дзядоў я запрасіў быць нашым гідам спадарыню Алу Сакалоўскую, якая глыбока дасьледавала гісторыю гэтых старадаўніх могілак, апісала каля паўтары тысячы пахаваньняў, якія адносяцца да XIX і першай траціны XX стагодзьдзяў. Вынікам сталася кніга — своеасаблівая энцыкляпэдыя тых, хто знайшоў свой спачын на Кальварыі. Там пахаваная і бальшыня роду самой спадарыні Сакалоўскай. А ў дзень, калі мы разам наведалі Кальварыю і запісалі гэтую праграму, спаўнялася 55 год з дня сьмерці ейнага бацькі, які таксама спачывае на гэтых могілках. Ала Сакалоўская — нашым гідам па Кальварыйскіх могілках…” (Сакалоўская: ) “Калі чалавек прыходзіць на Кальварыю, ён адчувае гэтую энэргетыку стагодзьдзяў, і гэта жывіць ягоныя сілы. Тут ён адчувае повязь часоў. Бяз гэтага чалавек, народ, нацыя ня могуць быць паўнавартаснымі. І калі паходзіш, паглядзіш, пачытаеш дзьве даты на помніку, год нараджэньня й сьмерці, убачыш рысачку паміж гэтымі датамі, у якой закадаванае ўсё жыцьцё чалавека, ягоныя ўчынкі, справы, дык разумееш, што ўсе праблемы, якія ёсьць у цябе, у параўнаньні з усім гэтым, дробязныя. Тут з намі — вечнасьць”. (Ракіцкі: ) “І распачынаем мы нашую вандроўку па Кальварыі ля брамы. Цяпер гэта брама, але на ёй ёсьць некалькі словаў (па-польску): “Памяць мужа й дзяцей, прысьвечаная Юзэфе Кабылінскай”. Выглядае на тое, што гэта надмагільны помнік. Ці ня так, спадарыня Ала?” (Сакалоўская: ) “Сапраўды, паставіў яго муж Юзэфы Кабылінскай. Ён пастаўлены ў верасьні 1839 году. Юры Кабылінскі — гэта выдатная асоба ў культурным асяродку Менску першае паловы ХІХ стагодзьдзя. Калежскі асэсар, сакратар Дваранскага сходу. Сябраваў з многімі дзеячамі беларускае культуры, у тым ліку зь Вінцэнтам Дунінам-Марцінкевічам. Літаратар, аўтар рукапіснага зборніку жартаў “Тысяча фацэяў і адна”. Зьбіральнік твораў мастацтва, меў вельмі багатую калекцыю, сапраўдны музэй твораў мастацтва. Ад гэтае брамы пачынаўся апошні шлях соцень менчукоў на працягу 200 гадоў. Тут, дзе мы з Вамі стаім, ляжыць Менск. Ляжаць знакамітыя й простыя людзі, бедныя і заможныя. Таму мы тут стаім не на проста гістарычным, а на сьвятым мейсцы”. (Ракіцкі: ) “Спадарыня Ала, мне вельмі падабаецца апісаньне свайго наведваньня Кальварыйскіх могілкаў у Менску Ўладзіслава Сыракомлі… Цудоўным маёвым вечарам паехалі мы агледзіць гэты арыстакратычны Менскі могільнік, разьмешчаны ў паўночна-заходнім баку, за тры вярсты ад гарадзкіх муроў. Цяністая бярозавая алея рабіла мілейшы вечаровы халадок. Выгляд буйное збажыны радаваў сэрца й рашчуленыя, але ня сумныя, ехалі мы пабачыць месца вечнага адпачынку. Спыніліся перад мураванай брамаю, якая была чыімсьці надмагільным помнікам, заслоненым густымі дрэвамі, з-за якіх маляўніча выглядалі таксама мураваныя помнікі.Спадарыня Ала, давайце зараз з Вамі пройдзем па могілках менавіта тым шляхам, якім прайшоў Сыракомля”. (Сакалоўская: ) “Некалькі словаў пра само слова Кальварыя. Кальварыя — слова лацінскага паходжаньня — гэта тое самае, што па-грэцку “Галгофа”. У дакладным перакладзе гэта — чэрап, Лысая гара. Гэта мейсца пад Ерусалімам, дзе быў укрыжаваны Езус Хрыстус. Так, зь цягам часу, сталі называць капліцы, касьцёлы на пагоркавай мясцовасьці, прысьвечаныя культу пакутаў Езуса Хрыстуса. Вы бачыце таксама пагоркі. У пераносным сэнсе словы Галгофа, Кальварыя ўжываюцца і як пакуты, цярпеньне. У каталікоў Беларусі, Летувы й Польшчы — гэта сьвятое месца, куды сьцякаліся натоўпы набожных, хворых, калекаў на пакаяньне. Самая старэйшая Кальварыя ў Вільні, яна была заснаваная ў 1564 годзе. Менская Кальварыя была заснаваная ў 1800 годзе. Кальварыя была разьмешчаная на зямлі, якая была ўласнасьцю гарадзкога галавы Макаровіча”. (Ракіцкі: ) “Спадарыня Ала, Кальварыя — перадусім каталіцкія могілкі. Вось мы зараз блукаем па гэтых алейках, бачым ня толькі надпісы традыцыйна для каталікоў Беларусі па-польску, але й шмат надпісаў па-расейску. Калі тут пачалі хаваць разам каталікоў і праваслаўных?” (Сакалоўская: ) “Сапраўды, Кальварыя — гэта каталіцкія могілкі. І яны пачыналіся як арыстакратычныя каталіцкія могілкі. Пра гэта згадвае й Сыракомля. Яны былі каталіцкімі яшчэ да Другое Ўсясьветнае вайны. Тут хавалі толькі каталікоў. Або, тут ёсьць такі помнік, дзе пахаваная праваслаўная, але муж у яе быў каталік. У гэтым выпадку тут маглі быць пахаваныя праваслаўныя. Ужо пасьля вайны тут пачалі хаваць габрэяў, праваслаўных. Раней надпісы былі толькі на польскай мове”. (Ракіцкі: ) “Гляджу на надпісы й бачу перадусім прозьвішчы шляхоцкія”. (Сакалоўская: ) “Тут ляжыць беларуская эліта. Тут мы бачым пахаваньні Ваньковічаў, Вайніловічаў, Багушэвічаў, Багдановічаў, Эйсмантаў, Луцкевічаў, Камоцкіх… Але па-традыцыі, паколькі яны каталікі, іх прозьвішчы ды імёны пісаліся на мове польскай, на мове касьцёлу. Але я хачу сказаць, што многія надпісы сьведчаць пра тое, што тут пахаваныя беларусы-каталікі, для якіх польская мова не была мовай зносінаў. На помніках шмат памылак, і “вінаватая” ў гэтым беларуская мова. У надпісах я знайшла адлюстраваньне фанэтычных рысаў, якія не ўласьцівыя польскай мове, а ўласьцівыя мове беларускай. Напрыклад, “аканьне”. Напісана (па-польску) “Babrowicz”, замест “Bobrowicz”. Або фрыкатыўны гук “г” — “Bohdanowicz”, па-польску “Bogdanowicz”. Вельмі часта не зьмягчаецца гук “н” перад суфіксам “ск” у прозьвішчах “Буінскі”, замест “Буіньскі”, “Прушынскі”, замест “Прушыньскі”. Замяняецца “н насавое” на спалучэньне “эн”, або ўжываецца канчатак “-ая” ў жаночых прозьвішчах — “Ліпінская”, а мусіць быць па-польску: “Ліпіньска” і гэтак далей…” (Ракіцкі: ) “Ці было падзяленьне паміж пахаваньнямі арыстакратаў і звычайных месьцічаў?” (Сакалоўская: ) “Я думаю, што не было падзелу на багатых і бедных пры пахаваньнях. Таму, што ўсе пахаваньні рэгістраваліся ў адной мэтрычнай кнізе, якая знаходзілася ў катэдры. Там знаходзяцца падрабязныя запісы, якія каталягізаваныя. І я магла паводле іх знайсьці зьвесткі пра пахаванага і на Залатой Горцы (яшчэ адныя каталіцкія могілкі ў Менску), і на Кальварыі — калі ласка”. (Ракіцкі: ) “Мы крочым па заходняй прысадзе ад брамы да касьцёлу. Зьлева на надмагільным помніку чытаем: “Ян Балеслаў Луцкевіч — капітан войск Расейскіх”. (Сакалоўская: ) “Ян Балеслаў Луцкевіч — бацька вядомых дзяячоў беларускага адраджэньня Івана і Антона Луцкевічаў. Ён быў зь сям’і шляхецкага роду гербу Навіна. Удзельнік паўстаньня 1863-64 гадоў. Перад самой сьмерцю ён пераехаў у Менск і жыў побач з домам Янкі Купалы. Тут жа пахаваная ягоная дачка ад першага шлюбу — Марыя Плявака”. (Ракіцкі: ) “Мы падыйшлі, як колісь Сыракомля, па-цэнтральнай прысадзе да касьцёлу. У гэты час там адбываецца сьвятая Імша і таму мы працягваем нашую гутарку з спадарыняй Алай Сакалоўскай ля ўваходу ў касьцёл. Вось як апісвае Ўладзіслаў Сыракомля свае ўражаньні ад наведваньня касьцёлу… Кіраўніцтва плябані дало нам ключы ад капліцы, якую мы моўчкі агледзелі. Сама капліца пабудавана ў першых гадох бягучага стагодзьдзя панам Паўлюкоўскім, мае за вялікім аўтаром велічную фрэску, выяву гары Ерусалімскае Кальварыі, жалобнае крыжовае Галгофы. У цэнтры гэтае фрэскі вялікі, у пазалочанай раме, абраз Хрыста, які лічыцца адным з найлепшых твораў Дамэля. Пад гэтымі сымбалямі пакутаў і сьмерці, пад заслонаю тварэньня ўласнага пэндзаля, пад вялікім аўтаром, спачываюць астанкі самога Дамэля. А ні ў капліцы, а ні ў надворнай яе сьцяне няма грабніцы мастака — маўзалеям яму служыць уласны твор.Ці можам мы зараз дакладна ведаць, дзе менавіта пахаваны Ян Дамэль? У якой частцы касьцёла? І ўвогуле, ці існуюць парэшткі яго?” (Сакалоўская: ) “Сыракомля піша, што ён быў пахаваны менавіта пад цэнтральным, пад галоўным аўтаром. Але мы ня знойдзем там ніякіх парэшткаў, таму што ўсё было разрабавана пасьля 1917 году. І няма таго абраза, няма нічога, толькі ёсьць сьведчаньне Сыракомлі, і пра гэта можна прачытаць у розных энцыкляпэдыях”. Вячаслаў Ракіцкі |
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |