RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Неабжытая Спадчына



Залатая Шляхоцкая Легенда:
Каханьне й сэкс

(эфір 29 Чэрвеня 2000 г.)

Удзельнік: Вацлаў Арэшка.
Аўтар і вядучы – Вячаслаў Ракіцкі.

Яшчэ мне тая мудрасьць у сэрца не ўступіла,
Што нейкім бы каханьне грэхам была.
Якуб Трамбэцкі

(Ракіцкі: ) “Фізычна чалавек амаль не зьмяніўся за апошнія 300–400 гадоў. Але ці зьмяніліся ягоныя паводзіны ў дачыненьні да “праціўнага полу”? Ці кахалі нашыя продкі так, як мы, і ці “кахаліся” яны як цяпер?

У мэмуарах і вершах, у аповесьцях і анэкдотах, у дакумэнтах XVII–XVIII стст. можна знайсьці нямала згадак на гэтую тэму, часам завуаляваных, а часам даволі шчырых. Не сакрэт, што каханьне займае шмат месца ў літаратуры ўсіх часоў, як і ў самім чалавечым жыцьці. Чалавек сармацкага барока ня быў іншы. Вось як прыгадвае пра пачатак сваёй любові знаёмы нам нясьвіскі ўладар Міхал Казімер Радзівіл:

Уваходзiм, князёўна ў нагах свайго ложку кленчыць i молiцца. Усхамянулася, сьлiчная як Дыяна; я, зь ёю мовячы, узяў у яе кнiжку францускую, і, адкрыўшы, прачытаў: “Скончы што пачаў, я табе дапамагу”; зараз жа паказаў той тэкст князёўне i запытаў: “Азалi, вашмосьць дабрадзейка, дазволiш адпаведна таго тэксту паступiць?”. Адказала: “На волi Вашай Княжай Мосьцi”. Я руку ёй пацалаваў i ад таго моманту кахаць страшна пачаў, i розныя дыскурсы мелi мы прамiж сабою. Пайшлi мы на абед, я ня дужа еў, насычаў сябе толькi мiлай асобаю князёўны.
(Ракіцкі: ) “Спадар Арэшка, каханьне й сэкс ва ўяўленьнях нашых продкаў існавалі разам, побач, ці ўсё ж тая ж шляхта гэтыя паняцьці разьдзяляла? Ідэал каханьня быў зьвязаны з сэксам?”

(Арэшка: ) ““Плятанічнае” каханьне ня было ў модзе й цалкам натуральным лічылася, што прыцяжэньне замілаваных душаў мусіць мець больш зямны працяг. Ідэалам было, як, у прынцыпе, і зараз, калі шчырае каханьне заканчвалася шчасьлівым шлюбам. Радзівіл менавіта так і зрабіў – ажаніўся зь дзяўчынаю, якую пакахаў, нават насуперак волі маці, якая доўга, але няўдала шукала яму адпаведную партыю.

Проста ўвайшоў я да пакою маткi маёй, якая ў габiнэце была. Колькi жывы, ня чуваў гэткiх экспрэсiй халеры, што пачуў; нарэшце пытаюся: “Што з таго далей будзе? Я заручыўся, кахаю й да сьмерцi не адступлюся…

У каплiцы шчасьлiва бралi мы шлюб, які бiскуп Луцкi даваў, была вельмi магнiфiк каляцыя, па якой цырыманiяльныя танцы танцавана было; пекны быў файервэрк; мала ня ўдзень пайшлi мы да ложку…

…Княгiня яемосьць матка мая выехала да Олыкi з усiмi маiмi крэўнымi, а я сабе са сьлiчным цельцам гуляў.

(Ракіцкі: ) “Інтымнасьць у каханьні не зьяўлялася каштоўнасьцю? Так вас трэба разумець?

(Арэшка: ) ““Гульнямі са сьлічным цельцам” захапляліся ўсе саслоўі і яны адбываліся зусім ня толькі паміж мужам і жонкаю, нягледзячы на тое, што касьцёл гучна пратэставаў, а дзяржава нават карала пазашлюбныя сувязі. Чалавек мінулых эпохаў быў больш адкрытым, імпэтным у сваіх пачуцьцях і жаданьнях, ня ўмеў так старанна хаваць іх, як гэтаму яго навучыла ханжаскае віктарыянскае XIX стагодзьдзе.

У сярэднявеччы й рэнэсансу паняцьці пра сарамлівасьць і сьціпласьць моцна адрозьніваліся ад сучасных. Інтымнасьць, як пэўная замкнёная прастора для асобы тады проста не йснавала. Жыцьцё адбывалася публічна, нават у самых інтымных функцыях. Барока ўскладніла стасункі адзінкі з сусьветам, зрабіла іх больш рэфлексіўнымі, адкрыла каштоўнасьць асобнасьці, але й трагічнасьць самоты. Контрарэфармацыя і рэфармацыя дружна пачалі ўпарадкоўваць стасункі паміж людзьмі й Богам, але за адно ўзяліся й за чалавечыя і, вядома, плоцевыя стасункі. Грэх, пекла, маральны абавязак мусілі паўстрымаць імпэт каханкаў.

Але пры тым барока была эпохаю моцных пачуцьцяў, гульні сьвятла й ценяў, віраваньня целаў і формаў. (Варта згадаць знакаміты “Страшны суд” аднаго з пачынальнікаў італьянскага барока Мікельанджэла.) Гэтая пачуцьцёвасьць (а можа, часам і юрнасьць) была характэрнаю рысаю часу, калі жыцьцё й сьмерць былі заўсёды побач, а няпэўнасьць існаваньня кампэнсавалася вастратою асалоды.

Як прызнаваўся на споведзі адзін з грэшнікаў тае эпохі:

“калі б з аднаго боку пекла зь незлічонымі бачыў бы чарцямі, а з другога, асобу, зь якою бы мне грэх смакаваў, дык часам так вялікія да грэху запалы чую, што ня ўстрымаўся б ад яго, хаця б і ведаў, што чэрці мяне зараз жа да пекла пацягнуць…”
(Ракіцкі: ) “Барока – гэта буйнасьць ва ўсім. Падаецца з вашых слоў, што мы можам гаварыць і пра буйнасьць цялесную. А ці існаваў эратычны ідэал жанчыны?”

(Арэшка: ) “Гэтая буйная цялеснасьць адбілася й на ўяўленьнях пра прыгажосьць, якая, вядома, у першую чаргу адносілася да жаночае паловы чалавецтва. Вядома, што біялягічны ідэал кабеты-маці й культурная мадэль прыгажуні, звычайна мала супадаюць, але тыповая прыгажуня менавіта эпохі барока – “жанчына Рубэнса”. Субтыльнасьць, якая набывае каштоўнасьці асабліва зь XVIII ст. звычайна больш цанілася на словах.

Паводле ўспамінаў вачавідцы, у пасольства Рэчы Паспалітай у Парыжы ў 1645 годзе, асабліваю папулярнасьцю карысталася мадам дэ Монбазон, “…сапраўдны калёс, якая мела ўжо тады завялікае бруха, а цыцкі ў два разы большыя чым трэба. Былі па-праўдзе вельмі белыя й цьвёрдыя, але такія цыцы прынамсі цяжка было схаваць…”.

Найбольшую ўвагу прыцягвала ніжняя частка жаночага цела – пышныя клубы і азадак. І, вядома, галоўны аб’ект, які меў незьлічоную колькасьць назоваў, ад груба вульгарных да паэтычна пяшчотных – “валасяны гаік”, “пушысты коцік”.

Неабсяжнасьць формаў асабліва цанілася ў ніжэйшых саслоўяў. Шляхту, а прынамсі яе адукаваны слой цікавіла і асоба жанчыны, якая мусіла быць прыяцельніцаю ў сяброўскіх забавах, прыемнаю і разумнаю ў размове, адукаванаю, умеюць добра танчыць і сьпяваць. Да таго яшчэ глядзець за домам, дзецьмі, мужам і гэтак далей…

Францішка Уршуля, жонка Міхала Казімера Радзівіла аўтарка шматлікіх камедыяў і вершаў, у сваёй п’есе “Суцяшэньне пасьля клопатаў”, якая была пастаўленая ў Нясьвіжы ў сярэдзіне XVIII ст. прапануе свой ідэал жанчыны – галоўная гераіня, Партэнія, гатовая пайсьці насустрач толькі мужчыне, які пакахае яе “за таленты”, не бачучы прыгожага твару.

Такая кабета, якая добра ўсьведамляе сваю асабовасьць, дынамічная, мужная, падабалася мужчынам, лічылася й сэксуальна прыцягальнаю.

Дарэчы менавіта полькі ўважаліся ў Эўропе за вольных і самастойных жанчынаў, актыўных у грамадзтве ды і ў ложку. Але, што тады казаць пра нашых ліцьвінак, калі яшчэ Барбару Радзівілянку вінавацілі ў Польшчы, што яна прыцягнула Жыгімонта Аўгуста сваёй “ліцьвінскай распустаю”. А вялікі знаўца любоўных справаў, паэт XVII ст. Ян Анджэй Морштын, параўноўваў у вершах “лянівую ў ложку польку” і “юрлівую ліцьвінку”… Усё ж такі быў і ў беларусаў сэкс!

Сама Францішка Уршуля, аўтарка маралісцкіх трактатаў, руплівая гаспадыня вялізарных маёнткаў і маці мноства дзяцей пісала ў лістох да каханага мужа:

…Ваша Княжа Мосьць учыні так, абы ў ложку маім узяў варту. Аб тым аднак прашу, каб ведаючы годнасьць маю, пры кожным прытуленьні мусіў бы быць далікатным, а я ў кампэнсацыю плаціць буду вольным доступам да сваёй вязьніцы…
(Ракіцкі: ) “А што можна сказаць пра мужчынскую сэксуальную прывабнасьць? Можна казаць пра мужчынскі сэкс-сымбаль у залатой шляхоцкай легендзе?”

(Арэшка: ) “Што да мужчынскага ідэалу, дык у першую чаргу цанілася менавіта мужчынскасьць – мужнасьць шляхціца-воіна – «добры муж у полі, добры і ў ложку», моц – вядома й моц плоцевая. Не апошнюю ролю адыгрывалі памеры мужчынскае зброі – «шаблі», «пікі», «дышла», «цьвіка», «вясла», часам нават «рушніцы» ці «марціры». А таксама яе здольнасьць не ператварацца нечакана ў «каўбаску» ці «кнот».

Тэафіля Радзівілянка, дачка Міхала Казімера й Францішкі Уршулі Радзівілаў, піша свайму брату, знакамітаму Каралю Станіславу Радзівілу (па мянушцы «Пане Каханку»), ліст з рэляцыямі пра сьвецкія навіны, не забываючы зрабіць яму характэрны камплімэнт:

Паведамляю зь Вільні, што на рэдуце быў адмысловы паядынак. Дзьве маладыя паненкі, Гарадзенская й Краеўская, абедзьве ладныя, пабіліся ў пыскі за першае мейсца ў танцы й яшчэ ў сварцы засталіся – ня ведаю можа да паядынку дойдзе. Ваша княжа мосьць пэўна патрафіў бы іх сваёй зброяй, што пад пасам носіш, пагадзіць.
Багаты матэрыял далі ў гэтай галіне дасьледнікам культуры (прынамсі польскім) жартаўлівыя вершы, фрашкі, куплеты, як народныя, гэтак і тыя, што належылі знакамітым паэтам. Нажаль, уласна беларускіх сур’ёзных дасьледваньняў на гэтую тэму няма, прынамсі апублікаваных. Бадай унікальнаю зборкаю эратычнага і абсцэннага беларускага фальклёру ёсьць кніжка Рыгора Барадуліна «Здубавецьця». Вось ў прыклад:
Салавей, салавей,
Што на сьвеце саладзей,
Ці гарэлка, ці мядок,
А ці ў дзеўкі перадок?

Ой дзевачкі, Бог із вамі
Зьніму штаны, лягу з вамі.
Зьніму штаны і сарочку,
Лягу з вамі на ўсю ночку.

Жанчыны любілі мужчын вясёлых, каханьне ў прынцыпе – вясёлы й прыемны занятак”.

(Ракіцкі: ) “Ці можна казаць у дачыненьні да эпохі барока пра такое паняцьце як сэксуальныя паводзіны? Калі так, дык якія чыньнікі былі найбольш характэрнымі?”

(Арэшка: ) “Абодва бакі ўважалі за істотны чыньнік сэксуальную актыўнасьць. Стасункі, як лічаць сучасныя польскія дасьледнікі былі досыць частымі. Вядома, што аўтары лістоў і дыярыюшаў былі, напэўна, схільныя перабольшваць свае здольнасьці, але той факт, што згаданая Францішка Уршуля Радзівілава мела за 28 год сужонства 33 цяжарнасьці (большасьць зь іх, праўда, скончыліся няўдала) гаворыць пра пэўную інтэнсыўнасьць плоцевага жыцьця. Кароль Рэчы Паспалітай Ян III Сабескі прызнаваўся, што ў кавалерскія гады, адной партнэркі ў дзень яму для задавальненьня не хапала.

Калі казаць пра тое, як адбываліся сэксуальныя кантакты, трэба адзначыць значна большую агрэсіўнасьць каханкаў. Лічылася, што мужчына мусіць ужываць сваёй сілы, і кабеты, бывала, ганарыліся сінякамі й драпінамі, атрыманымі пад час каханьня. Заляцаньне часта таксама зводзілася да грубых фізычных жартаў, а то й проста да пабояў. Мусіць, з тых часоў замацавалася прыказка: “Каго любіш, таго й чубіш”. Зразумела, што падобныя любоўныя гульні пераважалі ў сялянскім асяродзьдзі, дзе любоўны акт звычайна зводзіўся да “гэбляваньня на лаве”.

Шляхецкая эратычная лірыка і эпісталярыя напоўненыя апісаньнямі “пяшчотаў” і “пацалункаў”. Жонка ваяводы Пятра Чапскага, Канстанцыя, пісала мужу: “Цалую цябе, адзіны дабрадзей мой у вочкі, сльчныя губкі, у ручкі, у ножкі, пальчыкі ў ног і ў кожны пазнокцік у ручак і ў ножак, і ня раз, але мільён раз…

Найбольш распаўсюджанаю позаю, вядома была папулярная ў хрысьціянскай Эўропе гэтак званая “місіянэрская”, але не лічылася за нешта вычварнае й практыкаваньне іншых пазытур. Дасьведчаныя “аманты” вышуквалі новых “далікатэсаў”. Ян Сабескі пісаў з ваеннага паходу супраць турак сваёй жонцы Марысеньцы пра ўзятага ў палон калмыка:

Пераўзышоў той гультай калмык у аморных штуках усіх – і французаў, і гішпанаў, і туркаў… Кажа, што ўчыніць тую рэч можа ў дванаццаці розных паставах. Паказваў некалькі і бачу, што ёсьць цалкам мажлівыя. Гэта табе, Панна мая, на дабранач, каб мела пра што падумаць, чаго павучыцца, на што рыхтавацца й са свайго тож боку, штосьці вымысьліць, калі мяне Пан Бог здаровага да сэрца твайго прывядзе…
(Ракіцкі: ) “Ці цанілася вернасць у каханьні, у шлюбе? Як ставілася шляхта да здрады?”

