RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Неабжытая Спадчына



Беларусы на франтох Другое Ўсясьветнае вайны - II

(эфір 26 Кастрычніка 2000 г.)

Удзельнік: гісторык Юрась Грыбоўскі.
Аўтар і вядучы — Вячаслаў Ракіцкі.

(Ракіцкі: ) “Другая Ўсясьветная вайна — адно з найтрагічнейшых выпрабаваньняў, што паставіла перад нашай нацыяй гісторыя. Нашыя суайчыньнікі мужна ваявалі і ў шэрагах Чырвонай Арміі, пра што мы ўсе добра ведаем, і ў складзе шыхтоў антыгітлераўскае кааліцыі на заходніх франтох, пра што мы мала ведаем і нават на баку Вэрмахту (а гэтыя факты ўвогуле замоўчваліся). Даўгі час мы лічылі, што ў першай палове 40-х гадоў загінуў кожны чацьверты беларус. Цяпер прынята казаць — кожны трэці. І справа ня ў колькасьці загінулых, а ў глябальнай сутнасьці нацыянальнае катастрофы, трагічнасьці лёсу ці ня кожнае сям’і. Ці ўсьведамлялі нашыя суайчыньнікі, у імя чаго ваявалі, за чые інтарэсы пралівалі кроў?

Я хачу зьвярнуць увагу на яшчэ дзьве лічбы, і іх мы мусім усьвядоміць.

На падставе польскага эмігранцкага архіву ў Лёндане, Віктар Сянкевіч, супрацоўнік Беларускага інстытуту навукі й мастацтва, што ў ЗША, падлічыў, што агулам у шыхтох на заходніх франтох ваявала 30861 беларусаў, а загінула 1716 чалавек. Дадзеныя гэтыя надрукаваныя ў эмігранцкім выданьні “Зважай”. Ці дакладныя гэтыя лічбы? І пра што яны нам могуць сказаць сяньня? Гэтае пытаньне я задаю гісторыку Юрасю Грыбоўскаму…”

(Грыбоўскі: ) “Высновы Віктара Сянкевіча на самрэч маюць падставы на йснаваньне. Больш таго, спадар Сянкевіч абапіраўся толькі на брытанскія вайсковыя крыніцы, а нашыя беларусы былі ў шыхтох амэрыканскага ды й францускага войскаў. Гэта значыць, што лічбы можна павялічыць”.

(Ракіцкі: ) “Нашым госьцем гісторык Юрась Грыбоўскі…

Якім чынам патрапілі беларусы на заходнія франты? І дзе змагаліся з фашыстамі нашыя землякі?”

(Грыбоўскі: ) “У асноўным шлях нашых землякоў у шэрагі войскаў заходніх альянтаў быў наступны. Гэта былі або беларускія эмігранты міжваеннага часу, якія ў 20–30-гадох з Заходняй Беларусі падаліся далей на Захад, у пошуках лепшае долі. Там іх застала вайна, і яны былі мабілізаваныя ў шэрагі брытанскіх вайсковых адзінак. Значная частка беларусаў патрапіла ў шыхты польскіх узброеных сілаў на Захадзе яшчэ з часу верасьнёўскае кампаніі 39 году, калі яны былі з асобнымі вайсковымі адзінкамі інтэрнаваныя ў Вугоршчыну, Румынію, Францыю ды й іншыя краіны Эўропы. Значная частка беларусаў была сярод польскіх ваеннапалонных, якія таксама з 1939 году знаходзіліся ў савецкіх лягерох. У 1942 годзе яны ў шыхтох Арміі Андэрса пакінулі Савецкі Саюз і далучыліся да польскіх узброеных сілаў на чужыне”.

(Ракіцкі: ) “Напэўна, можна сказаць, што перадусім беларусы ваявалі ў фармаваньнях польскіх ды іншых, інтэрнацыянальных паводле складу. А ці былі нейкія вайсковыя адзінкі, складзеныя паводле беларускае нацыянальнае прыкметы?”

(Грыбоўскі: ) “Нажаль, не. Справа ў тым, што польскае вайсковае афіцэрства цалкам адмаўляла прысутнасьць у польскіх сілах узброеных непалякаў, жаўнераў няпольскага паходжаньня. І таму нашым земляком давялося патрапіць бадай што ва ўсе войскі ўсіх радоў зброі. Пачынаючы ад лятунства й скончваючы пяхотаю”.

(Ракіцкі: ) “Нашыя людзі, знаходзячыся перадусім у эміграцыі ці трапіўшы на Захад пасьля савецкага палону, адразу ж траплялі ў лятунства, марскія фармаваньні. Яны дзе-небудзь рыхтаваліся да такое службы, ці іх усё ж такі проста кідалі ў гэтую бойку?”

(Грыбоўскі: ) “Польскае вайсковае камандаваньне высьвятляла, кім зьяўляўся чалавек у войску ў міжваеннай Польшчы. Напрыклад, калі ён раней служыў на марынарцы вайсковай, дык адпаведна цяпер залічваўся ў падводнікі або ў матросы”.

(Ракіцкі: ) “Мне нават давялося чуць, чытаць, што беларусы змагаліся ў Афрыцы. Як яны там аказаліся?”

(Грыбоўскі: ) “Гэта адбылося ў 1940 годзе, калі асобная брыгада стральцоў карпацкіх — гэта польская вайсковая адзінка — бараніла Тобрук, апорную кропку брытанскай абароны, ад войскаў нямецка-італьянскага корпусу гэнэрала Ромеля. Гэта таксама беларусы, якія патрапілі ў Афрыку, прайшоўшы Францыю ды Сырыю. Тыя людзі, якія ў 1939 годзе былі інтэрнаваныя ў Францыю”.

(Ракіцкі: ) “Ці можам мы сяньня сьцьвярджаць, што беларусы ваявалі супроць фашыстаў нягорш, скажам, за іншыя народы? У якіх важных бітвах бралі ўдзел беларусы? І ці сьведама, маю на ўвазе беларускі інтарэс, яны змагаліся?”

(Грыбоўскі: ) “Нажаль, нацыянальна сьведамых беларусаў было вельмі мала. Асноўная сьведамая частка зьявілася толькі ў студзені 45 году. Гэта былі курсанты Менскай афіцэрскай школы Беларускай Краёвай абароны, сярод якіх: Віктар Сянкевіч, Кастусь Акула ды Юры Весялкоўскі. Усе ж астатнія лічылі, што яны выконваюць абавязак выключна польскага жаўнера.

Што тычыцца буйных баталіяў Другое Ўсясьветнае вайны, дзе бралі беларусы удзел, перш за ўсё трэба адзначыць гэткую бітву, як пад Аргнаймам на тэрыторыі Галяндыі. Гэта быў верасень 44-га году. Яскрава пра падзеі гэтае бітвы і ўдзел у яе беларускіх парашутыстаў са складу першае парашутнае брыгады, першай паветрана-дэсантовай Арміі хаўрусьнікаў, кажа непасрэдны ўдзельнік і сьведка Васіль Дурэйка…

— У парашутнай брыгадзе было нямала беларусаў. Шмат зь іх палегла пад Аргнаймам у тым страшным месіве, дзе я пакінуў сваіх землякоў і блізкіх сяброў. Пасьля гэнае няўдалае падзеі, пэўна, не адзін з нас разважаў, што ён робіць гэтак далёка ад роднае хаты і дзеля каго можа дарэмна й безсэнсоўна скласьці галаву на чужыне.
(Ракіцкі: ) “Як былі ацэненыя подзьвігі беларусаў?”

(Грыбоўскі: ) “Я магу прывесьці прыклады беларусаў, якія былі ганараваныя выбітнымі польскімі ды й брытанскімі вайсковымі ўзнагародамі. Адзін зь інтэрнаваных беларусаў, які ў 45-м годзе вярнуўся ў Беларусь, а ў 51-м — рэпрасаваны савецкімі ворганамі, быў ганараваны ордэнам нават Virtuti Militari, што зьяўляецца даволі рэдкай зьяваю ў войску хаўрусьнікаў. Акрамя таго, ёсьць сьпіс пасьмяротна ганараваных беларусаў-падводнікаў, якія загінулі на брытанскіх субмарынах ля берагоў Ісьляндыі ды Нарвэгіі”.

(Ракіцкі: ) “Мы гаворым, што больш за 2000 беларусаў палегла на заходніх франтох. Ці можам мы нешта казаць пра іхныя пахаваньні? Ці маглі б мы адшукаць гэтыя пахаваньні?”

(Грыбоўскі: ) “Магілы нашых землякоў параскіданыя ад Нарвэгіі да Паўночнае Афрыкі. Адшукаць іх, канешне, вельмі складана. Варта вылучыць некаторыя зь іх. Вельмі шмат палегла беларусаў пад час бітвы за Монтэ Касіна, у траўні 44-га году — там пахавана 259 чалавек. Парэшткі нашых землякоў параскіданыя па буйных вайсковых могілках Італіі — Самасіма, Анкона, Балёніі ды іншых. Вельмі шмат ёсьць пахаваньняў у Вялікай Брытаніі ды Францыі”.

(Ракіцкі: ) “Беларусы, якія знаходзіліся па-за межамі сваёй краіны, далёка ў эміграцыі, ішлі на гэтую вайну змагацца супроць нямецкага фашызму сьведама, ці гэта была проста вайсковая абавязковасьць?”

(Грыбоўскі: ) “Усё сьведчыць пра тое, што гэта ўсё ж такі было пад прымусам. Натуральна, кожны ўсьведамляў сябе жаўнерам і кожны разумеў, што ён забавязаны перадусім выконваць свой жаўнерскі абавязак, а потым ужо — грамадзянскі”.

(Ракіцкі: ) “Цяпер бы я хацеў прапанаваць паварот у тэме нашае гаворкі. У Нацыянальнай бібліятэцы Рэспубліцы Беларусь сяньня мы можам пачытаць газэту “Беларус на варце”. Гэта ворган беларускае паліцыі, і выходзіла гэтая газэта ў акупаваным Менску. Чытаем артыкул “Два франты” Рыгора Булыгі:

Беларусь побач зь іншымі народамі бярэ ўдзел у вайне на ўсіх франтох вайны. Беларускія вайсковыя фармацыі стаяць над каналам Ля-Манш, у Парыжы, у Італіі — б’юцца з ворагам Нямеччыны, дзе толькі яго сустрэнуць.
“Яны …б’юцца з ворагам Нямеччыны…”, — значыць, за нямецкія інтарэсы. Што б Вы маглі сказаць, Юрась, на гэты конт?”

(Грыбоўскі: ) “Пра факт змаганьня беларусаў у шэрагах Вэрмахту сьведчаць ня толькі тамтэйшыя беларускія эмігранцкія газэты. Гэтага, дарэчы, не адмаўляюць самі немцы. Так, у 1943 годзе, дзякуючы рупліўствам беларускага прадстаўніцтва ў Бэрліне, зь ліку беларусаў быў створаны г.зв. “тысячаасабовы баталён” і накіраваны адмыслова на Італьянскі фронт. Гэткім чынам немцы перасьледавалі дзьве мэты: нацкаваць беларуса на беларуса і, па-другое, разьлік рабіўся на тое, што нашыя землякі зь ліку Арміі Андэрса будуць пераходзіць на бок беларускага баталёну, убачыўшы ягоную нацыянальную афарбоўку. Дарэчы, у 44-м годзе была зробленая аналягічная спроба накіраваць на Італьянскі фронт ужо беларускую брыгаду. Ейны штаб ачольваў нейкі капітан Ян Вежан. Пра падзеі таго часу, якія разгарнуліся ў Італіі, яскрава сьведчыць удзельнік гэтых падзеяў, Кастусь Мярляк:

Нямецкі афіцэр патлумачыў, што мы належым зараз да Абвэру. Ён казаў: “Вы будзеце перакінутыя на той бок фронту з даручэньнем пранікнуць у шэрагі Арміі Андэрса, а перадусім у дывізію “Белавежа”, якая пераважна складаецца зь беларусаў. Там будзеце натхняць беларусаў, каб яны пераходзілі са зброяй на нямецкі бок. Яны будуць далучаныя да існуючых беларускіх фармаваньняў, каб разам змагацца за належнае месца для Беларусі ў новай Эўропе…
(Ракіцкі: ) “Юрась, а які лёс гэтага баталёну і падобных гэтаму іншых баталёнаў?”

(Грыбоўскі: ) “Ён быў даволі трагічны, як для ўдзельнікаў непасрэдна, гэтак і для нямецкага вайсковага камандаваньня. Надзеі немцаў ня спраўдзіліся. Відаць, прадчуваючы сыход вайны не на карысьць Нямеччыны, нашыя землякі зь беларускага баталёну, а пазьней — дадзенай брыгады — пачалі пераходзіць на бок г.зв. Арміі Андэрса, здавацца на літасьць хаўрусьнікаў. За здраду немцы мусілі разагнаць брыгаду й скарыстаць гэткі вайсковы падыход, як дэцымацыя — растрэл штодзясятага жаўнера”.

(Ракіцкі: ) “А, магчыма, немцы такім чынам спрабавалі дапамагчы беларусам у стварэньні нейкіх фармаваньняў, якія б пасьля дзейнічалі ў імя незалежнай, адроджанай Беларусі? Ці, магчыма, гэта быў падман з боку немцаў, на які купіліся беларусы, бо ведама, цягам Другое Ўсясьветнае вайны хтосьці ваяваў на савецкім баку, хтосьці — на нямецкім… Але яшчэ была вялікая колькасьць людзей, якія гатовыя былі ваяваць і з саветамі, і з фашыстамі дзеля незалежнае Беларусі. Вашае меркаваньне?..”

(Грыбоўскі: ) “Так. Нельга адмаўляць, што нямецкі бок, у адрозьненьні ад тых жа заходніх хаўрусьнікаў, пайшоў на стварэньне ўласна беларускіх нацыянальных вайсковых фармаваньняў. Але памылкова меркаваць, што немцы гэтакім чынам хацелі паспрыяць адраджэньню беларускіх нацыянальных узброеных сілаў. Гэта была авантура, ня больш як палітычны крок”.

(Ракіцкі: ) “Такім чынам, беларусы ў чарговы раз цягам сваёй гісторыі, сталі закладнікамі інтарэсаў іншых дзяржаваў. Сталі закладнікамі коштам сваіх жыцьцяў…”

(Грыбоўскі: ) “Ваюючы бадай што на ўсіх франтох Другое Ўсясьветнае вайны, беларусы гэтак і не дамагліся па-сутнасьці таго, за што варта было змагацца нацыі. Беручы ўдзел у крывавых баталіях у шэрагах Чырвонай арміі, войсках антыгітлераўскае кааліцыі, нямецкім войску, беларусы гублялі тысячы, сотні тысячаў сваіх жыцьцяў. І ўсё атрымалася, як гэта гучыць ні парадаксальна, — трагічна, дарэмна. Беларуская ідэя гэтак і не ачуняла, гэтак і ня здолела сабраць пад штандарам менавіта сваіх, нацыянальных жаўнераў. Відаць, гэтак было наканавана, як было й наканавана ліць кроў у якіх куткох сьвету й няведама за каго.

Так, Другая Ўсясьветная вайна — гэта лёсавызначальная падзея чалавецтва, і ўсе добра ўсьведамляюць удзел у ёй кожнае нацыі. Мы павінны ганарыцца тым, што нашыя землякі змагаліся ў Італіі, Францыі, ля берагоў Ісьляндыі… Дзе б яны не знаходзіліся, на баку якой бы дзяржавы яны не змагаліся, ці то Нямеччыны, або войскаў антыгітлераўскае кааліцыі — яны былі па-просту скарыстаныя.

Мы мусім казаць пра гэта, мы мусім ганарыцца тым, што мы бралі паўнавартасны ўдзел у Другой Усясьветнай вайне. Іншая рэч, што іншыя буйныя дзяржавы згулялі на лёсах нашае краіны”.

(Ракіцкі: ) “А мне прыгадаліся зараз радкі Максіма Багдановіча —паэтычна-публіцыстычны водгук на Першую Ўсясьветную вайну:

Досі ўжо, браты, чужынцам
                              мы служылі,
Досі ўжо пашаны ім
                              прыдбалі,
Не сваю – чужую долю
                              баранілі,
Пад чужымі сьцягамі
                               ўміралі.
А праз колькі дзесяцігодзьдзяў пасьля тае вайны беларусы зноў сталі закладнікамі дзікунскае палітыкі мацнейшых дзяржаваў і аздобілі яе сваёю крывёю”.

Вячаслаў Ракіцкі
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org