RFE/RL |
Магічныя ўяўленьні й дзеяньні беларусаў(эфір 18 Травеня 2000 г.) Удзельнік: Лія Салавей. (Ракіцкі: ) “Кожны з нас так ці йнакш сутыкаўся з магіяй, або чуў пра яе. Калі нe дапамагаюць лекі – бяжым да шаптухі, напужаў сабака дзіцяці – адразаем кавалачак поўсьці й абкурваем ім дзіцяці. Чулі мы й замовы на шкоду. Усё гэта магія: белая ці чорная. Магіяй называюць чараўніцтва, вядзьмарства. Магія – гэта славесныя замовы, розныя дзеяньні, абрады, якія зьвязаныя зь вераю ў здольнасьць чалавека ўзьдзейнічаць на прыроду, людзей, жывёлаў і нават багоў. Магічнае дзеяньне ўласьцівае чалавецтву на працягу ўсяго ягонага існаваньня. Вера ў выніковасьць замоваў, абрадаў, як ахоўных, гэтак і шкадлівых, замацоўвалася тысячагодзьдзямі й глыбока ўвайшла ў псыхалёгію чалавека. Зрэшты таму яна й існуе, што запатрабаваная чалавечай псыхікаю. Магія станавілася нават прафэсійнай, яе вучыліся. І калі чалавек сутыкаўся зь бядою, ён ішоў да знахара, да шаптухі. Чаму нават у наш час, час найвышэйшых ведаў, людзі працягваюць верыць у магічнае? Дзе карані гэтае зьявы? У чым адметнасьць беларускіх магічных замоваў і дзеяньняў? Пра гэта мы будзем гутарыць зь фальклярысткаю Ліяй Салавей… Спадарыня Лія, напэўна, першае пытаньне будзе зусім не выпадковым, таму што ўсе мы сутыкаліся з тым, што нашыя людзі вераць і ў чорную, і ў белую магію, па-ранейшаму давяраюць шаптунам, знахарам. Чаму, на Ваш погляд, такая жывучая вера ў магію ў нашых людзей, у беларусаў?” (Салавей: ) “Магія даволі аб’ёмная зьява, і таму неаднолькава гэта тлумачыцца. Часам усё жыцьцё чалавек ня верыць у ніякія надпрыродныя зьявы, але калі здараецца якая цяжкая сытуацыя, прыкладам, невылечна хворае дзіця, то чалавеку хочацца верыць у цуд. Душа прагне, каб усё ж такі вырашыць гэтае сваё балючае пытаньне якім-небудзь кардынальным шляхам. Калі ўсе ўжо сродкі выпрабаваныя, тады чалавек часам зьвяртаецца да нейкіх лекараў ці шаптуноў. Але калі нават гэтага няма, дык чалавек заўсёды бачыць, што сьвет поўны цудаў. Напрыклад, калі дзіцё народзіцца, і раптам яно яшчэ з маленства пачынае вельмі хораша граць. Іншыя ня могуць, а ён любы інструмант бярэ й хутка падбірае мэлёдыі і добра грае. Людзі падтрымлівалі думку, што ёсьць яшчэ больш моцныя людзі, нейкія людзі-чараўнікі, якія пэўным чынам могуць дапамагчы чалавеку ў экстрэмальнае сытуацыі”. (Ракіцкі: ) “Мяркуючы па Вашых выказваньнях, вера ў магію – гэта запатрабаванасьць чалавечае псыхікі?” (Салавей: ) “Так, і вельмі здаўна. Нават паводле Бібліі, слова ляжыць у аснове ўсяго. Чалавек быў перакананы, што з дапамогаю слова можна многае зрабіць, ажыцьцявіць. Тым больш, калі гэтае слова ад Бога”. (Ракіцкі: ) “Слова? Вельмі цікава! Значыць, у аснове нашае магіі ды ўвогуле магіі, ляжыць слова?” (Салавей: ) “Ня толькі. Магія ахоплівае розныя спосабы: і дзеяньне, і прадметы, і словы, а ўсё разам утварае магічны абрад. Ёсьць актыўная магія, якая патрабуе прымяненьня слоў, дзеяньняў, а ёсьць і пасыўная. Яна патрабуе ўстрымацца ад нечага, не сказаць у гэты час, не зрабіць, не ступіць, не дакрануцца”. (Ракіцкі: ) “Спадарыня Лія, я думаю, што нам ня трэба паўтараць памылкі Булгакаўскага героя, які гуляў зь нячыстай сілаю, а таму давайце тут ня будзем агалошваць у якасьці прыкладаў праклёнаў, шкадлівых замоваў. Тым ня менш, прыроду й карані чорнае магіі ўсё ж варта прааналізаваць было б. Спадарыня Лія…” (Салавей: ) “Чорная магія ёсьць шкадлівая. А ёсьць і белая: ахоўная, лячэбная, засьцерагальная. Але паміж імі такой рэзкае мяжы няма. Што значыць шкадлівая магія? Яна ўзьнікае часам як рэакцыя на крыўду, на варожую дзейнасьць. Хай гэта будзе нязначная дзейнасьць, прыкладам, калі суседка не глядзіць сваіх курэй. Або падсьвінак уварваўся ў грады дый зрыў усё. Гэта крыўды за тое, што чалавек не шануе чужую працу. Яна патрабуе нейкага выхаду. І гэтае выйсьце знаходзіцца часам у словах, праклёнах: “Ах, каб цябе…”, “ах, каб табе…” …штосьці здарылася благое. Тады на гэта можа ўзьнікнуць іншая варожасьць. Ком нарастае аж пакуль дзесьці не адбываецца выбух – можна пачуць праклёны на цэлыя пакаленьні, яны распаўсюджваюцца на дзяцей, унукаў. Гэта часта перарастае ў розныя дзеяньні аж да магічных абрадаў: зламаньне сьвечкі на клямцы ў царкве, прагаворваньне перад асінавым колам заклёнаў, зламаньне сьвечкі й закопваньне яе ў зямлю, спаленьне сьвечкі, каб яна патухла. Адпаведнымі тэкстамі дадаецца, што каб і жыцьцё тваё патухла”. (Ракіцкі: ) “А ці можна гаварыць пра нейкую тыпалёгію словаў, дзеяньняў у, скажам, праклёнах? Магчыма, існуе ўласна беларуская?” (Салавей: ) “Беларусы – гэта такія славесьнікі, гэта такія творцы слова! Ніводнае дзеяньне ў іх не адбывалася без магічнае слоўнае формы. Гэта можна прасачыць на прыкладах з нашага традыцыйнага жыцьця – праца пачынаецца, трэба сказаць формулу, хоць простую: “памажы, Божа”, “дай, Божа, добры час”. (Ракіцкі: ) “Але ж гэта не магічнае, як мне падаецца, – гэта хрысьціянскае”. (Салавей: ) “Было такое зьліцьцё. Звароты фармаваліся даўно. Скажам, пры заканчэньні жніва, гуканьня спарыні, або пры пачатку работы на жніве клікалі сьпешку-парышку. Добрае слова вымаўлялася не залежна ад той канфэсіі, да якой належыў чалавек. Калі жанчына мыла, то ёй казалі “бела Вам” або “лебядзі лятуць”. (Ракіцкі: ) “Мы загаварылі з Вамі пра белую магію, а ў слухачоў, напэўна ж, узьніклі пытаньні, зьвязаныя зь іх часовымі перажываньнямі. Прыкладам, хтосьці праз замову хоча дасягнуць узаемнасьці ў каханьні, а мо нават і больш, прычараваць да сябе, а то й ажаніць з сабою каханага. Якія вось у нас, беларусаў, былі ці ёсьць замовы на такія выпадкі?” (Салавей: ) “Замовы ёсьць, і шмат іх. Але б я не адносіла замовы на зьяднаньне з каханым да белае магіі. Гэта ўсё ж такі шкадлівая магія. Паводле народных уяўленьняў, калі вы шляхам чараўніцтва, замоў і ўсялякіх іншых дзеяньняў зьядналі чалавека, ажанілі з сабою, дык добрага не чакайце. Чары пройдуць, мінуцца й пачнецца благое жыцьцё. Канешне, калі дзяўчына моліцца перад невядомымі сіламі, каб захаваць каханьне, то гэта даравальна”. (Ракіцкі: ) “Давайце зараз дадзім слухачам магчымасьць паслухаць некаторыя з гэтых замоваў…” Сьвятою вадою ўмываюся,(Ракіцкі: ) “Якія яшчэ замовы можна лічыць станоўчымі?” (Салавей: ) “Вельмі шмат. Усе ахоўныя замовы, усе замовы лячэбныя. Апошнія, хай сабе не заўсёды вылечваюць, але ў многіх выпадках дадаюць чалавеку ўпэўненасьці, што ён пераможа, што ён паздаравее. Гэта вельмі важна. Нават мэдыкі сьцьвярджаюць, што настроенасьць чалавека на выздараўленьне вельмі важная. Ёсьць такія першасныя, прымітыўныя замовы, ня тыя, што выкарыстоўвалі чараўнікі, майстры, знатакі, а тыя, што магло ведаць і дзіцё школьнага ўзросту, якога вучылі бацькі. Яны належаць да ўсіх тых дзіцячых праблемаў, якія звычайна ў сельскай мясцовасьці былі. Скажам, ікаўка ў страўніку. Вучылі перамагаць такую зьяву, валодаць сабой, валодаць працэсамі, якія адбываюцца ў арганізме чалавека, перамагаць іх сілаю волі. Трэба было набраць паветра і на адным уздыху тры разы сказаць: “Ехала ікаўка на сівой кабыле. Кабыла пала – ікаўка прапала”. І так тры разы. Часта дзеці бегаюць, з чаго потым падаюць і бягуць да мамы, каб пахукала, каб пагладзіла, а мамы няма, тады можна й самому сказаць: “Ляцела пава – на дубе пала. Дуб скалыхнуўся – удар мінуўся”. (Ракіцкі: ) “Паслухайма яшчэ колькі замоваў на добрае ад злога…” Замова ад сабакі:(Ракіцкі: ) “На мой погляд, нельга не крануць такога пытаньня, якое тычыцца саміх асобаў знахараў, чараўнікоў. Вельмі часта яны замаўляюць супраць чалавека, шкадлівыя ўжываюць замовы. Ці не вяртаецца да іх бумерангам вось гэтая шкадлівасьць?” (Салавей: ) “Чараўніцтва ж таксама вельмі амбівалентнае. Адзін і той жа чалавек можа зрабіць і добрае, і злое. Яго папрасі і яшчэ заплаці, дык ён зробіць блага. Гэта значыць, што ён карыстаецца сваёй зброяй. На аднаго дзейнічае, на іншага – не. Адзін лёгка паддаецца – другі мае цьвёрды характар. На самога чараўніка таксама спрабавалі зьвярнуць назад замову. Гэта звычайны тыпалягічны прыклад: “Што ты мне зрабіў, каб ты тое меў”. Гэта трэба сказаць абавязкова, калі адчуваеш такую падазронасьць, што чалавек нешта пра цябе падумаў, ня так паглядзеў. Або сказаць, або падумаць”. (Ракіцкі: ) “А ці ёсьць адмовы на замовы?” (Салавей: ) “Ёсьць магія сельскагаспадарчая. Калі ў жыце рабіўся залом, прыкладам, дык звычайна, калі чараўнік ламаў замову – ён выбіраў і адпаведны час: поўдзень або поўнач. Ён распранаўся, хадзіў супраць сонца й казаў замову: “Каб жаў – адляжаў. Каб зьеў – адхварэў”. А калі папрошаны чараўнік другі, адчараваць гэты залом, дык ён ужо казаў: “Каб жаў – не ляжаў. Каб еў – не хварэў”. (Ракіцкі: ) “Белая магія – гэта чараўніцтва пры дапамозе боскіх сілаў, так?” (Салавей: ) “Ня толькі. Гэта ўсе сьветлыя сілы: зварот да зары, да вады, да сонца, да месяцу. Скажам, у дарогу адпраўляе маці сына, на душы трывога, і тады трэба сказаць: “Мяне маці радзіла, сонейкам абгарадзіла, месяцам падпаясала, у дарогу адпраўляла. Раньні бег – не дабег. Позьні бег – не дабег. А мне ад бога, шчасьлівая дарога”. Ёсьць звароты і да Бога, і да прыродных сілаў – да сьвяціла, да зары. Так, па дапамогу зьвярталіся да зары: “Зара-зараніца, божая памачніца, заўсёды й вадзіца царыца”. (Ракіцкі: ) “Спадарыня Лія, ці зьмянялася стаўленьне да магіі бегам часу?” (Салавей: ) “Канешне, зьмянялася але неяк дзіўна, захоўваючы асноўныя свае пазыцыі”. (Ракіцкі: ) “Ці ёсьць патрэбная нам сёньня магія, і ці будзе яна патрэбнай наступным пакаленьням, якім жыць ужо, напэўна, ня толькі ў кампутарызаваным сьвеце, а ў нечым нават больш?” (Салавей: ) “Я ня ведаю, які будзе чалавек. Усе вопыты чалавека маюць права нейкім чынам жыць, і, магчыма, выкарыстоўваць іх можна. А іншым разам, каб проста ўквеціць жыцьцё. Ня веру асабліва, што страціўшы функцыю, замова стане проста паэзіяй. Хаця тут ёсьць, канешне, і паэтычныя знаходкі , але ўсё ж такі замова трымаецца на функцыі, на практычнай неабходнасьці. На неабходнасьці душы, бо душа патрабуе цуду, і цуд гэты дае магія”. Вячаслаў Ракіцкі, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-2000 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |