Залатая Шляхоцкая Легенда: КАТАЛЁГ СТРАХАЎ
(эфір 15 Чэрвеня 2000 г.)
Удзельнік: Вацлаў Арэшка.
Аўтар і вядучы – Вячаслаў Ракіцкі.
(Ракіцкі: ) “Кожны мужчына баіцца. Кожны. Той, які не баіцца, ня ёсьць
нармальным. Тут няма нічога агульнага з адвагаю”. Я працытаваў Жана-Поля
Сартра.
Натуральна, страх атручвае жыцьцё. Але ж ён зьяўляецца і паратункам
для чалавека, бо падрыхтоўвае яго да ўхіленьня ад небясьпекі. Страх, гэтаксама
як і адвага, гераізм, фармуе культуру. Іншая справа, што зьменлівыя ў эпохах
узоры культуры з асаблівым націскам экспанавалі аднак ня страх, а перад
усім гераізм і адвагу. Страх прыхоўваўся, трактаваўся як сорам, ня варты
мужчыны, і ў залатой шляхоцкай легендзе. Гераічная, бясстрашная шляхта
– гэта толькі палова праўды пра культуру, звычаі, сацыяльны й маральны
стан беларускага грамадзтва эпохі барока XVII-XVIII стагодзьдзяў. І таму
з маім госьцем, гісторыкам культуры, Вацлавам Арэшкам, мы будзем гаварыць
сяньня пра страхі…
Вацлаў, давай паспрабуем пачаць са складаньня каталёгу страхаў, якія
перасьледавалі чалавека эпохі барока. Чаго баяліся людзі?”
(Арэшка: ) “Большасьць агульначалавечых страхаў маюць біялягічную прыроду.
Гэта – страх сьмерці, голаду, страх хваробы. Ва ўсім сьвеце, асабліва ў
Эўропе, баяліся эпідэміі чумы й халеры. Моцнымі былі страхі перад прыроднымі
зьявамі, такімі як пярун, суша, паводка. Гэтыя зьявы выклікалі недарод,
у выніку – голад. Пярун выклікаў пажары, якія былі вельмі страшнымі на
той час. Можна дадаць і страх перад зацьменьнем, каметаю, рознымі знаменьнямі
й прыкметамі, якіх баяліся ўсе саслоўі практычна ва ўсіх краінах Эўропы.
Да такіх страшных і загадкавых зьяваў, якіх баяліся, адносіліся таксама
прывіды, упыры, ваўкалакі. Баяліся вядзьмарак, вешчуноў, магаў. Яны служылі
д’яблу. Выклікалі страх і людзі, якія лічыліся апантанымі нячысьцікам.
Гэта – шаленцы, псыхічна хворыя. Асабліва баяліся й не любілі самазабойцаў.
Паўсюдна ў Эўропе баяліся пекла. У эпоху барока пекла было адной з самых
улюбёных тэмаў для жывапісу, для літаратуры. Такі страх перад д’яблам,
перад пеклам, перад вядзьмаркамі часам даводзіў да масавых псыхозаў. Прыкладам,
знакамітыя вядзьмарскія працэсы XVII стагодзьдзя, якія ахапілі і Эўропу,
і Амэрыку.
Заўсёды баяліся чужых: цыганаў, замежнікаў, паганцаў – людзей, якія
незразумела, “па-барбарынску” гавораць. Усе гэтыя людзі залічаліся ў стан
ворагаў. Па ўсёй Эўропе баяліся туркаў, татараў. А ўвогуле – усе баяліся
вайны. Гэтае няшчасьце заўсёды цягнула за сабой шмат іншых. Асьцерагаліся
як сваіх, гэтак і чужых жаўнераў. Усе яны аднолькава рабавалі, гвалтавалі,
забівалі”.
(Ракіцкі: ) “У прапанаваным табою, Вацлаў, каталёгу, кідаецца ў вочы
шэраг страхаў, якія я назваў бы агульначалавечымі, адвечнымі. А ў чым іх
характэрнасьць для XVII-XVIII стагодзьдзяў?”
(Арэшка: ) “Эпоха барока XVII-XVIII стагодзьдзяў мае свае адметнасьці.
Гэта зьвязана з тагачасным разуменьнем карціны сусьвету. Эпоха барока давала
асабліва маляўнічую карціну сусьвету, напоўненую моцнымі эмоцыямі. Страхі
ў эпоху барока таксама былі моцнымі, адкрытымі, імпэтнымі”.
(Ракіцкі: ) “Мяркую, што фрагмэнт з успамінаў Фёдара Эўлашоўскага дасьць
ўяўленьне нашым слухачом пра барокавае адчуваньне страху:
І так я едучы зь Вільні да дому, менавіта ў Дорагаве, у
стадоле начуючы, убачыў ужо на сьвітаньні агністага чалавека, зь якога
дым парваўся, ён тэж да мяне прыступаў і, як зайшоў на сярод ізбы, я вырваў
нож і ўдарыў на яго. А ён, зьнікнуўшы, дзе быў, у тым жа куце ўказаўся
й знова да мяне йшоў. А я чапкаю кінуў на яго й вакно атварыў, ужо малы
дзень быў. А то зьгінула. А там, у ізьбе гаспадар быў і слуга дарожны.
Але таго ня слышалі.
Затым нявеста, старая шляхцянка, калі ёй мовіў аб тым відзенью, што
баюся, каб не хвароба (бо ў Наваградку было паветрэ), яна мне кажа: “Ня
бойся, не паветрэ!” Але, указаўшы недалёка свой дамок, – “З акна, – паведала,
– відзелам, яко лятавец прыходзіў да той нявесты гаспадарскай.
(Ракіцкі: ) “А калі ўжо працягваць сыстэматызаваць, паспрабаваць зірнуць
на гэты каталёг зь гледзішча саслоўнага, дык – якія страхі можна назваць
умоўна “народнымі”, а якія – умоўна “шляхоцкімі”?”
(Арэшка: ) “Просты люд пабойваўся ў першую чаргу ўлады. У нашым рэгіёне
найперш шляхты, ураднікаў, суду. Асабліва баяліся вайны, збройных чынаў.
Для шляхты, правячага саслоўя страхі былі іншымі. Адной з асноўных крыніцаў
іхнага страху быў сам народ. Селяніна, месьціча яны заўсёды ўяўлялі трохі
небясьпечнымі, няпэўнымі, таму што былі незразумелыя, варожыя. А вось суд
быў для іх нармальнай інстытуцый, дзе можна было дамагацца сваіх правоў.
Улада таксама была свая, шляхоцкая. Што да вайны, дык для многіх яна была
сродкам існаваньня, сродкам здабыцьця багацьця й славы. Шляхта, магнатэрыя
– усе, хто валодаў зямлёю, мацней за ўсё баяліся народных сацыяльных выбухаў,
казацкіх авантураў, злодзеяў, гайдамакаў. Усе баяліся страты сваёй маёмасьці.
І таму зямля беларуская яшчэ поўніца нязнойдзенымі скарбамі”.
(Ракіцкі: ) “Вацлаў, што могуць дадаць да вядомага нам ужо партрэту
чалавека эпохі барока канкрэтныя адчуваньні й выяўленьні страхаў?”
(Арэшка: ) “Напрыклад, страх пекла й д’ябла выяўляўся ў тым, што тыя
ж самыя магнаты, шляхта ўвесь час атачалі сябе сьвятарамі. Пры кожнай хваробе
выклікаўся сьвятар. Той жа Міхал Казімер Радзівіл піша, што асабліва ў
небясьпечных выпадках ён запрашаў ня толькі каталіцкага сьвятара, а нават
і праваслаўнага – на ўсялякі выпадак.
Страх перад ворагамі, страх перад вайною парадзіў шмат абарончых збудаваньняў.
Тыя ж самыя замкі, палацы былі прызначаны пад тое, каб хавацца ад замежных
ворагаў, ад свайго ўласнага народу. Уласная армія, міліцыя, якую так зацята
стваралі нашыя магнаты, у пэўнай ступені таксама былі праяваю страху –
чым больш была армія, тым больш сябе бясьпечна адчуваў яе ўладар.
Страх перад атрутаю, перад людзьмі, якія акалялі, быў вельмі моцны.
Той жа Геранім Флярыян Радзівіл быў увесь час апантаны гэтым страхам, адшукваў
розныя сродкі, якія б маглі дапамагчы выявіць атруту. Кожны з магнатаў,
кожны з заможных людзей вакол сябе трымаў кучу лекараў. Часам, за вельмі
вялікія грошы выпісваў замежных лекараў, якія, між іншым, даволі рэдка
сапраўды дапамагалі людзям”.
(Ракіцкі: ) “Бясконцы сьпіс уласначалавечых страхаў уласьцівы, хоць
і са зьменамі, чалавеку перадусім як біялягічнай істоце і ўласьцівы цягам
усяго ягонага йснаваньня на зямлі. І ты, Вацлаў, закрануў зараз страхі
сацыяльнага ўзроўню. Гэта вельмі цікава, на мой погляд. У знакамітым ва
ўсім сьвеце падручніку “Псыхалёгія” Дэвід Мэйерс сьцьвярджае, што “страх
перад сапраўдным або перад уяўным ворагам аб’ядноўвае людзей у адну сям’ю,
племя або нацыю”. Я працытаваў Мэйерса. Ці выканаў гэтую функцыю страх
у беларускім грамадзтве ў XVII-XVIII стагодзьдзях?”
(Арэшка: ) “Якраз у гэтыя два стагодзьдзі страх гуляў розныя ролі. У
XVII стагодзьдзі, калі ўзяць казацкія, маскоўскія войны, “швэдзкі патоп”,
агульны, татальны страх страты дзяржаўнасьці, страты незалежнасьці, якая
ўспрымалася як неад’емная частка жыцьця, у рэшце рэшт аб’яднаў нацыю, аб’яднаў
Рэч Паспалітую і дапамог выгнаць ворагаў, аднавіць дзяржаву.
Праз стагодзьдзе, у эпоху падзелу Рэчы Паспалітае зноў жа страх, але
страх іншага кшталту – прыродны, страх за сваю ўласнасьць, за сваю асобу,
страх больш дробны, больш асабісты – адгуляў адваротную ролю. Ён разьяднаў
людзей, разьяднаў шляхту, магнатэрыю. Гэта ў пэўнай ступені паспрыяла разбурэньню,
зьнішчэньню нашае дзяржавы”.
(Ракіцкі: ) “А ці культывавала страхі дзяржава?”
(Арэшка: ) “Страх перад сацыяльнымі табу ляжыць у аснове ўвогуле культуры,
у аснове дзяржаўнасьці. Ва ўсе вякі такія страхі выкарыстоўваліся, каб
кіраваць масамі. Але ў мінулы час гэтыя страхі не маглі быць выкарыстанымі
ў такой ступені, як у наш час. Толькі са стварэньнем мас-мэдыяў страхі
перастаюць быць канчаткова спантанічнымі, іх пачынаюць ствараць, іх пачынаюць
канструяваць і выкарыстоўваць як сьведамы мэханізм улады. Чым менш свабоды
ў грамадзтве, тым больш запатрабаваныя праз уладароў страхі, якія дапамагаюць
апаноўваць натоўп”.
(Ракіцкі: ) “Ці розьніліся ў сваіх страхах жыхары беларускага рэгіёну
ад іншых эўрапейскіх рэгіёнаў?”
(Арэшка: ) “Вядома, што ў нашым краі былі нейкія свае адметнасьці ў
страхах. Напрыклад, страх перад чужынцамі ня быў такім моцным, як у іншых
краінах. Не было такога моцнага страху менавіта перад татарамі, якія стагодзьдзямі
жылі побач і часам змагаліся за вольнасьць краіны разам зь беларусамі.
Затое быў страх перад маскалямі (як, дарэчы, у Масковіі – перад ліцьвінамі).
Гэты страх адбіўся ў прыслоўях, казках, песьнях. Дастаткова ўзгадаць
знакамітае прыслоўе: “Тату, тату, чорт лезе ў хату! – Абы не маскаль!”
Шмат пісалі пра падзеі з маскалямі і аўтары нашых дыярыюшаў, напрыклад,
Міхал Казімер Радзівіл:
Рознымі бавіўся інтарэсамі, атрымаў Варшаўскую пошту, у
якой даводзіцца, што ў сьнежні адбудзецца марш маскоўскага войска ў трыццаць
пяць тысячаў праз Айчыну нашую ў дапамогу марскім сілам. Госьці тыя зусім
ня мілыя, Пане! Адвярні іх ад нас!
Амаль ніколі не было ў Беларусі такога жудаснага голаду, які бываў у Паўднёвай
Эўропе, Масковіі ці Ўкраіне. Таму голад так не адбіўся ў мэнтальнасьці
беларусаў. Але цікава, што такія стварэньні, як ваўкалакі і ўпыры распладзіліся
па сьвеце якраз з Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. Само слова “вампір” ідзе
ад слова “упыр”.
Страх перад хадзячымі нябожчыкамі існуе ва ўсіх народаў, але менавіта
тут, у нас, ён прыняў адпаведныя рысы, што пазьней так спадабаліся пісьменьнікам,
рэжысэрам. Што тычыцца больш позьняй эпохі, дык, мне здаецца, што такія,
уласьцівыя народу страхі, як страх перад уладаю, страх перад вайною, прыйшлі
ў сучаснасьць зь мінулага”.
(Ракіцкі: ) “Ведаеш, слухаючы цябе, я раптам прыйшоў да нечаканае высновы,
што страх нас зьвязвае зь мінулым больш за ўсё. Я верна цябе разумею?”
(Арэшка: ) “Сапраўды, карані архэтыпаў усіх устойлівых страхаў маюць
вельмі старажытную прыроду, але ім могуць надавацца й самыя сучасныя формы.
Яскравы прыклад – боязь каўказцаў, чачэнцаў, боязь, якая з Расеі ўжо перакачоўвае
да нас. А што можна сказаць пра сучасныя страхі перад NATO, амэрыканцамі?!
Тыповая сучасныя беларуская фобія – страх перад БНФ’аўцамі.
Паколькі ў сучасных беларусаў усё ж дамінуе сялянская, і, можна сказаць,
сялянска-маргінальная, а не шляхоцкая мэнтальнасьць, дык у спадчыну ад
продкаў беларусы атрымалі, нажаль, і страхі перад уладаю, перад чалавекам,
надзеленым ня столькі зброяй, колькі паўнамоцтвамі. Боязь быць заўважаным,
“палічаным”, спроба й жаданьне перачакаць, як гэта рабілі продкі-сяляне
на працягу стагодзьдзяў.
Але ж калі прыкладна дзесяць адсоткаў нашага грамадзтва паходзіць усё
ж такі ад шляхты, дык трэба чакаць, што і іхныя страхі, іхныя прыярытэты
й каштоўнасьці таксама засталіся недзе ў глыбіні сьвядомасьці. І, натуральна,
раней ці пазьней, але дадуць пра сябе знаць”.
(Ракіцкі: ) “Такім чынам, якую ролю адгулялі страхі ў культуры эпохі
барока?”
(Арэшка: ) “Як гэта не парадаксальна, хутчэй станоўчую. Страхі ў эпоху
барока дапамаглі грамадзтву ўстаяць, вытрымаць перад націскам і вонкавых
ворагаў, і перад націскам нутраных разбуральных моцаў грамадзтва”.
Вячаслаў Ракіцкі, Менск
|