RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Неабжытая Спадчына



Знакавая сыстэма беларускіх арнамэнтаў

(эфір 6 Ліпеня 2000 г.)

Удзельнік: этноляг Тодар Кашкурэвіч.
Аўтар і вядучы – Вячаслаў Ракіцкі.

(Ракіцкі: ) “Сьцьвярджаюць, што арнамэнт – адмысловае пісьмо. Пісьмо ж ажыцьцяўляецца пры дапамозе знакаў. Знакі, у сваю чаргу, маюць сваю значнасьць. Калі кіравацца такой лёгікаю разважаньняў, мы можам прыйсьці да высновы, што арнамэнт выконваў камунікатыўную функцыю: ён быў спосабам кантактаваньня між людзьмі, нёс і перадаваў пэўную інфармацыю. А мо’ ён быў і застаецца ці проста ўпрыгожваньньнем, Тодар?”

(Кашкурэвіч: ) “Традыцыя аналізу беларускага арнамэнту, які рабіўся навукоўцамі БССР’аўскай эпохі, заўважаў у асноўным дэкаратыўныя ўласьцівасьці арнамэнту. Арнамэнт разглядаўся перадусім як пэўнае ўпрыгожваньне. На самой справе існуюць матэрыялы дасьледнікаў (якія запісвалі матэрыялы ў 40-х гадох), якія сьведчаць пра тое, што арнамэнт зьяўляўся своеасаблівай сыстэмаю пісьма, зьяўляўся своеасаблівай сыстэмаю камунікацыі, як між людзьмі, гэтак між людзьмі й духамі, людзьмі й багамі”.

(Ракіцкі: ) “Такім чынам, арнамэнт меў магічнае значэньне?”

(Кашкурэвіч: ) “Так. Арнамэнт меў магічнае значэньне. Сьведчаньне этнографаў, і непасрэдна вядомага прафэсара Кацэра, паказваюць нам факты выкарыстаньня арнамэнту ў лекавых мэтах. Арнамэнт вышываўся ад сурокаў, ад хваробаў жывата, ад прастуды. І, канешне, зьвязваўся з магіяй урадлівасьці сям’і, дому і нават прыцягненьня хлопца ці дзяўчыны.

Я запытаўся, што азначае жанчына, сатканая на ручніку. Александрына адказала: Старыя бабы мне так тлумачылі, што гэта старая багіня, якая быццам бы забароненая. Папы яе ня любяць, гэта я ведаю. Нібы яна шкодная багіня. Шкодная ў дачыненьні да царкоўных сьвятых. Але яна карысная і патрэбная ў гаспадарцы. Яна дапамагае ўраджаю, каб быў добры ўраджай, дапамагае ад засухі, ад градабою. Гэты ручнік параіла мне вышыць цётка Праскоўя, каб вылечваць, ратаваць ад хваробы, і асабліва ад цяжкіх родаў, ад хваробы жывата. Гэта, як бы сьвятая, але сьвятая, як тут сказаць, …нехрысьціянская, малітвы ёй патрэбныя іншыя. Замовы й малітвы такія, як у знахарак.
(Кашкурэвіч: ) “Беларускі традыцыйны жаноцкі строй таксама ўяўляе сабою зьяву вельмі блізкую да іконы, да іканаграфіі. Але адрозьненьне ў тым, што чалавек тут не на аддаленасьці, не на адлегласьці ад аб’екта іканаграфічнага, а становіцца ў самы цэнтар сусьвету. Гэта значыць, вопратка, якую апранала кабета пад час сьвятаў, вопратка, упрыгожаная знакамі арнамэнту, адпавядала сусьвету”.

(Ракіцкі: ) “Я хачу прапанаваць зараз паслухаць запіс зь дзёньніка прафэсара Кацэра зусім іншага кшталту…”

Граматныя людзі, калі хочуць што сказаць, яны пішуць у кніжках і пісьмах. А няграматная баба “піша” тое ж, але іголкаю. Яна вышывае тыя ж прыказкі на сваіх ручніках. Арнамэнтам, гэта значыць, узорамі, можна ўсю праўду казаць. Можна разумныя павучаньні рабіць. Гэта няверна, што ткачыхі ткуць і вышываюць толькі дзеля таго, каб было прыгожа. Прыгажосьць тут толькі як закваска, як прыпеў у песьні. Вось я ў маладосьці ведала ўзоры і вышывала на іх цэлыя прыказкі й прымаўкі, толькі ня ўмею вышываць загадкі. А вось бабуся Пятрашка, Яўгенія Кульбацкая, тая ўмела вышываць узоры, якія азначалі сабою загадку і адгадку. Калі я яшчэ была дзяўчынаю, гэта ўжо гадоў 70 таму назад, я вышывала ўзоры на такія пагаворкі: “У нашай любові, як у кальца, няма канца”, “Не капай на чалавека ямы, бо сам у яе ўвалішся”, “Шукай жонку не на ігрышчы, а на іржышчы”, “Век жыві – век вучыся”…
(Ракіцкі: ) “Дык што, для старажытных людзей арнамэнт быў своеасаблівай граматаю?”

(Кашкурэвіч: ) “Так. Старыя бабулі апавядаюць такім чынам пра свае ўзоры вышытыя ці вытканыя: “Вы, маладыя, маеце сваю грамату: вы чытаеце газэты, кніжкі. Мы – старыя людзі – маем сваю старажытную, дзядоўскую грамату, і яна ў нашых посьцілках, ручніках і вопратках. Любая старая жанчына можа прачытаць посьцілку ці ручнік паводле сваіх ведаў пра гэтыя знакі”.

(Ракіцкі: ) “Нават кажуць, што часам у арнамэнтах былі загадкі, адгадкі, перадавалася пэўнае пасланьне, пэўная інфармацыя”.

(Кашкурэвіч: ) “І захаваліся ўнікальныя факты. Яны ўнікальныя таму, што запісаныя ў 40-х гадох нашага стагодзьдзя. Факты, якія сьцьвярджаюць тое, што арнамэнты выкарыстоўваліся дзеля абазначэньня пэўных вэрбальных формулаў, славесных. Арнамэнтамі запісвалі прыказкі, прымаўкі, безумоўна, магічнага характару. Ёсьць факты адлюстраваньня ў арнамэнтах на ручніках загадак і адгадак. Але ў якой сытуацыі выкарыстоўваліся рэчы з гэтымі знакамі, нажаль, цяжка адказаць. Цалкам верагодна, што гэтыя рэчы выкарыстоўваліся ў шлюбнай практыцы, шлюбнай рытуалістыцы”.

(Ракіцкі: ) “Давай дадзім магчымасьць слухачам паслухаць яшчэ адзін фрагмэнт зь дзёньніка прафэсара Кацэра, адзін з успамінаў беларускае жанчыны:”

Я граматная. Таму я ўмела вышываць прыказкі й прымаўкі і ўзорамі, і літарамі. У мяне была дачка Ларыса. Нарадзілася яна ў 1888 годзе. Вось яна выйшла замуж за добрага чалавека. Ён быў партыйны. Працаваў у Міністэрстве земляробства. Але калі нас сталі пры Савецкай уладзе называць нэпманамі і сталі прыцясьняць, дык яны зусім ад нас адцураліся. Мы тады жылі ў вялікай беднасьці. І вось я вырашыла нагадаць дачцэ пра дом і пра бацькоў. Я вышыла на ручніку ўзор “Доўг плацяжом красен”, і на тым жа ручніку вышыла літарамі: “не забывай родную маці”. Паслала гэты ручнік дачцэ. Яна моцна пасьля гэтага плакала. Прыехала да нас тайком ад мужа. Прывезла нам грошай і прадуктаў. Але муж даведаўся пра гэта і не злаваўся на яе.
(Ракіцкі: ) “У дзёньніках Кацэра ёсьць таксама вельмі нечаканы запіс выказваньня адной цёткі пра арнамэнт. Як мне падаецца, вельмі цікавы. Дык вось, цётка кажа, што арнамэнт – “гэта такая песьня”. Зрэшты, тут ёсьць пэўная лёгіка, бо арнамэнт – гэта малюнкі, якія рытмічна паўтараюцца. Тодар, ці можам мы казаць пра арнамэнт як пра музыку? Як пра асаблівы гукапіс?”

(Кашкурэвіч: ) “У дзёньніках прафэсара Кацэра ёсьць вельмі цікавы фрагмэнт, дзе арнамэнтам абазначаеца песьня. Гэта не адзінкавая такая фіксацыя паводле беларускіх матэрыялаў. Яшчэ некалькі фіксацыяў запісала ў 70-х гадох мастачка-этноляг Дзёмкіна.

Гэта ставіць дасьледніка ў цікавую сытуацыю. Сапраўды, ці не зьяўляўся арнамэнт своеасаблівым гукапісам? Тым болей, што заходнія дасьледнікі, якія займаюца рунічным пісьмом, ставяць тыя ж самыя пытаньні ў дачыненьні да рунаў.

Ці сама геамэтрыя была чымсьці накшталт нотнага запісу? Хутчэй, не. Хутчэй, гэта быў візуальны вобраз песьні і ейнага гучаньня. Справа ў тым, што старажытны чалавек, прыкладам, старая бабуля, не заўсёды адказвала толькі знакава, толькі вэрбальна. Яна перажывала тэкст і эмацыйна – і ў гуку, і ў танальнасьці песьні”.

Спадарыня Шылько зь Сеньненскага раёну вышыла ўзор “Травічка – брат і сястрычка”. Сама яна казала: “Я вельмі люблю песьню “Як брат і сястра жаніліся”. Зьмест яе такі. Удава нарадзіла двух сыноў. Спавіла іх, паклала ў лодку і пусьціла па Дунаю. Праз шмат гадоў пайшла ўдава па ваду і бачыць двух маладцоў. За аднаго ўзяла дый сама выйшла замуж, а за другога аддала дачку. Але пасьля стала вядома, што гэта сыны ўдавы. Потым зь вялікага гора брат і сястра ператварыліся ў травічку – брата й сястрычку”.
(Ракіцкі: ) “Мы загаварылі з табою, Тодар, ужо пра нейкі эмацыйны шэраг, пра эмацыйную сыстэму беларускіх арнамэнтаў, зьвязаных, напэўна, з каханьнем, са сьмерцю. Ці можам мы іх увогуле адчытаць праз, скажам так, эратычную знакавую сыстэму?”

(Кашкурэвіч: ) “Безумоўна, большасьць знакаў беларускіх арнамэнтаў можна прачытаць праз эратычны код. Два асноўныя знакі – “дзед” і “баба” – зьвязаныя непасрэдна зь фізіялягічнай пабудоваю мужчыны ці жанчыны. Ёсьць факты, калі такімі знакамі апісвалася жыцьцё й статус кабеты, дзе ў ромбіку (знаку кабецкім) адлюстроўваліся ўсе тыя працэсы, якія адбываюца з жанчынаю: гэта – сталеньне, юнацтва, затым – страта цноты, шлюб, нараджэньне дзіцяці. Усё гэта робіцца вельмі цнатліва, але вельмі канкрэтна эратычна”.

(Ракіцкі: ) “Дзесьці я нават чытаў, што паводле арнамэнту, які вышываецца на ручніку, ці на фартуку, ці на спадніцы, можна было сказаць пра тое, цнатлівая гэтая дзяўчына, ці яна ўжо страціла цнатлівасьць, ці яна выйшла замуж, ці яна ўдава. Ці так гэта?”

(Кашкурэвіч: ) “Відаць, не існавала знакаў, якія ганьбілі б дзяўчыну й пазначалі ейную прыніжанасьць. Часьцей знакі абазначалі ейную ўпісанасьць у норму жыцьця, у праведную норму жыцьця”.

(Ракіцкі: ) “Разумееш, Тодар, напэўна, зараз нашыя слухачы, якія сядзяць ля прыймача, прынамсі, той-сёй зь іх падумаў: “Сядзяць сучасныя людзі, канец ХХ стагодзьдзя, разважаюць пра нейкія там арнамэнты, а каму гэта патрэбна? Навошта нам увогуле іх адчытваць? Што нам з таго? Што Ты, як адмысловец, можаш адказаць такім слухачам?”

(Кашкурэвіч: ) “Гісторыя ХХ стагодзьдзя ажно перанасычаная фактамі выкарыстаньня этнічнага арнамэнту або архаічных знакаў і ў якасьці дзяржаўнае сымболікі, і як знакі, зьвязаныя з рэлігійнаю сфэраю. Нажаль, апошняя гісторыя нашае краіны паказвае факт выкарыстаньня арнамэнту толькі як дэкору, толькі як упрыгожваньня. Што ж сучаснаму чалавеку да тэмы, закранутай у нашай перадачы, дык хто ведае – можа, з-за таго, што людзі страцілі вось гэтую спэцыфічную мову кантакту са сваёй зямлёю, са сваімі багамі й продкамі, і маем такі вынік, што ані зямля, ані продкі ня могуць дапамагчы нам?”

Вячаслаў Ракіцкі, Менск
 

У перадачы выкарыстаныя этнаграфічныя дзёньнікі прафэсара Міхала Кацара.
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org