(Арэшка: ) “Як адна з галоўных жаночых цнотаў цанілася вернасьць і прывязанасьць да мужа й дому. Таксама й мужчына мусіў трымаць абеты, хаця мужчынскае, у прынцыпе, грамадзтва, як і ў XX ст. дазваляла яму тады больш манэўру на гэтым полі. Праўда найлепшым сродкам на захаваньне вернасьці лічылі ня так маральныя павучэньні казаньнікаў ці страх перад пакараньнем, як сваечасовае і поўнае задавальненьне партнэра. Францішка Уршуля Радзівілава пісала мужу:

Мой сардэчна найкаханейшы ў жыцьці Міхасенку дабрадзею!
…Даводжу, што вялікую адчуваю тэскноту, асабліва, калі нічога такога перад сабою ня бачу, што магло б мяне супакоіць. Разумею, што калі Ваша Мосьць ня знойдзеш падобнага суцяшэньня, дык роўныя адчуваеш мартыфікацыі – таму трэба зупоўнага й хуткага шукаць здавальненьня, бо сапраўды ў такой аказыі й сілы саступаюць. Дык Ваша Мосьць, дабрадзею, калі хочаш уйсьці злой апініі, трэба мяне хутка й сябе самого насыціць. З прагненьнем, спадзяючыся таго шчасьлівага моманту, чакаю з усялякаю гатоўнасьцю каханага мужа, якога усюды сардэчна, а асабліва ў … цалуючы, пішу…
Але калі прагненьне было так моцным, як у вышэйзгаданага грэшніка, заставалася толькі шукаць часу й месца. У сялянскім асродзьдзі такім месцам часта бываў сьвіран ці нават хлеў або капа сена. Для шляхты, якая патрабавала болей камфорту праблема гэтая вырашалася часам досыць арыгінальна. Вось як апісвае ксёндз Анджэй Кітовіч адзін з такіх варыянтаў:
Іншы спосаб для ўжываньня стыдлівай уцехі быў такі. На дзядзінцы перад палацам, дзе адбывалася рэдута, праз усю ноч стаялі найманыя карэты, каб адвозіць і прывозіць госьці. Хто тады хацеў на гадзінку ўкрасьці чужую жонку альбо дачку, патаемна зь ёю выходзіў з рэдуты, чаго ў вялікай кампаніі ўпільнаваць было досыць цяжка. Усядалі да карэты і альбо заяжджалі да якога дому, адкуль былі кавалер ці дама, альбо казалі вазьніцы езьдзіць па адлеглых вуліцах, а потым, як бы ніколі нічога, вярталіся на рэдуту, паасобку, незнарок, адзін па другім уваходзячы да кампаніі, паміж якой дарэмна ўвесь час муж альбо матка шукалі жонкі ці дачкі. “А дзе ж ты была?” – “Нідзе – адпавядала сьмела – танцавала па пакоях”.
(Ракіцкі: ) “Дык як можна ахарактарызаваць сармацкае барока, XVII, XVIII стагодзьдзі – як часы распусты, ці эратычнай вольнасьці, а можа ў параўнаньні зь іншымі эпохамі – нават строгай маральнасьці?”

(Арэшка: ) “Здаецца, што гэта быў час, калі сярэднявечная прастата ў адносінах зьмянілася большай адмысловасьцю й далікатнасьцю – пачало адраджацца сапраўднае ars amandi – мастацтва каханьня. Але падвойнасьць чалавечага існаваньня – сумны вынік сучаснае цывілізацыі яшчэ не набыла такой паўсюднасьці й вычварнасьці, як у наступных стагодзьдзях. Чалавек быў болей у ладах із сваім целам, з самім сабою, і больш яскрава й востра адчуваў смак асалоды жыцьця, радаваўся кожнай яго хвіліне, кожнаму падарунку, які зрабіў яму лёс…”

Вячаслаў Ракіцкі, Менск
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org