RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Неабжытая Спадчына



Пачаткі беларускае вайсковае гісторыі ў XX стагодзьдзі

(эфір 7 Верасьня 2000 г.)

Удзельнік: гісторык Віктар Астрога.
Аўтар і вядучы – Вячаслаў Ракіцкі.

(Ракіцкі: ) “Павесьці размову пра беларускае войска менавіта ў 1918–1923 гадох мяне падштурхнула адна невялікая кніжка, што трапіла мне нядаўна ў рукі. Гэта выданьне 1920 году “Беларускае вайсковае камісіі” пад назовам “Падарунак беларускаму жаўнеру”. І выдавалася яно кожнаму, хто дабрахвотна запісваўся ў нацыянальнае войска. Сярод найцікавейшых матэрыялаў, прасякнутых патрыятызмам, вылучаюцца 10 прыказаньняў для беларускага жаўнера, складзеныя Зьмітраком Бядулем. Вось адное зь іх:

Памятай, што праз доўгіе вякі толькі цяпер наступіў момант, калі можаш называцца Беларускім жаўнерам, калі можаш класьці фундамэнт для новага жыцьця Беларусі й быць самім сабою. Калі цяпер прапусьціш гэты момант, дык потым сам праклянеш сваё гаротнае жыцьцё пад чужацкай няволяю.
Маім госьцем гісторык Віктар Астрога…”

(Астрога: ) “Кіраўніцтва беларускага войску лічыла, што самае галоўнае — гэта разуменьне сваёй беларускае нацыянальнае існасьці, па-другое — гэта быў патрыятызм, таму што йшла вайна, людзкія сэрцы былі ўжо жорсткія. Вайскоўцы праводзілі ў войнах ужо некалькі гадоў і таму для падтрымкі пачуцьцяў любові да сваёй краіны выдаваліся падобныя кніжкі. Янка Купала пісаў беларускія вайсковыя песьні. Гэтак і Зьмітрок Бядуля, і Макар Краўцоў…”

(Ракіцкі: ) “Віктар, зь якога часу можна адлічваць гісторыю ўласна беларускага войску ў ХХ стагодзьдзі?”

(Астрога: ) “Гісторыю ўласна беларускага войску ў ХХ стагодзьдзі можна адлічваць зь 17-га году й фактычна яго фармаваньне працягвалася да 23-га году. Гэта значыць, з моманту ўзьнікненьня гурткоў жаўнераў у царскім войску, да расфармаваньня асобнае беларускае роты ў войску Летувіскае Рэспублікі”.

(Ракіцкі: ) “Войска заўсёды зьвязана з паняцьцем сувэрэннае, незалежнае дзяржавы. Такім чынам, з утварэньня БНР мы можам казаць і пра ўтварэньне беларускага войску?”

(Астрога: ) “Натуральна. Бяз войску ніякая дзяржава існаваць ня можа. БНР на той час выдатна разумела, што акрамя нейкіх эканамічных, фінансавых магчымасьцяў трэба мець і ўзброеную моц. Таму дзяржаваю рабілася ўсё дзеля таго, каб стварыць уласнае войска”.

(Ракіцкі: ) “БНР, як ведама, прайснавала ня вельмі доўга. Што мог зрабіць урад БНР дзеля стварэньня беларускага войску?”

(Астрога: ) “Было ўтворана сакратарства ў вайсковых справах, якое ўзначаліў палкоўнік Кастусь Езавітаў. Пазьней яно стала “Міністэрствам вайсковых справаў”, якое потым узначальваў палкоўнік Яўген Ладноў. Але справа ў тым, што геапалітычная, эканамічная, вайскова-палітычная сытуацыя вакол Беларусі, менавіта на ўласна беларускай тэрыторыі, не дазваляла ствараць беларускіх узброеных фармаваньняў, нейкіх аддзелаў для абароны інтарэсаў дзяржавы, якая на той час імкнулася ўтварыцца. У прыватнасьці, нямецкія акупанты ў свой час забаранілі ствараць любыя ўзброеныя аддзелы, і таму ўрад БНР вырашыў адшукаць шлях з гэтае сытуацыі. Выйсьце ён убачыў у супрацоўніцтве з суседняй Летувою”.

(Ракіцкі: ) “І што ў выніку ўзьнікла?”

(Астрога: ) “Узьніклі беларускія фармаваньні менавіта ў летувіскім войску. У лістападзе 18-га году, адпаведна з дамоваю, пачалося фармаваньне першага, другога беларускіх палкоў у складзе летувіскага войску, але праз эканамічныя цяжкасьці спачатку быў утвораны першы пад назваю “Гарадзенскі”. Пасьля яго раззбраеньня, увесну 19-га году, пераважаючымі сіламі польскіх узброеных сілаў, ужо ў Коўне, была ўтворана першая і другая асобныя беларускія роты.

