RFE/RL |
Беларускія Настрадамусы й Касандры(эфір 19 Кастрычніка 2000 г.) Удзельнік: Пятро Васючэнка. (Ракіцкі: ) “У сярэдзіне XVI стагодзьдзя ў Францыі зьявілася кніга, у якой на стагодзьдзі наперад прадказваліся буйнейшыя падзеі эўрапейскае гісторыі. Імя аўтара “Стагодзьдзяў” Мішэля дэ Натэрдама (Настрадамуса), францускага лекара і астроляга, лейб-мэдыка Карла ІХ, стала хадзячым назовам усіх прадказальніцтваў й прадказальнікаў, прагнозаў й вешчуноў. Пазьней не аднойчы чалавецтва імкнулася да прадказаньняў, заўсёды імкнулася зазірнуць наперад, прадбачыць свой лёс. Натуральна, у нашай праграме мы ня будзем гаварыць пра астролягаў. Мы будзем гаварыць пра вешчуноў — інтэлектуалаў, мастакоў. Гісторыя ўсясьветнае літаратуры сьведчыць, што вельмі часта настрадамусы зьяўляліся ў літаратуры. Чаму менавіта пісьменьнікі выступаюць у ролі прадказальнікаў? Ці ня ёсьць у гэтым іхная місія? Гэтае пытаньне я адрасую літаратуразнаўцу Пятру Васючэнку”. (Васючэнка: ) “Прадказаньнямі з даўніх пор займаліся ня толькі пісьменьнікі. Першымі прадказальнікамі былі біблейскія прарокі. Сёньня гэтым займаюцца сыноптыкі, футуролягі, але яны ў сваіх прагнозах абапіраюцца на лёгіку. Задача ж пісьменьнікаў — ствараць паралельны сьвет, а ў гэтым сьвеце ёсьць як мінулае, сучаснае, гэтак і будучыня. Пісьменьнік стварае сваю будучыню ў гэтым паралельным сьвеце, абапіраючыся ня столькі на лёгіку, колькі на творчую інтуіцую”. (Ракіцкі: ) “Нашым госьцем — літаратуразнаўца Пятро Васючэнка… Франц Кафка прадбачыў канцлягеры. Маякоўскі амаль вылічыў год трагічнага перавароту ў Расеі, ці, як яго яшчэ называюць, “Кастрычніцкай рэвалюцыі”. Дастаеўскі мроіў крывавыя падзеі ХХ стагодзьдзя. Оруэл прадказаў наступствы камунізму. А ці ёсьць у беларускай літаратуры гэткія ж настрадамусы, якія бачылі наперад, на стагодзьдзі й далей? Спадар Васючэнка…” (Васючэнка: ) “Нашыя літаратары таксама праяўлялі здатнасьць бачыць праз дзесяцігодзьдзі і нават стагодзьдзі. Гэтак Пятро Скарга яшчэ на прыканцы XVI стагодзьдзя прадказаў у сваёй кнізе “Аб адзінстве касьцёла Божага” магчымы заняпад Рэчы Паспалітае. Гэта, як вядома, адбылося праз колькі стагодзьдзяў. Пісьменьнікі ў 20-я гады нашага стагодзьдзя, перадусім “узвышэнцы”, прадказвалі надыход палітычных “замаразкаў”. Прыклад — Язэп Пушча ў “Лістах да сабакі”, а Андрэй Мрый намаляваў мадэль мікрататалітарнага грамадзтва ў сваім сатырычным рамане “Запіскі Самсона Самасуя”. (Ракіцкі: ) “І наколькі гэтыя прадказаньні ўсё ж такі збываліся, і наколькі людзі былі здольныя адчуць гэтыя прадказаньні?” (Васючэнка: ) “На вялікі жаль, нашыя пісьменьнікі выступалі ў ролі ня столькі настрадамусаў, колькі беларускіх касандраў, прарокаў, якім ня вераць”. (Ракіцкі: ) “Прабачце, спадар Васючэнка, я хачу тут нагадаць слухачом, што Касандра — гэта вобраз з старажытнагрэцкага эпасу. Ён стаўся сымболем злавесных прадказаньняў. Траянцы ня ўверылі ў словы Касандры, дачкі цара Прыама й Гекубы, якая перасьцярагала Парыса ад выкраданьня Алены, а гэты прывяло да Траянскае вайны й пагібелі Троі. Калі ласка, працягвайце, спадар Васючэнка…” (Васючэнка: ) “А варта было б прыслухацца… Гэтаксама, як і беларусам прыслухацца хаця б да таго, што калісьці Аркадзь Куляшоў пісаў у сваёй паэме “Цунамі”. Ён жа прадбачыў наступствы Чарнобылю ў гэтым творы, хаця пра Чарнобыль не было сказана а ні слова. Але ёсьць гісторыя двох, якія выпраўляюцца ва ўсясьветны акіян і якіх напаткала ядравая хваля — цунамі — і ў гэтае пары нараджаецца мёртвае дзіця. А верш Караткевіча “Дзяўчына пад дажджом,” напісаны ў 1960 годзе… Над лесам, над садам дзікімМае студэнты, якія звыкліся жыць у Чарнобыльскую эру, часам з гэтага верша сьмяюцца, для іх гэта — жашка. А Караткевіч жыў у час, калі распачыналіся падводныя, наземныя, паветраныя выпрабаваньні атаму… але стронцавая хмара — гэта менавіта пра наш час”. (Ракіцкі: ) “Ствараецца такое ўражаньне, што найчасьцей збываюцца змрочныя прагнозы ў нас, у Беларусі?!” (Васючэнка: ) “Ня цяжка прадказваць кепскія навіны, войны, перавароты, глябальныя катастрофы. Але людзям лягчэй верыцца ў прагнозы шчасьлівыя. Таму народ так ахвотна верыць ва ўтопіі. Зрэшты, як раз утопіі ажыцьцяўляюцца ня так часта. Прыгадаем верш з нашае школьнае эпохі Аркадзя Куляшова “Камуністы”, у якім аўтар прадказваў надыход камунізму ва ўсім сьвеце й жадаў, каб ягоны сын і сынаў сын былі таксама камуністамі”. (Ракіцкі: ) “Натуральна, чалавек ня верыць у прагноз небясьпечны. Чалавек схільны верыць у прагноз прыемны. Гэтыя прагнозы як часта зьяўляліся ў нашае літаратуры, і ці верылі ў іх людзі?” (Васючэнка: ) “Беларускія пісьменьнікі рэдка былі ўтапістамі, але такія прыклады, безумоўна, ёсьць. Нагадаю хрэстаматыйны верш Уладзімера Дубоўкі “О, Беларусь, мая шыпшына!”, у якім паэт верыў у тое, што нашая бацькаўшчына ніколі не зарасьце чарнобылем. Гэта значыць, палыном. Зрэшты, згадваецца там і савецкі бікалёр, да якога яшчэ было далёка, чырвона-зялёны колер. Верш быў напісаны ў 1925 годзе. Мне думаецца, пісьменьнікам трэба быць асьцярожнымі ў сваіх прагнозах: О Беларусь, мая шыпшына!(Ракіцкі: ) “Спадар Васючэнка, вы пералічылі прадказаньні, што належылі непасрэдна да Беларусі. А ці прадказвалі нашыя пісьменьнікі-настрадамусы катастрофы ўсясьветнага маштабу?” (Васючэнка: ) “Янка Купала ў паэме “Магіла льва”, у вобразе Машэкі вывеў мадэль звышчалавека. Спрачаючыся зь Ніцшэ, гэткім чынам ён дапускаў магчымасьць панаваньня гэтага звышчалавека, дапускаў магчымасьць стварэньня таталітарных сыстэмаў. Але і ягоны голас у свой час застаўся непачутым. Алесь Адамовіч у “Апошняй пастаралі” прадказваў ядравую вайну, пад час якой загіне ўсё чалавецтва апроч двух жаўнераў: амэрыканскага й савецкага”. (Ракіцкі: ) “Я разумею, што заўсёды было вельмі цікава зазірнуць у сваю будучыню, але ўсё ж такі паўстае пытаньне адказнасьці прарока, вешчуна за тое, што ты напрарочыў. Наколькі бясьпечныя з вашага гледзішча такога роду прароцтвы?” (Васючэнка: ) “Мне думаецца, што пісьменьнік у сваіх прароцтвах мусіць быць абачлівым і памятаць пра тое, што гэта ня проста прароцтва, а пэўная творчая мадэль, якая можа ажыцьцявіцца. Добра, калі гэтая мадэль станоўчая. Прыкладам, Францішак Багушэвіч вуснамі Мацея Бурачка ажыцьцявіў пазытыўную мадэль. Ён правёў лінію паміж гістарычнай Літвою і Беларусьсю. Гэткім чынам, ён запраграмаваў адпаведнае гістарычнае і культурнае разьвіцьцё Беларусі на дзесяцігодзьдзі наперад. Зь ягоных вуснаў прагучала й папярэджаньне, да якога сёньня далёка ня ўсе прыслухоўваюцца: “Не забывайце ж мовы нашай роднай, каб ня ўмерлі”. (Ракіцкі: ) “А ў сучаснай літаратуры, пэўна, пераважаюць усё ж такі пэсымістычныя праекты-антыўтопіі”. (Васючэнка: ) “Безумоўна, варта прыгледзецца хіба да творчасьці аднаго Васіля Быкава, каб пабачыць, што пісьменьнік творыць адзін пэсымістычны прагноз, другі. І кожны раз ён робіцца ўсё больш змрочным. Зрэшты, Васіль Уладзімеравіч любіць паўтараць: “Дай Божа, каб мае пэсымістычныя праекты ня зьдзяйсьняліся”. У апошніх ягоных творах, прыпавесьцях зьяўляюцца вобразы сьцяны, празь якую немагчыма чалавеку прайсьці, а калі чалавек і праходзіць, дык аказваецца, што ягоны герой апынуўся ў турэмным дворыку, адкуль ізноў такі выйсьця няма. Вобраз трубы, да якое беларусы прыкутыя нейкім фатумам, гістарычным лёсам…” (Ракіцкі: ) “Такім чынам, гэтае прароцтва, гэтая мадэль закладзеная ў паэтыцы твору, а гэта значыць, што яе цяжка адшукаць, заўважыць. Дык якім чынам гэтая мадэль можа хутчэй дасягнуць суб’екту свайго ўзьдзеяньня?” (Васючэнка: ) “Народ ня слухае сваіх пісьменьнікаў, якія маглі б стацца прарокамі. Купала замацаваў гэта ў сваім вершы “Прарок”. Я нагадаю яго, спадар Вячаслаў: …А колькі нам дасі чарвонцаў,Вось дзьве плоскасьці. Прагматычная ды ідэалістычная”. (Ракіцкі: ) “І тут таксама пэўная шыфроўка. Ці займаўся калі-небудзь і хто-небудзь расшыфроўкаю гэтых шыфровак?” (Васючэнка: ) “Расшыфраваць патаемныя сэнсы, закладзеныя ў нашае літаратуры, спрабаваў крытык Антон Адамовіч. Але ён спрабаваў расшыфраваць творы, скіраваныя супроць рэжыму. Знайсьці ў іх нейкі патаемны, антысавецкі шыфр. Прыкладам, у назве паэмы Язэпа Пушчы “Цень консулы”, ён знаходзіў абрэвіятуру ЦК. Мне думаецца, адпаведнае дасьледваньне беларускае літаратуры, з пункту гледжаньня яе футуралягічнага аспэкту, мусяць быць праведзеныя”. (Ракіцкі: ) “І на завяршэньне. Ці маглі б Вы, спадар Васючэнка, раскрыць нейкі ўнівэрсальны мэханізм узаемаўзьдзеяньня літаратуры й жыцьця?” (Васючэнка: ) “Гэта ёсьць вялікая таямніца, але для мяне няма ніякага сумніву, што ня толькі жыцьцё фармуе літаратуру, але й пісьменьнік, а разам зь ім і ўся літаратура, перастварае жыцьцё. Праўда, мэханізм вось гэтага перастварэньня мы яшчэ ня вывучылі. Але ягоныя праявы, ягоныя чыньнікі навідавоку”. (Ракіцкі: ) “А можа й ня варта расшыфроўваць? Натуральна, страшна жыць, калі ведаеш, чым гэта ўсё можа скончыцца. І вельмі страшна, калі ты ўверуеш у тое, што прароцтва пісьменьніка збудзецца”. (Васючэнка: ) “Расшыфроўваць — ня значыць верыць. Трэба памятаваць, што кожнае такое “кепскае” прароцтва ёсьць ня столькі прадказаньнем будучыні, колькі прэвэнтыўным захадам. Прадказаньне таго, што магло б здарыцца пры пэўных абставінах. Тая ж ядравая катастрофа, апісаная Алесем Адамовічам, уяўляе сабою спробу падарваць ядравую бомбу не ў жыцьці, а ў літаратуры, каб у жыцьці яна ніколі ня выбухнула. Таму я ня раю нікому хадзіць, умуруўшы насы, умуруўшы галовы, начытаўшыся Адамовіча, Быкава ды й іншых антыўтапістаў. Не рыхтавацца да горшага часу, бо, як выказваецца пісьменьнік Адам Глёбус, “кепскі час настае тады, калі мы загадзя да яго рыхтуемся…” Вячаслаў Ракіцкі
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |