RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Неабжытая Спадчына



Хваробы й лекаваньне

(эфір 12 Кастрычніка 2000 г.)

Удзельнік: Вацлаў Арэшка.
Аўтар і вядучы — Вячаслаў Ракіцкі.

(Ракіцкі: ) “Ёсьць такая прыказака: “Хваробу ня трэба клiкаць, сама прыдзе”. Так, ад пачатку iснаваньня чалавека людзi хварэлi, хварэюць i, напэўна, будуць хварэць. Хваробы, нажаль, спадарожнiчаюць усяму нашаму жыцьцю і так цi йнакш, але накiроўваюць яго да непазьбежнага фiналу. Але, цi хварэлi нашыя продкi гэтаксама як мы, тымi ж самымi хваробамi, гэтаксама пакутвалi, гэтаксама лячылiся?

Дасьледнікi, якiя займаюцца гiсторыяй хваробаў i хварэньня заўважылi, што сьпiс найбольш распаўсюджаных i небясьпечных хваробаў зьмяняецца з часам. Зьяўляюцца новыя няшчасьцi. Гаворыць гісторык культуры, мастацтвазнаўца Вацлаў Арэшка…”

(Арэшка: ) “Амаль кожная эпоха мае свае “галоўныя” хворасьцi. Так, у позьнiм сярэднявеччы “каралеваю” эўрапейскiх хваробаў становiцца чума, цi як яе называлi “мор”. Пошасьцi — эпiдэмii чумы — спусташалi кантынэнт амаль да XIX стагодзьдзя. У Адраджэньня ёсьць свая “тытульная” хвароба — гэта сiфiлiс (францы, кастаеднiца). XIX стагодзьдзе адзначанае неверагодным распаўсюджваньнем сухотаў. У XX-м — нас касiлi ў першую чаргу хваробы сэрца й рак, а на мейсца чумы прыйшлi пандэмii грыпу. І нарэшце — СНІД…”

(Ракіцкі: ) “Спадар Арэшка, усё ж, ці можна зьвязваць хваробы зь гістарычнымі працэсамі агульнымі, скажам, для вялікага рэгіёну. Прыкладам, для ўсёй Сярэдняй Эўропы?”

(Арэшка: ) “У Рэчы Паспалiтай хварэлi тым жа, з большага, чым хварэла ўся Эўропа. Але эпiдэмii той жа чумы ў XVII–XVIII стагодзьдзях у нас звычайна зьвязаныя былi ўжо з падзеямi лякальнае гiсторыi. Адна з самых спусташальных навалаў пошасьцi лютуе ў Беларусi, ва Ўкраiне, у Польшчы й Літве ў сярэдзiне XVII стагодзьдзя — пад час вайны з маскалямi й швэдамi. Наступная вялiкая эпiдэмiя мела сваiм пiкам 1708–1709 гады — час гэтак званае Паўночнае вайны.

Адной з распаўсюджаных эпiдэмiчных хваробаў, пачынаючы з XVI ст., быў тыфус. Знакамiты хранiст Марцiн Бельскi пiша пра падзеi ў 1580 годзе таксама пад час вайны з Масквою:

Быўшы ў Полацку Баторы трохi быў захварэў, падобна пэтэцыямi (так тады называлi часам тыфус), бо тых было дастаткова ў войску, якая хвароба на той час новая была, прыйшла да Кракава сьпярша, потым да Вiльнi памiж жаўнерамi.
(Ракіцкі: ) “А грып, які штогод, як віхура, праносіцца па сьвеце? Ці ведалі яго нашыя продкі?”

(Арэшка: ) “Грып зьявiўся ў Эўропе, у Вэнэцыi, прыбыўшы, верагодна, з Азii разам з купцамi, толькi ў 1588 годзе. У нашым краi ён таксама стаў вядомым з канца XVI стагодзьдзя, i эпiдэмii грыпу досыць рэгулярна пракатвалiся па Польшчы й Вялiкаму Княству, аднак ён не лiчыўся тады надта небясьпечнаю хваробаю. У нiзкiх вiльготных абшарах буяла малярыя — лiхаманка. Дарэчы, лiхаманкаю, цi фэбраю, называлi ў той час шмат хваробаў, зьвязаных з высокай тэмпэратураю цела”.

(Ракіцкі: ) “Кажуць, што перад хваробамі дый сьмерцю ўсе роўныя. Але сёньня такая думка падаецца спрэчнаю: у каго ёсьць грошы, той мае ўсё ж большыя шанцы вылекавацца. Цікава, ці так гэта было ў нашае мінуўшчыне?”

(Арэшка: ) “Пошасьцi такiх хваробаў, як чума цi тыфус, былi небясьпечнымi ў першую чаргу для людзей бедных цi жаўнераў у абозах. Людзi заможныя пад час нават татальнага мору хварэлi на чуму рэдка — яны мелi магчымасьць не кантактаваць з натоўпам, мелi лепшыя ўмовы жыцьця й гiгiены.

Гэта, вядома, ня значыць, што шляхта й магнатэрыя хварэла значна менш, чым сяляне, гараджане цi жабракi. Багатыя апроч паўсюдных хваробаў мелi шмат сваiх — такiх, як падагра, камянi цi тыя ж вэнэрычныя хваробы. Апошнія, найперш сiфiлiс, лiчылiся амаль выключна “прыдворнымi” хваробамi — сяляне цi правiнцыйная шляхта хварэлi на сiфiлiс вельмi рэдка, i калi ў Варшаве ў XVII стагодзьдзi (як, дарэчы, і ў большасьцi эўрапейскiх сталiцаў) цяжка было знайсьцi вяльможу, не падхапiўшага “францаў”, дык “на крэсах” сiфiлiтыкамi грэбавалi, i такая, як у Беларусi казалi, “паганая” хвароба, лiчылася ганьбаю ўсяе сям’i. Дарэчы, хварэў на “францы” наш знакамiты нясьвiскi мэцэнат i дабрачыньнiк Мiкалай Крыштаф Радзiвiл па мянушцы Сiротка”.

(Ракіцкі: ) “Ведама, што з гэтым ён пражыў каля 30 гадоў. Як удавалася яму перамагаць такую жахлівую хваробу?”

(Арэшка: ) “Менавіта гэтая хвароба змусіла яго перагледзець свае погляды й паводзіны. І ягонае далейшае жыцьцё — гэта лекаваньне душы. Ён шмат маліўся, зьдзейсьніў паломніцтва ў Сьвятую Зямлю, а пазьней стаў вядомым як дабрачыньнік. Менавіта дзякуючы новаму, стваральнаму стаўленьню да жыцьця Радзівіла Сіроткі, быў збудаваны Нясьвіж — пэрліна беларускага дойлідзтва”.

(Ракіцкі: ) “Вось як згадвае Радзівіл пра тое, што змусіла яго ажыцьцявіць паломніцтва ў Ерусалім, якое ён таленавіта апісаў у сваёй “Пэрэгрынацыі”:

…Тое i са мною сталася. Цяжкая хвароба з акрутнымi болямi ў галаве й розных iншых немачаў поўная напаткала мяне года Гасподняга 1575 месяца жнiўня (у якiм другога дня 26 гадоў майго жыцьця супоўнiлася). А як, калi чалавек целам хварэе, дарма пра яго старанна дбае, калi пакiдае душу без увагi, таксама ж i я, пабачыўшы, што лекары нiчога справiць ня могуць, усiм сэрцам сваiм праз споведзь Сьвятую i прыняцьце найсьвяцейшага таемства зьвярнуўся да Госпада Бога, пакорлiва просячы, каб, грахi маладосьцi маёй дараваўшы, падказаў бы сэрцу майму, што зь Яго Найсьвяцейшае велiчы хвалою вечнай было б. I так, калi ўсё часьцей палымяна да Госпада Бога заклiкаў, аднойчы ў месяцы верасьнi, будучы пры ахвяры Гасподняй, даў зарок, што як толькi мяне мiласэрны Госпад Бог да ранейшага здароўя верне, магiлу збаўцы майго ў Ерусалiме наведаю.
(Ракіцкі: ) “А зараз, спадар Арэшка, распавядзіце, калі ласка, пра лекараў і лекі”.

(Арэшка: ) “Лекараў было шмат. Прафэсія гэтая была хлебасольная, папулярная. Дарэчы, зрабiла на гэтым блiскучую кар’еру нашая знакамiтая лекарка Саламея Пiльштынава, аўтарка вядомых успамiнаў “Авантуры майго жыцьця”, у якiх нямала радкоў прысьвечана мэдыцыне. Саламея апiсвае ня толькi свае прыгоды й падарожжы ў Турцыю цi Расею, але й хваробы i лекаваньне iх, ды ўвогуле яе аповесьць — гэта сапраўдная гiсторыя жыцьця тагачаснага лекара — прафэсіi прыбытковай, але часам небясьпечнай.

…Прывезьлi мяне ў Ямбул, i вылечыла я жонку й сына султана, i даў ён мне тысячу леваў, чэркескую сукенку, невялiчкую каляску й коней…
Але наступная практыка лекаркi ня так удалася:
Назыр, вялiкi пан у Фiлiбеi, меў сем сыноў i дачку. I вось ад кары пана Бога ўсе ягоныя сыны заўчаснай сьмерцю паўмiралi. Засталася толькi адна дачушка гадоў на сем, але хваравiтая, i быццам бы на глiсты. Назырава жонка вельмi прасiла ў мяне лекаў для дачушкi, але бацька не хацеў дазваляць лячыць яе. Аднак мацi ўпрасiла. Я ж ня маючы нiчога лепшага, як элiксыр, а гэта вельмi кепскiя лекi, але на глiсты добрыя, налiла ў малую пляшачку i дала таму дзiцяцi з каваю колькi кропляў выпiць. А праз дзьве гадзiны гэтае апошняя дзiця памерла, ад чаго я мела вялiкi смутак i страх, але не магла нiчога iншага прыдумаць, як прыйшоўшы на позву назыра ў ягоны палац i маючы таго элiксыру палову лыжачкi, выпiла яго ў прысутнасьцi назыра. Гэты турак, раззлаваўшыся на сваю жонку за здарэньне з гэтымi лекамi, выхапiў шаблю й хацеў яе забiць. А я яго супакоiла, i ён мне з ласкi Пана Бога i слова кепскага не сказаў.
Гэты выпадак выдатна паказвае, як i чым лячылi, i што з гэтага часам магло атрымацца”.

(Ракіцкі: ) “Дык пераважна лекары былі людзьмі адукаванымі ці шарлатанамі?”

(Арэшка: ) “Увогуле лекараў тады было шмат, але бальшыня зь iх або невукi, або шарлатаны. Вельмi папулярнымi былi розныя цудадзейныя бальзамы, ад усiх хваробаў, якiя прадавалiся за вялiкiя грошы, або карысныя на ўсе выпадкi кроплi цi мiнэральныя воды. Амаль пры ўсiх сымптомах лiчылi карысным пушчаць кроў. Людзi верылi ў цуды, варажбу, i сапраўды лёс хворага залежаў часьцей ад цуду, чым ад таленту лекара. Траплялiся й выдатныя лекары, але ўзровень ведаў пра чалавечы арганiзм быў такi нiзкi, што, скончыўшы тры ўнiвэрсытэты, мэдык мог прынесьцi менш карысьцi, чым спрактыкаваны вясковы знахар.

Варта яшчэ раз зьвярнуцца да “Дыярыюша” Мiхала Казiмера Радзiвiла, бо ён, вечны хваравiк, надта трапна апiсвае гэтыя рэчы:

1750. Лiпень
1. А 7-й гадзiне ў iмя Божае пачаў я пiць воды Сэльтэрскiя з козiм малаком па квартовай шклянцы, напалам вады й малака козяга, i гэтак цёплага, як падояць; сёньня адну шклянку з малаком выпiў пад час абеду, а пры вячэры шэсьць самой толькi той вады мiнэральнае; вечарам быў на камедыi, каторую кадэты гралi па-француску, “Дохтар мiмаволi” з Мальера.

Кастрычнiк.
1. Нядобра меўся я, пан Лярзак, мой енэрал-ад’ютант, паехаў да Львова па трэцяга да двох маiх дахтароў, паноў Шульца й Матэя.
2. Штораз дык горш маюся, пан Лярзак прывёз пана Наэля, француза, дохтара, той мне значна болей дапамог, чым мае.
3. Надта горш меўся, фрызэль з потамi высыпаць пачаў, паслалi таго ж пана Лярзака па iншага дохтара, абы калi памру, дык рэгулярна памёр.
4. Лярзак прывез пана дохтара Маронскага.
5. Ранкам заўважылi, што зуб рухаўся, казалi вырваць, дык жа Пленц, фэльшар мой, досыць лёгка й вырваў, дужа крывi й матэрыi рушылася, адразу ж палёгку меў.
7. Атрымаў зьвестку з Олыкi, што сын мой Януш на гарачку цяжка захварэў, зараз жа выправiў дохтара Матэйя да Олыкi.
11. Я слабы быў, зь нецярплiвасьцю чакаўшы зьвесткi пра здароўе сына маяго Януша, але людзi мае атрымалi, што дня 10-га, а 3-й з палудня сын мой найлюбы Януш Радзiвiл Богу й Створцы сваяму духа аддаў, сэрца нашае прадчувала тое няшчасьце. Мы жа былi з жонкаю маёй у такой роспачы, што мала не памерлi з жалю, i, каб нам абаiм крывi не пусьцiлi, пэўна б не жылi.
18. Да калецтва маяго, што на губе й на назе, дадалася рожа i цяжка балiць, цэлую ноч дрэнна спаў.
19. Да зубоў i нагi кашаль мяне схапiў; Ягамосьць ксёндз Баршчэўскi, прыбыў сюды да мяне, каб мяне забавiць.
23. Нядобра меўся, апэрацыю ў губе чынiлi, косьць адну зь левай шчакi вынялi, а другую глыбей убiлi, на каторую актуальна цяпер цяжкiя болi цярплю.
30. Штораз дык горай маюся, сёньня дзьве костачкi выйшлi й мяса дзiкае паказалася, хай сам Пан Бог мяне ратуе.

Лiстапад
6. Мяне з гарачкi вялiкi боль галавы ўзяў, ня ведаю я, цi доўга буду на гэтым сьвеце мучыцца.
16. Перад абедам прыехаў пан Пэрон, дохтар каралеўскi, за каторым да Варшавы пасылаў я, стаў тут у мяне, заўтра мае чынiць у мяне на губе апэрацыю.
17. Зранку бавiўся з кампанiяй, i вынялi мне трэцi зуб, ня ведаю, што далей са мною зробiцца, на ўсё гатовы я, хай зьдзейсьнiцца са мною воля Боская!
24. Паволi да здароўя прыхаджу, пачынае губа зарастаць, дай Божа як найхутчэй!

(Ракіцкі: ) “А як ставіліся нашыя продкі да хворых i хваробаў?”

(Арэшка: ) “Хвароба й зьвязаныя зь ёю болi й пакуты звычайна ўспрымалiся як Боская кара цi выпрабаваньне. Таму больш важным, чым лекар, у гэтае сытуацыi лiчыўся сьвятар, а сваё цярпеньне хворы часта пераносiў як знак увагi Госпада. Гэнрык Жавускi, вялiкi знаўца шляхоцкае мэнтальнасьцi, стварыў характэрны вобраз узорнага шляхцiца, бацькi Тадэвуша Рэйтана:

Калi й запаў ён на слабасьць, што чатыры гады ў ложку яго трымала i, урэшце рэшт, пазбавiла жыцьця, дык пакрыты ранамi i вялiкiя болесьцi церпячы (як казалi лекары, бо па iм самiм нiхто б пра тое не даведаўся, гэтак мужна ўсё зносiў), калi ўсе плакалi, ён, весялейшы, чым калi, паўтараў: “От мне цяпер добра, што Бог, нарэшце, да жывога да мяне дакрануўся. Цяпер толькi лёс мой былы ўхваляю, калi мне тут балiць; раней сам сябе хвастаць мусiў, а цяпер Пан мой, ласкавы, мяне хвошча”.
Звычайна хворы да канца не выключаўся зь жыцьця, не прынята было ўнiкаць яго, нават калi была небясьпека заразiцца. Каля ягонага ложка зьбiралiся сябры, сваякi, ягоныя пакуты, а ўрэшце й сьмерць былi неад’емнаю часткаю жыцьцёвага шляху.

Iншым было стаўленьне хiба што да псыхiчных захворваньняў — яны доўга зьвязвалiся з праклёнам цi з апантанасьцю нячыстым. Але выгнаньне д’ябла — гэта ўжо асобная тэма”.

(Ракіцкі: ) “А ці йснавала нейкая адмыслова ўласьцівая беларусам хвароба. Скажам так — беларуская нацыянальная хвароба?”

(Ракіцкі: ) “Цяжка вызначыць якую-небудзь тыпова беларускую хваробу, але на думку прыходзiць гэтак жа знакамiты, як i загадкавы, “калтун”. Калтун, прызнакам якога былi асаблiва сьплеценыя, зьлiплыя валасы, быў хутчэй яшчэ хваробай душэўнаю i вызначаўся станам асаблiвай абыякавасьцi да ўсяго, панурасьцi й падазронасьцi. Адзiн з замежных лекараў XVIII стагодзьдзя так апiсваў хворых на калтун:

Моцная мэлянхолiя, якая заўжды ёсьць неадступным таварышам той хваробы, робiць iх у найвышэйшай ступенi ўпартымi, гняўлiвымi й падазронымi, апасаюцца, як бы iх не атруцiлi, немагчыма iх намовiць, каб узялi лекi, гатовыя яны хутчэй жалосна памiраць або цалкам даверыцца лёсу.
Але пры гэтым, як можна даведацца з “Живописной России”:
…калтун, паводле паняцьцу мясцовых жыхароў, лiчыцца хутчэй выратавальным лекам, якое вызваляе ад худасочнасьцi, ламоты, галаўных боляў ды iншых хваробаў. Калi калтун саўецца, усе гэтыя хваробы саступаюць. Чалавек зусiм здаровы i толькi наракае на цяжар, якi паняволi мусiць цягаць на галаве й на плячох. Так доўжыцца часам дзясяткi гадоў.
(Ракіцкі: ) “Цi не падобна на тое, што гэтая хвароба яшчэ ня цалкам пераможаная і ў сучаснай Беларусі? Што шлях да яе перамогі вельмі доўгі?”

Вячаслаў Ракіцкі
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org