Першая пад камандаваньнем Ружанцова была накіраваная на фронт супроць польскіх і бальшавіцкіх войскаў, і трэба адзначыць, што ў найбольш жорсткіх баёх 26–28 жніўня, беларусы праявілі асаблівы гераізм. Нават 25 жаўнераў, афіцэраў, былі ганараваныя летувіскім ордэнам “Крыж Пагоні”.

(Ракіцкі: ) “Вось як узгадваў пра гэтыя падзеі Аляксандар Ружанцоў, камандзер беларускага баталёну ў летувіскім войску:

28-га жніўня рота мела слаўную штыхавую бойку з чырвонымі латышамі пад Суссекле. Узяць пазыцыю ў чало было ніяк ня можна безь вялікіх стратаў. Тады камандзер беларускай роты ахвіцэр Міхайлоўскі паслаў узвод празь лес і рэчку Ілукшту ў правы бок ворагу. Прайдзя ляснымі тропкамі, перабраўшыся праз раку ў брод, падпаручнік Пліска зь невялічкім гуртком жаўнераў апынуўся, выйшаўшы зь лесу, у 40–50 кроках ад правага боку бальшавіцкіх акопаў і кулямёту. Што было рабіць? Але зь ім былі беларусы! Ударыўшы зьнянацку на дужэйшага ворага ў штыхі, беларусы прымусілі яго ў безпарадку адыйсьці, праз што сумежныя часткі маглі пашырыцца глыбей, пагражаючы ўцякаючым бальшавікам з бакоў і з тылу.
(Астрога: ) “У верасьні 20-га году, у Вільні быў закладзены беларускі асобны баталён, які пазьней быў перадысьлякаваны ў мястэчка Вялікавішкі. Дарэчы, у гэты час, гэта была фактычна ўнікальная вайсковая адзінка ў сьвеце. Як пісаў маёр Ружанцоў:
Сучасныя абставіны такія, што з усяго сьвету толькі на Літве захавалася жменя беларусаў-ваякаў, якія яшчэ маюць права й гонар называцца беларусамі, якія яшчэ маюць шчасьце служыць у сваіх нацыянальных частках, са сваёю камандаю, моваю, звычаямі. Беларускія вайсковыя часткі ў Літве спынілі сваю службу на пачатку 23-га году.
(Ракіцкі: ) “Такім чынам, з Вашых словаў вынікае, што беларускае войска хоць прайснавала не даўгі час, тым ня менш мела й пэўную баявую славу”.

(Астрога: ) “Асабліва вызначаліся беларусы ў складзе летувіскага войску. Іхныя вайсковыя подзьвігі былі вельмі высока адзначаныя самімі летувісамі. Напрыклад, да вайны, у Летуве, у Коўне, існаваў вайсковы музэй імя Вітаўта Вялікага. Там быў беларускі аддзел, у якім былі прадстаўленыя розныя экспанаты зь гісторыі дзейнасьці беларускіх фармаваньняў. Адзін з званоў на “Вежы Змаганьня” насіў імя “Беларускі жаўнер”.

(Ракіцкі: ) “А Слуцкі збройны чын?”

(Астрога: ) “Там былі нават сфармаваныя кадравыя часткі. Самая вядомая — гэта “Першая слуцкая брыгада войскаў БНР”, якая мела такую афіцыйную назву. Акрамя гэтага яна мела свой вайсковы штандар залацістага колеру, на якім можна было прачытаць такі дэвіз: “Тым, хто пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына!”

(Ракіцкі: ) “Адметную ролю ў фармаваньні беларускага войску, адгуляла й беларуская вайсковая камісія”.

(Астрога: ) “Гісторыя камісіі распачынаецца недзе з чэрвеня 19-га году, калі дэлегаты Беларускага зьезду Віленшчыны й Гарадзеншчыны зьвярнуліся да Язэпа Пілсудзкага з прозьбаю ў дапамозе з арганізацыяй нацыянальнага войску. 22 кастрычніка Пілсудзкі выдаў загад пра арганізацыю пры польскім войску двух беларускіх пяхотных баталёнаў разам з адмысловай беларускай камісіяй, якая мусіла была займацца, па-першае, задачаю вярбунку дабрахвотнікаў, а, па-другое, задачаю нацыянальнага ўзгадаваньня гэтага войску.

Нават на пачатку існаваў праект стварэньня цэлае беларускае дывізіі пяхоты ў складзе трох палкоў: палку артылерыі, коннага швадрону й роты сапераў. Але ва ўмовах польскага сабатажу, фактычна і актыўна супрацьдзейнічае гэтаму бальшавіцкая агэнтура, таму не ўдалося скамплектаваць заплянаваныя часткі. Атрымалася сфармаваць толькі адную роту.

Але пасьля эвакуацыі ў Польшчу ў 20-м годзе, зноў створаная беларуская вайсковая камісія набрала ажно два баталёны дабрахвотнікаў і накіравала некалькі дзясяткаў маладых хлопцаў у афіцэрскія школы, у польскія гарады Быдгаш і Варшаву. Дарэчы, яшчэ напрыканцы 20-га году, зь інтэрнаванымі палякамі слуцкіх паўстанцаў, БВК сфармавала першую “Беларускую этаповую кампанію”. Аднак у траўні 21-га году, згодна зь міжнароднымі дамоўленасьцямі, польскія ўлады вымушаныя былі расфармаваць гэтую камісію”.

(Ракіцкі: ) “Беларускае войска рабіла намаганьні ў нейкіх міжнародных стасунках. У гісторыі Беларусі ёсьць і такі цікавы разьдзел, як вайсковая дыпляматычная місія ў Балтыі”.

(Астрога: ) “Менавіта вайсковая дыпляматычная місія ў Балтыі была створана дзеля папулярызацыі беларускага войску, дзеля збору сродкаў для арганізацыі беларускага войску, а таксама дзеля арганізацыі ўсіх намаганьняў на дыпляматычным фронце для рэалізацыі гэтае мэты. Кіраўніком гэтае дыпляматычнае місіі стаў палкоўнік Кастусь Езавітаў. Пазьней ён быў узьведзены ў ранг, дарэчы, першым у беларускім войску, генэрал-маёра. Гэтая місія дзейнічала вельмі актыўна. Яна дапамагла вядомаму беларускаму вайскоўцу Станіславу Булак-Булаховічу перайсьці ў склад войска БНР і зарганізаваць асобны атрад БНР у Эсьці”.

(Ракіцкі: ) “Віктар, Вы ўвесь час называеце палкоўнік, генэрал, генэрал-лейтэнант. Скуль яны ўзяліся за такі кароткі тэрмін? Ці можна тут угледзіць паралель з чалавекам, які сёньня называе сябе прэзыдэнтам, і які можа ўзяць з вуліцы чалавека на пасаду ў Міністэрства абароны, і адразу пажалаваць яму чын палкоўніка ці генэрала? Ці сапраўдныя гэта былі генэралы?”

(Астрога: ) “Напрыклад, вядомы генэрал-маёр Кастусь Езавітаў. У аўтабіяграфіі ён піша:

Што за месяцы ён быў узьведзяны з рангу капітана ў ранг палкоўніка. Але справа ў тым, што гэтыя месяцы ён не сядзеў дзе-небудзь у штабе, працуючы, напрыклад, пісарчуком. Ён сапраўды ваяваў і ўзначальваў розныя беларускія вайсковыя фармаваньні. Самае галоўнае ў беларускім войску — гэта шырокае, паўсюднае, абавязковае ўжываньне беларускае мовы. Нават выдаваліся спэцыяльныя загады аб абавязковым вывучэньні беларускае мовы.
У беларускім асобным батальёне, у Літоўскай рэспубліцы, маёр Розманс, які кіраваў у 23 годзе, у сваім загадзе адзначаў, што тыя беларускія афіцэры, якія ня будуць размаўляць па-беларуску, будуць звольненыя з гэтага баталёна.
(Ракіцкі: ) “І яшчэ адно прыказаньне для беларускага жаўнера…”
Калі ты праваслаўны, — ня думай, што ты расеяц. Калі ты каталік, — ня думай, што ты паляк. Ведай, што ты беларус, і гавары ўсюды толькі па-беларуску, бо гэта твая родная мова, мова тваіх бацькоў і дзядоў. Хто саромеецца сваей роднай мовы, той ня сын свайго краю, той нявольнік у чужых і здрайца свайму народу. Твой край, народ і мова ня горшыя за іншыя краі, народы і мовы.
(Астрога: ) “Увогуле, беларускае войска было рухавіком беларускае сьвядомасьці. Лічылася так, што ў беларускае войска мусілі прыйсьці найлепшыя патрыёты Беларусі, якія на той час у нас і былі”.

(Ракіцкі: ) “Напэўна, такімі й былі тыя людзі, жаўнеры, якія змагаліся за вольную Беларусь і дасылалі Богу такія словы ў сваёй малітве:

…Пане, затым я прынясу Табе акрываўленае сэрца маё і каля прабітых ног Тваіх благаю пашкадаваць мяне…
…Я не гукаю да Цябе: адыймі боль мой, але прашу, абы Ты даў мне сілы вытрываць яго…
…Бо я жаўнер і служэбнік Твой, о Пане, і жадаю вечна служыць Табе і Матцы маёй Бацькаўшчыне…


Вячаслаў Ракіцкі
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org